ЖАНРЫ

Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.

Грицкевич Анатолий Петрович

Шрифт:

Панаванне Аўгуста III

Так ва ўмовах інтэрвенцыі пачалося панаванне навязанага Рэчы Паспалітай караля і вялікага князя. Але даволі хутка значная колькасць магнатаў і шляхты, з іх кансерватыўнымі поглядамі і жаданнем захаваць такое становішча, як было раней, не зважаючы на агульныя змены ў Еўропе ў XVIII ст., прымірылася з каралём і нават задаволілася тым, што федэратыўная дзяржава — Рэч Паспалітая (гэта значыць і Польшча, і Беларускае-Літоўскае гаспадарства) не рухалася наперад. У гэты час у шляхецкім асяроддзі была распаўсюджана прымаўка: «Пры каралі Сасе еш, пі і распускай пас». Шляхце падабаўся багаты каралеўскі стол: на абед у палацы падавалася не менш чым дваццаць страў. Ад гэтага пайшло крылатае выслоўе: «Я сёння еў, як кароль польскі». Шляхта і асабліва магнаты, перанялі ў караля любоў да раскошы. Але да караля вялікай любові ў шляхты не было.

Пацыфікацыйны (міратворчы) сойм, які засядаў у чэрвені — ліпені 1736 г., урэшце скончыў грамадзянскую вайну. Падчас панавання Аўгуста III гэта быў адзіны сойм, праведзены да канца. Наступныя соймы зрываліся дзякуючы правілу аднагалосся (ліберум вета). У асноўным інспіратарамі зрыву соймаў (ад 1738 да 1752 г.) была «рэспубліканская апазіцыя» на чале з Патоцкімі; яны выступалі супраць караля, а потым і Чартарыйскіх за захаванне так званых рэспубліканскіх вольнасцяў без каралеўскай цэнтральнай улады. Да зрыву соймаў мелі дачыненне таксама расійскі і прускі пасланнікі. Але і ў 1754–1762 гг. соймы таксама зрываліся. Наогул пры Аўгусце III было сарвана 14 соймаў. Ніводнага закону за гэты перыяд не было прынята. Цэнтральная ўлада была вельмі аслаблена. Фактычна кіраўніцтва дзяржавай было дэцэнтралізавана, а ўлада ў паветах перайшла да соймікаў, якія вырашалі фінансава-падатковыя праблемы зыходзячы з мясцовых, павятовых, задач і патрэбаў.

Сам Аўгуст III гэтай краіны не любіў і не ведаў. Ён так і не навучыўся гаварыць па-польску, ездзіў у Варшаву вельмі рэдка, і то пад прымусам абставін. Каб прымаць дзяржаўныя акты, трэба было знаходзіцца на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Аўгуст III прыязджаў з Саксоніі на некалькі дзён ці тыдняў у памежны горад Усхову, дзе адбываліся ягоныя нарады з Сенатам Рэчы Паспалітай, і намагаўся хутчэй вярнуцца ў Дрэздэн. Прыязджаў таксама на соймы. Двойчы наведаў Горадню, дзе збіраліся соймы ў 1744 і 1752 гг., але не столькі для удзелу ў соймах (дарэчы, сарваных), колькі дзеля паляванняў у Белавежскай пушчы. Аднак ліхалецце Сямігадовай вайны, калі прускія войскі займалі Саксонію, прымусіла Аўгуста III пераехаць у нейтральную Рэч Паспалітую.

Акрамя паляванняў у лясах Саксоніі, недалёка ад свайго замка Губертсбурга, Аўгуст III любіў страляць у сабак, якіх спецыяльна вабілі на двор ягонага замка, любіў выразаць фігуркі з паперы, ахвотна праводзіў час з прыдворнымі блазнамі. А ўвогуле гэта быў апатычны і недаступны чалавек, але вельмі давяраў сваім фаварытам, якіх праз некаторы час мяняў. Акрамя айцоў-езуітаў, спачатку вялікі ўплыў на караля меў ягонага сябра ў маладых гадах Аляксандр Юзаф Сулкоўскі, граф, а потым і князь Свяшчэннай Рымскай імперыі, лоўчы надворны літоўскі і першы міністр саксонскага кабінета (1733–1738), ён жа генерал саксонскай пяхоты. Але ў лютым 1738 г. Сулкоўскі патрапіў у няміласць караля і быў звольнены. Яго замяніў здольны і спрактыкаваны палітык — Генрых фон Бруль, які стаў і ягоным міністрам у Польшчы. Каля Аўгуста III былі ягоныя даўнейшыя прыхільнікі Я. Малахоўскі, Ліпскі, Я. Ф. Сапега, Я. К. Л. Браніцкі, Радзівілы, Вішнявецкія. У 1743 г. на першае месца ў Рэчы Паспалітай выйшлі Чартарыйскія, але ў 1752 г. «першую скрыпку» зноў займеў Бруль і Е. Мнішак (апошні прымірыў караля з Патоцкімі, якія былі ў апазіцыі).

З гэтага спісу трэба адзначыць Чартарыйскіх, якія, карыстаючыся даверам караля, намагаліся правесці неабходныя рэформы ў Рэчы Паспалітай: заснаваць спадчынную манархію, абмежаваць магнацкую алігархію і скасаваць ліберум вета. Але падтрымкі караля і ягонага двара не было, таму гэтая спроба скончылася няўдачай. Увогуле ж Аўгуст III цікавіўся рэформамі толькі ў той ступені, каб з іх дапамогай забяспечыць трон у Рэчы Паспалітай каму-небудзь са сваіх сыноў.

У асноўным магнаты Рэчы Паспалітай у перыяд панавання Аўгуста III падзяліліся на дзве групоўкі, якія аспрэчвалі ўладу ў краіне паміж сабой. Караля падтрымлівалі Чартарыйскія і іх шматлікія прыхільнікі, у тым ліку Радзівілы і Сапегі. Адзін з Чартарыйскіх, Міхал, доўгі час быў падканцлерам літоўскім (1752–1775). Ён меў вялікі ўплыў на падзеі ў Беларускай-Літоўскай дзяржаве. Арыентаваліся Чартарыйскія на Расію, а з 50-х гг. XVIII ст. і на Прусію.

Супраць караля і «прыдворнай партыі» Чартарыйскіх выступала групоўка на чале з Патоцкімі («рэспубліканцы», або «гетманская партыя»). Яны былі супраць абсалютызму, прыхільнікамі «залатой вольнасці» і захавання ліберум вета. Патоцкія атрымлівалі грашовыя сродкі ад урадаў Францыі і Расіі. У 40-я гады сябравалі з Прусіяй, а ў 50-я — сталі яе ворагамі. Менавіта апазіцыя і зрабіла марнымі спробы рэформаў на соймах 1746 і 1748 гг., сарваўшы іх.

Знешняя палітыка Аўгуста III

У знешняй палітыцы Аўгуст III арыентаваўся на Расію, бо дзякуючы ёй стаў каралём. Быў саюзнікам Расіі ўвесь час свайго панавання ў Рэчы Паспалітай і Саксоніі. Таму, маючы ў Пецярбургу падтрымку, Аўгуст III дазваляў сабе часам выступаць супраць Прусіі і Аўстрыі, спадзеючыся атрымаць частку аўстрыйскіх зямель пасля смерці апошняга Габсбурга — імператара Карла VI. Але ў гэтым кірунку актыўнай была Саксонія, якая ўдзельнічала ў еўрапейскіх войнах. Рэч Паспалітая захоўвала нейтралітэт. Але палітыка Аўгуста III ставіла Рэч Паспалітую ў рызыкоўнае становішча. Праз яе тэрыторыю на захад праходзілі расійскія войскі, побач узмацнялася Прусія.

Расія не лічылася з суверэнітэтам Рэчы Паспалітай. Калі ёй было патрэбна, яна ўводзіла войскі на тэрыторыю Беларусі. Так, у 1735 г. па загаду урада Ганны Іванаўны для гвалтоўнага захопу расійскіх стараабрадцаў, якія пасяляліся ў сваім замежным цэнтры — Ветцы і яе наваколлі, сюды праз дзяржаўную мяжу было накіравана 5 палкоў якім было даручана «ачысціць Ветку» і суседнія слабоды. Дамы стараабрадцаў і манастырскія пабудовы былі спаленыя. У Расію вывезена больш як 13 тысяч чалавек. Такая ж акцыя была праведзена пазней (у 1764 г.), калі генерал Маслаў з двума палкамі вывеў у Расію 20 тысяч чалавек. Рэйды расійскіх войскаў на тэрыторыю нашай дзяржавы атрымалі назву «веткаўскія выгонкі». Расія таксама падтрымала паўстанне ў Крычаўскім старостве ў канцы 1743 — пачатку 1744 г., каб мець зачэпку для ўмяшання, калі гэта спатрэбіцца. Па загаду расійскіх улад камандзір расійскага пагранічнага фарпоста (заставы) падтрымліваў сувязь з Васілём Вашчылам.

Падчас вайны за аўстрыйскую спадчыну паміж еўрапейскімі краінамі (1740–1748) Саксонія прыняла ўдзел у вайне на баку Прусіі супраць Аўстрыі, а пасля перайшла на бок Аўстрыі. Аўгуст III хацеў атрымаць ад Аўстрыі «калідор» праз Сілезію ад Саксоніі да Польшчы. Прускі кароль Фрыдрых II у 1745 г. разбіў аўстра-саксонскую армію. Быў заняты Дрэздэн. Згодна з падпісаным мірам, Сілезія адышла ад Аўстрыі да Прусіі (была занята яшчэ ў 1742 г.), а Саксонія не атрымала нічога. Тэрыторыя Польшчы цяпер была абкружана паўколам прускімі валоданнямі на захадзе і поўначы.

Праўда, Аўгуст III пасля падпісання мірнага трактата з Прусіяй (25 снежня 1745 г. у Дрэздэне) падпісаў на пяць гадоў саюзны дагавор Саксоніі з Францыяй, атрымліваючы за гэта субсідыі ад французскага караля Людовіка XV. А калі скончылася дзеянне гэтага дагавора, то ў 1751 г. падпісаў такі ж дагавор з Англіяй, ахвяруючы ёй 6000 саксонскіх салдат за цяпер ужо англійскія субсідыі. Такая палітыка хістання паміж Англіяй і Францыяй прывяла ўрэшце да таго, што падчас Сямігадовай вайны (1756–1763) прускі кароль Фрыдрых II, супраць якога выступіла Саксонія разам з Аўстрыяй, Расіяй і Францыяй, нанёс паражэнне саксонскай арміі (капітулявала 15 кастрычніка 1756 г. каля Пірны). Аўгуст III мусіў ратавацца ў Варшаве, а пруская армія з невялікім перапынкам рабавала Саксонію ажно да вясны 1763 г.

І хаця Рэч Паспалітая заставалася нейтральнай і падчас Сямігадовай вайны, тэрыторыя яе выкарыстоўвалася абодвума бакамі для сваіх мэтаў. Праз яе праходзілі туды і сюды расійскія, прускія, а часам і аўстрыйскія войскі. Дзяржава не ўдзельнічала ў вайне, аднак насельніцтва яе шмат цярпела ад іншаземных салдат. Расія авалодала камунікацыямі, карысталася прадуктамі харчавання і зімовымі кватэрамі на тэрыторыі Беларусі і Польшчы. Пры гэтым расійскія генералы не лічыліся з насельніцтвам, рабавалі яго пад выглядам дапамогі расійскай арміі. У сваю чаргу, прускі кароль Фрыдрых II у 1760 г. накіраваў свае войскі ў Польшчу, у Пазнанскае ваяводства, і абвясціў маніфест, у якім заявіў, што будзе карыстацца ўсімі прывілеямі, якія мелі ў гэтай краіне расійскія войскі.

Поделиться с друзьями: