Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
Станіслаў Булак-Балаховіч быў і беларускім паэтам. Яго паэтычныя творы заўважыў і адзначыў беларускі грамадскі дзеяч і літаратуразнаўца Ігнат Дварчанін. Вядома, што ў Польшчы Станіслаў Булак-Балаховіч выдаў зборнік вершаў «Перш, пакуль голас свой даць», які згадваецца ў картатэцы Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве. Самога зборніка нам знайсці не ўдалося.
Алесь Бяляцкі ў 1990 г. апублікаваў адшуканы ім у рэдкім і недаступным нам часопісе «На чужыне» (выходзіў у Рызе ў 1920-я гг.) верш С. Булак-Балаховіча «Покліч бацькі», напісаны 25 лістапада 1919 г. у Рэвелі (Таліне), калі Булак-Балаховіч змагаўся ў Эстоніі супраць Чырвонай Арміі.
Покліч бацькі Праз цёмныя хмары на чуждай старонцэ Зірнула на нас цёпла-роўнае сонцэ, I гоман пачуў я з радной стараны: «Свабода калоціцца ў нашэ ваконцэ, За бацькаўшчыну ўсталі яе ўсе сыны!» Сынкі! А мы што жа! Нам будзе нягожа, Каб мы не пайшлі на дапамогу! Сьмялей, не аглядайцесь, Хутчэй сабірайцесь I будзем гатовы ў дарогу!(I сапраўды, ужо ў студзені 1920 г. генерал С. Булак-Балаховіч пры дапамозе шэфа вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі пачаў перамовы аб накіраванні свайго Беларускага атрада пад назвай Беларуская Нацыянальная Армія на ўчастак савецка-польскага фронту ў Палессе, куды і прыбыў яго Беларускі атрад.)
Алесь Бяляцкі таксама апублікаваў (са сваім каментарам) у часопісе «Спадчына» (1991. № 6. С. 17) два вершы С. Булак-Балаховіча: ужо прыведзены «Покліч бацькі» і «Шарак ці брысь», напісаны 19 ліпеня 1927 г.
Можна спадзявацца, што беларускія літаратуразнаўцы зацікавяцца літаратурнай спадчынай беларускага генерала і дапоўняць характарыстыку гэтага цікавага чалавека, патрыёта сваёй Бацькаўшчыны.
Пасля нападу гітлераўскай Германіі на Польшчу ў верасні 1939 г. генерал Станіслаў Булак-Балаховіч арганізаваў добраахвотны атрад, які спачатку складаўся з 200 жаўнераў пяхоты і эскадрону кавалерыі. Потым атрад павялічыўся. У дні аблогі Варшавы С. Булак-Балаховіч арганізаваў абарону сталіцы на паўднёвым участку. Удзельнікі абароны Варшавы пад кіраўніцтвам Станіслава Булак-Балаховіча рабілі партызанскія выпады ў тылы нямецкіх войскаў здабывалі важную інфармацыю, нападалі на нямецкія патрулі. Супраціўленне ворагу скончылася з капітуляцыяй Варшавы ў канцы верасня 1939 г.
У канцы 1939 г. генерал Станіслаў Булак-Балаховіч разам з былымі афіцэрамі сваіх вайсковых фармаванняў стварыў падпольную вайсковую арганізацыю.
Загінуў Станіслаў Булак-Балаховіч 10 мая 1940 г., калі перад сваім домам на Саскай вуліцы, 103, быў акружаны агентамі гестапа пры спробе арышту падчас страляніны. Па некаторых звестках, Станіслаў Булак-Балаховіч быў забіты агентамі НКВД, якія ў гэты перыяд супрацоўнічалі з гестапа. Але больш праўдападобнай з'яўляецца версія пра ліквідацыю яго гестапа як адвечнага ворага Германіі і Гітлера, пра што С. Булак-Балаховіч адкрыта пісаў у сваіх кнігах.
Сімвалічная магіла генерала С. Булак-Балаховіча знаходзіцца на варшаўскіх Камунальных, былых вайсковых, могілках (кватэра А15, рад 8, магіла 12). На месцы гібелі генерала Станіслава Булак-Балаховіча стараннямі яго ўнука Мацея Булак-Балаховіча ўмацавана памятная дошка, прысвечаная гэтаму вайсковаму і палітычнаму дзеячу.
Адзначаючы 125-годдзе з дня нараджэння Станіслава Булак-Балаховіча, трэба падкрэсліць у першую чаргу патрыятычную дзейнасць генерала, які намагаўся не толькі мець беларускую нацыянальную армію, але і стварыць незалежную Беларускую дзяржаву.
ГІСТАРЫЧНЫЯ БІТВЫ I ДАТЫ
Да 500-годдзя перамогі беларускага войска. Бiтвa пад Оршай 8 верасня 1514 г
Бітва еўрапейскага значэння
Адной з вялікіх бітваў ХУІ стагоддзя з'яўляецца бітва пад Оршай, якая адбылася 8 верасня 1514 г. паміж войскам Беларускай-Літоўскай дзяржавы, якім камандаваў князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі, і маскоўскім войскам, што налічвала амаль утрая больш воінаў, чым у войску Канстанціна Астрожскага. Перамогу атрымала войска нашай дзяржавы.
Значэнне Аршанскай бітвы мела вялікі ўплыў на ход гістарычных падзей ва Усходняй Еўропе. Перамога пад Оршай уратавала незалежнасць Беларускага-Літоўскага гаспадарства і таму займае пачэснае месца ў нашай гісторыі. Дзень 8 верасня стаўся Днём Беларускай Вайсковай Славы. Штогод патрыятычная грамадскасць Беларусі адзначае яго як адно з галоўных нацыянальных святаў.
3амоўчаная ў савецкі час бітва
Аднак доўгі час пра гэты дзень сваёй вайсковай славы беларусы не ведалі. У савецкі час у афіцыйных падручніках нічога пра Аршанскую бітву не пісалі, як і ўвагуле пра захопніцкую палітыку Расіі ў дачыненні да Беларусі. Яна не ўпісвалася ні ў афіцыйную гісторыю Расійскай імперыі, ні ў афіцыйную гісторыю СССР як нашчадка Расійскай імперыі. Не пісалі пра яе і ў гісторыі БССР як складовай часткі СССР (а значыць, і імперыі). Толькі асобныя расійскія гісторыкі (М. М. Карамзін, С. М. Салаўёў) ды расійская Ваенная энцыклапедыя ў 1914 г. згадвалі яе, бо аб'ектыўна не маглі абмінуць.
Польскія гісторыкі адносілі яе да польскай вайсковай гісторыі, перабольшвалі ўдзел польскіх вайсковых аддзелаў у ходзе бітвы. У 90-х гадах XX ст. літоўскія гісторыкі цалкам прыпісвалі яе літоўцам, бо наша агульная дзяржава насіла назву Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае, скарочана — Літоўскае. Наўмысна блытаючы палітонім (назву грамадзян дзяржавы) і этнонім (назву нацыі, народнасці) літоўскія гісторыкі прыпісваюць літоўцам і жамойтам падзеі беларускай гісторыі. Нездарма, у школьных падручніках у Літве фігуруе, напрыклад, Францішкас Скарына, «які пісаў свае кнігі на нацыянальнай мове» (зразумела, для літоўскіх гісторыкаў на літоўскай).
Узнаўленне гістарычнай памяці
Толькі пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі Дзень 8 верасня пачаў святкавацца беларускімі патрыётамі як Дзень Беларускай Вайсковай Славы.
Менавіта 8 верасня 1992 г. на Плошчы Незалежнасці ў Менску беларусы-афіцэры прымалі вайсковую прысягу на вернасць Беларусі. У прыняцці прысягі прымалі ўдзел афіцэры ў адстаўцы і палітычныя дзеячы Беларускага Народнага Фронту. Побач стаялі Васіль Быкаў, Зянон Пазьняк і аўтар гэтых радкоў. Захаваўся здымак Ул. Кармілкіна, які таксама прымаў прысягу як прапаршчык у адстаўцы.
8 верасня 1992 г. у «Народнай газеце» быў надрукаваны артыкул аўтара гэтых радкоў «Бітва пад Оршай». У той жа дзень ён быў надрукаваны на рускай мове ў газеце «Во славу Родины», органе Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Як бачым, тады і афіцыйныя органы шукалі карані беларускай вайсковай гісторыі.
Тады ж, у 1992 г., у 6-м нумары часопіса «Спадчына» быў надрукаваны мой артыкул «Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г.». Паколькі наклад часопіса тады меў каля 9 тысяч асобнікаў, а часопіс выпісвалі шматлікія падпісчыкі, то пра бітву пад Оршай даведаліся многія беларусы не толькі з газет, а з часопіса, які захоўваецца больш старанна, чым газета, і можна да тэксту вяртацца, калі гэта патрэбна. Ад таго часу кожны год я друкаваў артыкулы пра Аршанскю бітву ў розных газетах.
Я добра памятаю, як Мікола Ермаловіч, прачытаўшы мой атыкул у часопісе, сказаў мне: «Мне цяпер няма неабходнасці вывучаць дакументы. Тут усё сказана». Ен і ўзяў за аснову гэты артыкул, калі ў сваёй апошняй працы «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае» (Менск, 2000) пісаў старонкі пра Аршанскую бітву. Ад часу маіх публікацый 1992 г. і пазнейшых гадоў Аршанская бітва 1514 г. стала ўсеагульнавядомай.
На аснове артыкула ў часопісе змешчаны мае артыкулы пра Аршанскую бітву ў 1 томе «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (Менск, 1993, с. 187–188) і ў 1 томе «Беларускай Энцыклапедыі» (Менск, 1996, с. 537–538). Пры далейшай працы з крыніцамі я ўнёс удакладненні ў тэкст артыкула ў часопісе «Спадчына» (1992, № 6), і яны былі ўлічаны ў «Беларускай Энцыклапедыі».