Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Споведзь

Геніюш Ларыса Антонаўна

Шрифт:

Была такая фінка, гадкая дзеўка Ліля Бірклан. Аднойчы нешта завялі ў лагеры новае. Узялі многа дзяўчат дваццаціпяцілетніцаў і далі іх у асобны барак пад яшчэ стражэйшы надзор, у такі штрафбарак. Іх вадзілі асобна на самыя цяжкія працы, закрывалі і ўдзень, і нанач і наагул чаўплі, што хацелі. Мяне не забралі. У час гэтых цяжкіх работ найболей над імі зьдзекавалася менавіта тая клятая фінка. Штрафбарак нарэшце распусьцілі, было ўжо пад весну. Дзяўчаты столькі нацярпеліся ад прыдуркаў, што пастанавілі ахвяраваць сабою й хоць адной адпомсьціць. Згаварыліся яны яшчэ ў штрафбараку тоўчаным шклом сыпнуць у вочы Бірклан, як гэта рабілі блатныя, каб болей, гадзіна, ня бачыла сьвету. У кожнай важнейшай справе амаль усе радзіліся са мною. Вось і явілася «дэлегацыя». Я іх выслухала. Сказала, каб мне прынесьлі тое тоўчанае шкло. Яго прынесьлі, добрую жменю ў хустачцы. Трэба было сьпяшацца, пакуль не надьтдуць каротшыя ночы. Тады я кажу: «Дзеці, а ці варта гінуць нам за такую дрэнь?» — «Трэба, — кажуць, — рады ад іх няма». Трэба — ведала гэта і я. Але такі мне жаль стаў дарагіх дзяўчатак, асабліва харошай, любай літовачкі Ядзяле, што я пачала іх спыняць. «Рэч страшная, — кажу. — А вы спрабавалі словам? Трэба спачатку словам спыняць іх». — «Ды што вы, Ларыса Антонаўна, яны, гэтыя гіены — і словы, ды хто адважыцца гутарыць з дрэнямі, прададуць як міленькіх». — «Я, — кажу, — сама буду гутарыць». Замерлі дзяўчаткі, калі аднойчы я выклікала Бірклан на лагерную дарогу і ўсе ёй сказала, а яшчэ й тое, як яна ў сушылцы радзіла надзорам трымаць мяне ў БУРы, далей ад людзей. Бірклан зьбялела, яна клялася й бажылася, што не вінаватая. Я ёй парадзіла не трымаць дзяўчат ля кіркі, калі сам канвой іх здымае, не даваць ім зьвярыных нормаў, не даносіць, іначай будзе тое, што мела стацца цяпер. Мяне яна не ўдала й год, гадзіна, была як чалавек, але пасьля ізноў за сваё ўзялася. Мяне вывезьлі ў штрафны лагер, і калі пасьля двух гадоў зноў вярнулі ў Інту, дык першай абняла мяне й расцалавала Ядзяле. У Інце ўжо пакрысе пускалі на волю людзей, і яна, стройная, высокая, мілая, сказала мне: «Як вам дзякую, што вы не дапусьцілі, каб я чалавеку высмаліла вочы. Як я тады змагла б глядзець у вочы сваяму дзецятку, якое, можа, некалі Бог мне дасьць»… Гдзе яна сяньня, гэта мая Шатрыя, такі быў яе псэўдонім.

Літоўцы нейк асабліва добра да мяне адносіліся. Часам, калі ляжала мая торбачка з кусочкам хлеба, яны падкрадалiся й між хлеба клалі кусочак «лашэнюкас», сала па-іхняму, і я толькі заўважала гэта на рабоце, мне тады хацелася плакаць.

Дні міналі трывожныя, безнадзейна прыгнечаныя. Начальства прыдумвала штораз то новыя, вышуканыя мэтады маральнага зьдзеку. Нарэшце начапілі нам на плечы нумары. Чорныя цыфры на белай ганучы. Мой нумар быў «0–287». Калі быў крыху лепшы канвой, а пачыналася пурга, нельга было працаваць і зараньне яшчэ было вясьці нас у зону, дык мы рознае прыдумвалі, а калі перамерзьлі, як тыя дзікары, барукаліся, качаліся па сьнезе. Зусім не дзіўлюся, калі глядзелі на нас як на дурняў. А часам чапляліся, каб я гаварыла ім нейкую імправізацыю, і так аднойчы аб намярох я сказала вершык на кожны номер. На свой яшчэ памятую сяньня:

Не на груди, как всегда, ношу монограмму года. Она как таинственный шифр, монограмма моя из цифр, как источник страдальческих тем, номер ноль двесте восемьдесят семь.

Многа было прыдумана розных эпіграм, яны забыліся амаль. Мы былі рабамі, і гэта груба, па-пралетарску, нейк зьдзекліва, давалі нам заўсёды адчуць. Тады я ім казала:

Если человек с умом, а при том и с сердцем, ему легче быть рабом, чем рабовладельцем.

З намі хадзіла часам на работу полька пані Тэрэса. Звычайна яна была вечным прыдуркам і з начальствам знаходзіла супольную мову, але часам, з нейкіх меркаваньняў, выводзілі і яе. Была гэта даволі сымпатычная, інтэлігентная жанчына. Некалі, відно, даволі прыгожая, бо ўсё бедавала, што цяпер за ёю «нікт пэвно шалець не бэндзе…». Аднойчы, калі мы кіркавалі асабліва брудныя сьметнікі ля начальнікавых кватэраў, яна вельмі міла папрасіла мяне аб вершы. Ну, я ўжо ёй сказала яго на яе мове:

Ленк мень пженіка, гды відзэн сьметнікі, цо ронк змэнчоных чэкаён поэты, розпач огарня, гды відзэн тон псярнен, цо мне на сьметнік провадзі з багнэтэм [118] .

118

Пранікае ў мяне страх, калі бачу сметнікі, што чакаюць змучаных рук паэта, ахапляе роспач, калі бачу гэтых сабак, што мяне на сметнік вядуць са штыхом.

Беларускіх вершаў не пішу тут, бо частачка з іх усё ж захавалася ня толькі ў памяці.

Я была лагернай энцыкляпэдыяй, і да мяне часта зьвярталіся ў спорах. Стаімо раз шэрай, ад сьвежага сьнегу прамоклай грамадкай пад сьцяною нейкага інцінскага «палаца», прад намі праходзяць інцінскія жыхаркі, едуць студабэкеры [119] . Дзяўчаты з Прыбалтыкі і ўкраінкі пачынаюць крытыкаваць іх уборы, негустоўныя, прэтэнсыяльныя ў гэтым нялюдзкім клімаце. Расейкі тут і сьцяліся з імі, што ў іх лепш, як у Эўропе! «I машыны?» — пытаюцца ўкраінкі. «Да, и машины». — «Та, пані Ларысу, скажыце вы: е ў іх маркі своіх машынів?» Кажу: «Е». Тут мае дзяўчаткі й скісьлі… «А яка ж у іх марка?» — «Яка? А „чорны воран“», — кажу. Ну й пачаўся хохат.

119

Грузавік амерыканскай вытворчасці.

Нейкі начальнік лагеру Палякоў, гад з гадаў, забараніў нам хадзіць па лагернай дарозе, гдзе маршыраваў звычайна сам з надзірацелькамі, а нам заставалася толькі дарога ля раду ўборных, якія адчайныя літоўкі на дзяржаўныя сьвяты ніколі не забываліся «ўпрыгожыць» дзяржаўнаю зоркаю. Усе былі прыніжаныя вельмі й абураныя, пакуль я не растлумачыла ім ясна, што на нашай дарозе сьмярдзіць уборнай, а на той другой жа сьмярдзіць начальствам, дык што горай? Усе згадзіліся, што лепей уборныя…

Ідзем пяцёрачным строем Інтою й бачым плакат: містэр Чэрчыль, капіталіст, трымае запаленую галавешку, а над ім рука рабочага з нейкаю жалезінай, але так, што гэтая рука зусім над галавешкай. Мілая латышка Лайма Крэтуліс, якая дзень у дзень ішла са мною строем два гады, глядзіць на мяне й шэпча: «Глядзеця, як жа ён утрымае сваю жалязяку, калі гэты яму яўна добра прыпякае?» Дзелімся зараз спасьцярогаю з другімі. Лайма была цудоўная, высокая, стройная, вельмі чэсная. Была ў яе хворая сяброўка, а наступала вясна, было вельмі мокра. У Лаймінай сяброўкі, як ува ўсіх, брэзэнтовыя чаравікі, якія днём поўныя вады, а пад вечар на лёд зьмярзаюцца разам з нагамі. Прыходзіць раз Лайма й просіць адпушчэньня грахоў: у нейкага прыдурка ўкрала чаравікі ў далёкім бараку, жаль хворай Мільды… Пільна мне ўзіраецца ў вочы. Кажу: «Маладзец, добра зрабіла, тая дрэнь дастане іншыя, а вось Мільдзе будзе цяплей». Калі нам з ёю давалі норму, дык часта мы сварыліся. У Лаймы быў тубэркулёз, і я яе ашчаджала. Я была многа старзйшай, і яна ашчаджала мяне. Аднойчы загадалі нам адкідаць сьнег. Ніколі ў жыцьці я ня бачыла столькі сьнегу разам, проста горы! Кідаем яго, кідаем, і я слабею. Лайма гэта бачыць і просіць мяне, каб адпачыла. Я — не. Не магу кінуць яе адну. Яна просіць мяне доўга, нарэшце з дзікай злосьцю кідаецца на мяне, коціць мяне на зямлю й сілай вырывае лапату. Тады стаіць, і поўныя вочы адчаю… Харошая Лайма.

Мае нэрвы напружаныя, мне не даюць спакою. Бывае, ноччу прыходзіць якіх шэсьць надзоркаў са знамянітым азьвярэлым Прасьветавым. Сьпімо, мяне ж сьцягваюць з нараў, Прасьветаў залазіць з нагамі на мой убогі сяньнік бяз простыні й пачынае трасьці й вытрасаць усю маю лахманную маёмасьць. Выкідае нават стружкі з падушкі, на якой сплю гады, бы мярцьвяк. Забіраюць мне звычайна кожны кусочак паперы, агрызачак алавіка. Вядуць мяне ў БУР. Там гаспадарыць адзіны людзкі чалавек, нейкі Кабылін. Ён не прымае мяне, без віны, без загаду опера. Мяне водзяць так амаль да раніцы. Вяртаюся, уся дрыжу, але дзяжурыць украінка ў бараку, з ёю сядзіць нейкая другая. У іх поўныя вочы жалю, боль выпісаны на чыстых абліччах: «Выдэржыць, пані Ларысочко, просімо выдэржыць…» Мне лепей, людзкія словы часам так неабходныя. Да раніцы ўсё ж калоціць мяне, раніцай на работу. Аб працэсе далей не гавораць, часам шэпчуць. Жэня Врублеўская расказвае, як яе выклікалі. Пыталіся, што я пісала, што пасылала на 1-шы ОЛП? Яна сказала, што хустачкі, торбачкі, любоўныя запіскі й болей нічога. Яе цягаюць, яна ўсё цьвердзіць тое самае, бо й што ж інакшага магла сказаць? Які ж быў разумны Сямён… За «любоў» ня судзяць… Яна рарсазвала, як аднойчы на ДОКу зайшла ў нейкую мужчынскую сушылку (яна была медсястра на аб’екце), там ляжаў той Паўлаў. Ён пачаў расказваць ёй аб патрэбе змаганьня, аб тым, што ніхто ня будзе нас ратаваць, трэба ратавацца самім і г.д. Жэня казала, што спалохалася гэтай гутаркі й адразу расказала аб ёй нейкаму сваяму знаёмаму на ДОКу, ня ведаючы, што 6н быў стукач. Стукач там і нейкі Міхаіл Барысавіч, лагерны прыдурак. Стукалі, відно, і розныя Шапавалы, бо хто ж аддаў чакістам усе мае вершы, аб якіх ведалі толькі беларусы. Усюды здрада за пайку, за работу ў зоне, за баланду.

Палякі не маглі згадзіцца з правам беларусоў на беларускія землі, яны нішчылі нас усюды, і ў лагерох. Як мячык, перакідалі нашыя землі між сабою палякі й расейцы. Усе яны раскошна жылі з нас. Для нас з іх ня жыў ніводзін, за выняткам, можа, Федароўскага. Народ давялі да неймавернае нішчаты, прынізілі да апошняе гібелі. «Грамаду» нішчылі адныя й другія, планава й па дагаворанасьці, усіх дзеячоў. Сьціналі й сьціналі [120] , як голавы, нарастаючую інтэлігенцыю народу. Ахвяры клаліся моўчкі, ніхто не крычаў і не пратэставаў за нас, нават за жудасны 37-мы год, за ўсіх нашых пісьменьнікаў, за Бярозу Картузскую. Ішлі біцца за Польшчу, за свае путы… Наступаў Гітлер, быў жудасны, але ці ж меней жудасным быў для нас Сталін? Гітлеравых ахвяраў яшчэ ня ведалі, а сталінскія перавышалі ўсякія ўявы аб самавольнай, легальнай праступнасьці. Між кім выбіраць, калі абодвыя нелюдзі. Казалі, калі ў Беласток прыйшлі немцы пасьля саветаў, дык палякі выйшлі іх спатыкаць з кветкамі, адзін немец, які ўмеў па-польску, і кажа ім: «Не ойцец пошэдл, не матка пшышла…» Быў праў. Заставалася выжыць, ашчаджаць народ фізычна, ня даць бяздольных і няшчасных на загубу.

120

Сьцінаць (дыял.) — ссякаць.

Божа, дай жа мне сілы, каб хоць слова змагчы сказаць ім сваё, чыстае, праўдзівае, адпаведнае нашаму гору… Як абысьці гітлерызм і ўсб ж гаварыць? Гаварыць так, як наказвае сэрца. Стрымоўваю боль, каб ня мсьціцца, на гэта ня час. Маяго бацьку зьнішчылі саветы, вывезьлі ўсю маю сям’ю. Пасьля даведваюся, што ўсе мае тры браты на фронце. Божа мой, якая ж іронія. Як жа дарам пальецца нашая кроў. Нас проста аберуч вынішчаць. Спачатку брат Расьціслаў памагае партызанам, бо шкадуе сваіх людзей. Яны яго слухаюць, і ён ім радзіць, каб хоць захаваць свае сёлы. А ці сёлы яго захавалі, ці ўспомнілі? Пасьля кінулі ў яго каменем, як і ў сваю родную мову, у свае правы, у цьвярозы розум. Выйгралі не героі, а хітрыя, тыя, якія ўмелі пляваць на сваё й лізаць пяты фюрэру, які выйграў. Нават аддалі карэнную сваю Беласточчыну, падзялілі наш адзіны скарб — Белавескую пушчу, разам з жывымі братамі разарвалі яе на палову. Гэта за партызаншчыну? Што вы думалі, партызаны? Ці вы наагул ня ўмелі думаць? Героі думаюць аб народзе й аб дзяржаве, халуі толькі аб собскай выгадзе. Я не сустрэла сваіх землякоў, якія б любілі клятага Гітлера, такіх не было. Такіх ніхто ня бачыў! Дурняў, якіх паліцаяў толькі, яны, гады, выкарыстоўвалі для сваіх брудных спраў. Можа, ідучы яны й ня ведалі, як жа іх выкарыстаюць, як іх унізяць бязмозглыя нацы. Якая трагэдыя! Сталін — Гітлер: і адно, і другое нечалавечнае, і ніякае трэцяй магчымасьці для народу…

Нічога не было для мяне немагчымага ў жыцьці. Я ўмела выйсьці з любой бяды, бо кожнаму змагла лагічна даказаць сваю праўду. Я не магла ратавацца толькі ад саветаў, бо тут была адна толькі магчымасьць: прадаць сумленьне, чорнае назваць белым, адрачыся ад Хрыста і ўпасьці на твар перад Сталіным. Не, не, не!!! Даруй, малы пакінуты юнак, даруй, мой сын… Хачу, каб некалі ты зразумеў мяне, каб дараваў свае мучэньні. Не было ў мяне выбару, сын, — Бацькаўшчына і яе інтарэсы важней за цябе, за мяне, за нашага тату…

I так толькі ўдумацца ў становішча сваяго народу: выбітыя ці расьцярушаныя па Нямеччыне з польска-нямецкай вайны, вынішчаныя страшліва немцамі ў краі, так жа на савецкім фронце, спаласованыя ў 37-м годзе, выгубленыя ў штрафных батальёнах, вывезеныя як кулакі двойчы, тысячы асуджаных пасьля вайны ў незлічоных лагерох, тыя, што адразу паўцякалі ў Польшчу, тыя, што выехалі туды па дагавору ўжо ў мірны час, і тыя ўсе, што засялілі цаліну, Казахстан, Данбас і інш. Адарваныя разам з беларускаю адвечнаю Вільняй, жыўцом узяты беларускі элемэнт, адданы латышом Дзьвінск і з ім да ста тысяч беларусаў, не гаворачы ўжо аб Смаленшчыне. Пусты край, у які сілком сунуць чужы элемэнт, безумоўна, не на фізычную працу. Зьняважаныя й безгалосыя без пратэсту прымаюць чужую мову, не свае парадкі. Зноў жывуць з нас, як яшчэ ніколі. Гінем. Яшчэ адно нашае гора — каталікі. Людзі, якія слова ня ўмеюць па-польску, якіх спрадвечнай моваю была беларуская, — сталі палякамі. Ксяндзы йшлі да нас ня толькі з Богам і з крыжам, ішлі, як калянізатары, дзяліць і няволіць народ, адбіраць яму сьведамасьць яго нацыянальную, яго мову.

Поделиться с друзьями: