Снежныя зімы
Шрифт:
У тым сваім выступленні, якое, казалі, шмат каго ашаломіла, а для яго стала апошнім з такой высокай трыбуны, Іван Васільевіч казаў і пра гэта — як часам сярэднія лічбы затуманьваюць агульную карціну. Лічыцца калгас электрыфікаваным, а дальнія вёскі, хутары толькі здалёк глядзяць на гэтыя даброты цывілізацыі.
Сумна зрабілася ад думкі, што амаль два гады ўжо ён не актыўны ўдзельнік працы гэтых людзей, а сузіральнік. Усё свядомае жыццё памагаў хлебаробам ведамі сваімі, вопытам, працай… І цяпер адчувае, што мог бы зрабіць нешта карыснае, асабліва пры ўмове: яму вераць, што ён нешта разумее, як і дзе расце хлеб, а ён верыць другім — людзям вось у гэтых вёсках, агні якіх, розныя агні, вясёлыя і журботныя, аднолькава цёплыя, праводзяць рухомыя, але халодныя агні цягніка.
Падумаў зноў, што, вярнуўшыся, адкіне да д’ябла ўсялякі гонар і пойдзе на любую пасаду, якую прапануюць. Абы працаваць. Але тут жа адчуў, што не так гэта проста — плюнуць на свае прынцыпы, зламаць характар. Так можна дайсці да ўніжэння. А ён ніколі не ўніжаўся. Ні перад кім. Ва ўсякім разе, яму не сорамна за свае адносіны з людзьмі. З тымі, хто стаяў вышэй, і з тымі, кім ён кіраваў. Хто стаў блізкі, ішоў доўгія гады побач і з кім страчаўся выпадкова, як у цягніку.
Рабілася холадна, хоць стаяў у накінутым на плечы паліто. Але ў вагоне яшчэ размаўляюць, у адным купэ вясёлая кампанія гуляе ў карты, галасы іх далятаюць і сюды. А яму хочацца цішыні. Раней цягнула да людзей. Цяпер больш даспадобы адзінота. Нядобрая прыкмета. Не сказаць, што меў чалавек беззаганны характар, але зусім не хацелася, каб цяпер характар у нечым змяніўся. Няхай застаецца, які ёсць. Цяпер надзвычай важна застацца ранейшым Антанюком. Ва ўсім. І ў тым, што сам ён і другія лічылі сілай. І ў тым, што было яго слабасцю.
Цікава, у якіх учынках выяўлялася сіла і ў якіх слабасць? Тое, што ён, стары чалавек, пенсіянер, як юнак, нечакана і з хваляваннем, едзе да жанчыны, з якой звязаў яго ваенны лёс, — сіла гэта ці слабасць характару?
А навошта гэтае раскладванне па паліцах: на адной — сіла, на другой — слабасць? У такіх вось нечаканых учынках — вышэйшае праяўленне свабоды, раскаванасці ад усіх умоўнасцей. І можа зусім не варта гэтак корпацца ў сваёй душы, займацца такім самааналізам? Праўда, навошта? Лепш пайсці і паспрабаваць заснуць. Выходзіць рана — гадзін у пяць, на лясной станцыі. Наўрад ці будзе там цішэй і цяплей, чым у вагоне, каб паспаць, пакуль развіднее. Пайсці ж адразу — можна збіцца з дарогі. Ды і не хочацца прыходзіць так рана, быццам крадучыся. Не, ён прыйдзе сярод белага дня. Як добры даўні друг. Яму і трэба толькі слова шчырага сябра тых далёкіх гадоў. Самага шчырага…
А ўсё-такі цікава — тое, што адбывалася паміж імі тады, у вайну, і пасля — было гэта выяўленнем слабасці ці сілы?
Выконваць прысуд над Сваяцкім мне не прыйшлося. І ніхто з маіх партызан гэтага не зрабіў. Паліцай знік. Нечакана. Ніхто не ведаў — куды.
Калі сувязныя прынеслі гэтую вестку, я адразу падумаў, што, відаць, Надзя ўсё ж нейкім чынам звязалася з ім і папярэдзіла, што яго чакае. Што ж, яе можна зразумець: ён бацька яе дзіцяці. Чорт з ім. Няхай знікае. Калі і ў другім месцы будзе сабакам — кары не мінуе.
Аднак, калі я ў той жа дзень, пазней, здаецца, ужо ўначы, у бяссонніцу, падумаў, што Сваяцкі мог пайсці да яе, да Надзі, што яны маглі з’ехаць ці сысці разам, мне стала нясцерпна балюча, я перажыў гэта, як самую злосную здраду. На другі ж дзень употай ад Будыкі, ад Шугановіча паслаў на Чарнігаўшчыну чалавека: ці там яна, куды завезлі? Як жыве? Як дзіця?
Камень зваліўся з сэрца, калі разведчык вярнуўся і перадаў: там, у сястры нашага Краўчанкі, жывая і здаровая, працуе ў полі, і дзіця здаровенькае. Я загадваў яму нічога не перадаваць ад мяне асабіста, нічога не казаць. Але, магчыма, партызан, хоць і немалады ўжо, не вытрымаў, прагаварыўся, ці, вельмі можа быць, Надзя сама здагадалася, бо ведала гэтага партызана. Напэўна, прыход яго ўзбунтаваў яе душу.
Хто з нас праявіў слабасць, а хто сілу?
Тыдні праз два ці тры пасля гэтага ў спякотны дзень у зямлянку, дзе я адпачываў пасля аперацыі на чыгунцы, зайшоў Будыка са сваёй ухмылачкай. (Дурацкія ў цябе ўхмылачкі, Валянцін Адамавіч!)
«Для цябе сюрпрыз, камандзір».
«Які сюрпрыз?»
«Выйдзі — убачыш».
Не помню, пра што я падумаў, але ва ўсякім разе не пра Надзю, не пра тое, што яна можа вярнуцца ў атрад самавольна з такой далечы.
Яе затрымалі маладыя дазорныя — партызаны, што прыйшлі ў атрад за два вясновыя месяцы. Хлопцы не ведалі, хто яна. Прывялі пад дулам вінтоўкі, з падазронасцю — нешта ж добра жанчына гэтая ведае партызанскія сцежкі. А ў лагеры каля кухні яе адразу акружылі, Віта пайшла па руках. Малую гушкалі, шукалі, чым накарміць. Убачылі мяне — сціхлі, расступіліся. Яна, Надзя, узнялася з пянька, стаяла ў маўклівым чаканні. Пасля прызнавалася, што спалохалася, калі ўбачыла мяне. Упершыню за доўгую дарогу падумала пра тую кару, якая можа ўпасці на яе галаву за самавольства. Маю кару.
У яе быў выгляд жабрачкі, вартае жалю. Два дні ішла пад сонцам з дзіцем на руках. Босыя парэпаныя, запыленыя ногі. Засмяглыя вусны. Абпалены сонцам твар, выгаралыя бровы і валасы, з якіх на плечы спаўзала брудная хусціна. У зімовыя месяцы пасля родаў у яе быў на дзіва белы твар, белае цела. А цяпер усё сцямнела, проста счарнела. Нават валасы: былі русыя, а сталі нейкія цёмна-ржавыя. Сама яна вельмі схуднела. Але твар не зблажэў ад гэтага. Наадварот, здалося мне, пахарашэў. Адбіліся на ім пакута і страх, але вочы, якімі яна паглядзела на мяне, — яны праменілі дзіўнае святло.
Што я адчуў?
У першы міг — абурэнне: хто цябе прасіў сюды? Пазней — жаль.
Яна глядзела на мяне. Не ўніжана, не па-сабачы. Прасіла, як можна прасіць вельмі блізкага чалавека. Спачатку — вачамі, потым — словамі, тымі ж словамі, што і два месяцы назад, але з большай настойлівасцю, нібы за час, што мінуў, атрымала права на такую просьбу:
«Не адсылай мяне… — але тут жа паправілася: — Не адсылайце мяне з атрада, таварыш камандзір. Я не магу там… Я хачу быць з вамі».
Я маўчаў. Доўга. Маўчалі партызаны. Чакалі, што скажу я. Можа не ўсе хацелі, каб я дазволіў ёй застацца. Былі, пэўна, такія, якім хацелася пачуць, убачыць драму — праяву камандзірскага нораву, дакоры, жаночае маленне, слёзы ці яшчэ што. Але, бадай, больш за ўсё іншае ў гэтых знешне грубых людзей было мудрай народнай далікатнасці, такой жа стрыманай, як і іх чуласць. Я пераконваўся ў гэтым не аднойчы.
Надзя не паўтарыла просьбы. Не сказала ніякіх другіх слоў.
Рана, што пачала чуць-чуць гаіцца, забалела з новай сілай. Я падумаў, што прысутнасць гэтай жанчыны ў атрадзе штодня будзе напамінаць пра маё гора. Але самае небяспечнае — адчуў, што я слабы чалавек: мне ўжо хацелася падысці, узяць яе пачарнелыя ад працы, парэпаныя рукі ці — яшчэ больш — абняць, стомленую, змучаную, каб яна адчула, што не адзінокая, не забытая… Не цяжка здагадацца, як яно будзе далей, калі ёсць такі парыў, такія пачуцці.
Але, я слабы чалавек…
Першая загаварыла Люба. Старая маралістка! Зімой, калі даведалася пра нашу сувязь, давяла мяне да белага калення сваім бабскім асуджэннем, папрокамі. А тут раптам праявіла чуласць:
«Чаго ты, Іван Васільевіч, глядзіш на яе, як на матку боскую? Давай дазвол залічыць гэтага байца, — і падкінула Віту, — на кацельнае і ўсялякае іншае давольства. Будзе ў нас Віталія. Будзе і Надзея!»
Партызанкі, тады ўжо іх было ў нас некалькі, засмяяліся. Мужчыны маўчалі.
Як мне было выблытацца з такога недарэчнага становішча? Адчуваў, што выслаць з атрада — не вышлю. Але і сустрэць з абдымкамі… Перад партызанамі… Свіння Будыка! Не мог прыняць ціхенька, а пасля сказаць. Высунуў мяне. Цяпер, відаць, стаіць ззаду, назірае, цешыцца. Апанавала злосць. Не на яе, безумоўна. Нa сябе. На Будыку. На Любу. Вылаяўся:
«Не атрад, а цыганскі табар! Хутка бабы пачнуць камандаваць».
«У табары ніколі не камандуюць бабы, — адказала Люба. — А ты не крычы, як феадал! Цыганскі кароль!»