Станаўленне
Шрифт:
— Абед, хлопцы, — чамусьці толькі нам сказаў дзядзька Стась. — Кідай калодку, Антоне. Адпачывайце, падсілкуйцеся. Пасля абеду, Антоне, будзь за старшага, мне трэба падскочыць у Стоўбцы…
Я адразу паваліў долу калодку; Антон гэтаксама прыпыніўся, але не паваліў калодку, a ўзяў з зямлі невялікі камень, забіў на ручцы выпаўзлыя цвікі, абадраў з калоды адлушчаную кару i кінуў яе ў роў. Пасля ён падаўся па ўтрамбаваным намі бруку, туды, дзе мы сёння раніцай пачыналі працаваць, узяў свой i мой пінжакі, нашы сумкі з ежаю, вярнуўся сюды, бліскаючы адным вокам. Быў маўклівы i, здаецца, злосны. Ён першы, а я за ім услед залез у кузаў машыны. Тут у полі, пад сонцам, мы ніколі не палуднуем, пад’язджаем да лесу, садзімся ў бярозавым гайку на густой мяккай мураве.
— Паехалі, дзядзька Стась, — сказаў з віною Фэлік, выйшаўшы з-за машыны, падняў i пачаў зачыняць борт.
— Я пасля… — як i заўсёды, адмовіўся брыгадзір, збіраючыся i сёння есці адзін. — Едзьце ды на хвілін якіх трыццаць i зацягніце полудзень: гэтакая ж гарачыня! Пекла! Лепш вечарам пазней папрацуйце.
Вікця, стоячы ў кузаве, стрэсла з грудзей, са штаноў пыл, паправіла валасы, усміхнулася — i ад гэтай яе ўсмешкі палягчэла, прапала стома, хацелася думаць пра нешта вельмі прыемнае. Але Вікця не засталася з намі: саскочыла долу i падалася да Фэліка ў кабіну. I я праз задратаванае акенца бачу, як яны там сядзяць блізка, плячо ў плячо, усміхаюцца. Ніхто не ведаў, як я цяпер зайздросціў шчасліўцу Фэліку, як шкадаваў, што я яшчэ такі малады, не быў у войску i не вывучыўся за шафера.
Фэлік, увесь час рагочучы з Вікцяю, падвёз нас да бярозавага гайка, прыпыпіўся. Як мы злезлі, развярнуўся i паехаў дамоў. Разам з ім паехала i Вікця.
Паехала Вікця з Фэлікам у кабіне i вечарам…
2
Назаўтра, з самай раніцы, Вікця шапталася, пасміхалася з дзяўчатамі, i тыя, слухаючы яе, заліваліся смехам, часта кідалі насмешлівыя позіркі на Фэліка. Ён быў сумны, злосны, амаль не вылазіў з кабіны. Прывязе грузчыкаў i каменне з поля, сядзіць у кабіне i чакае, пакуль тыя разгрузяць. Калі аднаго разу Вікця паспрабавала сесці побач з ім, дык ён не пусціў: седзячы ў кабіне, трымаў за ручку дзверы i не даваў ix адчыніць.
Антон, бачачы гэта, ляпаў калодкай і, здаецца, пасміхаўся. Павесялеў i я, аднак з трывогаю думаў, якая яна смелая ды хітрая, гэтая Вікця. Як добра ўмее прыблізіць i адштурхнуць!..
У гэты дзень Фэлік не падвёз нас да лесу на полудзень: як толькі ў апошні рэйс згрузілі каменне, развярнуўся i памчаўся дахаты. I мы ўсе гуртам, стомленыя, але вясёлыя, падаліся пешшу. Як i заўсёды, без брыгадзіра.
— Дзівак гэты чалавек… — сказала Вікця, несучы на плечуку мужчынскую чорную, на доўгім поясе сумку з ежаю. — Ніяк не магу разгадаць гэтага нашага дзядзьку Стася… Нейкі ж надта нелюдзіна ён…
— Табе толькі i засталося аднаго яго паэкзаменаваць… — усміхнуўся скрэперыст Васіль — высозны, але тонкі, бледны, — які, здаецца, вельмі хутка перажыў Вікціну насмешку з яго заляцання. — Усіх жа ўжо прымусіла, каб у любві прызналіся, i ўсіх жа ўжо абсмяяла.
Васіль сказаў гэтак, а мяне пакрыўдзіў: застаўся я яшчэ, каго Вікця не асаромела. Але Васіль, відаць, не зважаў на мяне, лічыў зусім замаладым, раннім для такіх заляцанняў.
Вікця прамаўчала, усміхнулася сама сабе.
— Фэліку ж ужо, відаць, гэтаксама дала анучаю па зубах? — дапытваўся Васіль.
— З такога фацэтнага кавалера, можа, i грэх смяяцца… — з жартам адказала Вікця. — Прывёз учора дадому i хваліцца, які ён багаты. Водзіць усюды i паказвае: паглядзі, які добры дом… «А гэта вось наш сад, нашы бджолы…» — яна гаварыла Фэлікавым голасам, i за ёю амаль упокат рагаталі i хлопцы i дзяўчаты. — A частаваў як, людцы мае!.. Чаго толькі не было на стале! Пасля ўсе куры, свінні свае паказаў, пахваліўся, колькі мае новых кашуль i шкарпэтак. У лазню з паўсотні венікаў унад навязаў… Жонцы сарочак i трусоў, служачы за граніцай, пакупляў… Я вось як раз падыходжу да памеру таго адзення…
Я, слухаючы гэтыя абгаворы, адчуваў: можа, так усё i не было, бо Вікця можа цяпер i наўмысна шмат перакруціць. I сам сябе перасцерагаў: глядзі, Чэсь, не трапляй ёй на язык — каго-каго, а цябе, такога смелага i гаварлівага, яна зусім звядзе са свету!
…Сёння селі палуднаваць на новым месцы — на свежай зялёнай траве, у цяні ад вялікай разлапістай ды густой бярозы, — разгарнулі газеты, выклалі на ix усе свае стравы — хлеб, вараныя яйкі, сырое i печанае сала, гуркі, малако ў бутэльках — i абселі «стол» з усіх бакоў, елі ўсе разам — як адна вялікая сям’я.
Першыя наеліся дзяўчаты, адышліся, разаслалі свае пінжакі ды курткі i палеглі на спіны, падклаўшы пад галовы рукі.
— Хай тлушчык завязваецца, — нікога не саромеючыся, пажартавала дужая, як мужчына, Гэлька i пагладзіла тугі жывот. — Толькі сёння не мяшайце падрамаць.
Усе ўсміхнуліся, бо кожны ведаў: так, як яна хоча, яшчэ не было ніколі i не будзе: заўсёды яны, дзяўчаты, просяць спакою i заўсёды хлопцы не даюць ім ціха паляжаць, лезуць да ix, дурэюць. Янкоўцы — ні Антон, ні я — не лезем, i дзяўчаты, калі хочацца ім адпачыць, хваляць нас, папікаюць надта нахабных Васіля, Войтуся, Жэніка, а другою парою, калі працуем, калі ідзе між намі даверлівая гутарка пра ўсё маладое, дзяўчаты тады чамусьці якраз папікаюць нас з Антонам, кажуць, што мы цельпукі, што да нас ні адна дзяўчына сама не прыгорнецца.
— Дадзім падрамаць, калі толькі пусціце прытуліцца… — усміхнуўся Васіль, першы з хлопцаў адвярнуўся ад «стала» i на каленях ды на руках папоўз да Гэлькі, лёг побач, i тая не ўцякала, дазволіла вялікую, нават нечуваную для мяне, вольнасць яго рукам. Праўда, пасля, калі яны, гэтыя рукі, «палезлі туды, куды ім няможна», Гэлька схапіла ix, сціснула, што Васіль не змог i вырваць — i між імі пачалася валтузня, ад чаго Васіль хутка апынуўся наверсе, трымаў раскінутыя ў бакі дзявочыя рукі, пачаў цалаваць Гэльку. Яна i ca злосцю, i са смехам крычала, што ёй цяжка. Моршчылася, адварочвала твар, які разружовіўся да чырвані, як спелы памідор.
— Пусці, вой! — лямантавала Гэлька. — Злазь i ляж збоку крыцаю…
Ад гэтага зайздроснага піску пачалі ўхмыльвацца другія хлопцы: Войтусь, пасміхаючыся, падаўся да Ядзі, Жэнік — да Люci, i яны гэтаксама пачалі гарэзна валтузіцца i качацца пa зямлі. Дзяўчаты, вызваляючыся, здаецца, злаваліся, але так «сердавалі», што хлопцы ад ix не адыходзіліся, ліплі i молада, як ад агню, чырванелі.
— Хадзем, Гэлька, пашукаем ягад… — услых сказаў Васіль, усё яшчэ цалуючы яе ў шчокі ды цягнучы за руку, каб яна паднялася.
— Уга, пайдзі цяпер з табою! — зарагатала тая. — Дык добрую ягадку знойдзеш!
— Вой, які гадасны! Адлезь! — амаль у адзін голас вішчалі паблізу Ядзя i Люся.
Юзік, Антон — спакойныя, сарамлівыя хлопцы — адышліся ў зусім іншы бок i палеглі на спіны; я згарнуў газеты ў адну кіпку, падпаліў яе — каб не засмечваць лес. Бачыў, што Вікця сядзела, паклаўшы бараду на калені, усміхалася. Глядзела спачатку на гарэзных дзяўчат i хлопцаў, пасля павярнулася i зірнула на мяне. Усміхнулася так міла, што ў мяне сціснула дыханне ў горле.