Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Снежныя зімы

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Будыка меў рацыю: Рошчыха часта вось так падрывала наш камандзірскі аўтарытэт. Мой і яго. Варта асекчы старшыніху. Але лепш не чапаць: на адно слова яна выпаліць дзесяць з гэтакай жа, калі не горшай, бесцырымоннасцю і незалежнасцю. Таму я сказаў спакойна:

«Даволі мітынгаваць! Гасцей не гоняць ад парога. Перш-наперш іх трэба накарміць. А там — будзем бачыць…»

Надзя ступіла да мяне. Хацела падзякаваць ці нешта іншае сказаць? Пасля клялася, што не помніць, які душэўны парыў зрушыў яе з месца. Прызнавалася, што ў нейкі міг хацелася ўпасці на калені. Стрымалі людзі. Каб не стаяла іх столькі навокал.

Безумоўна, Надзя зразумела, што нікуды яе больш не адашлюць. І можа праўда хацела неяк падзякаваць. Але я павярнуўся і пайшоў ад іх, нічога больш не сказаўшы. Гэта — пасля прызнавалася — яе пакрыўдзіла. Жанчына ёсць жанчына: ёй заўсёды хочацца больш таго, што далі.

У зямлянцы я накінуўся на Будыку:

«Ты што выставіў мяне? Не было каму яе прыняць?»

«Я думаў — табе прыемна…»

Гаворыць пакорліва, вінавата, а ў вачах чэрці скачуць: бачыць, тып гэтакі, што мне прыемна.

Але, я слабы чалавек, мне было не проста прыемна — радасна, што яна вярнулася. Але я доўга таіў і душыў гэтае пачуццё. Ці так ужо доўга? Тыдзень, два? Не помню… Пазбягаючы страчацца з ёй, хадзіў на аперацыі — з разведчыкамі, падрыўнікамі, адзін — на сувязь з падпольнымі групамі. Не, аднаму ўдалося вырвацца, здаецца, раз ці два, не больш. А так — Вася Шугановіч хадзіў за мной ценем, сачыў, пільнаваў, папярэджваў. Лічыў, што пасля смерці брата я занадта рызыкую, лезу пад шалёныя кулі, што мяне трэба асцерагаць. Ах, Вася, Вася, друг ты мой дарагі! Не два разы ты мяне ўратаваў. А безліч разоў. У тое лета — штодня. А я не здолеў уратаваць цябе, засланіць грудзьмі. Ты камандаваў групай на другім участку, ад лугу, дзе заляглі паліцаі, каб ударыць нам у спіну. Я ўбачыў цябе ўжо мёртвага, пасля бою. Дорага нам каштавала маё жаданне ўратаваць Пецю Казюру. Цяпер «аб’ектыўны гісторык», які не нюхаў пораху, можа палічыць маю задуму з абменам авантурнай, можа вінаваціць і судзіць. Але вы, мае партызанскія сябры, — вы разумелі. Шугановіч, Ружак, Будыка, Рошча, Краўчанка — усе прагаласавалі за. Нават суседзі — Каткоў, Касач — без доўгіх перагавораў прывялі свае атрады. Каткоў і дагэтуль лічыць той бой адным з самых удалых, пераможных.

А з чаго пачалося? Цяпер магу прызнацца. Са страху. Тады, над Дняпром, калі на працягу ўсяе ночы мы не маглі пераправіцца. Яшчэ і цяпер я адчуваю яго, той прыступ страху. Іх нямнога было такіх. Быў проста страх. Звычайны. За сваё жыццё. За другіх. А там было нешта большае, не спрадвечная эмоцыя. Я нясу асаблівую адказнасць. За лагер. За людзей. Але было яшчэ адно: недзе там, у лагеры, спала ў зямлянцы каля мацярынскіх грудзей дзяўчынка. Я помню дагэтуль, што адчуў, калі падумаў, што іх могуць забіць, маці і дзіця. Надзею і Віталію. Дзіўна спалучаліся вашы імёны! Хоць другое мы прыдумалі самі, калектыўна, пад выццё снежаньскай завірухі, слухаючы зводку аб разгроме немцаў пад Масквой. Цяпер я ўжо не помню, хто прапанаваў такое імя — рацыяналіст Будыка ці рамантык Шугановіч. Помню, што «хрысцілі» мы дзяўчынку не адразу, а толькі пасля таго, як маці пачала ачуньваць ад пасляродавай гарачкі.

Дзіцячы крык, які мы пачулі, вярнуўшыся з рэйду, перавярнуў душу не аднаму мне. Не аднаму мне ў той суровы снежань дала сілы барацьба, якую мы павялі, каб уратаваць іх жыццё, гэтым кволым істотам. Усе ўхвалілі, калі я сам паехаў па сёлах шукаць карміліцу ці карову. А потым была слабасць — і мяне асудзілі. Павел, Рошчыха, Шугановіч. Адзін Будыка цынічна жартаваў — маўляў, такі закон: «Лепшы конь і лепшая жанчына заўсёды належалі правадыру племя». І, безумоўна, зайздросціў, што не ён «правадыр племя». Падвыпіўшы, цалаваў Надзі рукі.

У мяне ў такія мінуты варушылася рэўнасць. У каханні мы да старасці застаёмся юнакамі.

Хто з нас першы выявіў сваю слабасць? Ці сілу? Але, тады, упачатку, першы прыйшоў я. Але ж было і інакш. Пасля твайго звароту. Помніш?

Можа два тыдні я не бачыў цябе, баючыся сваёй слабасці. Ты знайшла мяне за лагерам, у гушчары, куды я схаваўся ў вольны летні адвячорак. У лагеры іграў гармонік. Здаецца, танцавалі. Што ж, жыццё ёсць жыццё, на вайне таксама выпадалі хвіліны весялосці.

«Я не магу так, Іван. Я люблю цябе. Люблю. Хто ведае, колькі нам адведзена таго жыцця».

Але, тады ніхто не ведаў. А яго, выходзіць, адведзена не так мала. Нам з табой. Калі ж ты выяўляла сваю слабасць, а калі сілу?

Было ж і так…

Увосень сорак трэцяга, калі вызвалілі вось гэтыя мясціны, некаторыя нашы атрады злучыліся з арміяй. Ты магла застацца тут. Але я атрымаў загад зноў пайсці за лінію фронту, павесці спецатрад у глыб Палесся. Прадстаўнік абкома быў супраць, каб ты ішла з намі: «Жанчыну з дзіцем? Ды ты ашалеў, Антанюк! Даваяваліся вы тут! Пасля вайны вашых бабскіх спраў не рассёрбаем!» Але ты ўсё адно пайшла. А потым раптам зімой асела ў гэтых сваіх Калюжынах. Чым яны прываражылі цябе? Калі і туды ўлетку прыйшло вызваленне, ты сказала:

«Нікуды я не паеду адгэтуль. Усё, Іван. Адваявалася. Мне трэба гадаваць дачку, вучыць дзяцей… І табе трэба гадаваць сваіх дзяцей. Усё».

Але, было і так… Я зразумеў цябе. Больш — быў удзячны. І можа лепш, каб сапраўды было ўсё. Назаўсёды. Але я, відаць, слабы чалавек. Ці мацней за розум было маё пачуццё? Ды цяпер ужо ўсё роўна. Цяпер мяне вядзе зусім іншае. Зусім іншае…

VII

Тут яшчэ амаль што не было снегу — чуць-чуць зацерушыў зямлю. Падаў і цяпер, але вельмі нясмела, сухі і лёгкі, як пух; слабае дыханне ветру здзьмухала яго з дарогі ў канавы, з узгоркаў — у лагчыны, на ўзлескі.

Дні два назад была тут адліга, можа нават ішоў дождж. На дарозе стаялі лужыны; вада замерзла, але колы машын і фурманак, ногі людзей патрушчылі слабы лядок. Белыя асколкі яго звінелі пад нагамі, звінелі на дзіва меладычна — неяк проста радасна.

Прыемны марозік, яшчэ больш прыемныя сняжынкі, што проста-такі з пяшчотай жывых істот садзіліся на рукі, на твар — здавалася, яны нават цёплыя, і гэты вясёлы звон ільдзінак пад нагамі — усё хораша бадзёрыла, узнімала настрой. Адышлі начныя вагонныя сумненні: а навошта ён едзе? Каму гэта трэба?

Не, цяпер уяўлялася ўсё простым і натуральным. Адсюль — і настрой такі. Недарэчна ўсё яшчэ стрымліваць свае жаданні, парывы, тым больш, што нікому ад іх не будзе блага, а некаму ён, напэўна, можа прынесці хоць маленькую радасць.

Іван Васільевіч не стаў чакаць у цёмным і халодным станцыйным пакойчыку, пакуль развіднее. Пайшоў адразу, як толькі знік у начной далечы сігнальны агеньчык апошняга вагона.

Дарогу помніў. Праўда, спытаў у дзяжурнага па станцыі, як выйсці на бальшак. Той агледзеў начнога пасажыра падазрона, растлумачыў нехаця, туманна. Ды Іван Васільевіч хутка пазнаў дарогу сам — як толькі прыйшоў у сяло, дзе свяцілася ўсяго два-тры акны, не больш, — у самых ранніх гаспадынь.

У яго была дзіўная памяць на сёлы, воблік іх, «твары» ён запамінаў гэтак жа, як твары людзей.

Забываўся часам назвы, як і прозвішчы, але, каб завязалі вочы і прывезлі ў любое сяло, якое наведаў хоць аднойчы, ён беспамылкова сказаў бы, у якім яно раёне, калі ён тут быў, з якой прычыны, з якімі людзьмі страчаўся.

Па гэтым сяле праязджаў на «газіку» разы два ўсяго, апошні раз сем гадоў назад; не помніў, называецца яно гэтак жа, як станцыя, ці неяк інакш, але адразу пазнаў краму, школу, стары ясакар, ад якога трэба павярнуць направа, на другую вуліцу, шырэйшую, каб выехаць… выйсці на патрэбную дарогу — бальшак з прысадамі старых бяроз.

Поделиться с друзьями: