ЖАНРЫ

Сьцяна (на белорусском языке)
Шрифт:

– Усё?

– У васноўным - усё.

– Калi-б паверыць табе, Кiра, дык дзеяньне чалавека павiнна быць накiраванае безумоўна на асабiстую карысьць. Не пратэстуй, бо iншай высновы са сказанага табою, звычайна, ня можа быць. Страчваньне сiлаў дзеля агульнай...

– Ты ахвяроўваеш сваю будучыню й будучыню жонкi на алтар грамадзкасьцi, прыгожа кажучы.

– Не бачу я ў гэтым нiчога сьмешнага.

– I я. З другога боку.

– Свайго.

– Невядома, хто з нас абаiх чысьцейшы эгаiст, Сьцяпан...

– Што, Кiра, маеш на ўвазе?

– Тваё "я".

– Ах, во яно як!

– Прытым, куды гэта падзелася Сумленевiчава перамаганьне зла дабром, га? Ды, наогул, адно ты гаворыш, а другое робiш. Дзiця, выдатнiк па тэорыi й двоечнiк па практыцы, анархiст, вулiчны, камiчны ў задуманым... Жыцьцё не пажартуе з табою! Крымiнальная служба падлiчыць твае векапомныя зьдзяйсьненьнi. Будзе рогату ў судзе, калi абвiнавачаны Сумленевiч пачне растлумачваць, што ён спалiў прыватнае аўта свайго шэфа, каб выкрыць яго нядобрасумленнасьць. Заплача публiка ад рагатаньня! Сэнсацыйны мэтад зьнiшчаньня камбiнатараў: спальваньне iх маёмасьцi. Стварайце брыгады сумленных падпальшчыкаў уласнасьцi людзей, у адрас якiх iснуюць маральныя закiды! Толькi справядлiвыя сядзяць у турмах! Сьвет - зварухнiся! Прачнiся!..

– Выйдзi, Кiра!

20

На працы, здавалася, нават стары бухгальтар паказаў спагадлiвасьць да Сьцяпана, не настойваючы на тэрмiновае афармленьне iм разьлiкаў у расходваньнi каапэратыўнымi аддзеламi будаўнiчых матэрыялаў, прызначаных на пабудову асабнякоў у Петрашоўскiм квартале ды ў Бельску й Саколцы.

Сакратарка падала Сьцяпану справаздачу камiсii, чысьценька перапiсаную. "Няўжо забыўся ён перахапiць крамолу?!" - падумаў Сьцяпан пра старшыню й падпiсаўся на ўсiх пяцi экзэмплярах, быццам спадзеючыся, што вось-вось расчыняцца дзьверы й зьявiцца ў iх ён, каб парваць на дробненькiя кавалачкi гэты нязручны яму дакумант.

Сумленевiч пазванiў членам камiсii, каб i яны падпiсалi. На жаль, нiкога зь iх ён не застаў на месцы: двух знаходзiлася ў каманьдзiроўцы, а трэцi хварэў.

"Пачнем ад хворага, якi, ёсьць надзея, пра нiшто яшчэ ня ведае", - Сьцяпан хутка сабраўся ў горад.

Ля пераходу цераз вулiцу, побач рэстарану "Гродна" мурашыўся людзкi натоўп. Прычэпа ад грузавiка, нахiленая, стаяла на тратуары, бокам падняўшы колы на сьцяну, бы вялiзны сабака. Мiлiцыянты мералi. Бамбiза ў юхтавых ботах пужнуў адурэлага ад вiдавоку крывi ката зь вiхрастай поўсьцю; хтосьцi загiнуў ля газону. Грузавiк-жа з галавастаю шафёркаю вiнавата чакаў, загарадзiўшы замурзаным сваiм тулавам дарогу машынам, якiя, спадцiшка, сыгналiлi й аб'яжджалi завалу Юравецкай. Праходжыя выцягвалi шыi, каб угледзець, як i дзе нехта крычаў аб чымсьцi да кагосьцi... Шайка вучняў з тлусьценькiмi мордачкамi, разявiўшыся, наглядала за замяшаньнем; адзiн зь iх, непаваротлiва, фатаграфаваў.

– Добры дзень, Сьцяпан!

Сумленевiч пазнаў у жанчыне прыгожую сяброўку са школы. На ўроках матэматыкi яна добра падказвала яму. Гарбаты настаўнiк ставiў ёй за гэта двойку. "От i напалохаў ён мяне, - пасьмейвалася яна падчас перапынку.
– Ня быў-бы ён мужчынам: хоць маленькую прыкрасьць, але зробiш!"

– Вiтай...
– Сьцяпан завагаўся над яе iмем, сымпатычным (Вера?).
– Бачу, расьцеш ты, як сабе! Банду хлопцаў адна ты разагрэла-б, i то на сьнезе, iначай, чамусьцi, ня мог ён гаварыць да яе.
– Ну, кажы, што добрага ў цябе чуваць? Муж - пад абцасам, дзяцей - рой, каханкаў - на выбар?..

– Не зьмянiўся ты, Сьцяпан, - адказала яна.
– Усё прыкiдваесься разбэшчаным...

– Гэта - блага цi добра?

– Нашто пытаеш? Сам ведаеш...

– З пакорай слухаю цябе, - i яшчэ дадаў ён: - Засаромела ты мяне, старога дурня, - Сьцяпан лакомлiва закурыў надломленую папяросiну, апошнюю ў пачку. Скажы што-лень пра сябе...

– Бацька мой памёр.

– Бацька? Ад чаго?

– Рак страўнiка...

Якi чорт! Калiсьцi людзi памiралi ад сухотаў, застуды, пабояў, а цяпер, каго не спытай, дык усё - рак, рак, рак... Прабач...

– Нэрвы.

– Так, сапраўды, я замнога дазваляю сабе...

– Кажу пра нэрвы, як пра прычыну хваробы, захворваньняў на рак. I як нi дзiўна, але ў прасмуроджаных гарадох, пракурэлых, ня так i часта пачуеш, каб хто памiраў ад рака, - яна, вiдаць, думала пра тое.
– Горад, ведаеш, дае пачуццё ўласнай вартаснасьцi. Важнасьцi!

– Твой бацька быў зь вёскi?

– Зь вёскi. З Васiлькова. З гаспадаркi. Зь зямлi, якой аддаў сваё жыцьцё, але якую ня меў ужо каму пакiнуць. Старому i ў галаву не прыходзiла тое, што зноў настануць часы, калi гаспадар будзе самым пагарджаным чалавекам, у супастаўленьнi зь якiм чысьцiльнiк камунальных прыбiральняў здасца панам над мужыкамi. Вытворца галоўнага - хлеба... Кантынэнт сялянства апускаецца нiжэй травы, цiшэй вады...

Сьцяпан не перабiваў, агламажджаны нагавораным ёю.

Яна цiха разьвiталася.

"Чалавек, што дрыгва: дакранесься да яго й правалiсься, - Сьцяпан увайшоў у Юравецкую.
– Кожнага абыходзь бокам".

Яму ня верылася, што столькi даведаўся ён ад зграбнай жанчыны.

Член камiсii, да якога йшоў Сьцяпан, жыў на Вятрачнай. У даваенным домiку, у садку, згусьцелым ад разрослых вiшнякоў. Зьвяглiвы сабака ў глыбiнi панадворка кiдаўся на ланцузе, дзеручы лапамi зямлю. Ганак, спавiты дзiкiм вiнаградам, з каляровымi шыбкамi ствараў уражаньне крыху казачнага ўваходу ў даўно таемнае.

Выглянула адтуль тоўстая баба.

– Ён хворы, - сказала яна Сьцяпану пра гаспадара.
– Вам чаго трэба ад яго?

– Добры дзень вам, - прывiтаў яе Сьцяпан.
– Я толькi на хвiлiнку да вас. Мы працуем разам...

– Вiцюлiк!
– крыкнула яна ў сенi.
– Хтосьцi прыйшоў, чуй, да цябе, - i абаперлася мяккiм локцем аб вушак. Па-мацярынску самаўпэўненая, стаяла яна так з кухонным нажом у руцэ.

– Што? Прывезьлi цымант, - жыва выбег на парог Вiця й, звочыўшы Сьцяпана, сказаў: - А, гэта ты: здароў! Заходзь, - працягнуў Сьцяпану руку.
– Заходзь, заходзь... Дай нам, маленькая, гарбаты, - зьвярнуўся ён да гэтай гаспадынi, якая аказалася яго жонкай.
– Сядай, Сьцяпан, - ён паказаў яму фатэль на ножках, закопчаных iльвiнымi галоўкамi.
– З чым добрым ты да мяне?
– i сабраў ён у сабе ўсю ўвагу худога, высокага i даўганогага.

– Са службы прыходзяць у дом хiба з чым добрым, браток? Гэта-ж усё роўна што з тэлеграмамi ў мястэчка цi ў вёску, - Сьцяпан склаў сябе: "Я, дурань, палохаю яго!" - Я, ня бойся ты, са звыклым глупствам да цябе... Ня хвораму-ж iсьцi да здаровага.

– У мяне, ведаеш, Сьцяпан, балячкi на вантробе паявiлiся. Бядовая справа, ведаеш, - сказаў ён для яснасьцi.
– Як схопiць мяне боль, дык ажно на сьцены лезу!..

Настрой быў дрэнны.

– Лечысься ты?

– Лекары, ведаеш, Сьцяпан, бы тыя адвакаты: так i паглядаюць на жменю, так i паглядаюць!
– Цяпер п'ю зельле... Нямаш мне варункаў хварэць: зяць будуецца, - i, стрымана памаўчаўшы, запытаў: - А ты, Сьцяпан, не задумаў сабе - вiлу?

– За што, братка?

– А цесьць у цябе ад чаго?
– маршчыны на яго твары склалiся ў кашэчую ўсьмешку.
– Зь iм, ведаеш, Сьцяпан, мала хто роўня ў Беластоку. Цiхенькi ён ды ўдаленькi! Ты, вазьмi, трасянi яго добра, а грошы зь яго, сам пераканаесься, пасыплюцца, бы дзiчкi з грушы. Адну дачку маючы, ён можа даць...

– Ат, стары й так даволi наклапацiўся, пакуль яе, Кiру, выгадаваў, Сьцяпана непрыемна ўразiла тая непасрэднасьць, зь якой гэты чалавек у гадох падказваў яму нешта й без таго грубае.

Поделиться с друзьями: