Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сцежка дадому

Цвірка Кастусь

Шрифт:
* * * Жыцця нястрымны ход! Не згледзеў: бы пірога, Яшчэ адзін во год Адчаліў ад парога. Ён толькі ж што званіў, Нібы званамі, днямі, А ўжо — глядзі — з агнямі Паплыў, паплыў, паплыў. Не павярнуць назад Яго ніякай сілай: Уміг яго ў свой спрат Гісторыя ўмясціла. Падлічваю, чым год, Мне дадзены, я поўніў: Ці мо не варт таго, Каб я яго запомніў? Не, год змаганцам той Усё ж быў: зацяжную З адвечнай цемнатой Упарта вёў вайну ён. Пабач: з эпох сляпых Дайшоўшы нейкім шляхам, Сядзяць шчэ, як струпы, Ў людзей на шыях шахі. Ды цёмныя з вякоў Народы уваскрэслі: Хапуг-гвалтаўнікоў Страсаюць з тронаў-крэслаў. Світае на зямлі. Ды ўсход такі чырвоны: Хто ж без крыві калі Зрываў з сябе карону? Свет кабалы — на злом! Мацнее рэха боя: У барацьбе са злом Хай не ржавее зброя! З няпраўдаю вайна Кіпіць у нас у кожным: Ці ж быць у свеце нам Староннімі ў ёй можна? Ты што, скажы, зрабіў, Каб час прыблізіць зорны? Ці дарам пратрубіў Год, гэткі непаўторны?
* * * А ўсё-такі Розум — наш, не электронны — Айсбергі догмаў у свеце тараніць, I падаюць — чую — з наседжаных тронаў, Як пераспелыя грушы, тыраны. А гэтак жа шчыра, а гэтак жа чэпка За троны трымаліся — рук не расчэпіш! Тыраны над тронамі трэсліся трасцай — Не адарваў бы ад тронаў іх трактар! А як жа старанна — з розумам, з толкам — Сябе ўцэментоўвалі — утрымацца б толькі! У кожным скверы маленькім, бонзы, Свой лік адлівалі ў бетон ды ў бронзу! У зубы гісторыі ўкладвалі цуглі, На мову людскую вешалі пломбы — Хадзілі ля іх толькі еўнухі цугам, Фіміям ім курылі паэтаў плоймы!.. Званчэюць у свеце свабоды бомы, Маўчанне людское ўзрываецца бомбай, I падаюць з тронаў (каму патуралі), Як пераспелыя грушы, тыраны.
* * * Мы — людзі, зямляне. Званы яднання, званіце! Звязаны ўсе між сабой мы нябачнымі ніцямі. Белы ці чорны, грэк ці панамец — Усе мы зямляне: такая радня мы! Мы — экіпаж аднаго карабля, Імя якому — Зямля. Мы плывём, мы плывём, бясконцым такім акіянам сусвету — Ці ты бачыш, сусвет, нашу зорачку светлую? О якія на ёй узыходы і поўдні! Як гуляюць у рэках яе акуні ды промні. Шчасце — жыць на зямлі! Ды, нікчэмныя, сваркі Разрываюць па сёння яе, як аўчаркі.
ІНТЭРНАТ Нашто нам сваркі, людзі! На планеце Народ народу — друг, таварыш, брат. Хай свеціцца між зорак у сусвеце Зямля — людскі наш інтэрнат.
ДАРОГІ Я слаўлю дарогі. Яны прыйшлі на зямлю з чалавекам: дарог у звяроў няма. Ад дыма да дыма, ад дзядзінца і да дзядзінца пратоптвалі нястрымныя ногі людскія дарогі. Вялі заўсёды дарогі туды, дзе дабрыня вачэй, усмешак сонцы, гаворкі людской пералівы — ці ж чалавек без гэтага быў бы шчаслівы? (Гэта ж воўк толькі можа сядзець у сваім лагве ды выць у зоры.) Валіла людзей бясхлебіца (як страшна закатваліся ў іх вочы, гледзячы ў свет бялкамі!), але, як жывая вада, зноў ставілі іх на ногі дарогі. Яны развейвалі ў момант бяду, прыносячы людзям жытняга хлеба скарынкі, парад людскіх падарункі найдаражэйшыя, песні ды сэрцаў шчодрых іскрынкі. (Не віна дарог, што на іх выпаўзала так часта страшыдла з пашчаю крыважэрнай — вайна.) Дарогі — найвыдатнейшыя помнікі чалавецтва. Але на іх не трэба вешаць таблічкі са словамі: «Ахоўваецца дзяржавай» дарогі будуць датуль, пакуль будуць людзі.
* * * Ідзём мы проста ў свой час світальны. Не збіцца б толькі — 0 век асляпляльны! Нас слепіць сонца, нас слепяць горы, Сляпні нас слепяць І слепіць гора. Ідзём, ідзём мы праз рыфы, рыфмы, Нас слепяць міфы, нас слепяць німфы. I пот нас слепіць — нам жыць бы лепей! Нас думка аб хлебе маланкаю слепіць. Ды я не жадаю быць асляплёным. З вачэй здзіраю святла заслону. Хай наша зорка зіхціць выразна. Нам трэба зоркасць, нам трэба яснасць!
* * * Як ні абдумваў я шлях свой — на ім, як тычак, памылак! Па марах юнацкіх, што ў сны мае заляталі, я столькі справіў памінак! Можа, глядзеў на свет зялёнымі вачыма? Цвярозым быць, Прадбачліва жыць памылкі мяне вучылі. I я абдумваць пачаў кожны крок: перш, чым ступаць на дарогу, Перад ёю (хаця б скіраваць туды, куды трэба!) маячыў доўга. А калі праходзіў уперад, часам ізноўку бачыў, Што мне і зараз пайсці трэба б было іначай...
* * * Чым звівацца вужакаю, лепш Развітацца з зямлёй назаўсёды. Як вада, як паветра, як хлеб, Чалавеку патрэбна свабода. Без свабоды ён — птушка без крыл, Што ў карчэўі, падбітая, скача: Па блакіце — ці чуеш той крык? — Дзень і ноч душа яе плача.
* * * Вылузваючыся з бітком набітага тралейбуса (У мяне аж пырснулі гузікі з пінжака), Я раптам стаў ля дзвярэй як укопаны: Над імі — белым па чорнаму — Мне проста ў вочы грозна крычалі словы: «Выйсця няма!» Хацеў я ізноў малаціць па баках локцямі, Каб прабіцца назад I знайсці дзе-небудзь выйсце, Ды бачу: усе спакойненька праходзяць і тут! Я рушыў за ўсімі і яшчэ раз пераканаўся, Што заўсёды можна знайсці выйсце — Нават там, дзе Выйсця няма!
ТАПОР Ці ў бор яго пусціш, ці ў двор, Ці ў сад, залаты ад пладоў, Усюды наробіць дроў Тупы, хоць і востры, тапор. Хіба ж пра што думае ён — Усё без разбору ссячэ: Рабінку, у квецені клён Ці галаву з плячэй. Гатоў ён жыццё загубіць, Скірованы гаспадаром... Аднаго толькі бойся: быць У чужых руках тапаром!
МАРНАТРАЎСТВА Так, не пазнаць сёння вёскі: Дзе яе кроснаў лёскат? Не тчэ, не прадзе ўжо: яе Крама цяпер адзяе. Ды прыйдзе зіма ў госці — Няма дзе рук дзець вёсцы. I вось — не смешкі, не жарты — Гуляе вясковец у карты! Як прыкра: старыя дзядзькі, Былыя майстрыхі — жанкі У воблаках дыму сівога Б'юцца ў падкіднога! Іх і нядзелі і будні Крадуць чырвы ды бубны. Крычу ім: куды гэта варта — Вяскоўцам гуляць у карты! Спрадвечная працаўніца, I ткалля, і пралля, і жніца, Часам — дзён гэткіх транжырка! Вёска, як пасажырка, Што села на поезд недзе I ўдалеч іншую едзе З Учора свайго ў Заўтра... Хто там гуляе ў карты?
АВЕЧАЯ СПРАВА Бляялі раз-пораз ды, кідаючыся ў нецярпенні па хляве, глуха грукаліся бакамі аб сцены. А цяпер, выпушчаныя на волю, клубкамі коцяцца па густа запыленай вуліцы — Хутчэй, хутчэй на выган! Там да травы прыпадаюць адразу, пыскамі вострымі шнырачы па купінах — Ні на міг не адрываюцца ад зямлі, За цэлы дзень і на неба не глянуць — што ім воблакаў белыя ветразі, што ім сусвету вечна юная сінь! Адным заняты яны — назбіраюцца травы, каб потым, лежачы ў цёплым хляве, лена зубамі яе перажоўваць, то заплюшчваючы, то зноў прыадплюшчваючы вочы, у якіх адно: сытая задаволенасць. I так — кожны дзень. Ніякіх клопатаў у галаве — Пра ўсё за іх думае гаспадар: жытло ім ладзіць, выпускае на пашу, сена рыхтуе ім на зіму. Шчаслівыя, знаць не знаюць яны, што іх чакае пасля. Ды што ім тое «пасля» — ім толькі б цяпер пад'есці. Пад'есці! Да ўсяго ж астатняга — якая ім авечая справа!
ДВУЛІКІЯ ЯНУСЫ Калісьці жыў на зямлі двулікі Янус: На адным твары — два розныя лікі. Сёння (я сам сустракаў) таксама бываюць на свеце двулікія янусы. Толькі свае два розныя лікі хаваюць яны пад маскай адналікасці!
* * * На падмурку хлусні Ты будуеш дом свайго шчасця? Абклейваеш гэты падмурак паперай, на якой з такім майстэрствам ён намаляваны — на выгляд, і праўда, як з цэглы! Адно: трэба заўсёды яго падмалёўваць і падмалёўваць, бо, не давядзі бог, заўважаць, на чым стаіць дом твайго шчасця. Гэта ж любы можа тады падысці і ткнуць у падмурак пальцам — Рухне вобзем адразу ж дом твайго шчасця.
Поделиться с друзьями: