Снежныя зімы
Шрифт:
Іван Васільевіч зноў доўга прыцэльваўся і зноў знарок не забіў, хоць шар мог бы пайсці.
— Як актыўны пенсіянер, я працую ў групе парткантролю гаркома. Сустракаюся з людзьмі, якія, я так лічу, што-нішто ды разумеюць і ў тваіх аўтаматах. Хочаш паслухаць, што сказаў пра вашу апошнюю лінію Калейнік, галоўны інжынер?..
Будыка імкліва адарваўся ад падаконніка, на якім быў прымасціўся, загарадзіў Івану Васільевічу дарогу вакол стала. Твар яго нядобра перасмыкнуўся. Не, ён не хацеў слухаць таго, што сказаў Калейнік.
— Твой Калейнік пагарэў ужо за свае рэвізіянісцкія пражэкты, — і павярнуўся да госця. — Не падабаецца, бачыце, яму наша сістэма кіравання прамысловасцю…
— А вы лічыце, што яна ва ўсім дасканалая? — спытаў міністр.
«О, дзядзька з галавой! А ты, Валька, дурань! Усё. Кропка. Больш я не чапаю тваіх аўтаматаў, а то ты нагародзіш лухты перад міністрам. А я табе не вораг».
Адчыніліся дзверы, і на парозе більярднай з’явіўся Кляпнёў, кругленькі, чырвоненькі, як анёлак, з бутэлькай каньяку ў адной руцэ, з падносам — у другой, на якім — кілішкі, талерка з напудранымі лімоннымі скрылькамі.
— Пакуль яно якое ды такое ўсялякае — верашчака наташчака, мачанка, крывянка і кілбасы, да якіх я ласы… для падтрымкі сіл духоўных і фізічных… як сказаў паэт, для расшырэння сасудаў, як кажуць дактары… Прашу! — і рухам спрактыкаванага падавальшчыка кінуў паднос на столік, паставіў пляшку. — Валянцін Адамавіч, налівай, — і тут жа да Антанюка: — Іван Васільевіч, маю нешта па сакрэту спытаць.
Антанюк выйшаў следам за ім.
Кляпнёў прычыніў дзверы і зашаптаў, дыхаючы ў твар каньяком:
— Слухай! Што ты там гародзіш? Балда! Я чуў праз дзверы. Ды гэтыя аўтаматы вылучаны на Ленінскую прэмію. А Сяргей Пятровіч — член камітэта і галоўны эксперт. Твой Калейнік сам хацеў прымазацца… Здорава ты падтрымліваеш сябра! Вось так мы ўмеем тапіць адзін аднаго! Ідыёты!
«Ах, лакейская твая душа! Ці даўно ты перада мной хадзіў на задніх лапках? А цяпер — „ты“, „балда“? Пляснуць па мордзе, ці што, за такое хамства? Не хочацца пэцкаць рукі».
— Ясна.
— Глядзі ж.
— Гляджу.
Сяргей Пятровіч і Будыка чакалі іх з налітымі чаркамі.
— Супраць каго вы змаўляецеся? — спытаў Будыка.
— Супраць цябе, — Івана Васільевіча кляпнёўскае папярэджанне моцна ўзлавала, і ён увайшоў у більярдную з рашучым намерам прадоўжыць размову пра аўтаматычныя лініі ўжо не ў жарт, а выказаць водгукі, якія пачуў ад спецыялістаў. Але Валянцін глядзеў на яго такімі добрымі вачамі і ўсміхаўся… не, зусім не лісліва — спакойна, па-сяброўску, хораша так, што Антанюку зрабілася няёмка за сваё жаданне сапсаваць сябру настрой.
«Стары певень! Мала цябе дзяўбла жонка, што з-за свайго характару ты растраціў сяброў. І гарэў. Не аднойчы. Але што Вальку за дзве мінуты так змяніла? Словы міністра? Якія? Дзядзька гэты, здаецца, не з тых, хто раздае абяцанні. Здагадаўся, пра што сказаў Кляпнёў? Ну, чорт з вамі! На якое ліха мне, заўчаснаму пенсіянеру, заядацца!»
Сяргей Пятровіч сказаў, звяртаючыся да Антанюка і Будыкі:
— За вашу дружбу, — і хітра неяк усміхнуўся.
— За нашу дружбу! — расшырыў Кляпнёў і паведаміў, крыўляючыся: — Зануда-кухар нарэшце паабяцаў праз паўгадзіны «даць першы выхад блюдаў». Разляніўся, падла. А каньяк жлукціць, як вярблюд. Шклянку вылупіў — падабрэў. Я не спускаю з яго вока.
Будыка засмяяўся, мабыць, задаволены, што мае такога памочніка. Чокнуўся з госцем другі раз.
— Сяргей Пятровіч, я чалавек не красамоўны і тостаў гаварыць не люблю. Але не магу не падзякаваць вам за дапамогу… ад імя інстытута…
— Я нічога яшчэ не зрабіў для інстытута.
— Сам ваш прыезд… — падхапіў Кляпнёў.
— Паехалі,— перапыніў іх госць і, выплеснуўшы каньяк у рот, укінуў следам скрылёк лімона. Зморшчыўся. Спытаў у Антанюка: — Чый удар?
— Мой.
Кляпнёў наліў яшчэ па адной, выпіў сваю і памчаў націскаць на кухара.
— Трэба нам неяк дабіць да вячэры.
— Падмацаваўшы сілы душэўныя і фізічныя, як сказаў вялікі камбінатар Кляпнёў, мы не можам іграць па-ранейшаму. Не маем права. Не, не маем.
Зайшоўшы з другога боку стала, Антанюк, не доўга цэлячыся, паклаў вельмі нялёгкі шар.
— О-о! Гэта работа! Нічога не скажаш, — ухваліў міністр, вымаючы шар з лузы.
— Што значыць добры каньячок! Дае пільнасць воку, цвёрдасць руцэ. Ай-яй-яй. Ты глядзі. Зусім не той удар!
Антанюк блазнаваў. Другі шар з трэскам лёг у тую ж самую лузу.
У Будыкі выцягнуўся твар. Госць нахмурыўся, зразумеўшы, што гэты нізкі і рухавы чалавек, востры на слова, здзекліва забаўляўся з ім, як з няўмекам.
Сяргей Пятровіч, чалавек спакойны і разважлівы, быў абыякавы і да праяў падхалімажу і да той задзірыстай няўвагі, якую часам выяўлялі некаторыя здольныя маладыя спецыялісты: маўляў, нам напляваць на тое, што ты міністр. Але такая гульня пакрыўдзіла, нават абразіла. Як ні стараўся ён быць простым і аб’ектыўным, шматгадовае карыстанне ўладай і ўсім тым, што яна дае, зрабілі міністра чулым да таго, як яго прымаюць. Не ў сэнсе знешняга прыёму. Можна пасмяяцца з дурной і разумнай угодлівасці, з любога падхалімства, з бравады маладых… Але і ў тым і ў другім выпадку нельга, маючы розум, не ўбачыць, што ўсё ідзе ад таго, што прымаюць цябе з высокай сур’ёзнасцю, з разуменнем тваіх правоў, улады, магчымасцей.
А гэты тып, які сам быў на вышыні і дажыў да сівых валасоў, прымае яго несур’ёзна, блазнуе. Смяецца, безумоўна, з палявання. З гульні гэтай. З вячэры, якую так урачыста гатуюць у яго, міністраў, гонар. Але захоўвае пры гэтым тактоўнасць і этыкет. Такое адкрыццё спачатку моцна ўразіла госця. Ён паспрабаваў супакоіць сябе думкай, што Антанюк проста помсціць за сваю крыўду і таму лепш не звяртаць на яго ўвагі, бо такія пакрыўджаныя толькі прыніжаюць гэтым саміх сябе. Але ўменне разбірацца ў людзях падказвала, што Антанюк глыбейшы і разумнейшы шмат за каго з тых, каго па розных прычынах, правільна і няправільна спусцілі з высокіх пасад на ніжэйшыя ці паслалі на пенсію. Кароткае знаёмства, інфармацыя, за што ён «пагарэў», пераконвалі, што гэта не той чалавек, на якога можна не звяртаць увагі і на другі дзень забыць пра сустрэчу, пра яго існаванне.
«Дык чаму ж ён не прыняў мяне сур’ёзна?»
Думка гэта псавала настрой.
Міністр пачаў насвістваць арыю тарэадора.
Будыку расказвалі работнікі Камітэта, што калі Сяргей Пятровіч не ў настроі, незадаволены, узлаваны, то заўсёды насвіствае гэтую бадзёра-ваяўнічую мелодыю. Валянцін Адамавіч занепакоіўся і ўжо не проста злаваўся на Антанюка — гарэў гневам: «Чакай, я табе прыпомню ўсё!»
Але потым супакоіўся, бо разважыў, што яму, бадай, выгадна, каб госць настроіўся супраць Антанюка, зразумеў, што за птах перад ім: тады ён наўрад ці зверне ўвагу на словы пра аўтаматы. Мала што мог такі крыўляка балбатаць у час більярднай гульні! Але праз колькі хвілін міністр спалохаў Валянціна Адамавіча. Калі партыю скончылі, госць згадзіўся на Антанюкову прапанову згуляць яшчэ раз і, ставячы шары ў трохкутнік, весела сказаў Івану Васільевічу: