ЖАНРЫ

Сьцяна (на белорусском языке)
Шрифт:

– Цётка магла-б, пане, пачакаць да восенi, - пажартаваў уласьнiк сiняй машыны.
– Надта-ж мноства многае работы цяпер назьбiралася ў мяне.

– Не ўдалася вам цётка...

Юнацкi мужчына раскланяўся са Сьцяпанам:

– Прабачце мне, пане.

– Калi ласка.

На масток у нiзку сунуўся абоз: на пярэдняй фурманцы - труна. Вiдавошча быццам вяртаньне з паляваньня на некалi бачанай карцiне...

Жанчыны перад люстэркамi ля кузаваў легкавых машынаў папраўлялi сабе прычоскi; мацяркi клiкалi дзяцей. Шматлiкая радня!

– Вязуць, - нехта голасна сказаў.
– Зюнiк, адвядзi далей нашу машыну, каб конь ня ўгрэў па ёй капытам...

Запрацавалi маторы. Узьняўся вэрхал, тратуарны.

– Мужчыны, - прасiў, па-беларуску, дзядок.
– Мужчыны, трэба вынесьцi з царквы харугвы. Ну, адну - я. Хто яшчэ?

Адгукнуўся на гэта васпаваты дзядзька ў гумовых ботах. Сьвятар - зь пеўчымi бабулямi - ужо зыходзiў да вулiцы; малады, прыкметна зьнясьмелены старамоднай сваёй прафэсiяй, разгублена тузаў свой залётны вусiк (без барады). Так i гаварыў, здаецца, так i гаварыў ён: людкове, а нашто мне гэта? Расьпяўшы парасоны, жалобнiкi бязладна рушылi за iм, насустрач сярмяжнаму картэжу. Можна сказаць - са злосьцю, хутка, хутчэй адбыць чамусьцi не забытае, як бы забабоннае, але прадпiсанае... Зь бязьлiтаснымi яны каркамi. Наперадзе засьпявалi: "Са сьвятымi супакой..." - старэчыя галасы абрывалiся.

Дайшлi - да першай пары коней, угадаваных, вычасаных, запрэжаных неяк па-вясельнаму; над iмi ўзвышаўся румяны твар (без шапкi). Ля якогасьцi, пакiнутага, млына.

Вазьнiца, вяла разглядаючыся па натоўпе, прасiў дапамогi ўнесьцi труну ў царкву.

З наступнага воза зьлез брудны чалавечак i, быццам шукаючы ўпушчаных лейцаў, затрымаўся каля вазьнiцы; з пугаю.

Дзядзька ў гумовых ботах, паставiўшы харугву пад лiпаю, брыдка вылаяўся й крыкнуў:

– Бавантур! Хадзi! Паможаш!
– ён пачакаў, пакуль той зварухнецца.
– Гэта сваякi?
– кiнуў ён праклён урачыстаму зборышчу.
– Паны, я... iх маць!
– i, як змардаваны дрывасек, што прымерваецца да таго, каб падняць таўшчэрную калоду, дзядзька скамандаваў: - Бавантур! Падчэпiш труну ад галавы, - на яго словы аблезлы дзяцюк ухапiўся за вугал скрынi.
– А вы, двух, бярэцеся, во, там, яшчэ пакiраваў ён старым i вазьнiцай.

Нiхто не абурыўся на тое.

Малебен заняў больш, чым паўгадзiны. "Чаго я тут - нi шкадуючы, нi варагуючы - стаю сярод чужых?
Сьцяпан скiнуў пальчаткi.
– Труп цёткi - гэта апошнi напамiнак таго, што за маiмi плячыма ёсьць папярэднiкi. Маць - о як-жа смуткую я па ёй!
– маўчала пра радню, стойваючы панурую гiсторыю? Ня выраклася яна свайго сялянскага радаслоўя. Дык у чым-жа прычына яе заўзятага забываньня на сваякоў? А Люба - хто яна мне? Не прыехала... Жыве? Гаспадарскiя жонкi нягожа старэюць, чырванаскурыя..."

Нябожчыца спачывала з блаславёным спакоем - выцягнутая, чысьценькая, апранутая ахайна, але ў паношанае. Рукi яе, скрыжаваныя на грудзях, сухiя й вузлаватыя. Гаротнiцкiя! Дзесьцi блiзка жыла яна й працавала. Нiхто, таксама, не заплакаў па ёй, калi прыбiвалi цьвiкамi века...

"Зусiм не падобная яна да маёй мацi", - Сьцяпан, цалуючы настылую руку нябожчыцы, раптам адчуў, як пацяклi яму сьлёзы, неспадзяваныя; ня змог паўстрымацца i ад нежаданага iм стогну скаргi. Не адхiнаючыся, ён выхапiў з кiшэнi насоўку й выцерся ёю. Аглухлы ад жалю, здумеўшыся гэтым, ён адыйшоў за iкону нябеснай жанчыны, каб сабрацца там з духам. "Што са мною, - мармытаў да сябе Сьцяпан.
– Што гэта такое робiцца са мною? У мяне расхiстаныя нэрвы! Трачу я розум з-за халернага старшынi! Ох, людзi, людзi... Цi я гэтак-жа галасiў i па мацi? Ну, не, ну, добра... Цiха, ша, ша-а".

– Вы!
– за Сьцяпанам стаяў незнаёмец.
– Патрэбны чацьвёрты... Могiлкi тут-жа, у канцы вулачкi. Во, там, - паказаў ён у паднебнае акно.

– Так, так...
– усьмiхнуўся да яго Сьцяпан.
– Я ўжо... Ну, iдзем.

Пахавальнае шэсьце валаклося цыганскай бандаю. Ехалi машыны, i пра iх найбольш у тлуме гаварылi.

– Чый ён будзе?
– голасна запытаў ззаду бабскi голас.

I Сьцяпан ведаў, што гэта гавораць пра яго; мацней абхапiў ён плечы незнаёмца, якi соп пад цяжарам труны. Кант дошкi балюча муляў у ключыцу.

Над самюткай галавою сьпяваў жаваранак, расслабляючы сардэчнасьцю.

– Чый? Мо' гэта яе байструк...

– Мела яна другога?

– Хiба мала бандытаў хадзiла тады па вёсках? Прыйдзе такi ў хату, з карабiнам, i давай яму, чаго толькi захоча...

– Гэ-гэ-гэ... I саланiны ўпрыдатак, - азваўся сiплы мужчына.

– О, нарабавалi яны ў людзей, а цяпер мураванкi сабе ў Беластоку ставяць, - загаварыла тая-ж баба. Нiзкая! Кумпястая! З кучмастай прычоскай!

– Цiха! Яшчэ хто пачуе...

...Калi, урэшце, насыпаную магiлу выраўнялi рыдлёўкамi й нехта з раднi спрашаў усiх на пачастунак - Сьцяпан павярнуў у ельнiк, зь якога выбраўся ён у поле, дзе стаяла ў забыцьцi хацiнка пад таполяй.

Дадому трапiў ён пад абед.

22

Каля бiблiятэчкi iрдзела пячаткай павестка з камiсарыяту мiлiцыi.

– Мыйся й хадзi есьцi, - сказала Сьцяпану Кiра. "Зноў будзе пекла!" - ён старанлiва вымываў бруд памiж пальцамi; на яго нагавiцах бялела колькi плямак жывiцы.

– Кiра! У нас ёсць бэнзiн? Мне трэба пачысьцiць...

– А я думала, што - спалiць?

– Спалiць?
– Сьцяпан не адразу сьцямiў.
– Ага... Слухай, Кiра, ты мая жонка цi не мая?

– Твая. Таму ты павiнен схадзiць да старшынi й папрасiць у яго прабачэньня.

– Гэта ты дадумалася да таго цi твой татка?

– Я таксама.

– Значыць, цесьць першы падумаў пра гэтае. I, мабыць, дасьць ён грошай на рамонт той старшынёвай ламаччавiны?

– Такi зяць - каштуе! Ягонае папраўляньне сьвету...

– На сродкi цесьця?

– Налiвай сабе есьцi. Капуста - у сiнiм гаршку, а бульбу падагрэеш. Кампот - у рондлiку, - Кiра густоўна завязала шалiк на шыi, апранулася.
– Я пайшла.

– Да Анi, цi як яе зваць...

– Так, да Анi.

– Тады - шчасьлiвай табе дарогi!

– Дзякую.

– А дзе мацi?

Ня ведаю.

– Чао!

Допыт у камiсарыяце вызначылi Сьцяпану на пасьлязаўтра. У дзесяць.

"Маюць у мiлiцыi час, - ён, усё-ж, прыпалiў сабе бульбу.
– Iм гэта што: яны-ж у фабрыцы злачынстваў. А я - iх заказчык, дарэчы, дробны. Але рытм работы й там, вiдаць, абавязвае. Сумленевiча ўжо занесьлi ў графiк, на адпрацоўкi. Гатовенькi выраб зь яго накiруюць у суд, у гэты склад пакараньняў... А што будзе, калi ў камiсарыяце возьмуць ды забракуюць мяне? Не, яны не адкiнуць майго! Мая, Сумленевiча, у гэтым галава: за ўдарам удар..." - гарачая капуста апякла яму вусны.

Прагледзеў Сьцяпан - каторы раз!
– справаздачу камiсii. Вось дакумант, якi спатрэбiцца яму! На жаль, мала аднаго подпiсу пад iм, Сумленевiча. Што й казаць: яго здурыў той член камiсii. Сьцяпан змарнаваў аказiю - трэба было тады зьбегаць у кiёск i купiць яму даўгапiс, не адступiцца ад Вiцi, не адкладваць важную фармальнасьць. Памылка!

Ня ўсё страчанае?

Сьцяпан, паабедаўшы, наведаўся ў кватэру iншага члена камiсii; яго дачка, дзяўчынка, адказала яму, што мацi пайшла ў краму, а бацькi, ад учора, няма дома. Запрапанавала яна Сьцяпану пасядзець, выпiць гарбаты... Расьсьмешаны яе кемнасьцю, ён падзякаваў ёй i хацеў даць малой падарунак (нiчога, аднак, адпаведнага ня вышукаў у сваiх кiшэнях).

Поделиться с друзьями: