Снежныя зімы
Шрифт:
Смалілі Сіротка і камендант. А Кляпнёў скакаў вакол, расчырванелы, у расшпіленай куртцы, і даваў парады, крычаў чалавеку, які з’еў на гэтым зубы, што ён ні чорта не ўмее і ўсё сала сапсуе і ўсю скуру спаліць.
— Вахлак! Недарэка! Паглядзі, як патрэскалася і ўзялася пузырамі!
Кляпнёў языком умеў зрабіць усё, рукамі — мала што. Антанюк не вытрымаў, загадаў яму — знарок як хлапчуку:
— Не блытайся пад нагамі. Лепш збегай па ваду.
Гады, ранейшае службовае становішча Івана Васільевіча і яго тон на міг збянтэжылі нахабнага таўсцюка. Але толькі на міг. Ён тут жа ўспомніў, што Антанюк цяпер усяго-наўсяго пенсіянер, і весела засмяяўся. Паслаў па ваду шафёра. І прапанаваў паслухаць анекдот пра пенсіянера. Але міністр, зразумеўшы бестактоўнасць такой помсты, перапыніў Кляпнёва: пачаў расказваць пра паляванне на мядзведзя недзе ў Сібіры.
Слухалі ўважліва Будыка, чамусьці сцішаны, ды міністраў шафёр, які ні да чаго не дакранаўся. Антанюк прыкмеціў, што нават машыну шафёр вёў у пальчатках; грузілі дзіка — міністр цягнуў разам з другімі, а шафёр стаяў збоку, маўклівы, паважны, апрануты ў модны плашч, быццам яму ісці на баль, а не весці машыну сотні кіламетраў.
Астатнія завіхаліся каля дзіка. Антанюк узброіўся нажом, закасаў рукавы пінжака і скроб абсмаленую тушу, цёр мокрай саломай. Работа захапіла. Гэтак жа яна захапіла і Сіротку: той аж крактаў ад задавальнення і глыбока ўдыхаў — уцягваў носам смачныя пахі, выціраў твар і нос рукавом, па-сялянску, шчасліва ўсміхаўся і быў зусім абыякавы да кляпнёўскай балбатні і яго абразлівых наскокаў.
Іван Васільевіч разумеў свайго старога паляўнічага паплечніка. Простая, знаёмая з бясштаннага маленства, работа дала асалоду, дзіўна хораша настроіла, зрабіла добрым, лагодным, вясёлым. Ён пашкадаваў міністра, які, па ўсім відаць, гараджанін і не адчувае незвычайнай паэзіі ў смаленні, ды яшчэ ў такі час, на змярканні, калі ярчэе агонь, робяцца лятучымі зоркамі іскры, абвастраюцца пахі… У паляванні такое вось першабытнае чарадзейства над здабычай — самае, бадай, прыемнае. Няўжо і Будыка, сялянскі сын, партызан, назаўсёды страціў адчуванне гэтай паэзіі? Глядзіць у рот міністру…
«Валька, чорт! Ты ж доктар навук… Трымайся з гонарам! Чаго табе не хапае?»
Абсмаленую, вырабленую і вымытую да жаўцізны тушу на насілках, на чыстай саломе, урачыста — з захаваннем усяго дзедаўскага рытуалу — занеслі ў скляпенне пад гасцініцай — у раздзелачную.
Антанюк не любіў свежаваць. Гэта разбурае той настрой, які давала смаленне. Усё, што належыць рабіць далей, ператварае чалавека ў мясніка, у спажыўца, які ў паляванні і ў некаторых іншых працэсах здабычы харчу не ўмее адчуваць элементаў прыгажосці.
Гуляць па лесе больш не хацелася. Стаміўся ўсё-такі, таварыш пенсіянер. Паляжаць бы да вячэры, бо будзе яна, безумоўна, зацяглая — разгуляюцца казакі. Кляпнёў умее бяседу наладзіць, разварушыць любога аскета. А тут сабраліся, як відаць, не дурні і выпіць і закусіць. Яму, старэйшаму сярод іх, не варта злоўжываць.
Але нешта яго сёння цягне да людзей.
Убачыў у ярка асветленых вокнах більярднай сілуэты госця і Будыкі — пайшоў да іх.
Партыя канчалася. Міністр выігрываў.
— На высадку, — сказаў з парога Антанюк і прасачыў за апошнімі ўдарамі. Не, тут Валянцін Адамавіч не падыгрываў госцю, не арганізоўваў яму яшчэ адну радасць адпачынку. Гуляў Будыка слаба. Мазаў нават падстаўныя шары. Пасля аднаго такога ўдару Іван Васільевіч пажартаваў:
— Валя, більярдны дылетант — для цябе найвышэйшая атэстацыя. Мазіла Мазілавіч — вось імя тваё.
— Калі стаіш збоку, то, здаецца, любы шар лёгка кладзецца, так гэта проста: удар — і там. Пагляджу, як ты будзеш забіваць, узяўшы кій.
Колькі яны сябравалі, але гуляць у більярд ім ні разу не выпала, хіба даўно вельмі, адразу пасля вайны, калі і ён, Антанюк, быў такі ж аматар-пачатковец, якім застаўся да сівых валос Будыка.
«Але ўсё ўдасканальваецца, дарагі Валя. Ты стаў доктарам навук, я — нядрэнным більярдыстам, асабліва за апошні год, калі ў мяне столькі вольнага часу, а побач з маёй кватэрай — адна творчая ўстанова, дзе можна з раніцы да вечара ганяць шары».
У госця рука набітая, удар ёсць, але, як кажуць, стыхійны, без тэорыі. А любая практыка павінна быць падмацавана тэорыяй. Элементарную ісціну гэтую трэба ведаць, таварыш міністр. Антанюк вырашыў трохі пацешыцца. Скінуў пінжак, рыхтуючыся да бою, застаўся ў адной простай, у клетачку, фланелевай сарочцы. Хударлявы, нізкі побач з мажным госцем, але пругкі, стройны, са спіны — юнацкая пастава. Паважыў адзін кій, другі; той, што выбраў, прыкінуў на вока — ці роўны; не спяшаючыся, цёр крэйдай скураную набіўку.
Міністр разбіў шары асцярожна — адбіў з левага вугла два, і яны сталі перад лузай адзін за адным — амаль падстаўка. Іван Васільевіч хацеў не біць па іх, а шчодра, як робяць няўмелыя навічкі, рассыпаць па стале ўсю трохі ўжо бязладную кучу шароў: няхай забівае госць, на радасць Будыку. Але Валянцін пусціў першую «пстрычку»:
— Пабачым, ці ўмееш ты хоць падстаўкі браць, — і — чорт на яго! — адразу крануў гэтую самую азартную струну.
Іван Васільевіч з абыякавасцю ўпэўненага іграка, не цэлячыся, моцна ўдарыў і… прамазаў. Шар пацалаваў борт і пайшоў да другога, супрацьлеглага, страціўшы інерцыю, асцярожна стаў каля парушанага, але не разбітага трохкутніка. А «свой» спыніўся каля лузы — верная падстаўка.
Будыка здзекліва засмяяўся:
— Вось гэта ўдар! Проста-такі класічны! Іване! Не псуй гонту.
Усё жыццё Іван Васільевіч прывучаў сябе не злаваць, не траціць спакою з-за дробязей. Але навучыўся моцна трымацца толькі ў самых складаных, сур’ёзных сітуацыях. А вось такое глупства — прамазаны шар — і такі вось смех могуць сапсаваць настрой. Ён разумеў гумар і любіў яго, але зласлівай насмешкі не дараваў.
Сяргей Пятровіч з далікатнасцю госця нават ухмылкай не падтрымаў Будыку: маўляў, добрыя ігракі разумеюць, што ў гульні ўсялякае бывае. Сур’ёзна і паважна ўзяў шар. А потым, упэўнены, што мае перад сабой іграка, не мацнейшага за Будыку, зрабіў тое, што намерваўся зрабіць Іван Васільевіч, — другім ударам разагнаў шары па стале: на, забівай, які хочаш, цікавей гульня пойдзе.
Антанюк абышоў вакол стала — які выбраць? Доўга цэліўся, але так, каб знарок прамазаць.
— Ну, ну! Пакажы клас! — зубаскаліў Будыка.
— Куды мне! Удар мой — што твой аўтамат: грукату многа, а вынік…
Валянцін Адамавіч папярхнуўся на паўслове.
Удар быў сапраўды з грукатам, але міма.
Будыка хіхікнуў:
— Сяргей Пятровіч! Гляньце на гэтага чалавека! Я лічу яго лепшым сябрам вось ужо амаль чвэрць веку. А, думаеце, пачуў ад яго хоць адно добрае слова? Чорта з два! Усё ён разносіць… хоць не раз ужо гарэў за сваё крытыканства…
— Не хвалюйся: за крытыку тваіх аўтаматаў пенсію з мяне не здымуць.
— Што ты разумееш у іх? Гэта ж табе не травы!
«Валька, ты дурнееш. Ці робішся залішне самаўпэўнены. Не чапай мае раны, а то раздражніш тыгра. Пакуль што я добры. Я проста хачу ссадзіць цябе з неба на грэшную зямлю. Ты мог бы больш разумна парыраваць мой лёгенькі ўдар — спусціўся б сам на зямлю, пакпіў бы разам. Твой міністр можа многае зразумець. Чуеш, што ён кажа?»
— Валяцнін Адамавіч, можа не будзем лічыць са сваёй тэхнічнай вышкі, што травы — рэч другарадная? — сказаў госць мякка, далікатна, з яўным намерам скіраваць забільярдную размову ў жартаўлівае рэчышча.