Сьцяна (на белорусском языке)
Шрифт:
– Абяцаю вам.
– Пастарайся, галубок. Гэта будзе ў тваiх iнтарэсах.
– Не сумняваюся, - iранiчна ўсьмiхнуўся Сьцяпан.
– Сьмейся ты, сьмейся... Старому прызнаеш рацыю. Я, у маладосьць, таксама ня быў лепшы. Ну, так, - цесьць паглядзеў у вакно.
– Табе трэба пагаварыць з калегам са страхавальнага бюро. Зараз гэта самае галоўнае. Суд возьме пад увагу суму стратаў...
– Мы, здаецца, мелiся весьцi гаворку больш прынцыповую, - прыпомнiў цесьцю Сьцяпан.
– Хочаш?
– Хачу.
– Ну добра, - цесьць усеўся выгадней.
– Добра. Справа, вось, выглядае так: захацеў ты, сынок, зажыць бяды й гэтак яно будзе.
– Калi я захацеў таго, дык нашто перашкаджаць мне ў гэтым?
– Ты - усур'ёз?
– Усур'ёз, - Сьцяпана ахоплiвала незразумелая весялосьць.
– Вы, хiба, не пераканалiся ў тым?
– Сьцяпан, - сказаў цесьць, i жылы на яго шыi павяроўчалi.
– Калi ты ня зьменiсься, дык давядзецца табе пакiнуць наш дом.
– Нам дадуць кватэру няхутка, - ён адказаў яму пасьля некаторага маўчаньня.
– Чарга за iмi надта-ж вялiкая, а знаёмых у будаўнiчым каапэратыве ў вас, дарагi цесьць, няма.
– Ну...
– Не прападзем, бацька...
– Гавары за сябе.
– I за Кiру.
Стары скрывiўся й нешта прамармытаў.
Зьявiлася цешча.
– Хадзеце вячэраць, - сказала яна, акiнуўшы iх чуйным позiркам.
– Дурыш нам галаву!
– вызьверыўся на яе цесьць.
– Мне цяпер не да ежы, сказаў ён жаласьлiва.
– Яго кармi!
– кiўнуў галавою ў бок Сьцяпана.
– Яму трэба многа есьцi, каб мець сiлу ваяваць за праўду...
– Дзе Кiра?
– запытаў Сьцяпан.
– Павiнна ўжо быць дома, - адказала яму цешча й хуценька павярнула назад.
– Iдзеце, пакуль гарачае...
Сьцяпан устаў. Цесьць гняўлiва прыгледзеўся зяцю.
– Рабi як хочаш, Сьцяпан, - кончыў ён гаворанае.
– Я табе ня вораг. Сказаў, што думаю: губiш ты сябе. За нiшто губiш! З дурноты! Думаеш, што камусьцi ты гэтым дапаможаш? Сьвет выратуеш? Сьвет пасьмяецца зь цябе, пасьмяецца й спакойна сядзе сьнедаць. А ты - у турму! Так. Такiя, як ты, не павiнны жанiцца, блытаць жыцьцё iншым.
– Ён памаўчаў.
– Я не пахваляў Кiрынага выбару... Прадчуваў...
– Дзякую, цесьць, за шчырасьць.
– От, няма за што, хлопчык. Не дай Бог жыць з тваiм характарам.
– Дачка падзяляе вашы думкi?
– запытаў Сьцяпан. Па яго нутры дрыготкай хваляй прабег холад. "Гэта было непатрэбнае пытаньне. Стары здагадваецца, што памiж намi няма згоды. Больш таго - узьнiк разлад або й варожасьць... Ён ведае! Кiра раструбiла й па знаёмых. Зьмянiлася яна, сьцётчала. Я кахаю яе зараз дзiўна, што й называецца прызвычаенасьцю, той абыякавасьцю, якая, быццам вада, залiвае агонь пачуцьцяў, радасьцi..."
– Я не пытаў яе.
– Што?
– Кажу: ня ведаю, якой думкi Кiра пра цябе, - паўтарыў цесьць.
– Ну, хадзем есьцi, раз мацi нас клiча, - i ён накiраваўся ў кухню, па-качынаму.
26
Потым Сьцяпан бесьперашкодна выбраўся на шпацыр. Старыя як быццам усьцешылiся гэтым, усё роўна што разьвiтаньнем з госьцем, якi ўжо абрыд. Iдучы сьцямнелай вулiцай, у яе канец, пад выганы, Сьцяпан рыхтаваўся канчаткова вырашыць тое, што надоўга застанецца важным яму. Сьцяпану было неабходна пераўсьвядомiць сутнасьць свайго каханьня да Кiры. У ёй назiралася штораз мацнейшая схiльнасьць да ўладарнiцтва, уласьцiвая жанчынам, якiя, выйшаўшы замуж, жывуць пры бацькох, знаходзячы ў iх штодзённую апору сабе. ("У мяне пачаткi сiрочай хваробы..." - закпiў зь сябе Сьцяпан.)
Зрабiлася яму лягчэй.
Навокал трываў бязьлюдны спакой. Хiтра мiргаючы, падпаўзалi агнi вялiкага гораду, акружалi Сумленевiча ад флянку, як бы па-дзiцячаму гуляючы ў вайну. У вадлеглай цеменi прасоўвалiся сьветлячкi машынаў з запаленымi фарамi; аўтобусы, бы парваныя пацеркi, скоўзвалiся ў зарнiчную адтулiну Зялёнай алеi.
Сьцяпан пачуўся далёка й добра.
У балотцы за начальнiцкiмi агародамi квакала жаба. У садовай глушы сьвяцiлася ваконца альтанкi. Неўзабаве яно пагасла, але на мiг зноў загарэлася, быццам сыгналячы пра небясьпеку. Ветрык даносiў адтуль ахапкi бесклапотнай гаворкi ў заканчэньне прыемна праведзенага вечару. I, вось, разыходзяцца там. Двое. Мужчына i жанчына.
– ...будуць чакаць, - нешта сказаў мужчына.
Жанчына засьмяялася.
– Пусьцi, досыць!
– папрасiлася яна. Яшчэ сказала, а потым: - Iдзi ўжо. Мяне ня трэба праводзiць. Чуеш? Ну, па, бывай... Буськi.
Сьцяпану здалося, што гэты голас ён ня раз чуў. "Чыясьцi жонка?" - падумаў ён, менавiта, аб шлюбнай здрадзе.
"Падгледзець мне чужую бяду? Чаму-б не? Сам-жа я жанаты, i хто дасьць заруку, што ў цябе ня здарыцца падобнае? Толькi, цi гэта не абарона табою пляткарскай цiкаўлiвасьцi? Ах, чыненае знаходзiць апраўданьне", - Сьцяпан з салодкiм неспакоем у грудзях чакаў прыблiжэньня постацi; яго засланяў кусьцiк. Яму нават уявiлася, што якраз ён, Сумленевiч, тут усяму прычына: спакушае суседачку, каб вывесьцi яе на пухкi луг i зацалаваць там да бяспамяцi, шукаць у ёй таго, чаго ня можа даць яму Кiра...
Жанчына прайшла. Яна зьлёгку спатыкнулася й цiха ўскрыкнула ад таго, пастаяла, быццам прыслухоўваючыся нечаму падазронаму. Сьцяпан стаiў дыханьне. Калi-б яна рушыла ў кiрунку на яго, дык уцякаў-бы ад яе ўнiз, дзе багонца й нiзкарослы алешнiк. ...Асьцярожна памаячыў ён за ёю. "Яна жыве недзе тут..."
З вулiцы насупроць, зiгзагам, вылазiў матацыкл, на якiм п'яна гарлапанiлi. Згледзеўшы ў пражэктарным сьвятле самотную грэшнiцу, тыя спрабавалi пад'ехаць да яе й, струцiўшы раўнавагу, перакулiлiся на сярэдзiну дарогi; матор, трохi пахрыпеўшы, зацiх.
– На-а-ага-ааа!!.. Янэк, нага!..
– якiсьцi зь iх стагнаў, i, у непагашаным бляску, мiтусiлася пужлiва растапыраная людзiна, кiдаючы на блiзкiя хаты дапатопныя ценi.
Ва ўцякаючай спутаным крокам моднiцы Сьцяпан - вачом сваiм ня верачы! пазнаў Кiру! Па галаве пазнаў ён Кiру, па нiжэйшым левым плячы яе i па адзеньнi. Па аглядцы, хоць яе не ўлавiў ён у яркай смузе. Гэта была яна! Ён раней прадчуў - па голасе, па сьмеху задаволенасьцi мужчынам, калi вылузвалася яна зь яго рук, з абдымкаў...
Даганiць Кiру?
Увайшоў у маладую збажыну...
Памакрэлыя ад расы нагавiцы прылiпалi яму да лытак, ногi грузнулi ў рыхлай ральлi. На Самулёвым пагорку старажавала вышка, за якою маленечкiмi iскаркамi папярэджвала пра сваё йснаваньне высакавольтная лiнiя.
"Кiра гэта - там? Я ператомлены, у мяне дрэнна са зрокам, дажыўся я жахлiвай трызны! Ня можа таго быць, каб у альтанцы, у домiку, у той цацачнай будцы, зь якой напамаджаныя морды абнюхваюць вяргiнi ды язьмiны на загонiках, яна зыходзiлася з кiмсьцi, каму, пэўна, напляваць на яе, на мяне, на ўсё! Зь якiм-небудзь засранцам, залатавусным набабнiкам або сынком багатага бацькi, Сьцяпан абмацаў кiшэнi ў пошуках папяросаў.
– Не гарачыся, Сумленевiч, пачакай: iдзi, паглядзi ды запамятай нумар сядзiбы, агароду, i правер у адмiнiстрацыi, хто там гаспадар. Тады ўжо й думай. Ня стой ты, а яшчэ лепш бяжы за жанчынай, яна адыйшлася не далей, як на сто крокаў, i сачы за ёю, каб упэўнiцца, цi Кiра яна? Спатрэбiцца - перапынi яе, нешта прыдумай, каб, у выпадку памылкi, сказаць ёй: выбачайце. А калi, усё-такi, акажацца, што яна... ну..." - ён павярнуў наўскасы, папоцемку абмiнаючы клiчучых на дапамогу. Каля платоў наскочыў на Сьцяпана сабака, чорны як ноч, зь белым грэбенем зубоў, i, дастаўшы абцасам па носе, працягла заскавытаў.