Споведзь
Шрифт:
Знача, мы ходзім на ДОК. Ужо другі дзень туды нас пасылаюць. Раманчук, сталы працаўнік ДОКу, сустракае нас з раз’іскранымі вачыма, і калі канчаецца праца й зноў мы чакаем на канвоя на бярвеньнях ля вахты, ён прыходзіць з сябрамі Хведарам Вялёндай і Пётрам Рашэтнікам і кажа, што не захварэў ні разу за ўсё сваё пакутнае прабываньне ў лагерох, а вось сяньня ноччу меў тэмпэратуру, і гэта таму выключна, што я тут апынулася ў гэтым пекле, і як я толькі магла так зрабіць? Ён пачаў асьцярожна й са страхам выпытваць у мяне, як жа я тут апынулася. Беднаму, відавочна, здалося, што я сюды завітала проста па добрай волі, можа, захопленая самым «мудрым і геніяльным усіх вякоў і народаў». Я расказала, як гэта з намі здарылася, і Раманчук уздыхнуў з палёгкаю. «Вельмі мне жаль, што вы тут, — сказаў ён, — але калі ўжо так здарылася, дык памагайце нам, Ларыса Геніюш, пішэця. Ах, каб я мог узяць на сябе ваш срок, а вам аддаць тых пяць гадоў, што мне засталося», — зноў застагнаў ён. Справа ў тым, што спачатку давалі максімум па 10 гадоў кары, калі гэта не было ўжо сьмяротнае рашэньне, і чвэрць стагодзьдзя на чалавека гэтыя нехрысты прыдумалі толькі пасьля свае т. зв. «пабеды». Каб паказаць народу не велікадушнасьць да ўсіх тых, якія здолелі перажыць гітлераўскую жудасьць, а нешта яшчэ страшнейшае за гітлерызм, бо й той вырадак роду людзкога, пэўна, ня змог бы такога чаўпсьці з радасьці, каб перамог. Тут зьдзеку не было граніцаў, і кожнага нават зусім не вінаватага чалавека расыгісвалі сьледавацелі паводле загаду згары так, што ён сам сябе ледзь пазнаваў і за голаву браўся з усяго гэтага. Болей я ня ўбачыла ў жыцьці Раманчука, гэтага нашага сьветлага героя, які ведаў адно толькі — сваю Радзіму й жыў толькі для яе і ёю. Нас болей на 4-ты ДОК не павялі.
Пачалася перапіска. Тоненькія запісачкі насілі дзяўчаты, якія хадзілі на бліжэйшыя аб’екты. Насіць запіскі было небясьпечна, жыць бяз іх было немагчыма зусім, і кожная з нас гэта разумела. Цярпелі дзяўчаты БУР, і голад, і гора, але спагадалі адна адной і памагалі. Мае запіскі насіла пераважна нейкая Жэня Врублеўская з Варшавы. Была гэта маладая прыгожая дзяўчына, расейка. Мне яна не падабалася, бо не была дружнаю й часта цьвердзіла, што каб выжыць, дык кожны павінен глядзець толькі сябе і йсьці напралом праз лагер, не зьвяртаючы ўвагі на рэшту зьняволеных. Запіскі ад Раманчука былі палкія, цікавыя. Прага барацьбы й волі бурліла ў іх, да гэтага прымешвалася, праўда, стрыманае ў словах, але між радкамі гарачае й глыбокае пачуцьце да мае асобы. Я гэтаму не дзіўлюся, такія былі абставіны. Раманчук першыя сваіх пяць лет зьняволеньня адбыў у бытавых лагерох між блатных, жудаснага бандыцкага безыдэйнага й наагул выкалеянага з жыцьця элемэнту. Таму, калі ён трапіў у лагер палітычных зьняволеных, яму здавалася, што ён між харошых людзей. О наіўны! Найгоршы бандыт ня так страшны, як тыя сталінскія «дзеці», якія, страціўшы ласку «самага мудрага», ня маюць іншых пачуцьцяў і інтарэсаў, як толькі вярнуць тую ласку… Любымі сродкамі… Раманчук пачаў дзейнічаць, ён арганізоўваў пратэст і паўстаньне ў лагеры супраць бяспраўя й зьдзеку, згрупоўваў людзей. Ведаю, што ён быў зьвязаны з нейкім палкоўнікам ці генералам расейскім Паўлавым і Баляславам Руткоўскім [111] , паляком, які пасьля прадаў Раманчука. Здаецца, абодва яго прадалі. Паляк звычайна нават у лагеры нішчыў усе найменшыя праявы беларускай думкі, спакойна злучаючыся з ворагам, настолькі сільная была ў іх закаранелая прага калянізацыі Украіны й Беларусі.
111
На іншай старонцы гэта прозвішча напісана: Рудкоўскі.
А пакуль што ляцелі нашыя гарачыя запіскі, асабліва вершы мае, мужныя й бадзёрыя, поўныя цярпеньня й змаганьня са злом. Мы жылі сябрамі, калі было Пятра ці так чые імяніны, мы стараліся паслаць ім хоць драбнічкі: торбачкі, вышытыя васількамі, на хлеб ці на цукер, хустачкі да носа ці паясочак да кніжкі. На гэта я парола сваю праскую гардэробу ці выпрошвала па нітачцы ад скупой і, як пасьля выясьнілася, здрадніцкай Люцыі Антонаўны Клагіш. Хлопцы былі задаволеныя нашай увагай, асабліва ж вершамі. Яны, на жаль, загінулі, забыліся амаль, і я толькі пятае праз дзесятае з іх помню. А былі, мусяць, як полымя, бо людзі жылі імі, і мне трэба было пасылаць новыя якія, што пэвен час, бо так і пісалі: «Прысылайце хутчэй глюкозу!» Ізноў ішла за драты душа мая, мая «глюкоза», якою жылі зьняволеныя мае браты. Што будзе заўтра — ня думалася, а жылося мамэнтам, супольнай верай на лепшае. Каб ня думалі, не змагаліся б — хіба памерлі б ад лагернай гнуснасьці. Змагацца — значыла жыць! 1-шы ОЛП той, лагер, гдзе быў Раманчук, быў супраць нашага жаночага лагеру, заўсёды драты й вышкі іх у нас на вачох.
I вось аднойчы пад восень перавялі нас ад іх далей за лясок. Была там зусім яшчэ дзікая тундра, і перад намі была вытарфоўка пад будынкі й дарогі Інты. У тундры амаль усюды трансава [112] , і каб дабрацца да цьвердага грунту, нам трэба было здымаць напластаваньне моху. Пласт той быў часам у паўмэтра таўшчыні, а часам і ў паўтара. Зімой той мох зьмярзаўся з сівай глінаю, і мы яго лупілі кіркамі, сякерамі й клятымі цяжэрнымі кувалдамі й на насілках валаклі на сабе, угінаючыся, у вялізныя кучы. Толькі на вытарфованым грунце пракладаліся дарогі, рабіліся шахты, узносіліся будоўлі.
112
Трансава (дыял.) — багна, дрыгва.
З нашым пераходам у другі лагер перарвалася ўся мая перапіска. Было сумна. Я цесна падружылася з украінцамі, асабліва з мілай Люцынкай Воўк. Разам мы елі й спалі, былі ў адной брыгадзе. Люцынка была чароўнай жанчынай, срок у яе быў надзіва малы — усяго пяць гадоў. Сядзела яна за тое, што муж яе быў у бандэраўскім падпольлі. Яна ледзь выйшла за яго замуж, і ён пайшоў на змаганьне. I вось Люцынка цяжарная! Тут за яе і ўзяліся — гдзе муж? Люцынку пасадзілі. Нейкі дураньчык з іх вёскі мужна аб’явіў МГБ, што гэта ён бацька дзіцяці, але яму не паверылі. Недзе ўдома ў старых цетак гадавалася яе дочанька Катруся. На сьледстве паказалі ёй здымкі забітага яе мужа, але яна ўсё жыла ім, любоўю да яго й нейкай упартай верай, што ён жыве. З інвалідаў дружыла з намі Каця Грынкевіч з Менску й крыху Марыя Зарэцкая. Былі яшчэ беларускі, але пераважна слабыя, нецікавыя тыпы, апрача адной Таісы, якой муж быў шаўцом, а яна сама, здаецца, настаўніцай. Таіса была разумнай і людзкай жанчынай. Раманчука яна ведала асабіста.
Аднойчы позьняй восеньню я нарэшце атрымала запіску. Мяне скаланула. Запіска на гэты раз была асабістая, толькі для мяне, не закраналіся там «гаспадарка» (Беларусь), ані нашыя «дзеці» (сябры). Проста пісаў Раманчук, што ўсе здрадзілі яго, прадалі, гарыць яму зямля пад нагамі й што веру ён зьбярог толькі ў мяне адну. Я заплакала з бездапаможнасьці нашае, з гора. Мне прыпомнілася, як падобныя словы казаў мне, паміраючы, дзядзька Захарка, ускладаючы на плечы мае жаночыя непамерныя абавязкі. Час ішоў, не было болей ніякіх спраў, ніякіх запісак. Хацелася верыць, што ўсе нейк уладзілася. Аж выклікалі мяне раз нейкія дамы-начальніцы. Прычынай размовы быццам былі мае драбніцы, залаты абручальны персьцень, залаты крыжык на такім жа ланцужку, які мне пераслаў з Англіі брат Алёша, калі выжыў з вайны адзіны з нашай сям’і. Крыжык быў цудоўнай работы. Быў і звычайны гадзіньнік на руку. Усё гэта мне забралі пры вобыску, і ўсё, безумоўна, прапала, так і не адцалі. Вось яны нечаму пыталіся ў мяне аб гэтых рэчах. Я ведала, што думаюць яны нешта іншае. Пачалі выпытваць у мяне, як да мяне адносяцца расейкі з лагеру й што я пра іх думаю. Я адказала, што, як бы яны да мяне ні адносіліся й што я ні думала б пра іх, я гэтага ім усяроўна не скажу. Пыталіся, што я раблю, я сказала, што вывучаю псыхалогію нацыяў у лагеры: хто чаго варты… Яны скрывілі нос. Тады папыталіся, ці ведаю пра вялікія будовы ў Саюзе? Я сказала, што іх «трудящиеся» праводзяць усё ж большасьць сваяго жыцьця ў кватэрах убогіх, перапоўненых дзірах, для іх вялікія будоўлі ня маюць значэньня, пакуль людзі жывуць, што жывёла… Як доўга я думаю сядзець у лагеры? «А гэта ад мяне залежыць, проста калі мне захочацца перарваць гэту ніць жыцьця…» — «А на што ў вас надзея?» — спыталі. «На „Северное сияние“», — кажу, проста каб нешта адказаць ім. «Ну й спадзявайцеся на сваё „Северное сияние“», — мнагазначна сказала адна з іх, упорна на мяне паглядзеўшы… Тут я й зьледзянела, нечаму нагадаўся мне Раманчук… Ад Люцыі Антонаўны я даведалася, што адна з жанчын, у кароткім чорным кажушку, падобная на яўрэйку, называлася, здаецца, Гарбунова ці Гарбатава, быццам з Менску. Аб маіх дарагіх драбніцах я ўжо й ня думала.
Час ляцеў, наступіла суровая зіма, мяне пакінулі ў зоне разам з другімі арганізоўваць самадзейнасьць у нашым лагеры. Я, не падумаўшы, засталася. У ініцыятыўную групу ўвайшлі: Тамара Вераксо — кіеўская балерына, Кузьняцова — жонка нейкага коміка з Малого тэатра ў Маскве, Ларыса Донаці — артыстка з Горкага, маладая й вельмі прыгожая, ну і я. Мы разам усё абмяркоўвалі, ставілі адумысловыя канцэрты, гдзе маею справаю быў канферанс і розныя тэксты песьняў. Яшчэ я памагала рысаваць дэкарацыі, адзяваць у пачкі з марлі балерынаў і т. п.
Аднойчы зімою перад такім канцэртам паклікалі мяне ўкраінкі ў другі барак. Проста Люцынка з дзяўчатамі наварылі недзе ў качагарцы пшоннай кашы й клікалі мяне есьці. Схаваўшыся, мы апляталі, як найвышэйшы прысмак, тую пасьнюткую кашу й цешыліся ўзаемна сваім таварыствам, як увайшла днявальная ад начальства, нейкая Зінка — сучка й стукач адумысловая, і паклікала мяне на вахту. Была яна злосная, як зьвер, і нешта буркнула наконт бунтаўшчыкоў у лагеры. У чым, думаю, тут загваздка? На вахце сядзелі нейкія начальнікі незнаёмыя й наш лагерны опер. Аб гэтым оперы я чула не благое. Адна мая знаёмая некалі была ў яго днявальнай і сказала, што бн мяне цэніць і людзей наагул шкадуе. Але той цяпер выйшаў, і на яго месца прыйшоў нехта другі. Мяне заўсёды выклікалі тры чалавекі, чаму? Ня ведаю. За столікам сядзеў ваенны, невысокі сіваваты чалавек. Пасьля апавяшчэньня, як звычайна, пэрсаналіяў, ён паглядзеў на мяне нейк пранікліва й сказаў: «Говорите!» Я маўчу, бо скуль магу ведаць, чаго нехрыст хоча? «Говорите или не говорите, смертного наказання вам не избежать!» Моцна падкрэсьлівае «не говорите» й глядзіць на мяне ва ўпор. Скуль я ведаю гэтага чалавека? Скуль? Што за несуразнасьць? Я яго ведаю са сну! Гэта ён мяне выцягваў з ямы ў сьне, калі я йшла пустою тундраю ад адное царквы да другой! Я ўвалілася ў яму, з якой мне было ня вылезьці, і ён гэта, ён, той самы сіваваты чалавек з чорнымі бліскучымі вачыма, мяне выцягнуў з ямы за руку. Што за кашмар! «Дык што вы маўчыце?» Кажу: «Я ня ведаю, у чым справа, пытайцеся». — «Дык хто Паўлаў, хто Рудкоўскі, кажэця, а то скажаце ў вязьніцы ў Інце, прымусім!» — «Згінь ты, прападзі, — думаю, — нелюдзь ты няшчасны». Кажу: «Ня ведаю я такіх людзей!» — «Говорите, смертного наказания вам не избежать», — зноў гаворыць. Ах так, дык ведай, каце: «Забралі вы мне маю Бацькаўшчыну, маяго сына й мужа, дык жыцьцё тут найменшая рэч, чаго ж чакаеце? Бяз волі Божае волас не ўпадзе з мае галавы, і я вас не баюся!» Крычу, быццам гэта ня я гавару, і страху — ніякага. «Дык Паўлаў з вамі не па адной справе?» — «Не, — кажу, — такога ня ведаю!» — «Дык ідзеця, рэшту скажаце ў Інце». I ўсё! Я выкацілася з той вахты. Пачынаўся канцэрт, і мне было трэба адзяваць тых балерынаў. Іду я на тую сцэну, калені ўгінаюцца, але маўчу. Бачу, стаіць опер у зале, глядзіць на мяне, ледзь не крычыць з болю. Эстонка Эльвіра нясе мне папяросу, хоць ведаюць усе, што не куру зроду. Няўжо ў мяне такі дурны выгляд? Мяне пачынае трэсьці, я ўцякаю недзе ў кут і раву, як жывёла. Мне сорамна, але сталася так. У лагеры ўжо ўсе ведаюць і якім чынам? Што ж, забяруць мяне, але ў мяне ёсьць вартасная рэч, гэта здымак, на якім муж, сын і я. Прыслаў мне яго ў адным сваім жудасным лісьце мужаў бацька. Яго трэба захаваць, мне ўжо ня выйсьці… Бедны дарагі Сямён, якая ж трагэдыя… Назаўтра панесьлі мілыя ўкраінкі здымак, каб перадаць яго беларусам у мужчынскія лагеры. Я чакала, калі мяне возьмуць на тыя мучэньні ў Інту. Мяне ўсё ня бралі. Я зсохла, маўчала.
Аднойчы прыйшла да мяне лагерная парыкмахерша мянчанка Дзіна й сказала, што ў яе брыўся палкоўнік усяго інцінскага МГБ і пытаўся, ці яна мяне ведае й хто я паводле яе. Дзінка сказала, што я старэйшая, вельмі тактоўная й спакойная жанчына. Ён сказаў ёй, што гэта самая небясьпечная птушка ва ўсім лагеры, якой ён прыгразіў «сухарыкамі» (вязьніцай) і радзіць ёй прыціхнуць… Як аказалася, гэта быў той тып, што мяне выклікаў. Так мяне й не забралі. Раманчук прасіў мяне пісаць другім толькі з яго ведама, каб пазьбегнуць стукачоў. Трэба было падымаць крыху «кашаедаў», каб думалі. Пісаць толькі й выключна любоўныя эпісталы для бясьпекі, між радкамі ўпісваць усю рэшту. Прымушаць людзей думаць.
Дарога ў Інце была адна. Па ёй кожны дзень праходзілі даўжэзныя вужы калонаў зьняволеных на працу — з працы. Мы — на вытарфоўку, капаць канавы ля дарог альбо пад водаправод ці газ у Інце. Часамі — чысьціць сьметнікі ў пасёлку. Тады дзяўчаты з Прыбалтыкі гаварылі: «Ну й гэтае начальства — на грамы ядуць, на кілаграмы с…» А жонка яўрэйскага рабіна, вельмі мілая Міна Барысаўна, казала: «У нас быў сьвяты Гаман, яму лілі г… на голаў, але нам горай! Калі кіркуем, дык яно нам ляціць у рот…» Мужчыны йшлі ў шахты, доўгім, доўгім чорным шнуром. Усіх нас вадзілі пераважна з сабакамі. Яшчэ йшлі мужчыны на будоўлю. Так мы сустракаліся, міналіся па дарозе, нейк перадавалі запіскі, хоць канваіры дурэлі са злосьці й часамі стралялі.
Аднойчы мы капалі ў Інце канаву пад нешта там, а воддаль мужчыны, ведама нашыя, зьняволеныя ставілі дом. Паляцелі з каменьчыкамі запіскі. Пісаў мне з таго дому нейкі паляк. Перадаваў ад Сямёна словы: «Ідзем на дно, трымаемся моцна». Сядзеў гэны хлапец з імі ў Інце ў вязьніцы. Пісаў ўжо ад сябе, што мяне затуляюць яны, ашчаджаюць. Маё становішча было ня так страшнае, бо хлопцы мяне ні ў якую справу не ўцягвалі, ад мяне патрабавалася вершаў, вершаў і яшчэ раз вершаў — родных, беларускіх. Гэта знача — агітацыя, а за яе даюць 10 гадоў. Што ж яны мне маглі падкінуць, калі ў мяне ўжо было чвэрць стагодзьдзя. Прытым я лічылася чужынкай, хоць і без грамадзянства, але ня іхняй. Гэта й толькі гэта мне захавала жыцьцё. Знача, Сямён цярпеў, а з ім і. другія.