ЖАНРЫ

Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.

Грицкевич Анатолий Петрович

Шрифт:

Маладым чалавекам Станіслаў Аўгуст Панятоўскі праявіў цікавасць да палітыкі, па-за якой не змог застацца, бо найбліжэйшыя сваякі маці — Чартарыйскія («Фамілія») — якраз займалі кіруючыя пазіцыі ў палітычным жыцці Рэчы Паспалітай. Ён добра пазнаёміўся з сітуацыяй у краіне. У 1755 г. Станіслаў Аўгуст атрымаў ганаровы тытул стольніка літоўскага (калісьці ў пануючага вялікага князя стольнік займаўся справамі забеспячэння стала падчас урачыстых прыёмаў). Атрымаў таксама староства Пшэмысльскае, з якога меў даходы. Іншых пасад Станіслаў Аўгуст не атрымаў, так што меў даволі сціплыя тытулы ў параўнанні з іншымі магнатамі.

Малады Панятоўскі перайшоў на дыпламатычную службу, але не ў пасольствах Рэчы Паспалітай, а іншых дзяржаў, што тады не лічылася заганным. У 1755–1756 і 1757–1758 гг. знаходзіўся ў Пецярбургу спачатку як сакратар саксонскага пасла. Прыгожы, інтэлігентны і далікатны малады граф звярнуў на сябе ўвагу вялікай княгіні Кацярыны Аляксееўны, жонкі спадкаемцы расійскага трона, вялікага князя Пятра Фёдаравіча, старэйшай за Панятоўскага на два з паловай года. Пачаўся бурны раман, вялікая княгіня зацяжарыла. Нарадзілася дачка Ганна, якую Панятоўскі і ўвесь расійскі двор лічыў дачкой Станіслава Аўгуста Панятоўскага, хаця фармальна яна была дачкой мужа вялікай княгіні. Станіслаў Аўгуст нават хацеў, каб Кацярына Аляксееўна разышлася з мужам і выйшла замуж за яго. Тады ён мог бы прэтэндаваць на польскую карону. Але ў Кацярыны Аляксееўны былі зусім іншыя планы. Ды і дзяўчынка хутка памерла. Панятоўскі вельмі перажываў яе смерць, бо моцна любіў дзіця.

Праз Станіслава Панятоўскага англійскі пасол у Пецярбургу Уільямз звязаўся з вялікай княгіняй, падтрымаў яе ў прыдворных інтрыгах і даваў ёй буйныя грашовыя субсідыі, як і кіраўнікам знешнепалітычнага ведамства Расіі, што не лічылася заганным і крымінальным, але на палітыку ўплывала. У 1758 г. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі вярнуўся на радзіму. Ад яго рамана з вялікай княгіняй засталася перапіска.

Надзеі ўжо не было. Кацярына пакахала гвардзейскага афіцэра Рыгора Арлова, а потым, у 1762 г., у выніку палацавага перавароту была абвешчана ўсерасійскай імператрыцай Кацярынай II (яе муж, Пётр III, быў забіты праз некалькі дзён пасля перавароту). Аднак Кацярына II не забылася на свайго былога каханка. Ведаючы ягоны характар і яго ранейшыя пачуцці да яе, яна лічыла, што лепшай кандыдатуры на каралеўскі пасад у Варшаве для яе, а значыць, і для Расіі не трэба. Праз яго можна будзе праводзіць неабходную для Расійскай імперыі палітыку ў Рэчы Паспалітай. І не трэба ўжо будзе ўзгадняць кандыдатуру саксонскага прынца на выпадак смерці караля Аўгуста III з Аўстрыяй і Прусіяй. Расія ўжо была дастаткова моцнай, каб самастойна правесці на каралеўскі трон прыхільную да яе кандыдатуру.

Абранне каралём

5 кастрычніка 1763 г. памёр кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аўгуст III (Саксонскі). Каралеўскі пасад у Рэчы Паспалітай стаў вакантным. Пачалася падрыхтоўка да выбараў новага караля.

Але Расія падрыхтавалася яшчэ раней. Неўзабаве пасля ўступлення на трон імператрыца Кацярына II у рэскрыпце расійскаму пасланніку ў Варшаве Г. К. Кайзерлінгу (8 лютага 1763 г.) у сувязі з чуткамі аб хваробе і магчымай смерці караля Аўгуста III паставіла задачу абраць караля, які быў бы цалкам падпарадкаваны ёй. Царыца загадала патрабаваць ад кандыдата ў каралі за яе падтрымку перадачы Расіі часткі тэрыторыі Рэчы Паспалітай і выдачы многіх тысяч сялян, якія ўцяклі з Расіі. 6 кастрычніка 1763 г. на нарадзе ў Кацярыны II былі пацверджаны гэтыя патрабаванні і прыняты праект па тэрытарыяльным пытанні, у якім вызначаліся вобласці, што павінны быць перададзены Расіі. Новая мяжа цалкам супадала з той, што была ўстаноўлена Расіяй потым, паводле першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. Такім чынам, ужо ў 1763 г. Кацярына II першай паставіла пытанне аб далучэнні да Расіі ўсходняй і паўночнай частак Беларусі і ўсходняй часткі Латвіі. Пры гэтым расійскі царызм выступаў супраць падзелаў Рэчы Паспалітай з іншымі дзяржавамі, лічачы лепш мець слабага і цалкам залежнага ад Расіі суседа на сваёй заходняй мяжы.

А ў Рэчы Паспалітай паміж магнацкімі групоўкамі Чартарыйскіх і Патоцкіх ішла барацьба за трон.

Групоўка Чартарыйскіх, зыходзячы з пажаданняў Кацярыны II, вылучыла кандыдатуру свайго пляменніка — Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Патоцкія і іх «саксонска-рэспубліканская партыя» былі прыхільнікамі Фрыдрыха Хрысціяна (1722–1763), старэйшага сына Аўгуста III, але ён, курфюрст саксонскі, памёр праз два з паловай месяца пасля смерці бацькі, а ягоны сын Фрыдрых Аўгуст III (1750–1827) быў яшчэ падлеткам і для саксонскага трона прыдатны, а для польскага — не. Пазней Напалеон усё ж такі перадаў яму ў 1807 г. трон Вялікага княства Варшаўскага.

Па просьбе Чартарыйскіх Кацярына II паслала ў Рэч Паспалітую расійскія войскі. Адным з кіраўнікоў групоўкі Патоцкіх быў Кароль Радзівіл (Пане Каханку). У 1764 г. на Беларусі і Літве прыхільнікі Чартарыйскіх стварылі генеральную канфедэрацыю, якая выступіла супраць Радзівілаў. Пачаліся ваенныя дзеянні. Беларускае-літоўскае войска сумесна з расійскімі атрадамі ў чэрвені 1764 г. захапіла радзівілаўскія крэпасці Нясвіж і Слуцк. Войска Радзівіла было разбіта, а сам ён уцёк за мяжу. Ягоныя ўладанні часова перайшлі ў кіраванне літоўскай генеральнай канфедэрацыі. У Польшчы праціўнікі Чартарыйскіх таксама былі падаўлены.

Абапіраючыся на сярэднюю шляхту, Чартарыйскія на канвакацыйным сойме (папярэднічаў выбарчаму і выпрацоўваў умовы, з якімі мусіў пагаджацца кароль пры абранні на выбарчым сойме), які адбыўся ў маі-чэрвені 1764 г., паспрабавалі правесці памяркоўныя рэформы дзяржаўнага ладу дзеля ўмацавання цэнтральнай улады. На сойме было абмежавана ўжыванне права ліберум вета (аднагалоссе), дэпутаты не абавязаны былі прытрымлівацца інструкцыі соймікаў, калі інструкцыі разыходзіліся з думкай большасці сойма. Былі прынятыя пастановы аб упарадкаванні фінансаў і суда, павелічэнні войска. Аднак у той няпэўнай сітуацыі, калі шмат хто выступаў супраць рэформаў, Чартарыйскія не пагадзіліся на перадачу Расіі Усходняй Беларусі.

На выбарчым сойме, пад аховаю расійскіх войскаў і прыватных войскаў Чартарыйскіх («Фаміліі»), 6 верасня 1764 г. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі быў абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім, рускім і жамойцкім. Каранаваўся ён 25 лістапада таго ж года. На каранацыйным сойме 1764 г. браты караля і іх нашчадкі атрымалі княжацкі тытул.

Абранне на трон Станіслава Аўгуста адбылося ў неспрыяльных абставінах чарговай акупацыі краіны расійскімі войскамі. Папярэдне, 11 красавіка 1764 г. паміж Расіяй і Прусіяй быў заключаны саюзны дагавор, згодна з сакрэтным артыкулам якога абедзве дзяржавы ўзялі на сябе абавязак ахоўваць сілай зброі дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай, не дапускаючы сур'ёзных рэформаў і ўзмацнення дзяржаўнага ладу і цэнтральнай улады ў краіне. Ужо ў 1765 г. Кацярына II у сваёй ноце заявіла сойму Рэчы Паспалітай аб неабходнасці «ўрэгулявання межаў паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй».

Панаванне Станіслава Аўгуста

Станіслаў Аўгуст не адразу стаў марыянеткай у руках Кацярыны II. Разам са сваімі сваякамі Чартарыйскімі ён спрабаваў вызваліцца ад поўнай залежнасці ад Расіі, шукаў шляхоў да саюзу з Аўстрыяй і Францыяй, каб супрацьстаяць Расіі і Прусіі. Ва ўнутранай палітыцы ён прагнуў пагаднення з групоўкай Патоцкіх («рэспубліканцамі»), каб усё ж такі адстаяць незалежнасць дзяржавы. Але кансерватыўная групоўка магнатаў засталася непрыхільнай да караля, захаваўшы свае погляды на дзяржаўны лад і свае сімпатыі да Саксонскай дынастыі.

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі спрабаваў стварыць сваю групоўку з шляхты цэнтрысцкага характару. Але ажыццяўленне задумы прывяло да канфлікту з Чартарыйскімі, якія не хацелі саступаць каралю. Тым не менш першыя спробы рэформаў у 1764–1766 гг. праводзіліся разам з Чартарыйскімі, аднак яны былі перапынены Расіяй. Кацярына II выкарыстала дысідэнцкае пытанне (аб правах хрысціян-некатолікаў) і разам з Прусіяй запатрабавала ўраўнавання ў правах з католікамі пратэстантаў і праваслаўных, якія ў гэты перыяд складалі толькі 5 % насельнікаў дзяржавы. Пры гэтым у афіцыйных дакументах узгадвалася толькі пратэстанцкая і праваслаўная шляхта, а не ўсё насельніцтва. Кацярына II патрабавала даць ёй права займаць дзяржаўныя пасады. Пасля адмовы сойма ў Рэчы Паспалітай былі створаны з дапамогай расійскіх грошай шляхецкія канфедэрацыі пратэстантаў і праваслаўных і зноў уведзены расійскія войскі. Сойму ў лютым 1768 г. быў навязаны дагавор — «вечны трактат», у якім Расія гарантавала «кардынальныя правы»: захаванне анархічнага дзяржаўнага ладу, ліберум вета, выбарнасць караля, непахіснасць шляхецкіх прывілеяў, а таксама ўраўнаванне правоў праваслаўнай і пратэстанцкай шляхты разам з каталіцкай у заняцці дзяржаўных пасад.

Аднак дамогшыся сваёй мэты захавання анархічнага ладу дзяржавы пад расійскім кантролем, Кацярына II больш ужо не звяртала ўвагі на рэлігійнае пытанне. Праўда, апазіцыі не ўдалося дэтранізаваць Станіслава Аўгуста, але ўлада караля была цяпер пад большым кантролем Расіі, чым раней.

Новым выпрабаваннем для караля стала дзейнасць Барскай канфедэрацыі (1768–1772), калі шырокія колы патрыятычна настроенай шляхты ўзняліся ў Полыпчы, Беларусі, Літве і на Украіне за аднаўленне сапраўднай незалежнасці Рэчы Паспалітай ад Расіі, супраць караля-«узурпатара». С. А. Панятоўскі вагаўся: ці дзейнічаць супраць канфедэратаў разам з Расіяй (бо расійскія войскі зноў былі ўведзены ў Рэч Паспалітую), ці праводзіць палітыку пасіўнага адпору Расіі (як раілі Чартарыйскія), ці паразумецца з барскімі канфедэратамі. Аднак канфедэраты 22 кастрычніка 1770 г. абвясцілі бескаралеўе і нават 3 лістапада 1771 г. арганізавалі на караля замах, праўда, няўдалы. Канфедэраты напалі на карэту Станіслава Аўгуста і захапілі яго, але ў цемнаце рассеяліся, і кароль здолеў вярнуцца ў палац.

Поделиться с друзьями: