Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Станаўленне

Далідовіч Генрых

Шрифт:

Паперадзе ix пабег сабака — падаўся не скачкамі, аж выцягваючыся, як беглі сёння ваўкі, a задрабязіў, часта прыпыняючыся i шохаючы зямлю: там, прыходзячы з поля, жылі мышы, рыўся, выварочваючы чорна-жоўтыя купіны, стары крот.

За драбналессем, якое ўжо высыхала ад ранішняга, але вельмі цёплага сонца, пачалося знаёмае канюшыннае поле, дзе ласяня з маці не раз ласаваліся смачнаю травою, калі не было надта горача, то i ляжалі, адпачывалі, напіўшыся вады ў блізкай рэчцы i вяртаючыся ад яе ў лес.

Хутка яны цяпер падышлі да зарослай кустамі, аерам старой рэчкі, дзе закіданая гніллём вада была нясмачная, абагнулі яе i апынуліся ля амаль безбярэжнай, стромкай новай рэчкі-канавы, дзе яны пілі золкам ці зусім познім вечарам плыткую смачную ваду, за якой — у цемнаватай зелені i сярод мноства дамоў — чуліся тыя знаёмыя галасы. Яны з маці часта стаялі тут, на беразе, i з вялікай цікавасцю глядзелі туды, гадаючы, што там за жыццё…

Носчык прайшоў берагам i апынуўся ля кладкі, неакораных, але гладкіх зверху жэрдак, перакінутых з аднаго берага на другі. Ступіўшы, ён пагойдаўся i паволі, калышучыся, бокам падаўся на другі бераг, дзе яно ні разу не было: страх i боязь за сваё жыццё праходзілі, але незнаёмыя мясціны з дзіўнымі галасамі, з дзіўным, не лясным, пахам, таемная будучыня так расхвалявалі, што ад усяго гэтага ўзрушэння заслязіліся вочы i пачалі падаць з ix на зямлю буйныя кроплі…

2

Ляснік, прыйшоўшы дамоў не вуліцай, а сценкай, праз загадзя адчыненыя жонкай дзверы ўнёс ласяня ў хату, за парогам якой стаяла вялікая печ, дзе шугала полымя i кіпела вада ў гаршках. Тут стаяў зусім незнаемы для ласяняці дух, якім яшчэ там, у прылеску, пахнуў гэты чалавек.

Ласяня апусцілі i палажылі ў кут на цвёрдую падлогу, а сам носчык разагнуўся i памахаў, мусіць, здранцвелымі рукамі.

— Дзе ты яго ўзяў? — спытала невысокая поўненькая гаспадыня. — Такое ж яшчэ малюсенечкае…

— Падабраў у Кавалёвым бары, — адказаў муж, высокі, плячысты, сярэдніх гадоў мужчына. — Ваўке зад парвалі, а матку, відаць, уходалі. Каб яшчэ з гадзіну якую, то i яму капцы былі б: крывёю сышло… Трэба спіртам абмыць рану ды падбелам прыкласці. Схадзі ты, Маня, нарві…

— Божа, ты мой божа! — пабедавала гаспадыня, збіраючыся выходзіць на двор. — Гэтакае маленечкае, колькі яшчэ там пажыло, a ўжо такі боль… Хай яе з такой доляй!.. Хоць дзікі звер, але як шкода…

Жанчына, накульгваючы, падалася з хаты, а мужчына падышоў да ляжанкі-печы, палэпаў па ёй, намацаў белую анучу, трасянуў яе, што пасыпаўся пыл, пагамтаў у руках, падышоў да вузкай высакаватай шафкі, адцягнуў верхняе шкло i дастаў бутэльку, у якой напалавіну было празрыстай вадкасці. Адкаркаваўшы зубамі бутэльку, ён лінуў з яе на анучку, якая ўвачавідкі памакрэла, што з яе ўпалі долу кроплі, запахлі незнаемым хмелем — намнога мацнейшым, чым пахне паслядажджовы лісцяны лес.

Паставіўшы на месца бутэльку, мужчына падышоў да яго, ласяняці, нагнуўся i прыклаў халодную анучку да раны — ад чаго яго сцягно, здаецца, апалілі агнём.

Яно дзіка замукала, спрабавала ўскочыць, але ляснік паклаў другую дужую руку на спіну i прытрымаў, супакойваючы: «Ну, пацярпі, маё цялятка, папячэ яшчэ троху i сціхне!..» — i вадзіў ды вадзіў, выціраючы, латкаю па ране i вакол яе, раз за разам перакручваючы анучку, хаваючы ў сярэдзіну камячка крывяныя плямы. Выціраў, трымаў спіну i сам ад нечага крывіўся, робячы зусім маленечкія вочкі.

Ласяня моцна-моцна заплюшчыла вочы i зайшлося ад болю, ад якога закалола ў скроні, думала, што вось то ўжо напраўду наступіў канец. Але пасля — i нават нечакана — боль пачаў паціху слабець, пакідаючы толькі пра сябе напамінак, шчымлівы зуд, — i здалося, што параненая нага, якая торгала, палягчэла, стала лёгкая-лёгкая. Мужчына гладзіў яго па галаве, шыі — i яно сцішылася, ткнулася галавою да цвёрдага долу, стомлена, але з палёгкаю заплюшчыла вочы, адчуваючы, што будзе жыць, што небяспека праходзіць, прападае, а замест яе прыплывае спакой ды суцяшэнне, што стала менш балець, а пасля раптам захацелася есці: сёння маці не паспела яго пакарміць з-за ваўкоў, збегла недзе з поўным вымем, якое цяпер, можа, пырскае на зямлю… Ад успаміну пра цёплае салодкае малако ў ласяняці сабралася ў роце сліна, i тая, якую не паспела пракаўтнуць, пацякла на ніжнюю губу…

— Ці не естачкі ты хочаш? — лагодна запытаў ляснік. — Зараз знойдзем табе малачка, напоім, каб падужэў,— i адышоўся да белай шафкі.

Адчыніў дзверцы, узяў з налічкі збанок, трымаючы яго вялізнай рукою за горлачка, пакруціўся, нешта шукаючы, пасля ўзяў міску, наліў у яе малака i паднёс, даў ласяняці. Яно пачула знаёмы малочны пах (хоць ён быў не зусім такі, як у мамы-ласіхі), але адразу ткнулася ў міску ды так няўдала, што свежае, відаць, яшчэ нядаўна надоенае, малако залілося ў ноздры, ад чаго прыйшлося некалькі разоў фыркнуць i апырскаць чалавека ды падлогу.

— Ды ты не ўмееш яшчэ піць з місы… Ты яшчэ, брат, зусім нягеглы, — усё так жа лагодна сказаў ляснік, устаў i зноў падаўся да шафкі.

Узяў там бутэльку i, нагінаючы, ільючы на стол, пачаў пераліваць у яе з міскі малако.

Ласяня, шкадуючы, што так хутка прапаў ласунак, аблізала языком вусны, бараду, адчуўшы, што i гэтае малако смачнае, з радасщо праглынула ўсё, што трапіла ў рот, яшчэ больш распаляючы голад.

Ляснік хутка вярнуўся, несучы ў руках бутэльку з чырвонаю соскаю, даў яе, халодную, мяккую, i ласяня, скрывіўшыся ад непрыемнага гумовага паху, пацягнула i адчула, што малако палілося ў рот тонкім струменьчыкам. Ад радасці яно ледзь не захлынулася, памкнулася ўсхапіцца, але яго працяў боль у назе, i прыйшлося аціхнуць, перачакаць, калі стане лягчэй, тады ўжо смактаць далей, выцягваючы шыю i стараючыся не выпусціць слізкай соскі.

I ўжо смокчучы, яно бачыла, як з другой, адгароджанай, палавіны хаты, адчыніўшы дзверы, зайшло двое заспаных босых дзяцей — худаваты, але высокі хлопчык гадоў сямі i поўненькая, у доўгай белай кашульцы дзяўчынка гадоў пяці. Спачатку, тручы ручкамі вочы, яны з дзівам пазіралі на бацьку i на яго, а пасля ажывіліся, пайшлі сюды хутка-хутка — i ў ix адразу прапаў сон, шырока адплюшчыліся вочы i паадкрываліся роцікі.

— Гэта другое цялятка? — запытала мякенькім, далікатным голасам дзяўчынка. — Дзе ты яго ўзяў?

Бацька нічога не адказваў, пасміхаўся.

— Гэта не цялятка, — сказаў хлопчык, пакручваючы на голым вострым плечуку шлейку ад майкі.— Гэта маленькі лось. Так, татусь?

— Так, дзеці,— сказаў ляснік. — I цяпер ён будзе жыць у нас, пакуль не вылечым яго.

— Лёсь, лёсь! — прысеўшы ля ласяняці i гладзячы яго маленькаю ручкаю па спіне, гаварыла дзяўчынка, а пасля зайшла з другога боку i пацягнулася да бутэлькі…— Дай я, татусь… — I як той згадзіўся, узяла бутэльку i трымала яе абедзвюма ручкамі.

Ласяня, з цікавасцю пазіраючы на маленькіх дзяцей, высмактала ўсё малако, нават доўга патрымала пустую соску, ад чаго тая засвістала, а пасля зліплася. Як забралі яе з рота, яно пацмокала языком, адчула, што зусім змарылася, што самі пачалі ліпнуцца вочы.

…Ноччу — пасля таго як яго рану прыклалі падбелам, зноў напаілі малаком i яно спала — прытрызнілася, што паблізу блукае маці, ціхенька падклікае яго — самотна мычыць.

Яно прахапілася, прыслухалася — мыканне прапала. Толькі, здаецца, дзьмухнуў, адбіўся ад сцяны вецер. Як яно суцішылася, пачынала засынаць — зноў пачулася жалобнае мыканне.

Поделиться с друзьями: