ЖАНРЫ

Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.

Грицкевич Анатолий Петрович

Шрифт:

Падчас першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. (калі пад наглядам Кацярыны II дыпламаты Расіі, Прусіі і Аўстрыі падпісалі ў Пецярбургу канвенцыю) Станіслаў Аўгуст Панятоўскі спрабаваў пратэставаць і звярнуўся да еўрапейскіх двароў, але ніводная дзяржава не прыйшла яму на дапамогу. Суседнія манархі ва ўмовах чарговай расійскай акупацыі (расійскія войскі, якія змагаліся з барскімі канфедэратамі, заставаліся ў краіне і гарантавалі падзел) падзялілі дзяржаву. Расія забрала тэрыторыю з гарадамі Дынабург, Полацк, Віцебск, Орша, Магілёў і мястэчкам Гомель. Прусіі Кацярына II згадзілася аддаць Памор'е, а Аўстрыі — Галіцыю (Заходнюю Украіну) і паўднёвую частку Полыпчы.

Пасля першага падзелу Станіслаў Аўгуст Панятоўскі паступова ўзмацніў сваю ўладу падчас барацьбы за яе паміж рознымі магнацкімі групоўкамі. У 1775 г. была створана Пастаянная рада, якая складалася з караля, 18 сенатараў і 18 дэпутатаў сойма, у 1773 г. — Адукацыйная камісія (першае ў Еўропе міністэрства адукацыі). Былі прыняты рашэнні, накіраваныя на паляпшэнне гандлю і прававога становішча гараджан, на развіццё прамысловасці. Кароль пераўтварыў Пастаянную раду ў орган цэнтральнай выканаўчай улады і імкнуўся ліквідаваць анархічны дзяржаўны лад.

Але давялося Станіславу Аўгусту пайсці на кампраміс з Кацярынай II і прызнаць над сабой кантроль расійскага пасла графа А. М. фон Штакельберга. Гэтым ён на пэўны час захаваў абарону тэрыторыі Польшчы ад далейшай прускай і аўстрыйскай анексіі. С. А. Панятоўскі дамагаўся ад Кацярыны II саюзу і яе згоды на павелічэнне арміі і правядзенне рэформаў, а таксама на забеспячэнне спадчыннасці трона для свайго пляменніка Станіслава Панятоўскага (1751–1833), які быў шэфам гвардыі пешай кароннай, а потым падскарбіем вялікім літоўскім у 1784–1791 гг. На сойме 1776 г. каралю ўдалося абмежаваць уладу гетманаў і падпарадкаваць войска. Але правядзенне далейшых рэформаў Расія не дазваляла. Супраць караля Расія падтрымлівала магнацкую апазіцыю на чале з гетманам вялікім каронным графам Я. К. Браніцкім, а пазней ваяводам рускім, графам С. Ш. Патоцкім.

І ўсё ж такі каралю ўдалося ў 1775–1778 гг. стварыць сваю групоўку, у якую ўвайшлі нават былыя канфедэраты. Гэта добра паказаў Адам Міцкевіч у асобе Мацька пад Мацькамі, які «з канфедэрата стаў прыхільнікам караля і падтрымліваў Тызенгаўза, падскарбія літоўскага».

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі падтрымліваў асветніцтва і адукацыю, быў мецэнатам, ініцыятарам выдання газеты «Манітор», апекаваўся тэатрам і мастацтвам, намагаючыся ўзняць прэстыж Рэчы Паспалітай у Еўропе. Пры двары Станіслава Аўгуста былі сабраны найлепшыя мастакі і скульптары. У гэты час быў перабудаваны Каралеўскі палац у Варшаве, палацавы ансамбль у Лазенках. Кароль адчыніў пры палацы мастацкую школу, высылаў стыпендыятаў на вучобу за мяжу. Ён збіраў калекцыі гіпсавых бюстаў, гем і камей, манет, сабраў галерэю карцін. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі рыхтаваў адкрыццё акадэміі мастацтва, акадэміі навук і літаратуры, нацыянальнага музея. Асабіста падтрымліваў адкрыццё мануфактур, у тым ліку на Беларусі (з дапамогай А. Тызенгаўза), спрыяў прамысловай здабычы солі.

Апошнія гады панавання

Адносная раўнавага ў палітычным жыцці Рэчы Паспалітай была пахіснута дзеяннямі апазіцыі, якая прадстаўляла шырокія колы прагрэсіўнай шляхты і мяшчан (шляхецка-буржуазнага блоку). Гэты блок на Чатырохгадовым сойме (1788–1792) правёў шматлікія і грунтоўныя рэформы, набліжаючы дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай да рэвалюцыйных змен Вялікай Французскай рэвалюцыі канца XVIII ст.

Кароль, насуперак жаданню расійскага пасла ў Варшаве графа А. М. фон Штакельберга, пайшоў на пагадненне з рэфарматарамі, кіраўнікамі сойма, супрацоўнічаў з імі. У снежні 1790 г. ён перадаў у сойм свой праект рэформы дзяржаўнага ладу, у якім прапаноўваў больш моцны манархічны лад і мадэрнізацыю дзяржаўнага апарату, але захоўваў саслоўны парадак. У значнай ступені прапановы караля былі ўкладзены рэфарматарамі ў прынятую 3 мая 1791 г. Канстытуцыю (Урадавую ўставу). Гэта падняло аўтарытэт караля, асабліва сярод мяшчанства, якому былі нададзены пэўныя правы.

У 1792 г. збройная інтэрвенцыя Расіі спыніла рэформы. Праціўнікі рэформаў — удзельнікі Таргавіцкай канфедэрацыі, - ідучы ў абозе царскіх войскаў, захапілі ўладу ў Вялікім Княстве Літоўскім і Польшчы. Да канфедэрацыі далучыўся і кароль, санкцыянаваўшы інтэрвенцыю і скасаванне рэформаў Чатырохгадовага сойма. На караля легла адказнасць як на капітулянта, які спыніў збройны адпор інтэрвентам. Цяпер Кацярына II трымала свае войскі ў Рэчы Паспалітай пастаянна. Кіраўнікі рэфарматараў вымушаны былі эміграваць і рыхтавалі паўстанне ў Польшчы, Беларусі і Літве. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі падчас працы апошняга сойма Рэчы Паспалітай у Горадні (улетку 1793 г.) ужо дзейнічаў цалкам пад кантролем расійскага пасла графа Я. Я. Сіверса, калі сойм мусіў пагадзіцца з другім падзелам Рэчы Паспалітай, ад якой Кацярына II адарвала цэнтральную частку Беларусі і Правабярэжную Украіну, а Заходнюю Польшчу аддала Прусіі. Станіслаў Аўгуст санкцыянаваў вынікі другога падзелу Рэчы Паспалітай.

Падчас паўстання 1794 г. у Польшчы, Беларусі і Літве пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі (начальнік паўстання) кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі быў адхілены ад улады і займаў фармальнае становішча. Ён нават асцерагаўся за сваё жыццё. Яго малодшы брат, Міхал Ежы, арцыбіскуп гнезненскі, абвінавачаны ў здрадзе на карысць Прусіі і Расіі, каб пазбегнуць лінчавання натоўпам, скончыў жыццё самагубствам.

Пасля паражэння паўстання 1794 г. Станіслаў Аўгуст па загаду Кацярыны II выехаў з Варшавы ў Горадню, дзе жыў у каралеўскім палацы да смерці Кацярыны II. У Горадні ён даведаўся аб трэцім падзеле Рэчы Паспалітай і ліквідацыі дзяржавы. Тут 25 лістапада 1795 г. ён падпісаў акт адрачэння ад кароны на карысць Кацярыны II. Гэтым актам спынялася існаванне Рэчы Паспалітай і дзяржаўнасці Польшчы і Беларускага-Літоўскага гаспадарства. Калі Кацярына II памерла (лістапад 1796 г.), Павел I выклікаў Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Санкт-Пецярбург, дзе кароль пражыў да канца жыцця. Яму быў захаваны тытул караля і невялікі двор. Павел I ставіўся да яго з сімпатыяй і нават аднойчы пацікавіўся ў Панятоўскага, ці не з'яўляецца ён ягоным бацькам, як некаторыя гаварылі, але Панятоўскі не мог даць пэўнага адказу.

Кароль пісаў мемуары, у якіх апраўдваў сваю палітыку. Памёр ён у Санкт-Пецярбургу ў Мармуровым палацы 12 лютага 1798 г. і быў пахаваны ў каталіцкім касцёле на Неўскім праспекце. У 1938 г. рэшткі яго праху перададзены савецкім урадам польскім уладам і перапахаваны ў Троіцкім касцёле ў Воўчыне (Брэсцкая вобласць), дзе нарадзіўся Станіслаў Аўгуст. Пасля Другой сусветнай вайны грабніцу з прахам караля разрабавалі. Урна з прахам караля была разбіта настаўніцай-камсамолкай. У канцы 80-х гг. XX ст. сімвалічны прах караля перавезены ў Польшчу. Ад Троіцкага касцёла засталіся рэшткі. Пасля вайны ён выкарыстоўваўся як збожжасховішча.

У 1784 г. Станіслаў Аўгуст уступіў у марганатычны (законны, але без права перадачы каралеўскай годнасці) шлюб з удавой генерал-інспектара Войска Літоўскага Эльжбетай Грабоўскай і меў ад яе сына, які насіў прозвішча Грабоўскі. Пляменнік караля — Юзаф (1763–1813) — меў тытул ваеннага міністра і галоўнакамандуючага войскамі Варшаўскага вялікага Княства, камандуючага 5-м (польскім) корпусам арміі Напалеона падчас франка-расійскай вайны 1812 г., пазней ён — маршал Францыі. Ад сына старэйшага брата караля засталіся нашчадкі, якія жывуць у Францыі. Адзін з князёў Панятоўскіх — Мішэль — у 1973–1974 гг. быў міністрам аховы здароўя і сацыяльнага забеспячэння, а ў 1974–1977 гг. — міністрам унутраных спраў Францыі.

Станіслаў Булак-Балаховіч (1883–1940)

Пасля доўгага замоўчвання беларускімі гісторыкамі савецкага часу ўжо у 90-я гады мінулага стагоддзя беларускія нацыянальныя гісторыкі вярнулі з часовага нябыту імя аднаго з найактыўнейшых беларускіх вайсковых і палітычных дзеячаў — генерала Станіслава Булак-Балаховіча. Акрамя аўтара гэтых радкоў трэба згадаць працы Алега Латышонка з Беластока, Алеся Бяляцкага з Мінска. Артыкулы, прысвечаныя генералу і яго паходу ў Палессе, планаванаму як пачатак вызвалення Беларусі ад панавання ў ёй бальшавіцкай Расіі, увайшлі ў «Энцыклапедыю гісторыі Беларусі» і «Беларускую Энцыклапедыю». У Польшчы ў 1993 г. выйшла кніга М. Цабаноўскага «Генерал Станіслаў Булак-Балаховіч. Забыты герой». Вывучэнне біяграфіі С. Булак-Балаховіча і яго вайсковай і палітычнай дзейнасці працягваецца. Забытыя імёны Бацькаўшчыны вяртаюцца.

Маладосць. Першая сусветная вайна

Станіслаў Нікадзімавіч Булак-Балаховіч (10.02.1883–10.05.1940) нарадзіўся ў невялічкім маёнтку Мэйшты Відзаўскай воласці Браслаўскага павета Ковенскай губерні (за 10 км на паўночны захад ад Відзаў, цяпер у Шуленайскай апілінцы — воласці Літвы каля літоўска-беларускай мяжы). Яго бацька, Нікадзім Міхаіл, беларус-католік, працаваў кухарам ва ўладальнікаў маёнтка Мэйштовічаў, а маці, Юзэфа з Шафранаў, полька, была пакаёўкай. Паводле сямейнага падання Станіслаў Булак-Балаховіч паходзіў з дробнай беларускай шляхты.

Поделиться с друзьями: