Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сказ пра Робін Гуда

Фінемар Джон

Шрифт:

I шэрыф паскакаў у Лондан. Ён сказаў каралю, што ніяк не можа адолець Робін Гуда, бо разбойнікаў вельмі шмат і ўсе яны дзёрзкія і смелыя, ведаюць кожную сцяжынку ў лесе, кожны куточак, таму шэрыфавы людзі не могуць высачыць іх і злавіць.

— А што я магу зрабіць? — абурыўся кароль Рычард. — Хіба ж не вы шэрыф, які па закону абавязаны лавіць разбойнікаў? Закон даў вам уладу караць усіх, хто шкодзіць вам. Калі вы не можаце расправіцца з гэтымі шэльмамі сілай, знайдзіце які іншы спосаб. Ва ўсякім разе, зараз жа вяртайцеся і ў хуткім часе далажыце, што справіліся з імі, інакш вас чакае вялікая бяда.

Шэрыф, убачыўшы, як разгневаўся кароль, паспешліва адкланяўся і рушыў назад у Нотынгем. Усе дні, што быў у дарозе, ён ламаў сабе галаву, прыдумваючы, як падстроіць пастку разбойнікам, і нарэшце радасна ляпнуў сябе па баках і гучна засмяяўся.

— Прыдумаў! — усклікнуў ён, звяртаючыся да новага галоўнага лесніка, што ехаў разам з ім. — Нарэшце прыдумаў! Заманю гэтых бандытаў у Нотынгем. Іх пацягне ў горад, як галоднага сабаку цягне на пах смажанага.

— А як вы гэта зробіце, пан шэрыф? — пацікавіўся галоўны ляснік.

— А вось як, — адказаў шэрыф. — Ты ж ведаеш, што Робін Гуд і яго ліхадзеі заўсёды выхваляюцца, што яны самыя меткія стралкі з лука. Дык вось, я абвяшчу, што ў Нотынгеме мае адбыцца вялікае спаборніцтва па стральбе з лука і што пераможца атрымае сярэбраную стралу з залатым наканечнікам. I яшчэ. Той, хто заваюе гэты прыз, будзе абвешчаны самым трапным стралком у краіне!

— Зразумеў, усё зразумеў! — засмяяўся галоўны ляснік. — Выдатная прынада для гэтых выхваляк. Яны абавязкова схопяць вашу прынаду.

— Лічы, што яны ўжо на кручку! — абвясціў шэрыф. — Прынада надзейная, запомні мае словы. Бо яны нізашто не ўтрымаюцца ад спакусы завалодаць такой узнагародай, а калі прыйдуць у горад, людзі, якія ведаюць іх, падпільнуюць і схопяць разбойнікаў.

Шэрыф вярнуўся дамоў у добрым гуморы, і неўзабаве было абвешчана, што ў Нотынгеме мае адбыцца вялікае спаборніцтва па стральбе з лука. Навіна з хуткасцю маланкі разнеслася далёка за межы горада. У Шэрвудскі лес прынёс гэтую вестку шавец Лоб. Ён паведаміў лясным братам, што ў Нотынгем з усёй Англіі прыбываюць славутыя стралкі, каб змагацца за цудоўны прыз і такое пачэснае званне.

— I пераможца будзе абвешчаны першым стралком у краіне? — перапытаў Робін Гуд.

— Ага, так, атаман! — адказаў Лоб. — I, кажуць, з’язджаюцца лепшыя стралкі з усіх англійскіх графстваў.

— Што ж, — сказаў Робін Гуд, — здаецца, мы не горшыя стралкі за іншых. Ганьба нам будзе, калі дазволім чужым забраць прыз, не паспрабуем самі заваяваць яго.

— Будзьце асцярожныя, атаман! — прамовіў дужы стралок па імені Дэвід з Донкастара. — Я думаю, што гэтае спаборніцтва — хітрая пастка. Нас хочуць заманіць у горад і там схапіць.

— Хай дрыжаць баязліўцы, — адказаў Робін Гуд. — Пастка гэта ці не, я ўсё роўна пайду ў Нотынгем.

Цяжкі іспыт. Хачу свой спрыт Праверыць у стральбе.

— Добра, мы ўсе пойдзем у Нотынгем, — сказаў Маленькі Джон. — У мяне выспеў план, як засцерагчыся ад небяспекі. Мы пакінем у лесе свае плашчы і зялёныя курткі і апранёмся як вясковыя хлопцы, што прыйшлі падзівіцца на рэдкае відовішча, і шэрыфавы людзі нас не пазнаюць.

Хто апране чырвоны плашч, Хто сіні — хто які, I пойдзем ўсе ва ўсёй красе, Як з вёскі дзецюкі.

— Малайчына, Маленькі Джон! — пахваліў яго Робін Гуд. — Зробім так, як ты прыдумаў.

У дзень спаборніцтва Робін Гуд і самыя трапныя яго стралкі рушылі ў Нотынгем. Каб не прыцягваць да сябе ўвагі, яны ішлі не гуртам, а па два, па тры, змяшаўшыся з натоўпам вясковых жыхароў, што кіраваліся ў горад. Ніхто з людзей Робін Гуда не быў у сваім звычайным ярка-зялёным адзенні. Маленькі Джон надзеў сінюю куртку з капюшонам, Мач Млынароў сын — карычневую, Уіл Скарлет — белую, Уіл Ст’ютлі — жоўтую. Асобна ад усіх ішоў чалавек у старой паношанай чырвонай світцы з капюшонам. Гэта быў Робін Гуд. Ён рашучым крокам увайшоў у вароты горада з лукам на плячы. Каля варот стаялі шпіёны шэрыфа. Яны ведалі некаторых разбойнікаў у твар і стараліся не прапусціць іх, пільна ўзіраліся ў натоўп, які валам валіў у горад, каб паглядзець на спаборніцтва.

Калі чалавек у падранай чырвонай світцы праходзіў праз вароты, выведчыкі шэрыфа ўважліва агледзелі яго, але ім і ў галаву не прыйшло, што гэта і ёсць злейшы вораг шэрыфа. Левае вока Робін Гуд прыкрыў чорнай павязкай, знарок запусціў бараду — яна была неахайная і ўскудлачаная, — ідучы, ён неяк смешна пераступаў нагамі.

— Зірні вунь на таго недарэку ў чырвоных рызманах, — са смехам сказаў нейкі ляснік. — Клянуся, сёння ўсе вясковыя абарванцы спяшаюцца сюды: спадзяюцца атрымаць залатую стралу.

Робін Гуд пачуў гэтыя словы і ледзь усміхнуўся. Ён шпарка пакрочыў на стрэльбішча, дзе стаялі мішэні. Шэрыф ужо знаходзіўся там. Ён быў на кані, і яго акружаў атрад целаахоўнікаў. Ахвотнікаў атрымаць каштоўны прыз сабралася шмат, і шэрыф пільна шнарыў вачамі па натоўпе, шукаючы сярод людзей ненавісных яму разбойнікаў. Але колькі ні ўзіраўся шэрыф у гэтае зборышча не вядомых яму людзей, ён не заўважыў нікога, хто б хоць чым-небудзь нагадваў людзей Робін Гуда.

Неўзабаве пачалося спаборніцтва. Хутка высветлілася, што адзін з самых меткіх стралкоў — Уільям з Йорка — ніяк не можа ўзяць верх над купкай вясковых хлапцоў, апранутых у курткі самых розных колераў.

Гледачы з захапленнем сачылі за барацьбой гэтых бедна адзетых людзей са славутым стралком і віталі кожнага з іх радаснымі воклічамі.

«У сіняй куртцы! — чуўся крык.— У белай! У рудой!» А пад канец: «Вось дык стралец — Ў чырвонай, з барадой!» А гэта быў сам Робін Гуд, Ён лепш за ўсіх страляў: На міг — прыцэл, і меткі стрэл — У самы цэнтр трапляў.

Нарэшце спаборнікаў засталося толькі двое — Уільям з Йорка і чалавек у чырвонай світцы. Для іх паставілі новую мішэнь на значна большай адлегласці, чым усе ранейшыя, і абодва стралкі сталі на сваё месца з лукам у руках. Кожны павінен быў пусціць тры стралы. Шмат хто з выдатных стралкоў, што сталі гледачамі, з сумненнем круцілі галовамі і паціскалі плячамі, убачыўшы, як далёка стаяць мішэні.

— Гэта ж якім трэба быць майстрам, каб трапіць у такую далёкую цэль, — гаварылі яны, — няхай нават і не ў самы яблычак.

Гледачы, стаіўшы дыханне, чакалі, чым скончыцца паядынак стралкоў. Ззаду двух прэтэндэнтаў на прыз гарцавалі на конях шэрыф і яго самыя блізкія прыяцелі.

— Мы былі сведкамі надзіва меткай стральбы, — сказаў нехта з іх. — Нават сам Робін Гуд і яго людзі не стралялі б лепш.

Шэрыф пачухаў галаву: — А я ж яго чакаў, Чакаў я тут, ды Робін Гуд Вачэй не паказаў.
Поделиться с друзьями: