Споведзь
Шрифт:
Пакуль нас шманалі (каторы раз!) і правяралі дакументы, да нас падыходзілі белыя й чорныя людзі. Чорныя — маладыя дзяўчатырабацягі, якіх ужо вятры й сонца пад гэтым нізкім небам здолелі ператварыць на ўзбэкаў. Мяне ўбачылі мае немкі з Вены, і пачаўся віскат. У мяне быў той рубель яшчэ з Арла, і я дала ім яго, як гасьцінца. Здалі мы рэчы ў капцёрку, пагналі нас у баню, а пасьля ў баракі. Назаўтра далі сукенкі з шэрага лінючага палатна, чаравікі з парусіны, бушлаты й панчохі «цвета утренней зари», у якіх мы хадзілі, як буслы. Нам сьлед было забыцца, што мы жанчыны, а памятаць толькі, што мы рукі для кіркі — рабочая сіла… Рабсіла, як нас называлі. Далі нас з Людкай у брыгаду Ілгі Дзіндонс, гдзе былі адныя латышкі. Ілга была тупая, жудасная асоба, якая падлізвалася да начальства і ўсю работу, якая цяжэй, узвальвала на чужы элемэнт у брыгадзе, на нас. Не прывыкшая да цяжкай фізычнай працы, аслабелая ў цюрме, я ледзь выжыла ў тае жудаснай Ілгі ў той першы час.
На ОЛПе аказалася й Роза, баптыстка з львоўскай перасылкі. Я яе проста нечакана сустрэла, яна йшла ў маей сукенцы. Роза запрасіла мяне ў свой прывілеяваны барак для швачак. Я была вельмі галодная й з радасьці прыняла пачастунак Розы — хлеб з цукрам. Шапталіся мы паціху, бо Роза вельмі баялася свае начальніцы са зьняволеных. Але тая начальніца ўсё ж падышла да нас і пачала выпытваць, якой я нацыі і т. п. Мае адказы яе насьцярожылі, і калі я сказала, што я прытым з Прагі, яна пачала пытаць мяне, каго я там ведаю з беларусоў? Я пару асоб назвала, рэшту пачала называць яна. Тут-то я зьдзівілася, а калі я назвала сваё прозьвішча, яна ледзь ня кінулася на мяне з кулакамі, крычучы, як гэта я, паэтка, сьмела сюды трапіць, чаму я не схавалася гдзе, не ўцякла? Аказалася, што латышка Люцыя Антонаўна Лепаціс (здаецца) была роджаная Клагіш, беларуска. Яна нават амаль год вучылася ў Празе, а яе брат дык там закончыў студыя. Цяпер яна тут загадчыцай гэтай майстэрні. Яна аракул для начальнікавых жонак, якіх абшывае лагерная бяздольная моладзь… Адзіная яна жыве не ў бараку, а ў асобным пакойчыку й мае асабістую слугу, старую фрау Буш, з якой разам і сьпяць, і ядуць… Роза дрыжыць перад ёю… Усе гэта мне не падабалася… I зімою, і летам тыя савецкія дамы шылі выключна квяцістыя крэпдэшынавыя сукенкі. А што, мелі грошы, дык шылі іх у вялікай колькасьці. Дарма шукаў бы там ваўняны, адпаведны клімату касьцюмчык ці сукенку — усё было параднае, прэтэнсыянальна крыклівае. Кваліфікаваныя швачкі шылі добра. Малакваліфікаваная, але спрытная ля начальства Люцыя Антонаўна ўмела жыць. Яна была адным з першых лагерных прыдуркаў, як называлі адміністрацыю лагера са зьняволеных. Гэта быў сталы кантынгент людзей, якія ніколі не хадзілі за зону, а толькі часам мяняліся прыдуркавымі сваімі месцамі як начальнік сталовай, нарадчыцы, загадчыцы, лекаркі, медсёстры, пажарніцы і т. п. Апошнімі ў гэтай іерархіі былі днявальныя, сьвінаркі й розныя прыбіральшчыцы ці шаўцы, але й гэтым пашанцавала, бо хадзіць кожны дзень за зону, як тады, без выхадных, без якіх-колек абагравалак у тундры ў 40-градусны мароз было амаль згубай.
З беларусак на нашым ОЛПе былі М.І.Зарэцкая, жонка Міхася Зарэцкага, праўда, яна тады называлася Касянкова, Каця Грынкевіч, Таіса (прозьвішча ня памятаю) ды яшчэ пару асоб. Мы крыху збліжыліся з Таісай.
Побач, за які кіламэтар, быў мужчынскі 1-шы ОЛП, там быў ДОК [106] , на які часам вадзілі брыгады й ад нас. Павялі туды аднойчы й нас. Лета халоднае на поўначы, абманчывае, дык я надзела яшчэ пад спаднічку паласатыя мужавы нагавіцы ад піжамы й завязала праскую хустачку, бо яшчэ «формяных» тады не было. Круціцца пас з таго ДОКу, а мяне тая Ілга паставіла адкідаць з паса апілкі. Што ж, няцяжка, павявае ветрык, і я махаю лапатаю колькі трэба. Бачу, падыходзіць мужчына, невысокі, рыжаваты, знаемы твар… Так, гэты чалавек быў у нас у Празе… Чалавек зьбялеў, падбег да мяне й вырваў лапату. «Я не магу, я не магу бачыць у вашых руках лапаты, Ларыса Геніюш», — закрычаў з нейкім болем. «Нічога, — кажу, — я ўмею абыходзіцца й з ёю» — і папрасіла лапату назад… Гэта быў Сямён Раманчук. Да канца работы ён ад нас з Таісаю не адыходзіў, прывеў яшчэ Федзю Вялёнду й Пятра Рашэтніка, а калі сырэна прагула канец працоўнага дня, дык пайшоў за намі. Нас яшчэ не адводзілі, і мы сядзелі на бярвеньнях і гутарылі. Асьцярожна, але настойліва пытаўся Сямён, як я сюды трапіла. Ён смяртэльна спалохаўся, што дабравольна. Я ўсё коратка яму паясьніла, тады ў яго вырваўся цяжкі ўздох і словы: «Ах, каб я мог узяць сабе вашых дваццаць пяць лет, а аддаць вам свае пяць, што мне сядзець засталося». — «Кожны мае свой лёс, — кажу, — і мне мой срок, вам ваш». — «Божа, каб хоць вашую брыгаду закрапілі за ДОКам, — прастагнаў Сямён, — каб я вас мог бачыць…»
106
Дрэваапрацоўчы камбінат.
Назаўтра нас павялі туды зноў. Сямён быў бледны, яму дрыжалі рукі. Проста прызнаўся, што ноччу меў тэмпэратуру 38. За ўвесь час цяжкіх лагерных мукаў не захварэў, а тут падбіла яго лапата ў маіх руках… Зноў пасьля работы мы сядзелі на броўнах, ён расказваў, як уцякаў з вязьніцы ў Менску, як зноў злапалі яго. Казаў аб бясплодным, цяжкім прабываньні ў бытавых лагерох з блатнымі, гдзе не было магчымасьці ніякай палітпрацы, і што цяпер ён зробіць усё магчымае супраць ворагаў людзкасьці… «Жаль вас, — казаў мне, — але калі вы ўжо сюды трапілі, дык памагайце, пішэця нам, бо задыхаемся з голаду роднага слова…» Аб гэтым мяне ня трэба было ўпрошваць… [107]
107
Л. Геніюш зноў вяртаецца да гэтых успамінаў на іншай старонцы.
Назаўтра Сямён паведаміў мне, што яны гатовяць пабег. Я спалохалася й пытаюся: «Пашто гэта?» — «Для славы Беларусі», — адказвае. «А колькі працэнтаў за тое, што пабег падарыцца?» — «Пяць», — адказвае Сямён. «Не, — кажу, — не! Нам нельга аддаваць жыцьця дзеля жэстаў, нам трэба жыць, і калі йсьці на нешта, дык каб яно было пэўным». Ён абяцаў мне паслухацца, але пад варункам, што і я ўключуся ў працу. Прасіў пісаць яму асабіста любоўныя лісты. Паясьніў мне, што тут караюць за ўсё, за любоў не караюць, што яны тут апаганілі гэтае слова, прынізілі. Калі горды француз робіць каралеву з прастытуткі, якую кахае, то расеец сяньняшні з каралевы гатоў зрабіць прастытутку… Мы дагаварыліся, што калі будзе трэба, дык Беларусь у сваіх лістах-запісках будзем называць «нашая гаспадарка», а сяброў нашых, якіх на ОЛПе было 200 асоб, будзем называць «сыны»… Мусяць, ад таго й пачалі называць мяне нашыя «маці»…
Час бег. На ДОК нас болей не павялі, і я Сямёна болей ня ўбачыла, але ляцелі да іх мае запісачкі, мае вершы, якія яны празвалі глюкозаю. Калі доўга няма новага верша, так і пішуць: маці, глюкозы! Людзі, якія гадамі ня бачылі жанчын і ня чулі роднага слова, ажылі нейк, акрэплі… А вершы ляцелі. Калі ж было якое сьвята ці й так, дык я старалася ім нешта паслаць заўсёды. Наказала гэта й дзяўчатам. То мы вышыем ім торбачкі на хлеб родным васільком, то на цукер, то хустачку. А ніцей не было. Іду й прашу ў загадчыцы Люцыі Антонаўны… Дастане, бывала, велькі скрутак розных ніцей, аж мне разбягуцца вочы, але неахвотна дасьць адну, дзьве нітачкі, а ведала ж, для чаго… Часам зробіць мне заўвагу, што хаджу па яе падлозе ў сваіх ботах цяжкіх і брудных, я аж заплачу й доўга ня йду да яе, тады яна мне гэта вымаўляе. Я не любіла яе. Да яе й да Зарэцкай не даходзілі нашыя патрыятычныя пачынаньні, яны былі больш-менш задаволеныя сваім лёсам, а аб іншых, ці аб Радзіме, яны ня думалі. Адна няблага зарабляла ад кліентак і начальства, другая ўсё вышывала дачцы макаткi [108] ды хварэла.
108
Макатка (дыял.) — невялікі вышываны дыванок або карціна.
Інта — гэта т. зв. гарадзкі пасёлак у Комі АССР. Гэта цэнтр быўшых лагероў «Мінлага», яго ўпраўленьне. Калі я туды прыбыла, дык гэта былі драўляныя будынкі й вельмі ўбогія будкі, якія быўшыя нявольнікі, ня маючы права вяртацца дамоў, пастроілі сабе, каб жыць. Пасьля толькі пачалі тут будаваць будынкі з цэглы паводле праекту зьняволеных нямецкіх і балтыйскіх архітэктараў. Пабудавалі й нейкую вежу, зьзяючую лямпачкамі. Кажуць, зрабіў на яе праект у памяць сваяго зьняволеньня нейкі швэд. Пэўна, далі яму ў цяжкі час большую пайку ці дазволілі напісаць дамоў. Ня дорага для іх каштавала праца, жыцьцё і ўсе веды зьняволеных. Выкарыстаць іх яны ўмелі. Казаў мне адзін яўрэй, якога быццам люта ненавідзіць Сталін, што многія аб’екты мела пад сваёй «апекаю» МГБ. Знача, бралі яны такое прадпрыемства й плянавалі, якія кадры ім патрэбныя. Паводле гэтага пляну рабілі сваявольна арышты патрэбных ім людзей, ад вялікіх спэцыялістаў пачынаючы. Як стымул выкарыстоўвалі толькі сыцейшую пайку й крыху лепшыя варункі існаваньня, і работа йшла. МГБ заграбала прэміі, а людзі, пазбаўленыя волі і ўсякага асабістага жыцьця й шчасьця, стараліся для іх як маглі, каб толькі выжыць. Кажуць, пасьля сьмерці Сталіна гэта спынілася. Была ў Інце й агароджана дача, такі сабе асабняк Казлова, начальніка ўсіх лагероў на Інце, гдзе жыў ён з сям’ёю, як удзельны кацык [109] . Шматлікае начальства зусім спакойна глядзела на калоны няшчасных жанчын, якія гадамі закіркоўвалі ў інцінскую мерзлату сваю маладосьць, здароўе й само жыцьцё. Інцінскія дамы праходзілі міма нас з агідаю, а іхнія вывадкі хрысьцілі нас рознымі «контра» ці «фашыстамі». А мы кіркавалі, білі кувалдамі ў нейкую сівую мерзлую гліну. Здавалася нам, што ад тых цяжэрных кувалдаў, калі дзьвігаеш, варочаюцца кішкі ў жываце й абрываюцца ўсе селязёнкі. Як шэрыя страшныя камякі ў ватніх нагавіцах, старых валенках і бушлатах, мы, замарыўшыся, сядалі на сьнег, даставалі зьмерзлы кусок пайкі, калі хто яе здолеў ня зьесьці выходзячы, і грызьлі. Сьвятам якім мы бралі ў кішэнь крыху цукру і, пасыпаўшы ім камяк сьнегу, проста аблізваліся з насалоды. Дзяліліся на групкі, бо і ў нашай няшчаснай кампаніі было болей стукачоў, як добрых людзей. Вэрбоўка іх — гэта мэта жыцьця й гвозьдзь сыстэмы ўсіх КГБ. Кажуць, і, здаецца, не без падставы, што на мяне працавала палову лагеру. Я ім была сольлю ў вачох, нечым, чаго яны яшчэ не сустракалі. Бяз страху сама — я дзейнічала гэтак жа на людзей і горай таго — на мужчынскія лагеры. Выжыць, гэта для мяне было сьмешна, важна было зьняволеным вярнуць веру ў тое, што яны лепшыя людзі за гэтую набрыдзь, якая душыла нас, загнаўшы ў сьнягі. Я была вельмі тактоўнай, чэснай і добрай, і таму я была для іх страшнай. Мне верылі й мяне слухалі. Амаль кожны ліст з волі быў прычынай да плачу. То прыбавілі срок, калі хто прасіў яго зьменшыць, то адмаўляліся мужыкі ад жонак ці партыйныя бацькі ад дзяцей. Праўда, ніколі не адмаўляліся маці. Нават савецкія маці засталіся на вышыні й заслугоўваюць за гэта пашаны. Я ведала толькі адзін выпадак, калі маці начысто адраклася ад дачкі. Усе з горам прыходзілі да мяне, і ля маіх нараў утваралася проста чарга. Пасьля мяне заперлі на верхнія нары й прыказалі ня злазіць далоў.
109
Кацык (дыял.) — туземны князек.
Жыцьцё нашае было няпэўным, нейкім вечна нэрвовым, настарожаным. Мала, што шманалі нас, выводзячы за зону й зноў у яе пускаючы (што часам было падобна на гінекалагічны агляд на марозе), але пэрыядычна й звыш нормы шманалі нас у бараках. Трэсьлі нары, пераварочвалі пасьцелі, раскідалі рэчы. Часам нападалі ўвечары на перапоўнены барак, заганялі ўсіх у адзін кут і пачыналі дзейнічаць. Суправаджалася гэта неймаверным крыкам Кір’янава ці Прасьветава й віскам знамянітай надзірацелькі Дусі, што надавала гэтай апэрацыі характар дагістарычны. Забіралі што папала, а калі трапляліся запісачкі ці малітоўныя абразкі і т. п., дык БУР [110] ужо забясьпечаны. БУР — гэта вязьніца ў самым лагеры. Ізаляцыя, гдзе даваліся вада, 200 грамаў хлеба ў суткі, на трэці дзень місачка баланды й рэшту па столькі ж хлеба на суткі. Пасьля БУРу выходзілі «п’яныя», а то й выносілі іх, вывалакалі. Так ледзь вярнулі да жыцьця ўкраінскіх дзяўчат, якія на Каляды пайшлі калядаваць па лагеры й прасьпявалі: «Сьпі, Ісусе, сьпі на сіні, дай Бог шчасьце Украіне». Шчодры Казлоў узнагародзіў бедных дваццацьцю суткамі БУРу. Дзяўчаткі маглі каяцца, пляваць на рэлігію й свае абычаі, але гэта былі ўкраінкі. Яны цярпелі ўпарта, пакуль іх амаль нежывых ня вывалаклі з БУРу. Мы клялі стукачоў, ад якіх не было гдзе дзецца. Былі яны й сярод украінак, але лічаныя. Маеа ўкраінцаў была імпануюча стойкай, шляхотнай і вельмі дружнай. Яны мяне прызналі сваёй і толькі сваёй, і я ў лагеры пераважна гутарыла на іх мове. Мне і Олі Мароз (украінцы) забаранялася нават высушыць нашыя лахманчыкі ў сушылцы, але днявальныя ціхенька нам іх бралі й памагалі нам, як толькі маглі. Часта папераджалі, пачуўшы на нас нешта ў сушылцы, якая была клюбам для ўсякіх у лагеры прывілеяваных элемэнтаў.
110
Унутрылагерная турма.
Нам дазвалялася пісаць два разы ў год. Я пісала мужаву бацьку ў Зэльву. Старэнькі доўга не адказваў, людзі тут кажуць, што ён адрокся ад нас быў, начыста выракся. Дзіва тут няма. Кажуць, што быў такі жах, створана такая атмасфэра, што людзі адракаліся ад усяго, нават ад бацькоў і родных дзяцей, каб толькі выжыць. Пасьля дзед пісаў нам. Лісты яго былі больш-менш такія: «Дарагая Ларыса, мне куды горш, як Вам. Я ўжо зрабіў сабе труну, і яна ляжыць у мяне на гарышчы. Жонку сваю я пахаваў паводле ўсіх законаў рэлігіі, а вось хто мяне пахавае?..» і т. п. Дзед пісаў няпраўду. У яго былі запасы, і ён шмат пакінуў пасьля сьмерці чужым, вельмі нячэсным людзям, каб яны перадалі нам. Былі гэта Архімовічы, надта пабожныя каталікі. Ледзь вырвалі мы ад гэтых пабожных сваю старую хату. Калі мы вярнуліся з лагера, дык хата нашая была занятай. Архімовіч пасяліў там траіх кватэрантаў, а сам пабег хутчэй у міліцыю з заяваю, што мы антысавецкі элемэнт і нас зноў трэба вярнуць у Комі… Прыйшлося мне пісаць у Менск у галоўную пракуратуру, каб дазволілі нам вярнуцца хутчэй у Чэхаславакію. Тады загадалі вярнуць нам хату й тэстамэнт бацькоў. Быў там напісаны параграф, паводле якога хата належала нашчадкам, і яшчэ рукою Архімовіча было дапісана, што ён абавязваецца яе вярнуць: сыну, унуку альбо нявестцы памершага. Зэльвенскі адвакат і пракурор, падкупленыя Архімовічам, перакруцілі значэньне таго параграфа, і толькі растлумачыла нам яго нейкая камсамолачка, надзіва чэсны й сумленны юрыст. Быў сьпiсаны акт па сьмерці бацькі ўладамі на рэчы па ім і т. п. Гэта «ўлады» зажулілі, і мы маўчалі, бо вельмі дрыжэлі пасьля лагероў. Так і выехаў той Архімовіч з сям’ёю ў Польшчу, адвозячы нашыя рэчы й крыўду. Праўда, быў у яго сын Раман, і вось той Раман аднойчы прынёс нам пачку нашых сямейных старых здымкаў, за якія мы яму ўдзячныя й сяньня. Страшны быў яго сын Петр і яшчэ страшнейшай дачка — наколькі пабожныя, настолькі нелюдзі. А мы нейк жылі.
Адбілася ад тэмы. Знача, арыштаваныя 5 сакавіка 1948 года ў Вімпэрку, выданыя саветам 1948 года 12 жніўня, прывезеныя ў Менск у кастрычніку, суджаныя 1949 года 7 лютага па адной справе § 58 і § 4 савецкіх законаў. Першы гэта была групавая арганізацыя, а другі нешта накшталт: «Ведаючы, што на зьмену капіталізму мае прыйсьці камунізм, усё ж трымаўся з буржуазіяй…» Кляты той Коган сказаў мне, што ён мог на падставе гэтага параграфа асудзіць на 25 гадоў Чэрчыля, калі б той трапіў у яго рукі. Чэрчыля не любілі. I так, маючы разам з мужам паўстагодзьдзя маскоўскай кары, разарванай на тры часткі сям’ёй, уліліся мы ў шэры, убогі натоўп далёкіх лагероў ледзяной поўначы. Муж быў на Варкуце, і я гэта ведала ад Элкі Маркман. Я была на Інце, і муж аб гэтым ня ведаў. Коган мне прапанаваў на сьледстве разьвесьціся з мужам і наагул пачаць пісаць па-расейску. Я яшчэ раз пашкадавала харошага чалавека, якому лёс назначыў быць маім мужам і які сапраўды цярпеў з-за мяне й з-за свае дурноты — веры ў сацыялізм. Муж і, галоўнае, сын… Божа мой, што было рабіць мне, няшчаснай? Не, нельга было йсьці на ніякія ўступкі, мы ж, як ваякі, і Народ наш, і Зямля наша, і ўсе гуманныя здабыткі чалавецтва, і праўда, і Бог — ад такога не адступаецца нават перад грозьбай сьмерці. Што ж, пабачым, што прынясе час. Коган нейк казаў мне, пасьля даносаў Нэлкі Гардзей, што грузіны жывуць вельмі доўга й Сталін добра трымаецца, але я ведала, што гэты «айцец народаў» вытрымае ўсю «малітву» і ўсю хвалу ачумелых паэтаў і ўсякіх ідыётаў бяз розуму, але стогну мільёнаў, ім загубленых, — не стрывае.
I так лагер. Доўга цягнуцца ўпрогаладзь працоўныя дні за зонай у той клятай Ілгі Дзіндонс (і запамятала я гэтае прозьвішча). Калі мне надта хацелася есьці ці было ня вытрымаць цяжка, я малілася Богу. У краі гэтым нідзе не было й ніколі не было хрысьціянскіх сьвятыняў, дарогу ў тундру пракладалі мы, але Бог ішоў за намі, і, як мне казала простая малдаваначка манашанька Галя, Ён ніколі не пакідае тых, якія Яму моцна вераць, дык і хлеб нам дасьць, і поўнач ацепліць, і пераменіць сэрцы ворагаў, абудзіць сумленьне… Так, тое сумленьне… Калі мы прыдумвалі кару ворагу за ўсе, што тут рабілася з мільёнамі людзей, дык мы прасілі Бога, каб абудзіў у іх сумленьне й яны ясна сабе ўсьведамілі, што чыняць з людзьмі. Гэта была б тады на іх пякельная кара. Бо навошта асьвенцімскія печы, калі ў мірны час спальвае мільёны маладых найлепшых людзей мароз і голад. Тупеюць і зьвярэюць яны ад зьдзеку й нявольнай працы, на дзесяцігодзьдзі адарваныя ад сем’яў, ад сяброў і сьвету… Марксізм у яўнай практыцы.