Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Снежныя зімы

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

— Давай вып’ем, Віта.

Яна прагна, па-мужчынску асушыла сваю шклянку. Ён, павольна цягнучы настойку, вырашыў не адкрываць мацярынскай тайны. Няхай усё застаецца так. Яе бацька — Шугановіч. Але раней загаварыла Віталія: пачала ўзбуджана тлумачыць, чаму запытала пра гэта:

— Я даўно бачу, што мама блытаецца і не дагаворвае нешта. Ёй як бы балюча гаварыць пра майго бацьку. Спачатку мне здалося: яна вінавата перад ім. Пасля інстытута я паехала ў той раён, дзе вы партызанілі.

Івана Васільевіча кінула ў пот. Ад настойкі, ці што?

— Так многа было вас, партызанаў, а праз дваццаць гадоў нікога нельга знайсці, хто мог бы толкам расказаць. Расказваюць легенды. Хто што. Толькі адна настаўніца добра помніць Шугановіча, завуча школы, дзе яна працавала да вайны. Ведае, што ён быў камісарам атрада ў Антанюка. Але імя таго — Васіль… Маці я нічога не сказала… Калі яна напускає туман на маё з’яўленне на свет, то, нарэшце, мне таксама ўсё роўна, хто мой бацька, — заключыла яна са злосцю.

— Твой бацька — я.

«Што ты робіш? Навошта ты гэта робіш? Такая твая шчырасць?!» — закрычаў адзін Антанюк.

«А хіба я не быў ей за бацьку там, калі над усімі вісела смерць? Ёй не будзе сорамна за такога бацьку. І можа праз гэта ёй лягчэй будзе жыць», — разважліва казаў другі.

— Вы? — Віталія доўга, не моргаючы, шырока расплюшчанымі вачамі глядзела яму ў вочы. Потым нядобра засмяялася: —Вы?! Вам захацелася зрабіць мне сюрпрыз? Вясёленькая гісторыя! Ха-ха.

Потную спіну лізануў халодны ветрык. Паўзло тое агіднае пачуццё, якое да яго рэдка наведвалася і якое, пэўна, называецца страхам.

«Навошта нагрувашчваю яшчэ адну хлусню? На якога д’ябла ёй цяпер маё бацькоўства? Калі яна пагоніць такога бацьку к чортавай матары, то зробіць правільна».

Але адступлення няма. Трэба не разгубіцца, падмацаваць прызнанне тлумачэннямі.

— Я працаваў загадчыкам райза. А твая маці — у школе, у пачатковай. Стары будынак царкоўнапрыходскай школы. З кватэрай для настаўніцы. Мы пазнаёміліся яшчэ да вайны.

— Вы былі жанаты?

— Быў жанаты.

— Нішто сабе маралісты! А цяпер усе грахі валіце на наша пакаленне і хочаце выдаць сябе за святых.

— Не, мы не святыя. Мы былі людзьмі… Калі пачалася вайна, сям’я мая эвакуіравалася, а я пайшоў у лес, арганізаваў атрад… Твая маці — мужная жанчына. Яна прыйшла ў атрад… у такім становішчы… незадоўга да твайго з’яўлення на свет. Ты нарадзілася ў партызанскай зямлянцы.

— Гэта падобна на праўду, — задумліва сказала Віталія, — мама такая… І вы… абаронца траў,— яна хмыкнула, наліла настойкі толькі сабе і гэтак жа па-мужчынску выпіла. — Цяпер я не ведаю, што мне рабіць. Цалаваць вам рукі ад радасці? Ці пагнаць прэч з хаты за тое, што вы столькі маўчалі?.. Пускаеце на свет дзяцей — і баіцеся сказаць ім праўду.

— Мяне ты можаш вініць. Маці не віні…

— Ды ну вас… — не злосна, а ўжо неяк стомлена і абыякава адмахнулася дзяўчына. — Ешце. Яечня астыла, — і пачала нехаця закусваць, быццам жадаючы паказаць госцю прыклад.

Сядзелі адзін перад адным, апусціўшы вочы ў талеркі, рабілі выгляд, што ядуць, і маўчалі. Доўга маўчалі. Гэта былі цяжкія хвіліны.

Іван Васільевіч дакараў сябе:

«Навошта я гэта зрабіў? Каб парушыць душэўны спакой яе, Надзін, свой? Праўда, на якое ліха ёй цяпер бацька? Ды яшчэ такі. Удачараць трэба было тады, у вайну, калі яна была дзіця. Але тады чамусьці і ў галаву не прыйшло, што ёй трэба бацька. Зараз прыйдзе Надзя і… не пацвердзіць… Разбурыць усё. І мне, хлусу, як пабітаму сабаку, прыйдзецца пакінуць хату… Як я гляну ёй у вочы? Ужо і цяпер цяжка глянуць ёй у вочы».

— Я вінаваты перад табой: ты даўно магла б ведаць…

— І думаеце, што мне ад гэтага лягчэй жылося б? Не, мама зрабіла мудра. Я была, як усе тыя, хто застаўся без бацькі. А іх тут, у сяле, нямала такіх, маіх равеснікаў. Мой бацька, партызан, загінуў, як герой, і я ганарылася ім. Усё было проста. З намі ў школе вучыўся хлопец, Яўген Коўшык, пра якога казалі, што бацька яго — немец. Ён быў ціхі, добры, а яго ўсё адно не любілі, называлі «фрыцам». Дзеці жорсткія. Пасля сёмага класа ён мусіў з’ехаць некуды ў Данбас. Кажуць, стаў шахцёрам. Жаніўся. І ні разу не прыехаў у сваё сяло. Я разумею яго. Таму не віню маці… Як скажаш дачцэ пра свой грэх, нават калі яна і не дзіця ўжо, дачка?

Антанюку не стала лягчэй пасля яе слоў.

Маці яна не вініць. А яго, па сутнасці, параўнала з немцам. Ніводнай ноткі радасці ці ўдзячнасці. Дажыў да пенсіі, а паводзіш сябе, як хлапчук. Хіба не здаралася ўжо, што твая філантропія паварочвалася супраць цябе? Але трывожыла не гэта. Трывожыла думка, як паставіцца да яго маны Надзя. Трэба абавязкова папярэдзіць яе.

Ён падняўся з-за стала, падзякаваў за снеданне.

— А чай? — спытала Віталія.

— Дзякуй. Не хачу. Нешта разбалелася галава. Хачу прайсціся.

— Вам трэба сустрэць маму і папярэдзіць яе… змовіцца? — здагадалася яна, саркастычна ўхмыльнуўшыся. — Ідзіце. Маму такі трэба папярэдзіць. Яна — што дзіця. Зусім не ўмее маніць. У яе цяпер урок у восьмым, у былой царкве. — Віталія ўздыхнула. — Калі нам пабудуюць школу? Бегаем, як апантаныя, з аднаго канца сяла ў другі. У дождж, у гразь, — і чамусьці недарэчна папракнула: — Паспрабавалі б вы так папрацаваць, — быццам будаўніцтва школы залежала ад яго, Антанюка.

Надзя, відаць, угледзела яго праз акно і, кінуўшы клас, выскачыла на вуліцу, спалоханая: што здарылася? Чаму ён ходзіць тут?

Іван Васільевіч убачыў спалох на яе пабялелым твары, прачытаў запытанне ў насцярожана расшыраных вачах. Вінавата ўсміхнуўся. Глянуў на вокны школы — да шыб прыліплі фізіяноміі хлопцаў і дзяўчат. Цікава ім: да каго так паспешліва выйшла настаўніца? Надзя таксама азірнулася на вокны і яшчэ больш разгубілася і спалохалася. Там, у партызанах, калі штодня вісела смяротная пагроза над ёй самой, над малой дачкой, ён ніколі не бачыў жанчыну такой трапяткой, разгубленай, па-птушынаму бездапаможнай… Дзіўна змяніўся чалавек. Чаго ёй баяцца цяпер? З-за чаго хвалявацца? Слова не можа вымавіць. Вачамі моліць: кажы хутчэй, што ў вас там здарылася?

— А такі здарылася…

— Што? — як у непрытомнасці, прашаптала яна.

— Віта спытала, хто яе бацька…

— І ты сказаў?..

— Сказаў — я…

— Іван!

— Яна ездзіла ў наш раён і распытвала пра Шугановіча.

Твар яе зусім спалатнеў, пальцы сутаргава скамечылі хустку, што была накінута на плечы.

— На тваё… наша шчасце, не напаткала нікога, нікога з тых, хто ведае ўсё… Але што Шугановіч — Васіль, пра гэта ёй сказалі. Чаму ж яна Віталія Іванаўна?

— Іван! Я не магу больш маніць! Не трэба! Навошта?

Поделиться с друзьями: