Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Снежныя зімы

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

На экране маладзенькая артыстачка спявала:

Вновь я грущу над заветным письмом, Мой синеглазый друг.

Лада хмыкнула.

— Ах, якая страсць! Але для мяне — лірыка ці фізіка? — і, імкліва абышоўшы крэсла, у якім сядзеў бацька, выключыла тэлевізар. Трохгадовы глядач, якому, пэўна, падабалася песенька пра каханне, заверашчаў на ўвесь дом і, падхапіўшыся, пачаў малаціць Ладу кулачкамі па баку.

— Ладка-аладка-гадка! Ключы!

— Во як трэба ваяваць… за сваё права на эстэтычнае задавальненне. А што тады казаць пра змаганне за месца ў жыцці! Мой даражэнькі пляменнічак, крыкун і мазюка! Ты знаеш ураўненне Клейна — Гардона?

— Ключы!

У дзвярах з’явілася Вольга Усцінаўна.

— Стасюлька! Хадзем на кухню. Я табе казку раскажу.

— Не хачу казку! Хачу цявізал!

— О, няшчасце на маю галаву! Я сёння ж заяўлю ультыматум яго бацькам! Зязюлькі! Падкінулі плод сваёй халоднай любові!..

— Ключы! Ладка-аладка!

— Як не сорамна, Лада! Ты дэспат у доме. З-за сваёй фізікі ты гатова ўсіх нас выгнаць.

— І выганю!

— Іван! Чуеш, як яна размаўляе! А ты маўчыш, патураеш.

— Ключы!

— На табе твой цявізал. Але ціха! А то атрымаеш ураўненне Дзірака.

— Сама дзі-лака.

На экране танцавала балетная пара.

— О, гэта нешта сур’ёзнае. Мама, ты ж сама верыш, што я геній, — і зноў звярнулася да бацькі, як бы працягваючы перапыненую размову: — А калі я нішто? Пажыццёвая лабарантка? Дык на якога д’ябла мне такія пакуты? «Я помню чудное мгновенье, передо мной явилась ты…» — гэта я запамінаю лягчэй, чым мая дарагая сястра, літаратар. І калі напісана — помню, а яна забыла ўжо даўно. Я ўсё помню. І для гэтага мне не трэба было паліць свой мозг, закручваць звіліны такімі петлямі, што некалі сам Мефістофель зламає там нагу, у маім мозгу. Не! Усё! К чорту фізіку! Выходжу замуж! За таго чорненькага, Жазефа, што быў у нас на вечары. Помніш, мама? Нішто, праўда? Падгавару яго кінуць універсітэт, вярнуцца дадому, у Афрыку. Ён, здаецца, сын правадыра нейкага племя. Няхай робіць пераварот, скідае бацьку, садзіцца на трон. Я такі арганізую парадачак — свет здзівіцца! А цябе, тата, запрашаю вучыць неграў агранаміі. Хочаш, мы зробім цябе прэзідэнтам? Чаго ты ўсміхаешся? Быў жа беларус прэзідэнтам на Гавайскіх астравах. Чаму табе не пабыць? Ты чалавек справядлівы, не дэспат, не тыран… Шчыры інтэрнацыяналіст.

— Лада, не вярзі лухту.

— Мамачка, ты лічыш, што гэта лухта? Не, мая дарагая мамуля, ты дрэнна ведаеш сваю дачку.

Не, маці добра ведала шалёны характар малодшай Дарсі і ўжо тады, на тым вечары, моцна спалохалася, калі ўбачыла, як Лада танцавала са студэнтам-неграм нейкі афрыканскі танец, які здаўся ёй страшэнна дзікім.

— Іван, скажы, каб яна не іграла на маіх нервах.

— Ты не хочаш, каб я выходзіла за негра?

— Выкінь з галавы шалёныя думкі!

— Ага. А ты ведаеш, дарагая мама, што гэта называецца расізмам?

— Называй як хочаш.

— Во, таварыш марксіст, як выхавалі вы сваю жонку. Любуйцеся!

Іван Васільевіч зарагатаў.

— З табой, Лада, не засумуеш.

— Патурай, патурай, дык яна выкіне табе коніка, схопішся пасля за галаву, — пакрыўдзілася на мужа Вольга Усцінаўна.

— Ды ну вас! — адмахнуўся Антанюк, устаючы з крэсла.

— Усё. Адцягвай, мама, унука ад цявізала. Антракт скончаны. Дзея другая. Падрыхтоўка да практыкума: «Вымярэнне энергіі анігіляцыйных гамаквантаў». О мая няшчасная галава! Дарагія бацькі! Да вашага ведама: з’ява анігіляцыі заключаецца ў тым, што пры сустрэчы часціцы з антычасціцай абедзве перастаюць існаваць, ператвараюцца ў другія часціцы. Мудра? А якая пры гэтым выдзяляецца энергія? Вось таму прашу поўнай цішыні!

Але цішыня панавала нядоўга. Спачатку жонка шэптам прасіла паўплываць на Ладу, каб яна не захаплялася неграм, «бо пры яе дурным характары недалёка і да бяды».

Івана Васільевіча гэта развесяліла.

— Ты адсталы элемент, Вольга. Трэба мацаваць міжнародныя сувязі.

— А ты стары дурань, — узлавалася Вольга Усцінаўна, зразумеўшы, што муж здзекуецца з яе. Але злавацца яна не ўмела і праз хвіліну пачала з наіўнай хітрасцю ўгаворваць, каб ён схадзіў да каго-небудзь са старых сяброў, якія па-ранейшаму займалі высокія пасады.

— Такое адбылося. Няўжо табе нецікава даведацца, што там думаюць?

— Не, нецікава… Што думаюць — не кожны скажа. А што кожны з іх скажа — гэта я ведаю наперад.

— Іван, ты губіш сябе.

— Гублю.

— Ты замуроўваеш сябе ў чатырох сценах.

— Замуроўваю.

Яна трагічна прастагнала:

— О, каб хто ведаў, колькі ты пайграў на маіх нервах. Ад цябе пераняла Лада… Два тыраны!

Густыя, пасівелыя бровы яго сышліся над пераносіцай, паглыбелі зморшчына пад вачамі і каля рота. Глыбока ўдыхнуў і затрымаў паветра. Пакрыўдзілі жончыны словы. Але стрымаўся. Спытаў з болем, ласкава, шэптам:

— Я тыраніў цябе, Оля?

Жонка наблізілася, паклала руку яму на галаву, на валасы, якія заўсёды здаваліся ёй жорсткімі, можа таму, што ён заўсёды каротка стрыгся — пад бокс. Але некалі яны былі чорныя да варанога бляску, яго валасы, а цяпер, хоць і не вельмі яшчэ пасівелі, як бы выцвілі. «І, здаецца, памякчэлі», — падумала яна. Сказала:

— Тыраняць дзеці. Яны эгаісты. І ты. Ты зрабіўся як малы.

— Я — пенсіянер.

— Іван!

— У цябе нешта гарыць на кухні.

Пасля Іван Васільевіч задрамаў. Больш за ўсё яго палохала такая нечаканая дрымота. Часцей, чым што іншае, яна напамінала пра набліжэнне старасці, пра вымушаную бяздзейнасць. Раней ён мог працаваць двое сутак без сну, без адпачынку і не помніць, каб хоць раз заснуў за рабочым сталом, у крэсле.

Разбудзіў крык Лады і Стасіка. Зразумеў, што прыйшлі зяць і старэйшая дачка. Лада пратэставала супраць іх ранняга прыходу: заўтра ёй трэба вымяраць энергію гама-квантаў.

Голасу Маі не чуваць. Яе голасу ніколі не чуваць. Яна дамагаецца свайго маўчаннем і слязьмі. На маці дзейнічае гэта больш пэўна, чым Ладзін крык.

Гучыць паважны басок зяця. Усе трое наступаюць на Ладу, як заўсёды, абвінавачваючы ва ўсіх смяротных грахах: эгаізме, істэрычнасці і г. д.

Няшчаснае дзяўчо! Пры нечалавечым напружанні розуму, якое трэба, каб пазнаць тайны ўсіх гэтых нуклонаў і антынуклонаў, пазітронаў і мезонаў, ёй прыходзіцца траціць сапраўды ядзерную энергію, каб арганізаваць цішыню. Наверсе гойсае суседскі сын — так, што звініць посуд у серванце, за сцяной бясконца дрынчыць піяніна, за другой сцяной плача дзіця. І гэта ў добрым старым доме, кватэрам у якім зайздросцяць. А як можна вучыць атамную тэорыю, пісаць вершы ў тых «гармоніках», якія пачалі будаваць у мікрараёнах?

Зяць увайшоў не пастукаўшы. Павітаўся — быццам ласку зрабіў:

— Добры дзень, Іван Васільевіч.

— Дзень добры, отрачэ Генадзіуш, сын Піліпаў.

Зяць рагатнуў з гэтай новай формы звароту да яго. Весела, але з ноткай гэткай прабачлівай паблажлівасці: маўляў, давай-давай, дзівач, стары хрыч, больш табе няма чым займацца. На стале, з-пад носа Івана Васільевіча, забраў усе газеты.

— Ёсць «нядзелька»? Трэба ўзяць пачытаць.

Трэба ўзяць — і ніякіх размоў. Не папросіць, не запытае: а ці прачытаў гэтую «Нядзельку» сам гаспадар?

Такая бесцырымоннасць ужо нават не абурала. Раней некалі абурала. Зяць, калі жыў тут, у іх кватэры, вось гэтак жа лазіў па кніжных шафах, не саромеўся заглянуць і ў шуфляду стала, калі Іван Васільевіч забываўся зачыніць на ключ. Мог вось так, без стуку, зайсці нават у спальню апоўначы, каб запытаць, дзе сённяшняя «Комсомольская правда» ці ў якім годзе памёр Пляханаў.

Разоў колькі Іван Васільевіч зрываўся — выдаваў «на высокіх нотах» і яму, Генадзю, і Маі, і добрай цёшчы, якая дрыжала, каб, крый божа, не пакрыўдзіць дарагога зяцька. Паступова выпрацаваўся як бы імунітэт: навучыўся не толькі стрымліваць абурэнне, але тушыць яго ў самым пачатку. А вось здзіўляцца не пераставаў. Моцна здзіўляла незвычайная здольнасць гэтага чалавека — іх зяця — не засвойваць, не прымаць самыя простыя, хаця б знешнія, правілы элементарнай інтэлігентнасці.

Поделиться с друзьями: