Станаўленне
Шрифт:
«Будзе нешта пытацца, — падумаў Казік. — Але я нічога не скажу, хоць чуў, як прыходзіў той ноччу барадаты партызан, бачыў, цікуючы з-пад коўдры, як маці завешвала акно, паліла газоўку i давала начному госцю есці… Цяпер няможна нічога нікому гаварыць… Цяпер трэба маўчаць, а то за язык…»
— Зваць як? — перапыніў Казікавы думкі стары немец, зірнуў на бацьку, нахмурыўшы бровы. — Цяляты язык аджавалі, ці што? Ну, як назвіско ваша, фамілія?
— Хлябовіч, — зноў шэптам адказаў бацька. — Браніслаў Хлябовіч, бацька Янам быў.
— Вось што, Хлябовіч… — ні на кога не пазіраючы, прамовіў уладна немец, распраміў, прыгладзіў далонню сшытак, а пасля пачаў вастрыць ножыкам аловак; глядзеў толькі на свае вялікія рукі, на хвіліну пасля змоўк, калі хацеў яшчэ нешта сказаць, то паламалася дзюбка, i ён так не прамовіў нічога, зноў пачаў вастрыць.
Казік са страхам пазіраў на старога немца, чакаў, што ж ён запытае. Што той гаварыў па-польску i па-тутэйшаму, не здзіўляўся: амаль усе немцы, што заходзілі сюды, гаварылі па-свойму, але былі не раз i такія, што гаварылі i паруску, i па-польску i ўстаўлялі тутэйшыя словы. Хваліліся, што да вайны жылі разам з палякамі ці паблізу ix.
Стары немец здзьмухнуў ca стала смецце, падняў галаву — усе ca сполахам на яго глядзелі ды чакалі, што ж ён скажа, здзіўляліся, чаго ён марудзіць, не дапытвае. А можа, ён не марудзіў, можа, гэта толькі здавалася… Ён строга зірнуў на паліцыянта, што стаяў у парозе, прытуліўшыся да вушака, — i той не вытрымаў позірку, апусціў галаву. Раней, калі заязджаў, быў смелы: i кепікі ўсякія строіў, i на паліцу, дзе стаялі пустыя пляшкі, заглядваў, i хваліўся, як яго начальства паважае…
— Дык вот што, Хлябовіч, — пастукваючы пальцам па стале, надзьмуў тоўстыя губы, з халодным бляскам у вачах зірнуў на бацьку стары немец. — Маем загад з Івянца сёння ачысціць гэтую зону пад нумарам… Значыць, людзей трэба вывезці, а хутары i мястэчка спаліць…
Бацька, слўхаючы, здаецца, пабялеў з твару, маўчаў — ад нечаканасці i страху не мог вымавіць i слова.
— За што гэта? — нарэшце прашаптаў ён, сціскаючы ў руцэ бульбіну.
— Партызан корміце i адзяецё… — сказаў немец. — Ворагаў нашых, ворагаў новага парадку… Вось i маем загад зрабіць мёртвую зону…
— Не кормім мы нікога… — пачала апраўдвацца маці.— Самі во без хлеба, без сала ды без солі жывём. Што тут дасі, калі сам усяму жадзён. Ды i не ведаем мы ніякіх партызан…
— Дзесяць мінут вам на зборы… — больш не стаў яе слухаць стары немец, падняўся. — На каня — i ў Янковічы… А ты хадзі сюды… — прамовіў ён i хацеў узяць маці за плячо, але яна адскочылася. — Тады хадзі ты, гаспадар… — павярнуўся, падышоў да бацькі, узяў яго за кашулю i павёў на двор. — Зобач, паглядзі!
Зірнуў i Казік, куды паказваў немец, i ўбачыў неспадзяванае i не паверыў спачатку сваім вачам: гарэлі суседскія хаты. Высока ўверх над імі ўскідваліся чырвона-жоўтыя языкі, шугалі, аж чуўся шум ад ix. Даносіўся i пах гарэлай саломы.
— А што ж гэта? — загаласіла маці.— Што ж гэта робяць з людзьмі?
— Збірайцеся, — нарэшце азваўся i паліцыянт, — Сёння i мястэчка, i хутары — усё будзе спалена. Аж да Ружэвіч. Вас вот яшчэ так, а мястэчка з раніцы абкружылі з усіх бакоў, пачалі збіраць усіх на аселіцы… Хто пробаваў уцячы — на месцы… Такая воля вялікага начальства. З Мінска, а можа, пават i з Берліна.
— Воля, воля… — перадражніла яго, плачучы, маці,— Каб яго, тое тваё начальства, дзень i ноч гарачка паліла…
Аж дзіва было: паліцыянт — грозны, злосны, прыдзірлівы — нічога не адказаў, адвёў позірк, як пабіты сабака, павярнуўся i пасунуўся на двор.
— Нy, хопіць гавэндаў,— зазлаваў стары немец i ўжо ў сенцах, каб чутно было, мусіць, на двары, прыкрыкнуў: — Лoc, лос шнэль [2] !..
— Толькі i ведаеце: шнэль адно… — перадражніла i старога немца маці.— Калі ўжо якая халера вас сашнэліць адгэтуль… О божачка, чым мы цябе так угнявілі, што ты на нас такую няміласць наслаў?..
2
Давай, давай хутчэй!.. (ням.)
Стары немец раптоўна павярнуўся, аж зачырванеўся, сціснуў губы.
— Калі праз пяць мінут не будзеце на дварэ, дык… — прысыкнуў ён. — Дык па законе ваеннага часу…
— Збірайся, Юзя… — ціха папрасіў маці бацька. — Паб’юць…
— А няхай i б’е, паліць!.. — закрычала маці.— Колькi ж ужо можна мучыцца гэтак, у такім страху жыць. Як толькі яшчэ душа не перагарэла?..
— Дзеці ж, дзецям яшчэ жыць трэба… — сказаў бацька, падаючыся на двор — відаць, запрагаць каня.
— Мае вы дзетачкі! — загаласіла маці.— Во жыцейка вы бачыце… Навек упалохаюць вас…
Маці, неяк раптоўна згорбіўшыся, замітусілася па хаце, мусіць, нічога не бачыла перад сабою ад слёз. Узяла з калыскі Вэрцю i зноў паклала яе ў калыску. Кінулася да шафы, але нічога не дастала. Садрала з ложка дзяругу, разаслала на падлозе i пачала кідаць на яе падушкі, дзяругі, яшчэ раз адчыніла шафу i выхоплівала з яе сукенкі, ручнікі, прасцірадлы. Кідала долу i галасіла.
— Адзявайся i абувайся, сынок, — сказала яна праз хвіліну, усё плачучы. — Ты вялікі ўжо, сам… Адзін бог ведае, куды нас пагоняць i што з намі зробяць…
У Казіка ў роце стала суха i горача; ён, здаецца, не разумеў ніякага страху, але на самай справе адчуваў яго кожнаю жылкаю, адчуваў, што вось-вось будзе тая самая страшная бяда, якой яны кожны дзень баяліся… Ён знайшоў пад лаўкаю новыя лапцікі, за лета ні разу не абуваныя, палез на печ i выбраў мяккія анучкі.
Вярнуўся ў хату бацька, пачаў памагаць маці ўціскаць i завязваць клунак.
— Выходзь, Бронісь… — зазірнуў з сянец i нецярпліва падагнаў бацьку паліцыянт, — Давай скарэй на двор… Старшы наш едзе. З ім не пагаворыш: люты звер… З-за вас i мне ўляціць…
Бацька, нічога не адказаўшы, хутка апусціў у мех міскі, лыжкі, патэльні i гаршкі, выплюхнуўшы з ix у сенцы ваду i палуднёвую ежу, адчыніў паліцу i забраў з яе сподачкі, відэльцы ды збаны. Завязаў мех i панёс яго перад сабою на двор. Тады вярнуўся i пачаў збіраць харч — звараную бульбу, малако, яйкі. Маці дастала з калыскі Вэрцю, захутала яе ў свежыя полкі, моцна спавіла.
Пачулася, як пад’ехаў яшчэ адзін матацыкл, прыпыніўся i сярдзіта, як чмель, зататахкаў.
— На, Хойзер, вас іст дэн лос [3] ? — злосна па-нямёцку закрычаў прыездяш мужчына.
3
— Ну, Хойзер, што тут у цябе? (ням.)
— Гэр лёйтнант, ix мэльдэ… [4] — пачуўся тут жа збянтэжаны голас старога немца.
— Маўль хальтэн… Лoc, лос! Абэр шнэль, фэрлюхтэр! [5]
Крыклівая гамонка заціхла, пачулася на двары тупатня, нібы бег статак кароў, i праз нейкі міг убеглі ў хату спалоханыя, але вельмі рашучыя ад гэтага сполаху стары немец i паліцыянт.
— Шнэль, шыэль! Алле хінаўс! [6]
— Выходзьце, — сказаў услед за немцам паліцыянт. — Афіцэр загадаў — i салдаты пайшлі за хлеў падпальваць хату… З усіх бакоў, так сказаць…
4
— Пан лейтэнант, дазвольце далажыць… (ням.)
5
— Заткніся… Давай, давай! Хутчэй, чорт вазьмі (ням.)
6
— Хутка, хутка! Выходзьце ўсе! (ням.)