Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сцежка дадому

Цвірка Кастусь

Шрифт:
ЛЕГЕНДА ПРА ВУЛЛЯНУ Што чуў, раскажу я. Не знаю — праўда гэта ці казка. ...Млелі пагоркі пад небам у белых і жоўтых красках. А ўверсе кудысь аблачыны плылі — гарбатыя стругі — і пчолы ў дарозе да борцяў званілі ў нябачныя струны. Па разнатраўі ў сукенцы ля курганоў, што заснулі, бегла лёгка Вулляна, гнуткая, бы казуля. Даўгая каса Вулляны нібы з ручаёў была звіта, сінела ў касе дзявочай валошка простая з жыта. Там, за пагоркам лабатым, пад галінастым дубам чакаў у рамонках хмельных яе Сцяпан светлачубы. Хоць ён бядняк, хоць са зрэб'я у Сцяпана кашуля, ды што ні вечар ляцела ў рукі яго казуля. А потым па вуліцы вёскі — няўжо ж угледзяць аконцы? — на белых плячах насіла яго пацалункаў сонцы!.. I вось да яго зноў імчала, і ёй — па лытках, па лытках — галоўкамі шлёгалі смолкі, шчаўе ды хвосткая снітка. I раптам — дзяўчына не знала, як атрымалася гэта,— ледзь яе з ног не збіла праезджага пана карэта. — Тпру! — нацягнуліся лейцы і з карэты багатай скочыў на дол травяністы пан той, круглы, вусаты. Штосьці сказаць хацеў ён, ды з паўадкрытым ротам так і застыў на месцы — бы мову яму адняло тут. Красы такой аніколі нэ бачыў ён і за морам: тварык — як месяц ясны, а вочы яе — азёры. Апамятаўшыся неяк, загаварыў з Вуллянай, што палахліва глядзела на незнаёмага пана. — Калі ты і праўда ява, а не сон і не казка, будзь жонкай маёй ад сёння сказаў ён дзяўчыне з ласкай.— Я — князь, і за мною таксама станеш сама ты княгіняй, у крышталёвых палацах будзеш ты гаспадыняй. Я ўсё табе дам, ты будзеш жыць без турбот, як галубка. Будзеш віно залатое піць з сярэбраных кубкаў. Ад ласкавых слоў тых Вулляна уся расцвіла, як вяргіня — якая ж паненка, скажыце, не марыла б стаць княгіняй! Есці смачныя стравы, у шаўкі апранацца!.. У думках была ўжо Вулляна ў сонечных тых палацах. Ды ўспомніла тут дзяўчына мілую ўсмешку Сцяпана... Як жа яна прамяняе каханне сваё на пана? — Не,— аглядзела Вулляна панскі ўбор асцярожна,— я не магу даць згоды, князю яснавяльможны... Ты мне даруй за гэта і не судзі мяне строга: пайсці б за цябе я рада, ды... я кахаю другога. — Хто ж ён? Якога звання? — нахмурыўся твар у пана. — Кравец ён, Сцяпанам клічуць,- горда ў адказ Вулляна. — Што? Ты смяешся з князя? падскочыў пан, як ад джала.— Я не дарую! — I віхрам карэта з тым князем памчала. Нідзе дасюль і ніколі Не ведаў князь перашкоды: прывык ён, што б ні надумаў, свайго дабівацца заўсёды. Не думаў і тут адступаць ён, разгневаны не на жарты. — Ты будзеш маёй, ганарліўка!
сказаў сабе князь упарта.
Была падуладна князю не толькі гэта зямля ўся, але і нябёсы: ён нават з самім усявышнім знаўся! Князь да яго і пастукаў ў нябесныя дзверцы. На чорную справу ўсявышні даў згоду — не меў, пэўна, сэрца. На крыллях сваіх нябачных памчаў туды, дзе на грудзе сядзеў Сцяпан каля дуба, адзенне шыючы людзям. Сыпнуў на Сцяпана паганым зеллем з нязнаных гародаў, і хлопец светлавалосы каменем стаў назаўсёды. Прымчала Вулляна птушкай на стрэчу чаканую з любым, ды замест хлопца сустрэла камень немы пад дубам. Падбегла туды і з плачам, што трос яе плечы рыўкамі, акамянелага хлопца абхапіла рукамі. А князь той ужо Вулляну чакаў ля зялёных пагоркаў, ды, не прычакаўшы, пад'ехаў к дзяўчыне, што плакала горка. — Не плач дарэмна, Вулляна,— крануў яе князь нецярпліва,— пакінь гэты камень — ты станеш у свеце самай шчаслівай. Ды князя нават і слухаць Вулляна не пажадала — да сэрца тулячы камень, яшчэ мацней зарыдала. Так плакала несуцешна, што ад слёз яе горкіх між незабудак і братак пабег ручаёк з пагорка. А потым у полі зялёным пад зарою калянай сама слязамі сышла ўся і стала ракою Вулляна. Па сёння цячэ між красак яна беларускай зямлёю. Па сёння й завецца Вуллянай, Віліяю, Вяллёю.
ЯЦВЯГІ1 Хто ўкраў сёння сонца з неба, пераплёў шляхі каранямі? Хоць крычы: дзень, як луг у цэбры, затапіла свет туманамі. Недзе пікамі далеч ашчэрыў вораг — што ж, аб крыжацкія лбы памацуем нашы сякеры: мы — яцвягі, мы — не рабы. Дзеці лесу, мы воляй гордыя — віся, восеньскіх лісцяў рой! Колькі раз чужацкія орды край капыцілі пад зарой! Нам багоў сваіх неслі і ёрмы, ды праз вываратні і равы гналі прэч іх ад нашых зор мы: мы — яцвягі, мы — не рабы! Сойкі сокат ускрай дарогі... Граюць сосны па-над грудом... Пушчы звонкія, пералогі — гэта наша радзіма, наш дом. I яго мы, яго мы, яго мы, покуль жывы — ведай любы! — адабраць не дадзім нікому: мы — яцвягі, мы — не рабы! Неба чорным услана дымам, нашы хаты гараць і ёўні: у цісках чужынцаў радзіма, вораг хіжы лютуе сёння. Асталася нас жменька толькі ад крывавае малацьбы, ды ізноў мы шукаем бойкі: мы — яцвягі, мы — не рабы! Край зрабіўся суцэльнай магілай, крык дзіцячы ў хвоях растаў,— як атаву, смерць нас касіла, ды ніхто на калені не стаў. Рвіце, коні, глей капытамі! Стан варожы! Няма ў нас слабых — мужна зложым галовы там мы мы — яцвягі, мы — не рабы! Станем зорамі. Як паходні, будзем з неба свяціць заўжды. Ад Драгічына да Гародні пашукайце нашы сляды! Завірыць хай завея над імі, ды ў вякі панясуць, сцяг нібы, рэкі чыстыя наша імя: мы — яцвягі, мы — не рабы!
ФРАНЦЫСК, СКАРЫНІН СЫН Блукаў па свеце пілігрым — Развеяў столькі лет і зім! Цяпер ад тых чужых дымоў Спяшыць Скарынін сын дамоў. Паўз балаты — далёкі шлях! — Ляціць кібітка, нібы птах. Як плешча возера ў лазе! Як блешча сонца ў полазе! Як пахнуць вязелем лугі, Дзе кнігаўчыныя кругі! А вунь і першы йдзе зямляк! Хто ж гэта? З торбаю жабрак! А там хто — нейкія крукі? Ды гэта ж полюць лён жанкі, Сагнуўшы спіны. Стаўбуном Цівун над імі з бізуном!.. Ляціць кібітка. Паўз бакі Мільгаюць хаткі-катушкі, Дзе вечны чад, дзе вечны бруд, Дзе слепне ў цемры родны люд... Ляціць кібітка ўдаль, ляціць, Спяшае доктар Русь лячыць — Ад нематы, ад глухаты, Ад пракавечнай цемнаты.
КАЗІМІР ЛЫШЧЫНСКІ2

...Таму прадстаўляю перад вашай каралеўскай вялікасцю ворага божага, страшную пачвару і хімеру, ніколі дагэтуль нябачаную — Казіміра Лышчынскага, брэсцкага падсудка. Я абвінавачваю яго ў тым, што ён асмеліўся на 265 лістах не толькі паказаць пана бога як неіснуючае тварэнне фантазіі, сляпую выпадковасць і зрынуць яго з недасяжнай вышыні, але і асмеліўся прыпісаць уладу і кіраванне зямлёй і небам натуральнай прыродзе...

З прамовы Сымона Куровіча, інсцігатара Вялікага княства Літоўскага, па справе атэіста Казіміра Лышчынскага, брэсцкага падсудка, на Варшаўскім сейме 15 лютага 1689 г.
Я — тару! Агонь мае ногі ліжа, Скача — на грудзі, на грудзі! — раз'ятраным лісам. Я — тару! Патушыце мяне, патушыце! Людзі!!! Што ж вы маўчыце?! Што ж ад мяне адвярнулі — такія лядовыя! — твары? А, гэта ж і вам я — «пачвара»! Вам, каму расказаць гэтак прагнуў, Як, хіжыя, укралі ксяндзы ў вас праўду. Душы вашы прыдбаўшы, заслаўшы кадзілам вочы, Вякамі водзяць зладзеі вас сярод ночы. Водзяць, водзяць, нібы авечак на пасту, Вас — сляпую паству! Я прыйшоў да вас, каб скрануць замшэлы валун іх догмаў. Як кінуліся ксяндзы на мяне! Люцей за догаў! Хаця ж бы ад ерасі-яду ўратаваць вашу веру — У агонь, у агонь хімеру!.. Я — гару! Я — гару! Тры стагоддзі гару — З вамі ўсё гавару...
ДЗЕКАБРЫСТЫ Вірам — плошча Сенацкая: мы паўсталі — Сцяну векавую маўчання узарвалі. О як шчыра ляпілі цары (што аж праглі народ ашчаслівіць) гэту сцяну! Як яе мацавалі, сцераглі, пільнавалі, гэту сцяну! Шабля жандара кроіла крыва краіну — сцяна, Свісталі бізун ды нагайка па спінах — сцяна. Ці ж не даволі праўды шукаць у двары мужыкам — сцяна, Жыць на Русі толькі добра цівунам ды шпікам — сцяна. Край навылёт пранізалі іх вочы-пікі — сцяна, Шчыліны ўсе абляпілі чуйныя вушы без ліку — сцяна... О, за гэтай сцяною глухою, людскою бядой мураванаю, Было як у бога за пазухай Дому Раманавых. Думкамі голаў цары не забівалі у светлым раі: Пра ўсё за іх дбалі іхнія халуі. Рукамі тых халуёў грэблі яны з душ падданых даніну, Рукамі тых халуёў з дзіцячых ратоў выдзіралі яны хлеба скарыну. Трэба былі царам з золата толькі палацы, Трэба ж былі царам сабакары ды паяцы. О як апявалі яны цароў, халуі, О як у ладкі пляскалі з усіх бакоў, халуі (Вы думаеце, гэта нішто — ладкі? На гэтых ладках, бяздумных ладках, Растуць тыраны, як на аладках). А як таленавіта лікі цароў халуі малявалі — сонцы нібы! Якія ясныя вокал галоў выводзілі німбы! Як перад тронам падалі на калені, як білі чалом у зале! З якой шчаслівай усмешкай яго вялікасці боты лізалі! Таго ж, хто не ўмеў боты лізаць, халуі навучыць кляліся, Прысягалі дарам: усіх, як ёсць, закілзаць — ліся, золата, ліся! Так, і кілзалі, кілзалі, кілзалі, Рукі і ногі «няверным» вязалі, Вучылі шпіцрутэнамі, штыкамі, Лютымі нерчынскімі руднікамі. Таўклі ў мазгі ўсім — год за годам, Што цары — гэта слугі народа, Хоць было зусім наадварот: Не цары былі для народа, Для іх быў народ. Спрадвеку раджаліся ўсе і жылі — для цара, На смерць, не думаючы, ішлі — за цара, Малілі, каб бог зберагаў (шмат зім і лет) — цара, Думалі, скончыцца свет — без цара. Ды падданых сваіх цар ясналікі Нават не бачыў з трона — быў занадта вялікі. Для яго людзі ўсе — мухі: Якія ў іх могуць быць мукі? Яны толькі пешкі ў царскіх забавах — войнах, Людскіх недарэчнейшых бойнях. Імі, бязмоўнымі мужыкамі, Біцца можна з другімі царамі, Біцца, як бітамі, як шарамі, Біцца галовамі іх, ілбамі. Усё роўна не скажуць яны ні слова: На тое ж аднята ў іх мова. Можна смела іх кідаць у бой, Гнаіць у акопах... Не! Хопіць! Гулкім грукам па бруку — боты: На плошчу, на плошчу, паўстанцкія роты! Локаць да локця (духам слабыя, прэч!) Строяцца, строяцца роты ў карэ. Досыць маўчаць — у бой з пракаветным горам! Мы выйшлі на плошчу, мы сёння гаворым! Мы кажам: род царскі — тыранскі, пад корань яго, да семя! Каб і ў вяках не было яму уваскрасення! Хай тыя, што сеюць, што веюць, што жнуць, што аруць, што будуюць, Краінай і доляй уласнай кіруюць. У іх ёсць свой розум — ну, хіба ж яны калекі? Яны ані ў кога не просяць апекі... Мы на плошчы Сенацкай. За ёю — прасторы, прасторы... Мы доўга маўчалі, мы сёння гаворым! О як ад той мовы трон скаланула — крывавае катаў крэсла! О як ад той мовы прачулай дробна каленкі ў цара затрэсла! Апекуна-цара ратаваць выбеглі ўсе лізаблюды (О як ірвуцца яны паказаць сваю адданасць усюды!). Трымацца, паўстанцы: між здрадніцкіх плеч цар артылерыю коціць! Акружана плошча... і вось карцеч нас косіць, нас косіць, нас косіць. Ды голас высокі наш — не заглушыць гулам гармат грымотным! Ён да краю зямлі даляціць, мур часу праб'е, несмяротны! Хай ведае свет: на цара з гайнёй меч пометы смела ўзнялі мы. Мы выйшлі вайной, мы выйшлі вайной на рабства — гора радзімы. ...Меч Расіі аголены, чысты — Дзекабрысты.
КВЕТКІ ЧАРНЫШЭЎСКАМУ Як квэцалі ўшыр і ўдоўжкі (пабольш каламазі на швабры!) Таго эшафота дошкі, куды вялі яго шаблі! Закасвалі рукі каты І — на вачах у Расіі — Да слупа прыкоўвалі клятага яе найвялікшага сына. Стаяў ён, з журбою на твары, і, ланцугом бразгочучы, За частаколам жандараў людскія шукаў вочы. Ды стулена, уся ў парасонах — няўжо гэтак дождж палошча? — Маўчала ўперадзе сомам, вады ў рот набраўшы, плошча. Маўчала... Ні голасу... Чайкай білася сэрца аб грудзі: Усё ж злавілі — крычаць бы! — ў сіло хлусні вас, людзі? Як жа пайшлі на прыманку злачынцаў, што гэтак царуюць, Што кінулі Русь у ахранку і чацвяртуюць? Змірыліся як, што каты — трэба ж гэтак злаўчыцца! — Краіны усёй адваката запісваюць у злачынцы? А можа, сябе, як паходню, у свет выносіў дарэмна? Няўжо ж і не ўстане, уходаны, агромністы край пад'ярэмны?. Грымеў прыгавор над вухам, ды падалі словы трухою: Біла яго абухам маўчанне людское. I вось — як узнагарода, як выбух над небам імглістым У ногі... яму... калодніку — ружаў букет агністы! Ад плошчы абуджанай рэха ляцела майскім абшарам: У мёртвай цішы прарэху ужо не залатаць жандарам! Яснеў небасхіл за палеткамі, зноў вочы глядзелі ўперад... Пісаць бы паэму пра кветкі, што ўратавалі веру! Былі потым лёду годы, але і ў вілюйскія сцюжы Грэлі яго заўсёды тыя ясныя ружы.
* * * Кажуць, тысяча год, як няма ўжо той зоркі ў сусвеце. А святло ж яе ў небе нашым па сёння — глянь — засталося: як яна хораша свеціць! Кажуць, даўно на свеце няма доктара Францыска (Георгія) Скарыны, Міколы Гусоўскага, Джардана Бруна, Гамера...

4

* * * Няхай табе даўно за сорак, Ці ж варта аб гадах тужыць? Адно: пад водбліск рэк і зорак Цяпер паўней спяшаеш жыць. Ды жураўлінай чарадою Ляцяць пад воблакамі дні. Схапі іх паспрабуй рукою, Ты паспрабуй іх супыні. Я час прыточваць не бяруся I перад лёсам не дрыжу, Ды кожным днём, што зноў прачнуўся Як падарункам, даражу. У звоне пчол, шматкаляровы, Ідзе ён —далі расчыняць... Баюся толькі: выпадкова Падараваны дзень праспаць. У кожным дні — свой бой, свой вецер Свае вясёлкі, горан свой... Іграйце ж, дні мае, у свеце, Раскручвайся, жыцця сувой!
* * * Гляджу: другімі сталі берагі — Павялі, парыжэлі сітнягі, Вяз агаліўся, ссохла асака... Адна яна, нястрымная рака, Як бегла між карэння ды куп'я, Так і бяжыць, нястрымная бруя... А ў нас, людзей, скажыце, ці ж не так Мы, што ні год, мяняемся няўзнак. Сівеем мы, цяжэем, і ў свой час Змяняюць нашы дзеці ў свеце нас... Бясконцая крыві нашай рака Цячэ ў вяках, цячэ ў вяках!
* * * Мае гады — вазы крутыя З снапамі дзён. За возам воз Праз небасхілы залатыя Ляціць маіх гадоў абоз. Не згледзіш — новымі вазамі Ён абрастае зноў, як бач. Ну што ж, няхай! Пад абадамі Пружынь, зямлі зялёны мяч! Як ходзяць воблакі блакітам! Як грае дзень! Як зорыць ноч! Плывуць ракеты і ракіты Каля вазоў маіх, паўзбоч. Не ехаць бы мне толькі ўлегцы. Свой воз накладвай з верхам, брат! Знай: па набытак нам не ўлегчы З вазамі гэтымі назад.
* * * Ці так я жыву, ці тое раблю? Вы мне падказалі б, людзі! Праз лес нязнаны сваю цераблю Сцежку — ці гала хоць будзе? Можа, самому сабе я хлушу, Шлях выбраўшы свой паспешна? Мо дарам сякерай па пні гашу? Мо абысці б яго лепш мне? Мо за нішто выбіваюся з сіл, Жыццё сваё трачу марна? Мо так і не стрэну ў зары небасхіл? Мо толькі міраж — мая мара? Мо лепей было б вярнуцца назад, Другой пусціцца дарогай? Але ж па гэтай так пройдзена шмат! Так дзён разменена многа! Не, трэба, пэўна, перачакаць — Я проста ўтаміўся, мусіць. У сэрца трэба свайго спытаць — Яно памагчы мне мусіць. Яно падкажа, як далей быць — Вярнуцца ці крочыць уперад. Па ўказу сэрца ўсё трэба рабіць, Яму аднаму трэба верыць.
Поделиться с друзьями: