Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сон на кургане

Купала Янка

Шрифт:

7-е відма

Дужа, дужа так нягодна; Праў свянцоных не шануеш; Гэтай подласцю выроднай Сабе пекла прыгатуеш. Скуль ты маеш дазваленне Скарбам гэтым карыстаці? Прэч адгэтуль безадменна! Ціха сядзь у сваёй хаце. Прэч ад нашага ўладарства! Я ганю цябе павагай Найвышэйшай земных царстваў! Здрадай к свету, к цемры смагай. Хто наш голас не ўшануе, Я здаўлю таго прынукай: Абручом такім спаўю я, Як вужакай, як гадзюкай.

Чорны (звонячы ўсё золатам)

Ўправа, ўлева, ўлева, ўправа Аплятаці шчыльна, жвава Абручамі ў знак, не ў знакі, Як гадзюкі, як вужакі!

Відмы (сплятаюцца за рукі і, як ланцугом, ачэпліваюць і кружацца навокал Сама)

Як гадзюкі, як вужакі, Абручамі ў знак, не ў знакі Аплятаці шчыльна, жвава Ўправа, ўлева, ўлева, ўправа!

Чорны (падымае і стукае аб саганок абломкамі муру)

Гэй, на вырай, гэй, на жніва! Толькі спрытна, толькі жыва. Ўлева, ўправа, ўправа, ўлева — Па наспелыя пасевы!

Відмы (расплятаючыся і збягаючы з ганка — кожнае ў сваю старану)

Па наспелыя пасевы — Ўлева, ўправа, ўправа, ўлева! Толькі спрытна, толькі жыва, Гэй, на вырай, гэй, на жніва!

Сам (папраўляе ямчэй у руках тапор)

Што за дзіва, што за сіла Так свістала, скавытала, Штось круціла, штось муціла, Як вяроўкай, аплятала.

Відмы па хвілі варочаюцца ў тым самым парадку, але кожны валачэ з сабою — зачапіўшы пятлю за шыю — таварыша, які, астанаўліваючыся каля Чорнага, кідае яму ў саганок колькі медзякоў; пасля відма садзіць свайго таварыша на кругу каля Сама, канцом вяроўкі завязваючы рукі.

Таварыш 1-га відма (кідаючы грошы)

Дзед і прадзед пахалі Поле роднае тое, А цяпер мне сказалі, Што яно ўжо чужое. З роднай выгналі хаткі, Як бы ім што я шкодзіў… Эх, нясу ўжо астаткі, Бо за праўду мне ходзе.

1-е відма (садзячы таварыша да Сама)

Вось таварыш для хаўруса, Каб не брала больш пакуса… Сядзьце ціха, сядзьце мірна, Як мак з макам — так абшырна, Як дамоўкі — так глыбока, Як злом камня — так высока. Сэрца шэптаў адчурайся, З тапаром сваім сквітайся. Як ні глянь сюды цікава — Цемра тут закон і права.

Таварыш 2-га відма

Як жа, як я стараўся Сабраць гэтых шалегаў, — І ў калоды цягаўся, І падзённа ў двор бегаў… Сцьжа ціснецца к хаце, Жыта ўжо ані жменькі, — А тут кажуць аддаці За шнурок свой вузенькі.

2-е відма

На, і ўчыцеся ахвоты Шанаваць закляцця сплёты. Сядзьце роўна і пакорна: Як калоды — так праворна, Як у пні клін — так свабодна, Як дамоўкі — так выгодна. Ад граніцы да граніцы Страж мая тут — паляўніца. Дум згасіце ўсе праявы: Цемра тут закон і права!

Таварыш 3-га відма

Кабета

Ад усходу да ночы Так йшла ў постаці звінна — Смоллю пот лез у вочы, Хоць круці — кашуліна. А тут платы замного Кажуць, хоць гэтак мала… Наце! Што ж? ваша змога, Наша дзе ні прапала.

3-е відма (з насмешкай)

Вось табе падмога ў працы Па скарб лезці у палацы, Дабівацца ў валадарства Цёмна-ночнага мацарства. Сядзьце квола, асцярожна; Гляньце там, тут, а трывожна, — Як пыліны — так забыты, Як атопкі — так прыбіту. Ажані тапор з няславай — Цемра тут закон і права!

Таварыш 4-га відма

Аднарукі

Як папраўдзе судзіці — Мне належала б плата. А тут кажуць плаціці За якуюсь там страту. Руку рвучы, машына Сапсавалася, праўда, Але ў чым жа я вінны, Калі вінна прылада.

4-е відма

Ўсё да дружбы, ўсё да большай Тваім думам збор вясёльшы. Сядзьце роўна, жалязіста, Мазаліста і крывіста; Як дым гутні — так цягуча, Як час векаў — так жывуча, Як авечкі — гэтак дружна, Як падмуркі — так натужна, — Скарб не будзе тваёй стравай: Цемра тут закон і права!

Таварыш 5-га відма

Так усё аплуцілі — Не найсці ў свеце света, І ўдабавак пусцілі На пакусу звод гэты. Ўзялі ўсё — дам апошкі: Капля, кажуць, жалее; Мо хоць трошкі, хоць трошкі На душы прасвятлее.

5-е відма

Ўжо з пацехай ды вясёлай К табе йду, мой ты дзябёлы. Сядзьце шумна, як расохі, Дурнап'ян, чартапалохі; Як звон пляшак — неўгамонна, Як сама кроў — так чырвона, Як пагібель — так шчасліва, Затуманьце ўсе парывы, Каб не зводзіў скарб ласкавы… Цемра тут закон і права!

Таварыш 6-га відма

Так аплуціў, ачмуціў, Як чарвяк лісток вішні, Хоць і знаю, што круціць, Хоць і знаю, што лішне, Мушу даць, хоць не штукі: Змёў з тачка і паскрэбы; Кажуць, лепшай прынукі Не найсці — як патрэба.

6-е відма

На, і доўга не таргуйся, І па скарб да нас не сунься. Сядзьце ціха, сядзьце скрыняй, Як бы мухі ў павуціне. Як кароўка — гэтак дойна, Як свая цень — так спакойна; Гібка так — як валаконцы, Так працэнтна — як чырвонцы, — І па скарб не лезь аблавай: Цемра тут закон і права!

Таварышы 7-га відма (Двое — старая кабета і падростак.)

Кабета

Каб хаця ужо свечак Як найболей разнеціў, Каб аж мой чалавечак На тым цешыўся свеце… На імшу на «задушкі»… За жывёлку таксама…

Падростак

За памершыя душкі Майго таты і мамы.

7-е відма.

Поделиться с друзьями: