Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Снежныя зімы

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Ён адказаў гучна і амаль узлавана:

— А хіба не я быў бацькам ёй ад самага нараджэння? Не я тры гады насіў на руках? Хіба не я думаў пра яе? Але, думаў… гэтак жа, як і пра сваіх дзяцей! Яна жыла ў маім сэрцы… Хто яшчэ пра яе так думаў, акрамя цябе?

— А ён? Іван! А што, калі ён жывы?

— Яго няма.

— Няма?

Іван Васільевіч наблізіўся і сціснуў яе руку, моцна сціснуў каля локця, да болю. Другой рукой клапатліва паправіў хустку, захінуўшы грудзі, каб не прастудзілася. Яна паспрабавала вырваць руку. Ён не адпусціў.

— Даўно няма. Гэта адзінае, што я стаіў ад цябе.

— Ты?!

— Не. Не я. Трыбунал. Пасля вайны ўжо. У сорак дзевятым. Тады ён уцёк на Украіну. Але не за тым, каб працаваць. Уступіў у бандэраўскі атрад. На яго руках многа крыві нашых людзей. Разбітыя, бандыты пахаваліся, хто ўцалеў. Сваяцкага знайшлі недзе ў Азербайджане. Мяне выклікалі для апазнання. І пасля — сведкам на суд. На вочнай стаўцы ён меў магчымасць спытаць пра вас, каб быў чалавекам. Не спытаў. Вы не існавалі для яго. Яны там усе азвярэлі. Родных матак ненавідзелі.

Яе пачала біць ліхаманка. Уся закалацілася. Івана Васільевіча нават нядобра кранула: так перажывае смерць таго падлюгі?

— Табе холадна. Ідзі ў клас.

— Б-б-ожа мой! Столькі я ж-жыла с-са страхам, што ён… з-знойдзе нас, в-вернецца. Я магла б і-інакш жыць. Зусім інакш! — яна кінула гэтыя словы, як папрок: чаму Антанюк маўчаў?

Тады ён зразумеў усю трагічнасць яе больш чым дваццацігадовага быцця. Бясстрашна кінула дом, мужа, які здрадзіў усяму, што для яе было дарагое, і паехала ў лес, у завіруху, у невядомасць. А пасля… пасля, калі прыйшлі перамога і радасць, яна жыла са страхам — можа вярнуцца ён, сказаць Віталіі, хто яе бацька… Была віна, але ён прыняў пакаранне, пакуты… Дачка можа дараваць. А яна не магла. Яна адчувала, што не зможа дараваць. Ніколі. Якое пакаранне той ні прыняў бы. Які б спакутаваны ні вярнуўся. Як бы ні прасіў.

А ён, Антанюк, не падумаў пра гэта раней! Выходзіць, дрэнна ўсё-такі ён ведаў гэтую маленькую, здавалася, бездапаможную жанчыну, якую некалі пакахаў. Не, яна не слабая, не спалоханая. Яна такая ж, якая была і тады, у лесе, — ціхая, непрыкметная, адданая таму, каго пакахала, але мужная. Аднак другі час — другая мера мужнасці.

— Прабач. Я думаў — так лепш.

— Бо-божа мой! Столькі гадоў!

— Супакойся. Ты ўся дрыжыш. Ідзі ў клас, — Іван Васільевіч павёў яе да школы, не выпускаючы рукі.

На ганку Надзя сказала:

— Я не здолею весці ўрок.

— Скажы, што да цябе прыехаў госць. Дай ім заданне. Папрасі пасядзець ціха. Ты ж абяцала мне.

Яна пастаяла, падумала. Пасля сказала:

— Я баюся заходзіць у клас. Баюся — расплачуся. — На нямое запытанне — чаму? З-за чаго? — крыва ўсміхнулася: — Бывае, што хочацца паплакаць.

— Чакай, я сам скажу.

— Нядобра, Іван.

— Усё добра. Я ўсё яшчэ партызан.

Ён рашуча ўвайшоў у клас. Вучні шуганулі ад вокнаў, ад дзвярэй за парты. Нядружна падняліся і яшчэ менш дружна адказалі на прывітанне — «рассыпалі гарох». Моцна іх здзівіла такое нечаканае ўварванне ў клас незнаёмага дзядзькі.

Іван Васільевіч звярнуўся да іх, як да зусім дарослых:

— Таварышы! З Надзеяй Пятроўнай мы разам ваявалі. Я камандаваў брыгадай, яна была партызанкай, санітаркай нашай і гаспадыняй. Мы не бачыліся многа гадоў. А госць ёсць госць. Яго трэба прыняць. Не так хіба?

— Так! — адказалі хорам, больш дружна, чым віталіся.

— Надзея Пятроўна просіць вас пазаймацца самастойна. Згода?

— Згода!

— Не так гучна, а то мы падымем на ногі ўсю школу.

— А тут толькі тры класы.

— Усё адно. Вы абяцаеце паводзіць сябе так, каб на вас не было ніякіх нараканняў?

— Не будзе!

— Раскажыце нам, як вы партызанілі,— голас з задняй парты, дзе сядзелі хлопцы.

— Я магу расказаць, але, безумоўна, не зараз.

— Дык вы ж ненадоўга.

— Я пастараюся знайсці час… З дапамогай Надзеі Пятроўны.

— Дык можна лічыць, што мы дамовіліся?

— Дамовіліся!

Іван Васільевіч хацеў быў выходзіць, але яго спыніў дзявочы голас:

— Паліто Надзеі Пятроўны.

Паліто вісела на спінцы крэсла.

Ён узяў паліто, павярнуўся і… убачыў Надзю: яна стаяла каля дзвярэй, спакойная, упэўненая, усмешкай дакараючы яго, як малога:

— Іван Васільевіч дзейнічае па-партызанску.

Вучні засмяяліся. І тут жа пачалі ўпрошваць яе:

— Ідзіце, Надзея Пятроўна. Мы самі…

Яна дала заданне — што прачытаць тут, у класе, і дома.

Іван Васільевіч памог настаўніцы апрануць паліто. На праяўленне такой звычайнай ветлівасці сельскія вучні глядзелі з цікавасцю: дзяўчаты — з прыкметным захапленнем (нам бы такая ўвага!), хлопцы — з іранічнымі ўсмешкамі.

Калі выйшлі ў калідор, Іван Васільевіч спытаў:

— Табе расхацелася плакаць?

— Мне расхацелася плакаць.

І змоўкла. Упершыню ён адчуў няёмкасць ад яе маўчання. Яно адчужала, аддаляла яе. Надзя ніколі не была гаваркая. І раней, нават тады, у маладосці, яна магла падоўгу маўчаць. Але тады яно было інакшае, яе маўчанне.

Самае дзіўнае, што і сам ён адчуў раптам сябе тым юнаком, які не ўмее, баіцца вымавіць пры жанчыне двух слоў. Здавалася, што ўсё, што ні скажа, будзе неўпапад.

Сказаў:

— Трэба вучыць дзяцей этыкету.

— А што, яны не ўмеюць?

— Каб іх не здзіўляла, што мужчына памагае жанчыне апрануць паліто.

— Хіба гэта галоўнае?

Іван Васільевіч адчуў, што чырванее. Сапраўды, знайшоў праблему!

«Здаецца, дурнееш, Антанюк. Спаўзаеш на інтэлігенцкую драбязу».

Каб хоць нечым разварушыць яе, вывесці з задумлівасці, прымусіць гаварыць, спытаў нясмела:

— Надзя, я прынёс табе непрыемнасці?

Жанчына спынілася пасярод вуліцы, павярнулася да яго, глядзела ў твар адкрыта, шчыра, добра, але без той закаханасці, якую ён заўсёды бачыў у яе вачах раней.

— Іван! Ты прыносіў мне радасць. Заўсёды. І цяпер… Але радасці розныя. І не кожная патрэбна… Не кожная, Іван…

— Я разумею, — цяпер ён такі сапраўды ўсё разумеў, бо зноў у адзін міг ахапіў усе падзеі ў іх складанай узаемасувязі, быццам сабраў у адзін фокус. А то як бы правалы былі: думаў пра адно і забываўся на другое. Думаў, напрыклад, як яна прыняла вестку аб смерці Сваяцкага, і не звязваў гэтага са сваім прызнаннем Віце, яшчэ з адной маной, няхай і бязгрэшнай, якую ёй, маці, належыць ці прыняць, ці адкінуць.

Поделиться с друзьями: