Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Снежныя зімы

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Не аднойчы выступаў на нарадах, лаяў канструктараў даільных апаратаў, разносіў «елачкі» і «каруселі» — ведаў, што ўсе гэтыя наватарствы кабінетнага паходжання, як круглыя кароўнікі і торфаперагнойныя гаршчочкі. Пры даярках яму апладзіравалі. А пасля за спіной пасміхаліся:

«Дзівачыць стары. Папулярнасць зарабляе. Не разумее, што яго народніцкія замашкі не ў нагу з часам… Што па сутнасці гэта выступленне супраць механізацыі…»

На той «антытравяной» нарадзе сказалі пра гэта ў вочы, з трыбуны, пад воплескі прэзідыума.

Хацеў паразважаць пра сельскія праблемы, паспрачацца са сваімі апанентамі, хоць, праўда, цяпер яны раптам паразумнелі — самі парабіліся «народнікамі» і «эканамістамі». Хацеў… Не выйшла. Перад вачамі стаяла Надзя, засланіла ўсё. Ішла да яго. Ці ён ішоў да яе… А яна чакала. Розная. Спалоханая… Радасная… Сумная… Сарамлівая… Якая стрэне яго цяпер?

Доўга ў паветры плавалі асобныя сняжынкі, нябачныя ў начным змроку. Калі пачало днець, лёгкія, пушыстыя, яны закружыліся гусцей. Адразу пабялела дарога. Ці можа таму так раптоўна і развіднела, што ўсё навокал пабялела? Толькі дымы над комінамі жоўтыя — палілі торфам.

Па вуліцы беглі школьнікі, з цікавасцю азіралі незнаёмага. Спыняліся жанчыны, каб не пераходзіць дарогу з пустымі вёдрамі. З поўнымі спяшаліся перайсці. Потым ужо аглядваліся.

Кранула гэта Івана Васільевіча. Людзі зычаць удачы. Пазнаюць ці проста так? Ён вельмі даўно не быў тут зімой, гадоў пятнаццаць. Тады здавалася ўсё натуральным: сяло як сяло, шчаслівае — не гарэла, збераглі партызаны. Цяпер уразілі голая вуліца і голыя гароды.

Хата за маладымі зялёнымі клёнамі была ўлетку такая ўтульная і па-свойму прыгожая — адна з лепшых на вуліцы. Цяпер жа ледзь пазнаў яе — здалася голай, сіратліва ўбогай, хоць клёны выраслі. Але цяпер ад іх мала хараства. Па-новаму зашчымела ў сэрцы: вось яны, прыкметы старасці. Ці не могуць раптам здацца такімі ж голымі і ўбогімі і пачуцці? Свае ўласныя самому сабе. Твае — ёй. Ці яе — табе. Такая думка спалохала, з ёй цяжка пагадзіцца. Няхай жаўцеюць і асыпаюцца дрэвы. Прыйдзе час — яны зазелянеюць зноў. Няхай чарнеюць сцены хат, няхай трухлеюць — іх лёгка паднавіць… Нарэшце, збудуюцца новыя… А як аднавіць тое, што доўга жыло ў сэрцы і… патухла, як забыты людзьмі касцёр? Але ў прыску могуць тлець вуглі…

Іван Васільевіч без стуку ўвайшоў на веранду. Тут усё блішчала чысцінёй. Рэчы — стол, канапка, лазовы белы куфар, эмаліраванае вядро, лыжы і нават старыя валёнкі — стаялі ў тым добра прадуманым парадку, які сведчыць, што ў доме жыве жанчына, адна, і што ў яе ва ўсім лад, які нікім не парушаецца, і душэўны спакой, калі чалавек не забывае ніводнай дробязі. Вось толькі лыжы… Але чаму Надзя не можа хадзіць на лыжах?!

Такі выгляд веранды неяк адразу супакоіў Івана Васільевіча, і ён весела, як стукае суеед суседу, пастукаў костачкамі пальцаў у дзверы.

— Калі ласка. Заходзьце!

Голас яе не змяніўся, не пастарэў.

Ён увайшоў — і яна спалохалася. Яна моцна спалохалася, убачыўшы яго. Збялела, адступіла да адчыненых дзвярэй, што вялі з кухні на чыстую палавіну хаты, нібы хацела схавацца за імі. Глядзела на яго са страхам і… маўчала. Ці можа яму здалося, што са страхам. Усё ж так не страчала ніколі. Але, яна змянілася. Вядома, пастарэла. І неяк папрасцела. Усё ў яе папрасцела: валасы, вопратка… Раней валасы нібыта кучаравіліся, узбіваліся. А цяпер — акуратненька прычасаныя, прыгладжаныя, скручаныя на патыліцы ў вялікую куксу. Ён бачыў яе ў розным адзенні — у лахманах, у гімнасцёрцы, у лепшых сукенках. Гэтая даўгаватая чорная спадніца, просценькая вылінялая жакетка… робяць яе тыповай настаўніцай.

«Народніцай», — падумаў Іван Васільевіч без усмешкі і павітаўся.

— Добрай раніцы, Надзя.

Секунды разгубленасці і разглядання адно аднаго мінулі. Яна пайшла да яго, але не кінулася абдымаць. Спынілася за крок, зазіраючы ў вочы, спытала:

— У цябе няшчасце, Іван?

Тады ён зразумеў, чаму яна спалохалася, і гарачая хваля ўдзячнасці за яе любоў, за трывогу, за гэты спалох захлынула яго.

— У мяне — шчасце.

— Іван! Паглядзі на мяне.

— Я гляджу. Падобны хіба я да няшчаснага? Вінаваты поезд — вельмі рана прыходзіць. А мне хацелася хутчэй убачыць цябе.

Яна паверыла — усміхнулася.

— Ты ўсё яшчэ партызан.

— Я ўсё яшчэ партызан.

Надзя наблізілася, але не абняла, не пацалавала, нібы саромелася, а толькі правяла даланёй па яго калючай шчацэ, ціха і пяшчотна. Крануў гэты дотык мацней за любы пацалунак, за самыя ласкавыя словы. Іван затрымаў яе руку і прыціснуў да шчакі, потым да вуснаў. Тады яна ўткнулася тварам у плячо, у настылае паліто і прашаптала:

— Дзякуй табе, Іван.

— За што?

— За ўсё. За тое, што ты прыехаў. Мне так хацелася пабачыць цябе. Так хацелася… каб ты ведаў. Вось так паглядзець, — яна падняла твар, у вачах плавалі слязінкі.

— Вось табе на! Не люблю жаночых слёз. Давай высушу іх, — і пацалаваў у вочы.

Надзя сарамліва вызвалілася, сказала:

— Чаго мы стаім на кухні? Распранайся. Праходзь, дарагі госць.

Пакуль Іван Васільевіч распранаў паліто, гаспадыня ўскочыла ў чыстую палавіну хаты, праз адчыненыя дзверы ён убачыў, як. яна паспешліва схапіла з канапы нечую пасцель, кінула на ложак, заслала пакрывалам.

Трохі драпнула па сэрцы, што тут, у яе доме, начаваў яшчэ нехта. Адразу пасля вайны неяк апаліла думка, што нехта другі прыйдзе да яе. Можа таму прыехаў тады. Розумам дапускаў, што яна мае права на шчасце, на сям’ю, на каханне таго, хто быў бы штодня побач. А сэрца раўнавала. Апошнія гады ні разу не падумаў пра гэта. Чаму? Верыў у яе вернасць? Не, і пра гэта не думаў. Але ж вось нешта варухнулася. Закранутае самалюбства? Смешна.

Надзя сказала:

— Прабач толькі, калі ласка. Не прыбрана ў нас. Праспалі інтэлігенткі,— і, як бы спахапіўшыся, паведаміла неяк дзіўна — не то баязліва, не то ўзрадавана:

— Віта дома. Працуе ў нашай школе.

— Ты баішся?

— Не. Што ты! Цяпер яна дарослы чалавек. Цяпер яна разумее… Не думай пра гэта. Ведай: я рада. Ты прынёс мне радасць. Я проста разгубілася ад шчасця і не ведаю, што рабіць. Трэба частаваць цябе, а ў мяне — урок, — яна зірнула на ходзікі.

— Безумоўна, ідзі на ўрок.

— Але. Я пайду. Дам ім заданне. Восьмыя класы.

— Не. Не зрывай ніводнага ўрока. Гэта непрыгожа. Што скажуць?

— Але… непрыгожа…

— І не трэба. Навошта? Я сам умею частавацца. Можаш даверыць. Я ўсё яшчэ партызан.

Надзя наблізілася і зноў пагладзіла па шчацэ, як малога. Ён са смуткам падумаў, што за шэсць год жанчына прыкметна пастарэла — напэўна, больш прыкметна, чым сам ён. Вочы… Змяніліся вочы. Нават, здаецца, колер стаў іншы. Выцвілі, ці што? Якія былі яны тады? Ад вачэй — пучкі дробных маршчынак, як праменьчыкаў. І гэтыя на. дзіва прыгладжаныя валасы — яны таксама моцна змянілі яе. Старасць.

— Ты спазняешся?

— Не. У мяне ёсць яшчэ мінуты… — яна глядзела з любоўю, пяшчотна, але была ў вачах і прыхаваная трывога. — Іван, Віта калючая. Яна зразумее — я не сумняваюся. Але сказаць… сказаць можа… Задзірыстая. Насмешніца. Не крыўдуй, калі што…

— Хіба я падобны на ганарыстага пеўня? Чаго, чаго, а вытрымкі, спакою ў мяне стала яшчэ больш. Што б яна ні сказала — я зразумею. Не бойся.

— Яна працавала ў Жабінцы і не паладзіла з дырэктарам. Так заеліся. Камісія аблана разбірала. Праўда была на яе баку. Але мне стала страшна… Маладая, гарачая. Толькі табе, Ваня, я прызнаюся: мне стала страшна. Я зрабіла ўсё, каб перавесці яе сюды. Пад сваё крыло. Чуць угаварыла. Упрасіла райана… Але і тут яна пачынае вайну з дырэктарам саўгаса. Не можа, каб ціха…

Поделиться с друзьями: