Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
У год (1665), калі нарэшце наладзілася сямейнае жыццё, Ян Сабескі стаў маршалкам вялікім каронным (лічыўся першым міністрам, вышэй за канцлера). Падчас рокашу гетмана польнага Е. С. Любамірскага, які выступіў супраць рэформаў дзяржаўнага ладу ў Рэчы Паспалітай, Сабескі ўзяў бок караля. Але часта ад'язджаў з войска, каб сустракацца з маладой жонкай. У 1666 г. атрымаў ад караля булаву гетмана польнага кароннага. Ваяваў ён супраць ракашан Е. С. Любамірскага неахвотна, нават пацярпеў паразу і ў ліпені 1666 г. з радасцю падпісаў з імі пагадненне, якое скончыла грамадзянскую вайну. Планы рэформаў былі перакрэслены. «Залатая вольнасць» шляхты і магнатаў захавалася.
Вайсковая i дзяржаўная дзейнасць
Толькі скончылася грамадзянская вайна, а ўжо зноў пачалася новая вайна на Украіне. Гетман Правабярэжнай Украіны Пётр Дарашэнка разам з крымскімі татарамі выступаў супраць Кароны. Андрусаўскае перамір'е паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй у студзені 1667 г. паказала, што ваяваць Рэч Паспалітая і Расія ўжо больш няздольныя. Тады Турцыя выступіла супраць Рэчы Паспалітай, узяўшы пад сваю апеку казакоў і крымскіх татараў. Казацка-татарскае войска (да 30 тысяч чалавек) гетмана Дарашэнкі рушыла на Львоў Насустрач выступіў атрад з невялікімі сіламі (3 тысячы конніцы, пяхоты і артылерыі). 6 кастрычніка 1667 г. адбылася бітва каля Падгайцаў (на ўсход ад Галіча). Войску Сабескага дапамагалі ўкраінскія сяляне, якія раней уцяклі ў Падгайцы. Атакі казакоў і татараў былі адбіты, і яны былі вымушаны заключыць мір, бо ў гэты час запарожцы на чале з атаманам Іванам Сірко напалі на Крымскае ханства (гэта той Сірко, што з'яўляецца аўтарам вядомага ліста запарожцаў да турэцкага султана: «Ты шатане турэцкі, чорта праклятага брат і таварыш…»).
Перамога пад Падгайцамі прынесла Яну Сабескаму вялікі аўтарытэт сярод шляхты. У лютым 1668 г. кароль Ян Казімір надаў яму годнасць вялікага гетмана кароннага.
Падчас выбараў новага караля ў 1669 г. (пасля адрачэння ад трона Яна Казіміра) Сабескі падтрымаў кандыдатуру прынца Луі дэ Кандэ, сваяка французскага караля. Але шляхта абрала каралём Міхала Карыбута Вішнявецкага. Ян Сабескі разам з галавой каталіцкай царквы ў Рэчы Паспалітай арцыбіскупам М. Пражмоўскім стаў на чале апазіцыі. Але апазіцыя вымушана была спыніць атакі на караля. На краіну напала Турцыя, а перш за ўсё крымскія татары. У 1671 г. Сабескі ў некалькіх бітвах разбівае крымскіх татараў на Украіне. Але туркі ў жніўні 1672 г. прымусілі капітуляваць моцную крэпасць Камянец-Падольскі, захапілі некалькі гарадоў. Крымскія татары рабавалі Украіну. Гетман Ян Сабескі з невялікімі сіламі нанёс паражэнне крымскім татарам. Тым не менш Рэч Паспалітая мусіла заключыць з Турцыяй ганебны Бучацкі мір і перадаць Турцыі Падолію, а Брацлаўскае ваяводства і паўднёвую частку Кіеўскага — казацкаму гетману Пятру Дарашэнку, васалу султана. Польшча павінна была плаціць штогадовую даніну султану.
У сакавіку 1673 г. кароль Міхал і апазіцыя прыйшлі нарэшце да згоды. Сойм адхіліў Бучацкі мірны дагавор, і вайна з Турцыяй працягвалася. Гетман вялікі каронны Ян Сабескі сабраў 40-тысячнае польскае войска. Да яго далучылася 12-тысячнае беларускае-літоўскае войска на чале з гетманам вялікім літоўскім Міхалам Казімірам Пацам і гетманам польным літоўскім Міхалам Казімірам Радзівілам. 11 лістапада 1673 г. аб'яднанае войска на чале з Янам Сабескім нанесла знішчальную паразу турэцкай арміі Хусейна-пашы. Гэтая перамога перапыніла наступ турэцкіх войскаў і ўславіла Яна Сабескага. За адзін дзень да вырашальнай бітвы памёр кароль Міхал Карыбут Вішнявецкі. Трон стаў вакантным.
Ян Сабескі — кароль
19 мая 1674 г. на выбарчым полі Ян Сабескі быў абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім. Супраць ягонае кандыдатуры актыўна выступіла прааўстрыйская групоўка магнатаў Вялікага Княства Літоўскага. Яе ўзначальвалі Пацы: канцлер вялікі літоўскі Крыштаф Пац, яго стрыечны дзядзька Міхал Казімір — гетман вялікі літоўскі і ваявода віленскі, брат апошняга Казімір — біскуп жмудскі. Яны патрабавалі аднагалоснага выбару, не хацелі прызнаваць Марысеньку каралевай, а сына Якуба — каралевічам. Аднак Сапегі і Радзівілы падтрымалі новаабранага караля, і 5 чэрвеня 1674 г. ён прынёс прысягу. З-за вайны з туркамі каранацыю адклалі, і яна адбылася ў лютым 1676 г. на сойме ў Кракаве.
У сувязі з моцнай апазіцыяй каралю Яну Сабескаму ў Беларускай-Літоўскай дзяржаве з боку прааўстрыйскай групоўкі на чале з Пацамі кароль пачаў пры нагодзе вылучаць на вышэйшыя пажыццёвыя пасады прадстаўнікоў сям'і Сапегаў якія, у сваю чаргу, падтрымлівалі караля. Радзівілы на чале са шваграм караля, уладальнікам Нясвіжа Міхалам Казімірам Радзівілам, натуральна, таксама былі за караля.
Восенню 1674 г. туркі зноў пайшлі на Украіну. Кароль Ян III (так яго афіцыйна называлі) сам павёў войска ў паход. У баях з туркамі каралеўскае войска адбіла гарады Бар, Магілёў-над-Днястром, Брацлаў. У 1675 г. Сабескі малымі сіламі затрымаў татарскі наезд, абараніў Львоў і пагнаў татараў ажно ў Малдавію. Восенню 1676 г. ля ракі Днестр, ля Жураўна, былі адбіты атакі турэцка-татарскага войска і заключаны мір з Турцыяй і Крымам, паводле якога захопленыя туркамі землі Падоліі заставаліся ў іх руках, але выплата штогадовай даніны памерам 22 тысячы злотых (паводле Бучацкага міру) скасоўвалася. Белая Царква і Павалоч вярталіся да Польшчы, але Камянец застаўся ў туркаў. Сойм не зацвердзіў гэты дагавор.
Стаўшы каралём, Ян Сабескі надумаў правесці рэформы, каб узмацніць дзяржаўны лад, у тым ліку ўладу караля, і абмежаваць сваволле магнатаў. Ён таксама намагаўся змяніць кірунак знешняй палітыкі дзяржавы — з усходу на захад. План грунтаваўся на намерах займець сталы мір з Турцыяй і палепшыць адносіны з Расіяй. Рэч Паспалітая збіралася заключыць саюз з Францыяй і Швецыяй супраць Брандэнбургска-Прускай дзяржавы і Аўстрыі, далучыць да Польшчы так званую Княскую Прусію (герцагства Прусія з Кёнігсбергам, або Караляўцом) і такім чынам шырока выйсці да Балтыйскага мора, а таксама далучыць Сілезію да Польшчы (Сілезія тады знаходзілася пад уладай Аўстрыі). Дзеля гэтага Ян Сабескі заключыў з Францыяй у 1675 г. саюзны дагавор, падтрымаў антыгабсбургскае паўстанне куруцаў у Венгрыі і Славакіі пратэстанцкага графа Імрэ Цёкёя, а праз два гады заключыў саюз са Швецыяй. Габсбургі, уладальнікі Аўстрыі, Венгрыі, Чэхіі, Славакіі і імператары Свяшчэннай Рымскай (Германскай) імперыі, у сваю чаргу, пачалі актыўную палітыку ў Рэчы Паспалітай супраць Яна Сабескага і прафранцузскай групоўкі. Яны заключылі пагадненне з Расіяй, а ў самой Рэчы Паспалітай з'ядналі магнацкую апазіцыю на чале з Пацамі ў Літве і Беларусі, а ў Польшчы — з гетманам польным каронным Дымітрам Ежы Вішнявецкім (стрыечным братам былога караля Міхала Карыбута Вішнявецкага), біскупам кракаўскім А. Тшэбіцкім. Апазіцыя ўтварыла нават патаемную канфедэрацыю з мэтай пазбавіць Яна Сабескага трона (каб не даць каралю каранавацца), а потым ужо выступіла супраць дынастыйнай палітыкі караля і супраць яго знешняй палітыкі ў Венгрыі і Прусіі. Апазіцыя рэзка выказалася наконт таго, каб каралеўскі трон успадкаваў каралевіч Якуб, старэйшы сын Сабескага.
Змаганне з апазіцыяй
Вялікія планы караля рэфармаваць дзяржаўны лад краіны не ажыццявіліся. Занадта моцнай была апазіцыя магнатаў якія не хацелі змяншэння сваёй улады як у Польшчы, так і ў Беларускай-Літоўскай дзяржаве. Ды і шляхта не хацела пазбаўляцца сваёй «залатой вольнасці». Планы караля ўрэшце не падтрымаў і асноўны саюзнік, французскі кароль Людовік ХІV. Яму ўдалося ў 1678–1679 гг. пашырыць тэрыторыю Францыі, заключыць мірны дагавор з шэрагам еўрапейскіх дзяржаў. Цяпер Аўстрыя і Брандэнбург замірыліся з Францыяй, а Брандэнбург стаў нават саюзнікам Францыі. У 1678 г. Расія вярнула Беларускай-Літоўскай дзяржаве страчаныя раней Невель, Себеж і Веліж узамен за адмову Рэчы Паспалітай ад вяртання ёй Кіева, але гэта не ратавала ад новых пагрозаў вайны.
З Турэцкай імперыяй адносіны таксама не палепшыліся.
Ян Сабескі (малюнак Яна Матэйкі)
Урэшце Яну Сабескаму на гродзенскім сойме 1678–1679 гг. давялося пайсці на кампраміс з апазіцыяй і адмовіцца ад сваіх планаў адносна Прусіі і Венгрыі. Больш за тое, кароль зрабіў паварот у палітыцы да саюзу з Аўстрыяй супраць Турцыі. Апошняе падабалася шляхце — яна хацела вярнуць страчаную раней Падолію. Марыя Казімера пакрыўдзілася на Людовіка XIV, які не лічыўся з ёю як з роўнай сабе каралеваю, а па-ранейшаму глядзеў на яе як на сваю падданую. Ды і яе родных з сям'і Арк'ен Людовік XIV не ўзнёс у шэрагі самай радавітай арыстакратыі.
У 1680-я гг. апазіцыя каралю яшчэ больш узмацнілася. У Польшчы яе ўзначальвалі ваявода рускі С. Ябланоўскі і падскарбі вялікі каронны Я. Морштын, а ў Літве-Беларусі — падскарбі вялікі літоўскі Б. Сапега і гетман вялікі літоўскі Казімір Ян Сапега. Як бачым, Сапегі пры дапамозе караля ўзмацніліся, занялі месца Пацаў і самі ўзначалілі апазіцыю. Міхал Казімір Радзівіл, швагер караля, памёр у 1690 г. Цяпер каралю давялося шукаць іншых паплечнікаў.
Бітва пад Венай
У знешняй палітыцы Ян Сабескі пачаў фармаваць антытурэцкую лігу еўрапейскіх дзяржаў, бо Турцыя ў першую чаргу пагражала Рэчы Паспалітай. 1 красавіка 1683 г. быў падпісаны трактат аб сяброўстве з Аўстрыяй. У той жа год вялікая турэцкая армія рушыла на Аўстрыю і абклала Вену. У верасні 1683 г. з 27-тысячным войскам за восем дзён маршу з Кракава Ян Сабескі падышоў да Вены і ўзначаліў агульнае войска імператара і князёў Германскай імперыі (разам сабралася 70 тысяч чалавек). Войска Беларускай-Літоўскай дзяржавы ваявала ў Славакіі, выганяючы адтуль турэцкія атрады.