Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Снежныя зімы

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

— А навошта ціха, калі чалавек ваюе за праўду?

— Праўда… Ах, Іван. Зразумей. Я баюся…

— Ты зрабілася такая баязлівая?

— Думаеш, я была калі-небудзь смелая? — Надзя сумна ўсміхнулася і зірнула на гадзіннік.

— Ты спазняешся. Ідзі.

— Я пайду. Ты галодны? Ты ішоў пехатой? О божа! Як я пакіну цябе! Прабач, калі ласка…

— Ты просіш прабачэння, як у чужога. А я — свой. І ўсё знайду сам.

— Але. Там малако, у шафцы. У каморы сала… Не, я дам заданне… Скажу завучу.

— Не рабі гэтага! Я прашу. Навошта лішнія размовы?

— Ваня! Адзінае, чаго я не баюся — што скажуць пра мяне. Колькі было размоў — ты ведаеш.

— Ведаю. Аднак урокі не зрывай. Няма прычыны.

— О-о!.. Няма… Не сумуй тут.

— Не буду.

— І паеш.

— Што-небудзь знайду.

Яна выйшла. А ён застаўся стаяць пасярод хаты і слухаць… цішыню. Не, цішыні не было. Галасы за акном… І ходзікі… Яны ўпарта адстуквалі: «не так, не так». Дзіўная гукавая асацыяцыя гэтая насцярожыла Івана Васільевіча. Можа праўда, што не так? Што? Ён слухаў самога сябе, свой чуткі сейсмограф, які павінен запісаць усе хістанні. Нічога не запісвалася. Нерухома цяжэлі пласты пачуццяў. Цішыня. Усё-такі цішыня — такая, што нечаканы стук дзвярэй прымусіў уздрыгнуць.

Вярнулася Надзя, паружавелая ад марозу і хвалявання, і таму здавалася памаладзелай.

— Што здарылася?

— Іван… Я падумала… У Віты, здаецца, фортачка… Як яна будзе гаварыць з табой? Не, не, я не баюся. Яна — разумная. Але… але… каб ты ведаў… я і дагэтуль не сказала ёй… пра Сваяцкага. Не магу. Я сказала малой, што яе бацька партызан… Іван… Шугановіч…

— Шугановіч?

— Проста прыйшло на памяць прозвішча чалавека, які загінуў. Добрага чалавека.

— Найлепшага з нас. Але імя яго — Васіль.

— Іван! Хіба я не помню! Але я запісала яе — Іванаўна. У сорак чацвёртым. Тут, у сельсавеце. Я не магла інакш. Лёс звязаў мяне з Іванам!.. — Яна горка ўсміхнулася.

Яго трошачкі кальнула гэтае «лёс звязаў» — напамінак, што той, каму яны вынеслі прысуд, таксама быў Іванам. Пра гэта ніколі не думалася раней. Навошта ёй напамінаць?

— Ты спалохалася, што я магу прагаварыцца?

— Не. Але…

— Я не прагаваруся. Не бойся. Ты спазнілася на ўрок.

— Я спазнілася. Можа мне не ісці? — нясмела, як вучаніца, спытала яна.

— Не, ідзі,— амаль жорстка, як суровы педагог, сказаў ён.

— Я пайду.

Зноў ён у адзіноце слухаў цішыню і самога сябе. Цяпер ходзікі адбівалі ўжо інакш: «так-так, так-так». Але гэта не было сцвярджэнне, гэта было як няўпэўненая развага, адказ на нейкія патаемныя (думкі.

Вялікія фікусы, густыя гардзіны засланялі вокны, і ў хаце быў паўзмрок, трымалася начная цеплыня, яна стварала ўтульнасць і неяк расслабляла цела і мозг.

Іван Васільевіч сеў на канапу, з якой Надзя прыбрала пасцель, і тут адчуў, што моцна змарыўся: не спаў ноч, прагуляўся добра ад станцыі. Цяпер толькі ўбачыў, што па хаце — на табурэтцы, на стале, на дроце, на якім трымалася на кольцах шырма, нават на фікусе — раскідана мноства дзявочых — менавіта дзявочых, не жаночых — рэчаў: халацік, касынка, панчохі, духі… І патыхнула нечым дзіцячым — тым беспарадкам і пахам, які заўсёды стаяў у зямлянцы, дзе яны былі — Надзя, малая Віта, Рошчыха. Няхай асуджаюць маралісты, але гэта быў куток звычайнага чалавечага быцця, а не вайны, і яго цягнула туды, пасля кожнага бою, пакарання здраднікаў і пахавання сваіх людзей. Даволі было патрымаць на руках дзіця — і вярталася душэўная раўнавага. Можа таму так спакойна, утульна здалося цяпер у гэтай хаце, што адчулася прысутнасць таго дзіцяці.

Ён паспрабаваў разбурыць ілюзію: дзіцяці ўжо дваццаць тры гады. Яна можа цябе так сустрэць тут, што і рады не будзеш. Не, настроіцца скептычна немагчыма. Але і весялосці няма. З болем і смуткам падумаў пра Надзю. У яе хапіла адвагі і рашучасці за тыдзень да родаў кінуць усё і паехаць у лес… У яе хапіла адвагі з дзіцём на руках заставацца ў атрадзе тады, калі замыкалася кола блакады. Яе маглі яшчэ вывесці. Цяпер жа ў яе нестае смеласці сказаць роднай дачцэ, хто сапраўды яе бацька. Змянілася?

«Усе мы змяніліся. Але ты можа менш, чым хто. Чым я».

«Ты ўсё яшчэ партызан…»

«Наўрад, ці той я ўжо, які быў».

«Лёс звязаў мяне з Іванамі».

Не, гэта не напамінак пра яго. Гэта — боль і прызнанне. Прызнанне, што ты такая ж… што пойдзеш разам у любую блакаду… Не, як і тады, ты не пойдзеш без дачкі, ты пойдзеш толькі з ёй. Ты баішся, ты дрыжыш, каб хто-небудзь не стаў паміж вамі, мёртвы ці жывы… Не бойся. Не стане. Ніхто! Цяпер ужо ніхто!

…Усё глыбей і глыбей угрузаюць ногі ў дрыгву, зялёную, густую, ліпучую. На плячы кулямёт… Які ён цяжкі сёння! А дзіця на руках лёгкае. Зусім лёгкае, як пушынка. Можа яго няма? Можа засталася адна коўдрачка? Не, ён чуе яго дыханне, спакойнае пасопванне носікам. Але не чуе другога — чвякання дрыгвы за спіной — крокаў людзей, сваіх людзей. Дзе яны? Чаму адсталі? А можа ўсіх скасілі кулі? Дзіўна тахкае кулямёт — рэдкімі адзіночнымі стрэламі: «так-так, так-так» — зусім не падобна на звычайныя стрэлы. Яму трэба азірнуцца, паглядзець — што там ззаду, дзе людзі? Але ён не можа павярнуцца — ад цяжару і ад боязі праваліцца ў «чортава вока». Яны застылі перад ім чорнымі, бліскучымі, як дзёгаць, плямамі. Ён асцярожна абыходзіць іх, але ногі грузнуць усё глыбей і глыбей. Пот залівае твар, вочы. Хочацца закрычаць, але няма голасу. Трэба паглядзець назад, абавязкова трэба! Ён спрабуе павярнуцца і… адчувае, што дрыгва засмоктвае, цягне за ногі ў халодную бездань. Па пояс, па грудзі… Ён паднімае дзіця высока над галавой — у неба, да сонца. Каб людзі ўбачылі, рата валі… Ён крычыць…

…Абудзіўшыся, Іван Васільевіч не адразу ўцяміў, дзе сон, дзе ява. Было і такое. Ішлі па такім балоце. Але нёс ён не дзіця — раненую партызанку, упаўнаважаную ЦК камсамола. Нідзе не праваліўся. І побач увесь час ішлі людзі, многа людзей, партызан. Самае страшнае, выходзіць, застацца аднаму і не магчы азірнуцца, каб убачыць сяброў. Сапраўды, ён спацеў, увесь лоб мокры. Галава адкінута да сцяны, рукі закінуты за галаву — відаць, у сне цягнуў іх угору. Прыгадаў, дзе ён, — схамянуўся: можа, змораны, доўга спіць? Шыя самлела, рукі ацяклі. Выпрастаўся — і ўбачыў яе. Дзяўчына стаяла каля грубкі, глядзела на яго са скептычнай усмешкай.

Іван Васільевіч пазнаў: Віталія. Але здзівіўся. Каб сустрэў дзе ў горадзе, напэўна, не пазнаў бы — так яна змянілася з таго часу, калі бачыў яе апошні раз. Сем год назад на яго са знявагай і нянавісцю зіркала цыбатае, худое дзяўчо-падлетак. Цяпер стаяла вельмі ладная жанчына. Але, усё ў яе паставе было такое, што, відаць, кожны з першага позірку назваў бы яе жанчынай, а не дзяўчынай. Можа гэта — ад строгасці ўбрання: трыкатажны гарнітур стальнога колеру, гэтакія ж, як у маці, гладка прычасаныя валасы, сплеценыя і завязаныя на патыліцы ў куксу.

Але здзівіла не тое, як яна вырасла, пасталела, а, тое, як мала дачка падобна на маці. Высокая, дзябёлая — як жартуюць, «гром-баба» — з грубейшымі, чым у маці, рысамі твару, але твар яе, шырокі, са здаровым румянцам, прыгожы, ва ўсякім разе — прывабны. Выразныя вочы, поўныя сакавітыя вусны. Менавіта яны, вусны, і надавалі твару асаблівую прывабную жаноцкасць.

За кароткі міг, пакуль яны разглядалі адно аднаго, у Антанюка бліснула яшчэ адна думка: і на Сваяцкага яна не падобная.

Віталія сказала з іроніяй:

— Дзень добры, таварыш «партызанскі таварыш».

— Дзень добры, Віта.

Іван Васільевіч падняўся, каб паціснуць дзяўчыне руку. Але яна не кранулася з месца, з твару знікла ўсмешка, вочы зрабіліся халодныя. Ён пабаяўся, што яна не падасць рукі, а гэта з першай хвіліны ўскладніла б іх адносіны.

— У цябе «фортачка»? — спытаў ён, успомніўшы вяртанне Надзі, яе боязь, папярэджанне.

У дзяўчыны нядобра скрывіліся поўныя вусны.

— У вас ёсць права казаць мне «ты»?

Усё-такі яна настроена абвясціць вайну.

Поделиться с друзьями: