ЖАНРЫ

Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.

Грицкевич Анатолий Петрович

Шрифт:

У ноч на 8 верасня Канстанцін Астрожскі загадаў пабудаваць цераз Днепр у гэтым месцы два пантонныя масты. Яны былі зроблены са шчыльна заканапачаных і звязаных паміж сабой пустых бочак. Для пераправы скарысталі таксама плыты і лодкі з суцэльным насцілам, каб колы гармат не грукалі. У балоцістых мясцінах ля ракі былі зроблены гаці з паваленых і звязаных дрэў. Конніца войска князя Астрожскага перапраўлялася цераз Днепр па вузенькім бродзе недалёка ад Аршанскай цвердзі, страціўшы пры гэтым толькі аднаго вершніка, які патануў. На працягу ночы па двух пантонных мастах была перапраўлена ўся пяхота і артылерыя войска Беларускай-Літоўскай дзяржавы ў раён вёскі Пашына, што знаходзілася ў лукавіне Дняпра.

Перад бітвай

Бітва ў полі на беразе Дняпра, за пяць вёрст ад Оршы, адбылася 8 верасня 1514 г., у дзень нараджэння Багародзіцы. Гэты дзень увайшоў у гісторыю як Дзень Беларускай Вайсковай Славы.

У маскоўскім войску галоўным ваяводам быў Іван Андрэевіч Чаляднін, другім самастойным ваяводам — князь Міхаіл Іванавіч Булгакаў-Голіца. Чаляднін паставіў раніцай усё сваё войска ў баявы парадак у тры выцягнутыя лініі. На флангах конныя аддзелы, каб падчас бою яны зайшлі ў тыл ворагу. Наперадзе стаяў полк перадавой варты. У цэнтры маскоўскі вялікі полк, па фронце шырынёй 5 кіламетраў. На правым фланзе — полк правай рукі, на левым, каля вёскі Рукліна, — полк левай рукі. На пагорку ў цэнтры за вялікім палком маскоўскага войска стаяў полк тылавой варты (рэзерва). Маскоўскае войска выступала пад белым сцягам (белы колер — адзін з улюбёных у славян).

Усе маскоўскія палкі былі конныя, цяжкіх гармат маскоўскія войскі не мелі, бо вялікі князь Васіль III загадаў пакінуць іх у захопленых замках. Але, як сведчыць гісторык М. М. Карамзін, «агнястрэльны снарад» у маскоўскім войску быў.

Галоўны ваявода расцягнуў свае сілы таму, што яны амаль утрая перавышалі войска Канстанціна Астрожскага. Ён вырашыў акружыць супраціўніка, разбіць яго і скінуць рэшткі разбітых беларускіх аддзелаў у Днепр. Таму маскоўскае войска расцягнулася па лініях і стварылася магчымасць прарваць іх. Адзіны сапраўдны кіраўнік у маскоўскім войску адсутнічаў, а кожны з двух галоўных ваяводаў камандаваў сваімі войскамі самастойна.

Гэта паўплывала на ход і вынікі бітвы пад Оршай. Адбілася на ходзе бітвы і тое, што ў маскоўцаў не было артылерыі. Да таго ж, яны, заспакоеныя сваёй колькаснай перавагай, былі ўпэўнены ў перамозе. Таму іх галоўныя ваяводы і ваяводы ніжэйшага рангу своечасова не заўважылі небяспекі, а калі яна выявілася падчас бітвы, то было ўжо позна.

Войска Канстанціна Астрожскага заняло баявыя пазіцыі па абодвух баках яра, які ішоў ад вёскі Пугайлава да пераправы цераз Днепр. Яны сталі паводле свайго старога баявога звычаю: наперадзе знаходзіліся два палкі беларускай конніцы Юрыя Радзівіла і польскай Януша Свярчоўскага. На правым і левым флангах стаялі па тры дапаможныя (рэзервовыя) палкі беларускай конніцы, якія складаліся з лёгка ўзброеных харугваў. На краі правага крыла К. Астрожскі размясціў ва ўкрыцці пад аховай лесу і паблізу ад берага Дняпра ўсе гарматы і частку пяхоты з рушніцамі (пішчалямі, самапаламі). Увогуле, войска гетмана Астрожскага было сцягнута ў моцныя і згрупаваныя аддзелы, гатовыя прабіць расцягнутыя лініі ворага.

Як сведчыць батальная карціна «Бітва пад Оршай» (намалявана каля 1520 г., знаходзіцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве), К.І. Астрожскі быў апрануты ў баявое адзенне з шабляй у каштоўных похвах. Падчас бітвы беларускае войска выступала пад дзяржаўным сцягам чырвонага колеру з срэбнай выявай Пагоні на адным баку і Багародзіцы з дзіцяткам Ісусам на руках на другім. Побач з Гетманам Найвышэйшым неслі і другі сцяг, гетманскі, блакітнага колеру. 3 аднаго боку на ім была срэбная Пагоня ў чырвоным полі, з другога — абраз святога Станіслава. Асобныя паны мелі ў аддзелах (дружынах) свае ўласныя сцягі.

Так, на карціне ў руцэ аднаго з вершнікаў можна разгледзець чырвоны штандар з выявай герба Радзівілаў — трох паляўнічых ражкоў. У кожнага з беларускіх вершнікаў, паводле той карціны, у руцэ была доўгая дзіда з белым сцяжком-вымпелам, уздоўж якога пасярэдзіне праходзіць адна вузкая чырвоная палоска, якая перакрыжоўваецца бліжэй да тронца другой чырвонай палоскай. Гэта прадвеснік нашага гістарычнага нацыянальнага бела-чырвона-белага сцяга.

Славутая Ааршанская бітва

У пятніцу 8 верасня 1514 года «на Рожество Пресвятыя Богородіцы» а 9-й гадзіне раніцы войска князя Канстанціна Іванавіча Астрожскага было ўжо пастаўлена ў баявых парадках на поле бітвы. Як тады было звычаем, перад бітвай святары з абодвух бакоў адслужылі малебень за перамогу.

Пры гэтым трэба нагадаць, што ў беларускім войску, таксама як і ў маскоўскім, за перамогу маліліся праваслаўныя святары і воіны. Большасць у войску К. І. Астрожскага, як і ён сам, складалі праваслаўныя баяры-шляхта. У аддзелах яго войска малебень адслужылі і ксяндзы, бо ў войску было нямала і католікаў.

Пасля малітвы абодва крылы маскоўскай арміі крыху адышлі ад асноўнага войска, каб потым акружыць ворага з тылу. Галоўныя ж маскоўскія сілы засталіся ў баявых парадках у сярэдзіне поля, а некаторыя аддзелы нават прасунуліся наперад, каб выклікаць непрыяцеля на бой. Пасля гэтага перасоўвання на вольнай прасторы паміж беларускім і маскоўскім войскамі пачаліся «гарцы» — асобныя двубоі паміж вершнікамі з абодвух бакоў, каб заахвоціць астатніх воінаў да бітвы.

З невялікай прамовай па-беларуску да сваіх рыцараў звярнуўся Канстанцін Астрожскі. Ён нагадаў пра слаўныя баявыя традыцыі продкаў, заклікаў быць мужнымі, абараняць ад ворага Бацькаўшчыну. Пасля прамовы Астрожскі загадаў конным палкам вольна рушыць наперад. Гэта маскоўскія ваяводы палічылі сігналам да дзеяння. Затрубілі трубы, ударылі бубны. Сцягі і прапарцы (сцяжкі) распусцілі да бою.

Атаку пачаў полк правай рукі маскоўскага войска на чале з князем Міхаілам Іванавічам Булгакавым-Голіцам. Асобныя аддзелы I. Чаляднін паслаў на флангі, каб адразу зайсці ў тыл ворагу. Адбіўшы першую атаку непрыяцеля, беларускія вершнікі, якія атрымалі падмацаванне, пачалі самі наступаць. Полк Сампалінскага, які складаўся з цяжкай кавалерыі, адпаведна ўзброенай і з моцнымі даспехамі, праскочыўшы галопам перад фронтам беларускага палка, што заняў пазіцыю ў цэнтры поля бітвы, нанёс ворагу выт па флангу. Польскія вершнікі з доўгімі дзідамі валілі з коней маскоўскіх воінаў. М. Стрыйкоўскі ў сваёй «Кроніцы» распавядае, што ў паветры свісталі стрэлы, чуўся звон шабель, гучалі стрэлы з агнястрэльнай зброі. Вершнікі набіралі тэмп, уразаліся ў шэрагі маскоўскага войска. Разгарэлася жорсткая бітва.

Князь Міхаіл Булгакаў-Голіца таксама атрымаў падмацаванне і ўзнавіў шэрагі свайго фронту. Маскоўскія сілы на правым флангу пачалі другую атаку. Беларускія рыцары і польскія саюзнікі ўстаялі. Але нечакана яны расступіліся, і вораг апынуўся перад пяхотай. Пяхота, страляючы з рушніц (пішчаляў), збіла з коней шмат маскоўцаў. Шэрагі маскоўскага палка памяшаліся. У гэты момант Канстанцін Астрожскі звярнуўся да рыцараў: «Гэй! Вось цяпер наперад, дзеці!» (Для таго часу ён быў ужо стары. Яму было тады 54 гады). Ён казаў ім пра ўжо недалёкую перамогу і трыумф, пра тое, што непрыяцель ужо «млее». Заклікаў «мілых братоў» аднавіць мужнасць у гэтай хвілі: «Цяпер будзьце мужамі, няхай кожны адновіць дзельнасць, бо шэрагі непрыяцеля ўжо паблыталіся. На нашым баку стаіць сам Бог і дадае нам з неба абарону». Астрожскі заклікаў усіх ісці смела ў бой за ім, бо ён першы ставіць сваю галаву ў ахвяру і першы ідзе ў атаку на ворага з шабляй у руцэ, каб яе акрывавіць. Ен напомніў рыцарам пра слаўныя бітвы іх продкаў і каб яны чуліся сынамі сваіх бацькоў. Асаблівасці прамовы, перададзенай храністам, паказваюць, што яна была сказана па-беларуску. Гэтая прамова славутага палкаводца псіхалагічна ўздзейнічала на беларускіх воінаў, і па яго закліку яны зноў рушылі ў атаку.

Зноў пачалася жорсткая бітва. Канстанцін Астрожскі, размахваючы гетманскай булавой, зноў вёў у атаку сваіх рыцараў. Яны збівалі ворага дзідамі і секлі мячамі. Урэшце маскоўская конніца Булгакава-Голіцы была зламана, разбіта і ў беспарадку кінулася наўцёкі. Беларуская конніца і полк Сампалінскага ўварваліся ў другую лінію маскоўскага войска. Яны гналі рэшткі маскоўскага палка правай рукі і забівалі ўцекачоў, ужо няздольных весці бой.

Аднак Чаляднін не дапамог Булгакаву-Голіцы. Гэта тлумачыцца суперніцтвам паміж маскоўскімі галоўнымі ваяводамі і жаданнем кожнага з іх атрымаць перамогу самастойна, каб выслужыццца перад вялікім князем. Нават пасля разгрому войска, якім камандаваў Булгакаў-Голіца, у Чалядніна заставалася воінаў больш, чым у Канстанціна Астрожскага.

Поделиться с друзьями: