Снежныя зімы
Шрифт:
— Я ўзяў бы вас сваім намеснікам.
Антанюк засмяяўся.
— Па більярду?
Міністр адказаў сур’ёзна:
— Вядома, каб вы былі спецыялістам нашай галіны.
Будыка нічога не мог зразумець і з падазронай насцярожанасцю сачыў за кожным: ударам, быццам у іх мог быць пэўны сэнс, лавіў чуйна кожнае слова.
Нарэшце Кляпнёў, задаволены перш за ўсё самім сабой, зусім цёпленькі ўжо, запрасіў у сталоўку.
Пра такую вячэру звычайна кажуць: стол царскі. Не, той стол нельга было назваць царскім — так хораша, з выдумкай паклапаціліся, каб ён быў сялянскі, беларускі. Былі, безумоўна, і далікатэсы — ікра, крабы. Але кідаліся ў вочы, распальвалі апетыт белыя грыбкі, адзін у адзін, маленькія, цвёрдыя, блішчалі бурштынавай масляністасцю; салёныя рыжыкі проста гарэлі ў салатніцах, адборныя гурочкі, здавалася, самі прасіліся ў рот; пасярод стала з вялізнай глінянай міскі дыхала пахучай парай бялюткая рассыпчатая бульба, а побач на патэльні яшчэ сквірчэла крывянка, у чысценькай каструлі яшчэ булькаў адмысловы паляўнічы кулеш з дзічыных вантробаў, рэцэпт прыгатавання якога ведалі толькі Сіротка і Антанюк. Іван Васільевіч нават забаяўся, што Сіротка па прастаце сваёй мог выдаць рэцэпт кухару, які часцей за ўсё гатуе не сапраўдным паляўнічым, а такім вось арганізатарам, як Будыка, і такім стралкам, як сённяшні госць.
Агледзеўшы прыдзірліва стол (былі запрошаны ўсе — шафёры, камендант, кухар), Антанюк сказаў у сваю талерку, ні да кога не звяртаючыся:
— Не бачу галоўнага паляўнічага — егера.
Усім зрабілася няёмка, нават п’яненькі Кляпнёў разгубіўся. Будыка не на жарт спалохаўся: чорт яго прынёс, гэтага ўзлаванага адстаўніка, сапсуе абедню, а калі яшчэ вып’е — не абярэшся бяды.
Але Іван Васільевіч піў вельмі стрымана, быў добры, нікому настрою больш не псаваў, наадварот, весяліў паляўнічымі расказамі.
Абедню сапсаваў Кляпнёў — пад канец вячэры споўз пад стол і загаўкаў па-сабачы.
ІІ
Іван Васільевіч разумеў жончыны трывогі і клопаты. Усё замужняе жыццё яна перажывала, бадай, пакутавала ад таго, што муж мала быў дома — з ёй, з дзецьмі, часта затрымліваўся вечарамі, часта выязджаў у камандзіроўкі, а ў выхадныя, святочныя дні — на паляванне.
Цяпер жа ёй здаецца, што ён замнога сядзіць дома, замнога думае, чытае. А яна лічыць, што для яго шкодна і адно і другое. Пра што ён можа думаць? Вядома ж, пра тое, што яго пакрыўдзілі, зрабілі заўчасна старым. А такія думкі, як сцвярджае медыцына, выклікаюць шкодныя эмоцыі. (Вольга Усцінаўна акуратна чытала часопіс «Здоровье».) Эмоцыі такія ў яго ўзросце могуць прывесці да цяжкіх змен у сардэчна-сасудзістай сістэме. Чытаць многа — не тыя вочы: даўно ўжо скардзіўся, што ад чытання баліць галава.
Вольга, начытаўшыся «Здоровья», лічыла, што для людзей іх гадоў галоўнае — дзейнасць. Недарэмна сама яна пасля працяглага перапынку — пакуль не выгадавала дзяцей! — пайшла на працу.
Іван Васільевіч бачыў: жонка моцна перажывае, што ён, яшчэ зусім здаровы мужчына, мусіў стаць пенсіянерам. Два гады жыве без калектыву, без людзей. А раней жа і дня не мог пражыць без супрацоўнікаў. А Вольга пераканана, што ў старасці чалавеку больш, чым нават у маладосці, патрэбны людзі.
Івана Васільевіча здзіўляла да гумарыстычнага замілавання, што Вольга, жанчына практычная, вельмі зямная, пад старасць робіцца такая кніжна-правільная.
Зрэдку і яго палохала, што ён як бы ўваходзіць у гэтую ролю — пенсіянера. Як прыступы болю ад каменя ў печані, гэтак жа раптоўна, без асэнсаванай прычыны, з’яўляліся часам страх і роспач. Але, на шчасце, не надоўга — на хвіліны. А так звычайна ён ставіўся з гумарам і да свайго новага становішча і да жончыных хваляванняў. А калі сядзеў падоўгу дома ў адзіноце, то зусім не адтаго, што яго скоўваў цяжкі роздум над уласным лёсам, як здавалася жонцы. Не. Часам ён проста бяздумна адпачываў пасля многіх год напружанай працы, часам паглыбляўся ва ўспаміны, а часцей за ўсё — проста іграў ролю, якую выдумала Вольга, забаўляўся, каб яшчэ больш занепакоіць яе і прымусіць глядзець за ім, як за малым. Ён не лічыў гэта жорсткім у адносінах да жонкі, бо не меў ні злосці, ні крыўды, і яе павялічаная ўвага да яго перажыванняў не раздражняла. Ён разумеў: гэта ў першую чаргу патрэбна ёй самой, без такіх клопатаў і хваляванняў жыццё яе збяднела б. Адно не спадабалася, і ён выявіў своеасаблівы пратэст. З паўгода назад ён пачаў употай, уначы, запісваць свае партызанскія ўспаміны. Вольга гэтак жа ўпотай пачала чытаць кожны запіс. Адшуквала рукапіс, дзе б ён ні схаваў,— у сваёй кватэры яна ўсё магла знайсці.
Іван Васільевіч узлаваўся і кінуў пісаць. Навошта? Нямала гэтых успамінаў напісалі без яго. І нямала няпраўды. Без намеру надрукавацца, без цэнзуры — жончынай, чытацкай, без хованкі, ён, магчыма, здолеў бы напісаць што-небудзь цікавае. А так — не.
Тыдзень назад, калі «ворага траў» папрасілі пайсці на ганаровую пенсію, гэтак жа, як некалі яго, Антанюка, Вольга Усцінаўна сказала, узрадаваная:
— Ваня, можа цяпер цябе вернуць на работу?
— А я не хачу! Мне добра пенсіянерам!
Ён сам не разумеў, чаму ўзлаваўся, і, сказаўшы няпраўду, спалохаў і засмуціў жонку.
Дзіўна: адстаўка чалавека, з якім ён, Антанюк, шмат у чым не быў згодзен і праз суб’ектыўнае пражэкцёрства якога несправядліва пакараны, не ўзрадавала. Толькі нагадала боль, які перажыў у тыя дні, калі рашаўся яго ўласны лёс. Тут жонка хвалявалася не без падстаў: апошнія дні ён, і праўда, жыў у цяжкім роздуме. З трывогай, з надзеяй. Зноў спрачаўся са сваімі праціўнікамі, сапраўднымі і ўяўнымі,— з людзьмі, якія кіравалі ім, з былымі сябрамі і — вельмі можа здарыцца — заўтрашнімі супрацоўнікамі. Але найбольш — з сынам…
«Ах, дзеці, дзеці! Я жыў для вас, працаваў для вас. І мне хочацца аднаго: каб хоць адзін з вас зразумеў гэта і сказаў дзякуй. Не за тое, што я нарадзіў вас, выгадаваў, вывеў у людзі. За работу, якую я рабіў для ўсіх. Для ўсіх дзяцей».
Іван Васільевіч ласкава паклаў руку на галоўку ўнука, на яго мяккія-мяккія, як пушок, залаціста-белыя валосікі. Трохгадовы хлопчык незадаволена крутнуў галавой, каб скінуць дзедаву цяжкую руку: захоплены казкай, ён не хацеў ніякай пяшчоты. Мужчына!
Яны сядзелі перад тэлевізарам. Малы і стары. Глядзелі «Снежную каралеву». Антанюк даўно прыкмеціў, што з найбольшай цікавасцю ён глядзіць мультфільмы вось па такіх казках — па народных, па Пушкіну, па Андэрсену… Усё тут праўда. І снежная каралева, і гном, і забыццё маленькага Кая, і настойлівыя пошукі Герды. Казачныя прыгоды дзяцей хвалююць да нервовага ўзбуджэння, да слёз замілавання і захаплення. А вось многія фільмы для дарослых здаюцца яму надуманымі, нецікавымі, бо нібыта глыбокія праблемы, якія ўзнімаюць аўтары, па сутнасці ўяўныя, жыццё герояў спрошчана. Як, напрыклад, у фільме «Старшыня», які нядаўна паглядзеў. Яго, Антанюка, абурылі ўяўная смеласць і ўяўная праўда, падпарадкаваныя адзінаму ўмоўнаму тэзісу і адзінаму жаданню аўтараў фільма — дагадзіць аўтару тэзіса. Антанюк выдатна ведаў старшыню, з якога пісаўся герой, не аднойчы па рабоце сутыкаўся з гэтым складаным характарам. У фільме ўзялі знешнія рысы гэтага характару і знешнія прыёмы ў рабоце старшыні. Калі Іван Васільевіч паспрабаваў гэта выказваць, людзі, якія дзесятак год назад палічылі б такі фільм за крамолу і якія цяпер, праз два-тры тыдні, глыбакадумна, выдаючы за ўласную мудрасць, паўтараюць ягоныя, Антанюковы, словы, тыя ж людзі тады глядзелі на яго як на адстаўнога дзівака, якому ўжо няма чаго траціць: атрымаў персанальную — можа малоць што хоча.
Гаварыў тэлевізар ледзь чутнаму спальні Лада рыхтавалася да семінара па квантавай механіцы. У доме ніхто не мог павысіць голасу, калі яна садзілася за свае тэорыі. Дзіва, што яна хоць так дазволіла ім глядзець тэлевізар.
Іван Васільевіч многа разоў казаў і ў жарт і сур’ёзна, што Лада — эгаістка і дэспат у доме. Але любіў малодшую дачку і ўсё дараваў ёй — за здольнасці да навукі: рос выдатны фізік, дзіця свайго часу. Не якая-небудзь пасрэднасць, як… Як хто — ён баяўся казаць, бо калі аднойчы сказаў гэта пры жонцы, назваўшы старэйшую дачку Маю, Вольга абразілася і цэлы дзень плакала: для маці — усе дзеці роўныя.
Лада ўвайшла ў залу. Ведаючы, што яна адразу пачынае рабіць заўвагі аб тым, што на экране, Стасік борздзенька саскочыў з крэсла і крутнуў рэгулятар на поўную гучнасць.
Івану Васільевічу таксама не падабалася, калі Лада сваімі ўедліва-здзеклівымі, насмешлівымі заўвагамі разбурала той нязвыкла-ўзнёслы настрой, які стварала казка. Але на гэты раз Лада маўчала. Села каля стала і моўчкі глядзела заключныя сцэны мультфільма.
Кай і Герда развіталіся з аленем і лапландкай. Невядома, як малога, а старога гледача больш за ўсё крануў гэты дзівосны, разумны алень.
Іван Васільевіч нават употай выцер слязінку.
Лада ўздыхнула.
— Шчаслівыя дзеці са шчаслівых казак! Усе цуды ім так лёгка даваліся! Але мне іх шкада. Асколачкі таго тролевага люстэрка ўсё яшчэ лятаюць. І людзей мне шкада. Яны многа гавораць, а мала ведаюць. О, каб яны ведалі ўсе формулы тонкай структуры атама вадарода! Усе рэлятывісцкія эфекты!
— А навошта гэта ўсім ведаць? — усміхнуўся Іван Васільевіч.
— Праўда — навошта? А навошта гэта мне ведаць?! О божа! — прастагнала Лада, але Іван Васільевіч прывык, што дачка рэдка калі гаворыць сур’ёзна. — Я ўся набіта формуламі, як бочка селядцамі. Я праз формулы гляджу на свет, на людзей. Страшна! — тут ужо Іван Васільевіч насцярожыўся, бо словы дачкі не здаліся жартам — крык душы. — Мне бывае страшна! Я так многа ведаю, што часам здаецца — нічога не ведаю. Усе пастулаты, ураўненні, формулы зліваюцца ў кашмарную каламуць. Здаецца, што думкі мае, сама я — тая ж бясспінавая часціца ў кулонаўскім полі. Але ядро… Што ядро? Хто ядро? «Пастаянная тонкай структуры амега імкнецца да нуля, паколькі ў яе выражэнні хуткасць святла ўваходзіць у назоўнік». І я… я ў гэтым палёце думак прыходжу да нуля. Я — нуль, нуль, нуль! Я нічога не ведаю, нічога не адкрыю! Я натоптваю сябе чужымі формуламі.