Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Споведзь

Геніюш Ларыса Антонаўна

Шрифт:

Летам нас далёка не вадзілі. Праўда, як я даведалася аб правале хлопцаў, мне не схацелася болей быць у той іх культбрыгадзе, дый усе мае сяброўкі-ўкраінкі пераважна працавалі на агульных работах. Я падала заяву, што не хачу быць у гэтай брыгадзе. За пару дзён Тамара Вераксо, наш брыгадзір, аддала мне тую заяву назад, але я ўперлася, што там ня буду, і мяне за кару далі ў цяжкую брыгаду першай катэгорыі на самыя горшыя працы.

Ля нашай зоны воддаль быў клуб салдацкі, гдзе пад восень судзілі хлапцоў. Кажуць, судзілі іх 60 чалавек з воль нымі разам. Інта была, здаецца, першай ластаўкай бунту вязьняў. Пасьля былі Варкута, страшны Нарыльск і іншыя лагеры. Дарога адна. Вязуць у клуб судзіць закованых хлопцаў, і насустрач заўсёды нейкая з нашых брыгадаў. Хлопцы нам перадаюць прывітаньні. Пераважна беларусцы Ларысе Геніюш. Так амаль кожны дзень, Вечарам прыходзяць дзяўчаты рознай нацыянальнасьці і ўсее мне нясуць тыя прывітаньні. А я зьнемаглася з гора, што я ня з імі, ня разам, ня там… Нарэшце дзень, калі я гару ад тэмпэратуры, паліць мяне, мяне не выводзяць на працу. Ляжу. Вечарам прыходзяць брыгады, да мяне ніхто не заходзіць, лагер маўчыць. Аж паціху, пакрысе йдуць адна за адiной, шкадуюць мяне… Закованыя, ужо засуджаныя хлопдня прасілі мне перадаць, што іх засудзілі на сьмерць… 12 чалавек. Раманчук перадаваў мне свае апошнія сяброўскія слоовы, тады савецкі афіцэр ударыў яго па твары, і ён яшчэ сказаў: «Пашто мяне б’еш?..» Я маўчала, як гроб, атупела з гэтага болю.

Так першыя беларусы пачалі першы велькі бой супраць зьдзеку. Яны загінулі, а кашаеды, сябры іх, якія ад iх адракліся, вельмі асуджалі пасьля гэтых герояў, што пасьмелі выступіць супраць такога насільля. Гадка было слухаць, чытаць высказваньні ўсякіх […] і іншай набрыдзі прадажнай і гадкай. Бог і Зямля нашая няхай іх некалі судзяць!

Хлапцы яшчэ сядзелі па БУРах, яшчэ іх не адразу забілі. Такім чынам, яны пасьпелі перадаць людзям весткі абэа мне, каб навязалі кантакты. Мне ўсё ня верыцца, як той Люцынцы, да сяньня ня верыцца, што Сямёна забілі. Невысокі, каранасты, круглатвары хлапец з душою, адданаю Беларусі. Як жа забыць аб ім? Уцякаў з менскай вязьніцы, у якой чуў, як Кастусь Езавітаў аднойчы ноччу крычаў: «Бывайце, сябры. Я, генерал беларускі Езавітаў, паміраю, прысуджаны бальшавікамі да найвышэйшай меры пакараньня…» А ў лагеры цягнулі й цягнулі тых, якіх не пасьпелі вынішчыць немцы й штрафныя роты саветаў. Балела сэрца, і ня цяжка было цярпець з імі, цяжэй было б у гэты час раз’яжджаць у галубых экспрэсах, як гэта рабілі іншыя, заліваючы гарэлкаю нячыстыя сумленьні.

Доўга пасьля гэтага суду цікавіліся мною канваіры, стараліся запыніць, зачапіць мяне словам: ці я з Чэх? Адзін часта падыходзіў да нашай брыгады на працы й казаў мне, што я — гэта розум. Другі прасіў напісаць яму верш аб зьняволенай дзяўчыне нашай, якую ён кахае й якой ніколі ня можа ўзяць за жонку. Памятаю пару слоў з гэтага верша:

Догорают грустно огоньки костра, летят мои мысли с темно-синим дымом, ты мне как невеста, ты мне как сестра, почему не можешь быть женой любимой…

Мае вершы, дарэчы, казалі мне пасьля, усе нехта перадаў чакістам, але, відно, і сярод іх былі людзі, якія чыталі іх нездарма, як гэтыя канваіры.

I так справа Раманчука, гэты суд. Я й сяньня пра гэта амаль нічога ня ведаю. Калі мы спрабавалі каго аб гэтым пытацца, людзі сінелі са страху, нават у лагеры. Хведар Вялёнда, якому да 10 гадоў кары прыдалі яшчэ 15, выжыў, казалі, і жыве цяпер недзе ў раёне Баранавіч. Казалі, што моцна п’е. Тут няма дзіва. Некалі, памятую, на тым ДОКу гэты хударлявы ад пакутаў і голаду чалавек, падышоўшы, сказаў мне, што калі чытае мае вершы, дык яго постаць мімавольна стае на «зважай» [113] , Гаварылі, што ўсіх разам было 60 чалавек у гэтым і з жанчынаў я адна. Мяне ўсё ж затуліў, засланіў нехта. Казалі мне, што мяне ўжо далі б у лагерную псіхбольніцу, каб толькі выратаваць на выпадак суду, але мяне не судзілі. Мне сказалі, што хлопцаў расстралялі на Інце, а пасьля адкопвалі, каб ім павырываць залатыя зубы. Гэта расказалі мне яшчэ ў лагеры. Яшчэ казалі, што я наймацней трымалася на допыце, гэта тады ў гутарцы з тым палкоўнікам. Усе гэта некалі некаму яшчэ належыць дасьледаваць, каб ведалі людзі.

113

Беларуская вайсковая каманда «смірна».

А годы йшлі: зіма — лета, зіма — лета… Аднолькавыя да атупеньня годы. Інта была цэнтрам т. зв. «Мінлагу». Вакол яе былі т. зв. ОЛПы — 1, 2, 3, 4-ты і г.д. Адзін з іх быў наш, жаночы. Стаялі й адкрываліся новыя шахты, разбудоўвалася Інта. Відавочна, не адна зьмена зэкаў загінула на Інце, магільнік быў разьлеглы. Пэўна, карчавалі ці пілавалі першабытны лес, бо пні па ім засталіся вялікія, аб’ёмістыя, і нам ня раз давялося іх карчаваць пад калгаснае поле. Бо ж і там быў калгас, пасьвіліся каровы, расьлі раньняя капуста, турнэпс і рэдзенькая, вадзяная на смак, невялічкая бульба. Пры нас тут не было ўжо магутнага лесу на ўзгорках. Толькі навокал тундра — трансава, а гдзе вышэй, дык бярозкі і яліны з моцна абсьцебанымі ветрам вярхамі. Хадзілі мы на свае рабочыя аб’екты з сабакамі найчасьцей. Насілі вяроўку й калкі, якія забівалі ў зямлю, нацягалі на іх вяроўку й там працавалі. Найцяжэйшыя былі працы для нас, каму кары было 25 гадоў. Бывала, кіркавалі па 14 гадзін у тундры без ніякага вогнішча ў найлюцейшы мароз. Без ніякае абагравалкі, такія пачалі заводзіць толькі пасьля сьмерці Сталіна. Доўгі час працавалі без выхадных. Канвой быў розны, большасьць нялюдзкі, але з часам дзяўчаткі іх перавыхоўвалі, і на далёкіх аб’ектах работы можна было з імі вытрымаць. Нават сьпявалі пад савецкі гімн:

Союз нерушимый зэка и конвоев Сплотила на дальних обьектах Инта і г.д.

Найгоршыя былі канваіры з навабранцаў. Ідуць Інтою такія недарасьлі, плачуць, на іх гледзячы, нашыя жанчыны, у якіх удома сыны, махаюць ім рукою шэрым, быле як апранутым з волі. Але вось іх апранаюць па-ваеннаму, муштруюць і так ужо «перавыхаваюць у камуністычным духу», што яны з абыякавых хлопцаў становяцца нелюдзямі, катамі, вяротнымі [114] гітлерамі на нас. Чаго толькі ні чаўпуць, які рэжым, а правакацыі? Выводзячы на работу, безумоўна, кожны доўга паўтарае нешта: «Шаг вправо, шаг влево — считаю побег и стреляю без предупреждения». Часта, калі хоча канвой на некім помсьціць, дык крычыць: «Выйди со строя!» Мы ведалі, што гэта нельга, бо крок ступіш і застрэліць і скажа: пабег, і толькі яму павераць. Часам трымалі да ночы нас у тундры, зьдзекаваліся, стралялі ўгору, убок, а мы стаялі, як сьцяна, і сьпявалі. Сьпявалі ўкраінкі свае песьні з паўстаньня, адчайныя, гнеўныя як: «Хлопцы б’юцца, не здаюцца, ідуць да бою й сьмяюцца. Хлопцы, підэмо, змагатыся будэмо за Украіну, за рідны наш Край!» Калі мы ўжо ўволю насьпяваліся, ды намерзьліся і мы, і яны, дык тады толькі ноччу вялі нас дамоў. Часам стралялі й забівалі. На Інце аднойчы, разгружаючы вугаль, дала нейкая жанчына ліста машыністу, каб кінуў (так рабілі мы часам). Грузін-канваір убачыў гэта й зьбялеў, схапіў аўтамат. Жанчына ўпала на калені і ўзняла рукі благальна [115] ўгору. Застрэліў. Жаль, удома ў яе было пяцёра дзяцей. Нелюдзь дастаў нагароду й два месяцы водпуску ў сваю Грузію, якая, як бачна, дала з сябе беднай Расеі ня толькі Сталіна… Што ж, «земля наша широка и обильна»… Але час ішоў, і нашыя дзяўчаты памаленьку перавыхоўвалі нават канваіраў. Убачаць правяраючага, папярэдзяць, выясьняць усю хлусьню, якое вучылі, каб нас нішчыць. Паглянуць хлопцы, пераканаюцца, гдзе няшчасныя людзі, а гдзе нелюдзі, і тады толькі пачынаюць нас разумець і шкадаваць і тое, што і яны пакутуюць тут, на канцы сьвету, і мерзнуць разам з намі, але канчаецца срок іх службы, і нас чакаюць новыя, дзікія й ярасныя зьдзекі. Я з імі гутарыла мала. Часам скажу што, калі пытаюцца, дык аж зубамі са злосьці заскрыгочуць і болей баяцца зьвяртацца, а калі па-добраму пачнуць прасіць пару радкоў, дык скажу ім:

114

Вяротны (дыял.) — вельмі падобны.

115

Благальна (польск. blagalny) — умольна.

Конвоируй, стой верно на страже, одного лишь смотри не забудь, если даже тебе прикажут, не стреляй в нашу гордую грудь…

Мне здавалася, што такія ўжо ў нас страляць ня здольныя. Даўгі час перашэптваліся канваіры ля вогнішчаў (для іх былі вогнішчы), паглядаючы ў мой бок пасьля таго страшнага суда над нашымі хлопцамі. Канваіравалі, відавочна, іх бедных і многае ведалі.

А час поўз. Дні былі страшна даўгія й цяжкія, але годы праляталі хутка. Кожны дзень цяжкія работы, прогаладзь і дакучлівыя маразы. Часам так зьмерзьнеш, што здаецца табе — ты ледзяная сасулька. Жаночы гладкі твар робіцца ад інсю хлюпаты, быццам шэрсьць нарасла на ім. Плачам тады, як перад скананьнем, саграваемся сьлязьмі. Калі трэба выйсьці, дык часта канвой загадвае рабіць гэта пры ім. Мёрзлыя рукі ня здолеюць расшпіліць ватніх нагавіцаў, а зашпіліць іх тым больш… Адна адной памагаем, ратуем сябе, і рукі нашыя робяцца як нежывыя калоды. Гэта калі халадно. Паўночным кароткім летам зноў вытарфоўка, карчоўка пнёў ці гоняць нас на рэчку Інту, гдзе баграмі выцягаем сплаўлены лес, альбо заганяюць нас у ваду, і так мы часамі па шыі ў ледзяной вадзе папіхаем наперад нагрувашчаны лес, кіламэтрамі йдучы па вадзе. Тады ў нас адна толькі думка, вось: гнаць бы так гэтай рэчкаю клятага «айца» тае савецкай Расеі й страляць гарохам яму ў патыліцу і так, пакуль здох бы. Няволя, і калі падумаеш, што так мучыцца сорак мільёнаў людзей (так мне казалі кампэтэнтныя: 40–45), то здаецца, сьвет ня той. Як жа могуць жыць спакойна тыя культурныя людзі ў высокацывілізаваных краінах, як жа могуць яны спаць і есьці, калі голас столькіх мільёнаў людзей моўкне ў бясконцых прасторах краю, які ня мае права на існаваньне, бо ніколі ня ведаў людзкасьці ў адносінах да людзей, толькі мучэньні й нагайкі, якія цяпер замяніў аўтамат, які стаўся сымбалем гэтай сыстэмы. 45 мільёнаў маладых найлепшых людзей, мозг і сумленьне гэтага краю, яго сіла. Калі ўзяць усю колькасьць насельніцтва СССР і адкінуць якіх 100 мільёнаў усякіх нацменаў, якія лагероў, як правіла, не засялялі, то знача, што гэта з Украіны, з Беларусі, з Прыбалтыкі й самой Расеі столькі найлепшых сілаў. А што засталося? У лагерох армія, вышкаленая прытым, і камандны састаў, але ўсё маўчыць, ніхто яе не падымае, яна чэзьне, раскладаецца, гібне й ратуецца тым, што, як некалі, падае на жывот перад Джынгісханам і безапеляцыйна прымае ўсе яго несуразнасьці. Няма сьвятасьцяў, быць адно — суцэльная хлусьня, і ў гэтым трэба трэніравацца, хто гэта можа. Шмат што тут нагадвае змрочныя часы й парадкі Джынгісхана. Тут прызнаюць толькі рамесьленьнікаў, лекараў, тых, хто можа працаваць на гэты «гэршэндэ фольк» [116] , як казалі немцы. Іншыя могуць гінуць. Важны той, хто з 30-га года (былі 50-я гады), яго яшчэ хваляць, даюць большую пайку, пакуль глуміць кіркой мерзлату, а калі заняможа — на звалку. Страх з думкі: сьляпая паслухмянасьць сьляпой тыраніі, а не, дык голаў далоў.

116

Гэршэндэ фольк (ням. herrschende Volk) — пануючы народ.

Божа мой, Ты з дзяцінства ўліў у маю душу літасьць, праўду і пачуцьце справядлівасьці, даў сумленьне й розум, як жа я, чалавек, які ведае законы чалавечыя й Божыя, магу згадзіцца з джынгісханамі пасьля Масарыка, Абрагама Лінкальна, Талстога, Рабіндраната Тагора? Не, не, я чалавек, гдзе б мяне ні закінулі, і ў гэтым мне памажы, Божа! Я прыпадала душой да ўкраінскае стыхіі простых дзяўчат і жанчын, якіх адарвалі жыўцом ад зямлі і іх сем’яў. Яны былі шчырыя, стойкія, чыстыя, як вада карпацкіх крыніцаў, і гэтым непаканана сільныя. Яны не стараліся зразумець, разгадаць, гаварыць з ворагам, яны яго раз пазналі й раз назаўсёды адкінулі як нешта супрацьжыцьцёвае, агіднае й згубнае для жыцьця й людзкасьці. Сьмяяцца з такога не было ахвоты, згадзіцца з гэткім — ніколі. Іначай захоўваліся тыя болей інтэлігентныя ўкраінкі. I яны пераважна былі стойкія, але ізаляваліся ад свае масы, лічылі сябе лепшым элемэнтам тады, калі было гэта наадварот. Мяне любілі адныя й другія, ды ўрэшце мяне, здаецца, любілі ўсе, калі ўжо не на вонак, то ў сэрцы, і я гэта адчувала! Нават тыя, якія губілі мяне й на мяне даносілі, а іх было болей, як можна было падумаць. Даносіць на мяне цяжка, я й сама скажу тое, што думаю, кожнаму ў вочы, а слова сапраўды жывая рэч! Прыклад дзейнічае яшчэ болей. У лагеры кожны адкрываецца, само жыцьце паказвае нутро чалавека, тут чалавек — адкрытая кніжка, адзін другога ведае наскрозь. А людзі бсьць людзі, яны, як расьліны, цягнуцца да сонейка, да лепшага, да праўды. Вякі хрысьціянства стварылі душу людзям, і яна прагае сьвету й адкідае ўсю агіду сярэднявечча, з якім усе амаль сустрэліся ў час допытаў, ну й цяпер. Прад намі гады мукаў, ніякага спадзяваньня на збаўленьне, а людзі ўсе ж хочуць застацца людзьмі.

Беларусак у параўнаньні з украінкамі было ў нас на ОЛПе няшмат. Апрача Таісы, думаю, усіх іх запалохалі й купілі. Трымаліся яны са мною, але ніводнай з іх нельга было верыць. Я загадала ім пісаць сябрам і адказваць на іх запіскі, а хлопцам — апекавацца выбранымі. Многія з такіх «параў» пасьля пажаніліся. Гэта было з мэтай, каб не забываліся роднае мовы й адчувалі нейкія абавязкі адносна сваіх і цеплыню на поўначы. Экспэрымэнт вельмі асьведчыўся. Усе лісты мы сабе чыталі калектыўна й часта калектыўна на іх адказвалі. Гэта рабіла з нас адну сям’ю. Вельмі многа хто пісаў мне. Часам гэта былі запіскі, поўныя пачуцьця, і мы тады хахаталі. Адказвалі, каб падтрымоўваць, ня раніць, галоўнае, вытрымаць, усб перажыць. Сьмешна было тое, што цяжка было закахацца ў бясформеннае шэрае стварэньне ў старых ватніх нагавіцах, жудасных вайлаках абодвух на тую самую нагу, закручаных немагчымымі хустамі, засмэрканых, пасінелых, часта з завязанымі ад марозу насамі няшчасных ахвярах марксізму-ленінізму. Але ва ўяве нашых сяброў мы былі анёламі, мучаніцамі крыху. Мы бедавалі, што цяжэнька ім у шахтах, а яны — што мы на адкрытым лютым марозе па 10 гадзін. У шахтах хоць затульней. Правіла было — не выводзіць людзей, калі тэмпэратура ніжэй 40°, але нас выводзілі, і тады хоць сканай у адкрытай тундры.

Пасьля пачалася правакацыя. Калі ўбачылі арганізаванасьць беларусаў, супраць мяне настроілі цэлы батальен стукачоў і правакатараў. Дайшло да таго, што я пачала атрымоўваць запіскі пад уплывам нейкага Гінька, што беларусам не патрэбныя арыстакраты, памешчыкі, як я, і т. п. Асабліва пазьбівалі нашую, як мы казалі, Беларускую сям’ю нейкі обэрстукач Шапавал [117] , Канвега, С., які быў падстаўлены да нас як правакатар. Ён належаў да арганізацыі «Чайка». Была гэта арганізацыя моладзі на Слонімшчыне. С, як пасьля я даведалася, здрадзіў яе ўжо на сьледстве. Было іх 20 асоб, здаецца, хацелі беларускай мовы ў школах. Загналі іх, нават шаснаццацілетніх, «да белых мядзьведзяў». Кажуць, што на сьледстве яны трымаліся выдатна, зьдзіўлялі стойкасьцю й патрыятызмам.

117

З ліста Міколы Канаша (Жлобін):

«…У пятым і шостым нумарах часопіса „Маладосць“ Ларыса Антонаўна ўспамінае прозвішча стукача Шапавала. З такім прозвішчам працаваў у нашым лагеры ў ППЧ (производственно-плановая часть) наш зямляк. Жывы ён сёння і дзе знаходзіцца, цяжка адказаць, і ўсе ж хочацца сказаць некалькі добрых слоў аб ім. Я доўгі час працаваў у шахце на адбойным малатку, гэта адна з самых цяжкіх прац. На такіх работах пераважна выкарыстоўвалі людзей, якія мелі па 25 год зняволення. Напрыклад, у брыгадзе са мной працавалі літовец Пяткявічус, латыш Дэрмакс, вядомы ў Эстоніі ў саракавыя гады баксер Агур і г.д. I вось аднойчы мяне ў шахце цяжка пакалечыла, я прахварэў больш месяца і калі паправіўся, зноў накіравалі на малаток дзяўбці вугаль, але нормы выпрацоўкі я выконваць ужо не мог. Тады накіравалі да мяне нарміроўшчыка В. Яблонскага, які цэлы тыдзень вёў нада мною хронаметраж маей працы. Памятаю, гэта была трэцяя змена (начная). Вярнуўшыся ў лагер, я хутка заснуў і чую, раптам мяне нехта будзіць: „Хлопча, уставай. Кепскія твае справы. Прыйшла папера з шахты, дакладная, у якой абвіняюць цябе ў сабатажы. Пайшлі са мною да лекара“. У кабінеце хірурга аказаўся на прыеме ўкраінец лекар Дзячук. I вось яму кажа Шапавал: „Трэба спасці хлопца. Зрабі гэта, я прашу цябе, доктар“. Не ведаю, што Дзячук напісаў там, але я, прыйшоўшы ўжо на мрацу на шахту, больш не працаваў на малатку. Дзякую за гэта толькі Шапавалу, якога я нават ніколі больш не сустракаў і нічым яго нават не аддзячыў.

У „Споведзі“ яшчэ есць шмат прозвішчаў, якія вядомы мне, але яны ўпамінаюцца там двума, трыма словамі, хаця многія варты большага».

Магчыма, Ларыса Антонаўна каго і без нейкіх асаблівых падстаў залічыла да стукачоў. Але жывыя і нябожчыкі няхай прабачаць яе за лішнюю падазронасць, бо і сапраўды паўжыцця яна была шчыльна акружана даносчыкамі і правакатарамі.

Усе мы былі для саветаў нявольнай ненавіснай масаю. Працаваў хто з немцамі, ці толькі ў Бога верыў, ці толькі хацеў гаварыць на роднай мове, ці здуру расказаў страшны сон пра Сталіна — усе разглядаліся аднолькава, за выняткам тых, незалежна ад іх віны, якія верай і праўдаю кляліся ў вернасьці «бацьку Сталіну» і ў лютай нянавісьці да ўсяго іншага сьвету. Такія былі пераважна лагернымі прыдуркамі, і іх рукамі часта нас нямала мучылі. Прыдуркамі, безумоўна, былі пераважна расейкі, але здараліся і іншыя.

Поделиться с друзьями: