Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Снежныя зімы

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

— Сяргей Пятровіч! Калі мой найлепшы сябра пачне пераконваць, што і ў машынабудаванні я гэты самы… першакурснік — ведайце: такая наша дружба. Умеем падтрымаць адзін аднаго.

Здаецца, гэта ўжо крыўда? Ці хітрасць? Яшчэ адзін, з заходам з тылу, напамінак начальству пра свае заслугі?

— Як дырэктар інстытута, ты — геній, Валянцін. Магу засведчыць перад міністрам.

— Бачыце, Сяргей Пятровіч, з якой язвай я жыў у адной зямлянцы?

Антанюк пераключыўся на другое:

— Выражце залозу. А то сапсуе мяса.

— А егер параіў смаліць. Дзік малады, леташак. Час ранні.

Зразумела: дзеля госця хочуць зрабіць яшчэ адно экзатычнае відовішча.

Кляпнёў блазнаваў, распальваў апетыт:

— Мы яго адразу на патэльню. Кілбаса — во гэта рэч. Няма лепей у свеце птахі, як свіная кілбаса. Мудрэйшы афарызм! У ім уся філасофія жыцця. У вас не верашчыць у вушах верашчака? У мяне яўна пачаліся галюцынацыі. Якая верашчака ў нас будзе! Нездарма я захапіў грэцкай мукі. На бліны. Ні адзін кухар не зробіць такой верашчакі, як я.

Ён перакуліўся на другі бок, хціва застагнаў, зацмокаў тоўстымі засмяглымі вуснамі.

— Дзе ты яе дастаеш, грэцкую муку? — здзівіўся Сіротка. — Хто ў наш час меле грэчку? Круп і то няма.

— Не верыш ты, Мар’ян свет Максімавіч, у поспехі нашай сельскай гаспадаркі! Адстаў ад жыцця. Даўно выведзены гібрыд грачнёва-кукурузны. Трэба толькі ўмець аддзяліць грэчку ад кукурузы. Я ўмею.

— Не мялі, Эдуард, — спыніў свайго падначаленага Будыка.

Да Кляпнёва ў Антанюка асаблівая цікавасць: чалавек без прынцыпаў, але і без боязі, без цырымоній: праз паўгадзіны з самім богам запанібрата. З патронам сваім Будыкам трымаецца на дзіва незалежна, часам даволі ўедліва кпіць. І, аднак, той трымае чалавека без спецыяльнасці, нейкага былога кінааператара, за навуковага супрацоўніка. І ўсюды цягае за сабой. Ні кроку без яго. Безумоўна, Кляпнёў — пралаза, даставала, рэкламшчык. У разважаннях — цынік. Але ў мутнай балбатні яго часам бліскаюць крупіцы разумных думак.

Недалёка засігналілі машыны. Адна — басавіта, з хрыпаткой, нібы прастуджаная, потым — другая, галасіста, як дзяўчына.

Кляпнёў прыўзняўся, ускінуў стрэльбу, выпаліў у пажоўклае лісце дуба. Збітыя галінкі падалі на зямлю, адзінокія лісты кружылі ў паветры. Ганчак, што, стомлены, ляжаў пад дубам, смешна падскочыў, зачахліў і пачаў бегаць па крузе, нюхаючы вільготную зямлю, якая пахла даўнімі грыбамі і свежымі жалудамі.

Сіротка паманіў сабаку:

— Чомбэ, Чомбэ!

— Чомбэ? — здзівіўся Антанюк. — Хто выдумаў такую абразлівую мянушку?

— Я купіў яго ў Лапіцкага.

— Каб сабака разумеў, адкусіў бы яго шляхецкі нос. Палітыкан!

Ганчак паслухмяна падбег да гаспадара і, высунуўшы чырвоны язык, глядзеў разумнымі вачамі, здавалася, з дакорам: маўляў, якому дурню ўздумалася без патрэбы страляць?

Хрыплы сігнал пачуўся бліжэй. Кляпнёў зноў хацеў адказаць стрэлам. Але Сіротка спыніў яго:

— Навошта паліць? Нікуды з прасекі не звернуць. Дарога адна.

Павольна гойдаючыся на карэннях дубоў, зводдаль, дзе праходзіла квартальная прасека, высунуліся машыны: чорны, як вялізны жук, «ЗІМ» і светла-блакітная, вясёлая, сапраўды як дзяўчына, «Волга».

Дзіка хацелі зацягнуць у багажнік «ЗІМа», але Сіротка выказаў перасцярогу, што туша можа прапахнуць бензінам. Заслалі падлогу задняй кабіны «ЗІМа» яловым галлём і паклалі туды.

Будыка запрасіў Сяргея Пятровіча ў «Волгу». Пасля паклікаў Антанюка. Калі рушылі, сказаў:

— Трэба захапіць егера. Няхай вып’е чарку.

Але не заехалі. Забыліся. Загаварыліся.

Міністр і Будыка пасяліліся ў драўляным асабняку — паляўнічым доме. Усе астатнія — у гасцініцы, што стаяла збоку, у сасняку, на схіле ўзгорка, дзе зусім нядаўна быў збудаваны дачны комплекс.

Будыка нечакана запрасіў Антанюка пайсці разам з імі — пакояў хапае!

Камендант, хоць і стары знаёмы, без асаблівага энтузіязму сустрэў новага госця — не той узровень! — і памясціў Антанюка ўнізе, каля выхада, у пакойчыку, у якім пры высокім начальстве пасяляўся ахоўнік ці даручэнец. Івана Васільевіча гэта ніколькі не кранула: занадта добра ён ведаў увесь «статут», «табелі аб рангах» і людзей, якіх назначалі камендантамі.

Памыўшыся і пераапрануўшыся, міністр і Будыка пайшлі паглядзець, як пад шумным кіраўніцтвам Кляпнёва (сам ён нічога не рабіў, але ўсім даваў парады) смаляць дзіка.

Праз дзверы Іван Васільевіч пачуў іх размову.

— Хто ён, гэты… востранькі, што далучыўся да нас? Знаёмы твар.

— Былы… — Будыка назваў нядаўнюю Антанюкову пасаду.

— А-а… Успомніў. А цяпер дзе?

— Персанальны…

— За што яго так? Яму ж, мабыць, і шасцідзесяці няма…

— Прынцыповы ідэаліст. Выступіў на пленуме супраць наватарства ў сельскай гаспадарцы. Кансерватар. Трымаўся за травы. А трава — апора ненадзейная, — Будыка засмяяўся, задаволены сваім жартам.

Ужо на ганку (чуваць было праз адчыненую фортку) міністр спытаў:

— Валянцін Адамавіч, ты, здаецца, сялянскі сын?

— Усе мы — дзеці зямлі.

— І як ты лічыш: мудра тое, што мы робім цяпер у калгасах?

— У мяне другая сфера, Сяргей Пятровіч.

— Так, так… У нас — другая сфера. Наша хата з краю, — госць як бы спяшаўся скончыць нечаканую размову, але ў голасе яго Антанюк пачуў расчараванне і боль — той самы боль, што шчымеў і ў яго ўласным сэрцы. Гэта ўзбадзёрыла. Так некалі ўзбадзёрылі смутак і боль, не пачутыя — убачаныя ў вачах чалавека, які, старшынствуючы на высокім пасяджэнні, вымушаны быў ставіць на галасаванне прапанову «прынцыповых людзей» аб вызваленні яго, Антанюка, ад абавязкаў… за памылкі, дапушчаныя ў рабоце…

Даў гэтую мяккую фармуліровачку ён — хто старшынстваваў. А некаторыя з тых, з кім ён, Антанюк, з’еў не адзін пуд солі, хто не раз кляўся ў дружбе, падкідвалі і такое: за нязгоду з палітыкай партыі… Прывыклі думку аднаго чалавека, часам даволі спрэчную, выдаваць за палітыку партыі!..

Дамовіліся: пакуль не будзе згатавана хоць адна страва з дзічыны — за абед не садзіцца. Але паляўнічыя мелі добры перакус у лесе. А ён, Антанюк, з раніцы нашча. І так засмактала, што не вытрымаў: пайшоў на кухню прасіць бутэрброд. Кухар паскардзіўся на Кляпнёва: не такіх людзей карміў, і ніхто не лез гэтак у яго гаспадарку і ў работу.

Іван Васільевіч вырашыў не ісці туды, дзе смалілі дзіка. Стоўпіліся, як малыя. Але Кляпнёў немаведама як разнюхаў, што тут ёсць і такая рэч, як салома, — для экзотыкі. Вядома, што ад саломы зусім іншы дух і смак.

Пасаромлены камендант мусіў выдаць два цяжкія кулі залацістай жытнёўкі. І пасля таго, як палавіна тушы была абсмалена паяльнай лямпай, пачалі дасмальваць саломай. Тут ужо Іван Васільевіч не мог вытрымаць. Паклікала сялянская душа.

Змяркалася. Лес вакол. Па-асенняму глуха шумяць сосны. Зляцеліся да жытла вароны. Пералятаюць з верхавіны на верхавіну, неназойліва каркаюць. Ярка гарыць салома. Іскры гаснуць у цёмным галлі сосен. Сілуэты людзей. Іх цені. І своеасаблівы, ні з чым не параўнальны, знаёмы з маленства пах саламянай гары, шчаціны, падсмажанай свежыны. Адысці, адарвацца ад такога відовішча не здолее ніхто, у каго гэта жыве як самы незабыўны ўспамін.

Поделиться с друзьями: