Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Страчаная спадчына

Чантурия Юрий Владимирович

Шрифт:

Звонку сцены сабора былі вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі і напалову закрыты абхадной галерэяй з разьбянымі слупкамі і гарызантальным дашчаным парапетам, якая апярэзвала ўвесь будынак. Уваходныя дзверы, накшталт царскай брамы, упрыгожваліся разьбою, паліхромным жывапісам з выявамі святой Тройцы і евангелістаў. Багаты дэкор дзвярэй Троіцкага сабора з вензелем фундатара С. К. Агінскага вылучаўся ў параўнанні з дзвярамі іншых храмаў, дзе выкарыстоўвалася спалучэнне геаметрычнай шалёўкі і акоўкі жалезам з цвікамі-разеткамі.

Сам Маркаў манастыр размяшчаўся за 2 вярсты ад Віцебска ўніз па цячэнню Дзвіны на трох узгорках. Складанасць рэльефу надавала асаблівую маляўнічасць ансамблю, адлюстраванаму на малюнку Дз. Струкава 1864 г. Акрамя старажытнага пяцігаловага Троіцкага сбора ў комплекс манастыра ўваходзілі дзве мураваныя аднаглавыя царквы: Пакроўская і Мітрафанаўская, трох'ярусная званіца-брама з паўднёвага боку, невысокія драўляныя манастырскія і гаспадарчыя карпусы. Пакроўская царква была пабудавана ў 1746–1760 гг. на месцы больш ранняй, узведзенай у 1651–1656 гг., якая згарэла разам з першым саборам. Па-за межамі манастыра на могілках існавалі яшчэ дзве цэрквы: Мікалаеўская і Параскевы Пятніцы, выгляд якіх застаецца невядомым.

Але з розных графічных і літаратурных крыніц дакладна вядома, што да тыпу чатырохзрубавых крыжова-купальных храмаў належалі яшчэ тры царквы ў Віцебску: Ільінская, Іаана Багаслова і Спаса-Праабражэнская, а таксама Мікалаеўскія цэрквы ў мястэчках Бешанковічы і Дуброўна, сабор Богаяўленскага манастыра ў Смаленску (усе канца XVII — пачатку XVIII ст.).

Царква ў Дуброўна адлюстравана на гравюрах мястэчка, зробленых вядомым расейскім мастаком М.Івановым у 1784 г., а выява драўлянага Богаяўленскага сабора ў Смаленску, пабудаванага ў 1708–1712 гг., прадстаўлена на іконе пачатку XVIII ст. з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі ў Менску. Абодва гэтыя храмы вызначаюцца падабенствам перакрыцця сяродкрыжжа, вырашанага ў выглядзе двух'яруснага масіўнага купала са складаным абрысам. У мудрагелістых формах вянчаючых мас відавочна далейшае развіццё пластычных характарыстык архітэктуры збудаванняў пад уплывам эстэтычнай канцэпцыі барока. Смаленскі Богаяўленскі сабор меў унікальную двух ярусную абхадную галерэю.

Вянцом эвалюцыі гэтага тыпу культавых будынкаў, што самабытна спалучаў праваслаўную візантыйскую традыцыю з прагрэсіўнымі заходнеэўрапейскімі мастацкімі ўплывамі свайго часу, стала вуніяцкая Ільінская царква ў Віцебску, якой мы прысвяцілі асобны нарыс. Паспяхова перажыўшы два цяжкія стагоддзі, маўклівыя драўляныя сведкі вострай рэлігійнай, палітычнай і ідэалагічнай барацьбы ў Беларусі ў XVII–XVIII стст. чамусьці раптам амаль усе згарэлі ў канцы XIX ст. ці разабраны «за ветхостью», каб саступіць месца «истинно» праваслаўным псеўдарускім храмам. Тыя ж, што ацалелі, былі канчаткова зруйнаваны ў 1920-1930-ых гг.

Драўляная каралева

Сярод самых выдатных твораў дойлідства, створаных геніем чалавека, ёсць такія, да якіх, здаецца, дакранулася рука Бога. Іх называюць прыгожым іншаземным словам «шэдэўр», хаця плоццю сваёй яны знітаваны з лёсам свайго народа, і чым цясней гэтая сувязь, тым вышэй мастацкая каштоўнасць помніка.

«Деревянные церкви в г. Витебске» — так называлася першае прафесійнае даследаванне па гісторыі архітэктуры Беларусі дарэвалюцыйнага расейскага даследніка А. М. Паўлінава, дапоўненае абмернымі чарцяжамі захаваўшыхся старажытных помнікаў. Так была зафіксавана для гісторыі цікавая і самабытная з'ява нацыянальнай культуры. У хуткім часе пасля гэтага, 13 красавіка 1904 г., у Віцебску згарэла царква ў імя Ільі-прарока — каралева сярод драўляных храмаў Беларусі, якіх некалі існавала шмат, але ўжо на той час захаваліся, на жаль, адзінкі.

У краязнаўчых і мастацтвазнаўчых навуковых даследаваннях вялікія спрэчкі выклікала дата пабудовы Ільінскай царквы. А. М. Паўлінаў датаваў яе 1447 г., а перабудову — 1643 г. Даследнік «цесліцтва польскага» Я. С. Зубрыцкі ў 1930-ых гг. таксама лічыў 1447 г. — годам узнікнення помніка. Вядомы краязнаўца Віцебшчыны, гісторык і археограф А. П. Сапуноў прытрымліваўся даты 1643 г. З гэтай датай пабудовы царквы згодны амаль усе гісторыкі беларускай архітэктуры савецкага часу: М. Кацар, У. Чантурыя, А. Квітніцкая.

Адкуль жа з'явіліся абедзве даты, як яны ўвайшлі ў навуковы ўжытак? 1447 г. — час заснавання першай Ільінскай царквы. Як вядома, фундуш быў зроблены каралём Казімірам у падзяку за паратунак жонкі, якая ледзь не патанула ў Ільін дзень. У інвентары Полацкага архіепіскапства за 1552 г. адсутнічае запіс аб царкве, не ўпамінаецца яна і ў інвентары 1613 г. Таксама няма выявы помніка на вядомым чарцяжы Віцебска 1664 г., адасланым ваяводам Валконскім маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу. Дата ж 1643 год атрымала права на існаванне таму, што яна арабскімі лічбамі чорнай алейнай фарбай была напісана над уваходнымі дзвярамі на час вывучэння помніка ў канцы XIX ст. Калі і кім зроблены надпіс, на падставе якіх крыніц — не вядома. Яе сапраўднасць выклікала сумненне тэхнікай выканання, але сам факт перашкаджаў даследнікам давяраць іншай, больш верагоднай даце пабудовы царквы, дадзенай у Кліравых ведамасцях і інвентарах. Так, напрыклад, А. П. Сапуноў пісаў: «В описи Ильинской церкви, составленной в 1873 г., неизвестно на каких основаниях сказано: «церковь деревянная, ветхая, во имя пророка Ильи, построена витебскими купцами Запольскими в 1746 г.» Першым у гэтую дату паверыў і навукова абгрунтаваў яе віцебскі краязнаўца, урач па адукацыі П. Красавіцкі. Ён прысвяціў помніку асобны артыкул, які ўражвае глыбінёй аналізу і грунтоўнасцю высноў.

Сапраўды, уважлівы разгляд архітэктурных асаблівасцей Ільінскай царквы дазваляе сцвярджаць, што яна найбольш позняя сярод чатырохзрубавых крыжова-купальных храмаў усходніх ваяводстваў Вялікага Княства Літоўскага, якія мы разглядалі ў нарысе «Сведкі з XVII стагоддзя». У адрозненне ад сабораў праваслаўных манастыроў — Куцеінскага, Тупічэўскага, Маркава і іншых — царква была ўжо вуніяцкай, чым тлумачацца асаблівасці яе арыентацыі і аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі. Належаў храм віцебскаму цэху кормшчыкаў.

Маляўнічы пірамідальны сілуэт Ільінскай царквы высока ўзносіўся над наваколлем стромкімі шатрамі з вытанчанымі галоўкамі. Усё ў ёй было сама гармонія, сама прыгажосць.

Аснову кампазіцыі складаў крыж з чатырох зрубаў, але ў параўнанні з праваслаўнымі храмамі папярэдняга часу ён меў не «грэчаскую» роўнаканцовую форму, а крыху падоўжную (19 x 16 м) — даніна каталіцкаму ўплыву. Невялікая падоўжнасць дасягалася тым, што бакавыя зрубы зроблены ў плане меншымі за квадрат, у той час як раней па ўзаемна перпендыкулярных восях размяшчалася роўна па тры квадраты.

Звужэнне бакавых рамёнаў крыжа адпаведна адбілася і на канструкцыі пакрыцця. Гранёныя бакавыя зрубы, якія не адпавядалі ў плане квадрату, не перакрываліся традыцыйным правільным васьмігранным шатром. Таму тут выкарыстаны асіметрычныя сямігранныя шатры, больш стромкія за звычайныя, што не шкодзіла, аднак, гармоніі вянчаючых мас, а, наадварот, надавала збудаванню надзвычайную ўзнёсласць.

Шатры над усімі чатырма зрубамі ўвенчваліся накіраванымі імкліва ўгору спічастымі шматграннымі галоўкамі на высокіх гранёных шыйках, якія мелі адну асаблівасць. Яны ўяўлялі сабою не традыцыйныя васьмерыкі (у плане квадрат са зрэзанымі вугламі), а васьмерыкі так званага «сармацкага» тыпу (у плане квадрат са зломам кожнай грані), якія з'явіліся ў беларускім дойлідстве перыяду сталага барока. Такая канструкцыя дазваляла стварыць больш кантраснае размеркаванне святла і ценю на фасадах і аптычна надаць архітэктурным формам большую вытанчанасць. Над сяродкрыжжам гэтая канструкцыя паўторана двойчы, у двух ярусах фігурнага купала, які акцэнтаваў цэнтрычную структуру будынка. Дзеля дасягнення барочных аптычных эфектаў светлавы «сармацкі» васьмярык ніжняга яруса купала быў на 22,5 павернуты адносна граняў самкнёнага скляпення, што перакрывала сяродкрыжжа ўнутры. Гэтую канструкцыйную асаблівасць, якую не заўважылі даследнікі, калі царква яшчэ існавала, па неадпаведнасці абмернага чарцяжа і фотаздымка з натуры, упершыню адзначыў П. Красавіцкі.

Яшчэ большую вертыкальную накіраванасць і пірамідальнасць кампазіцыі царквы надавала незвычайнае вырашэнне абхадной галерэі, падпарадкаванае цэласнай архітэктурнай задуме. Абхадныя галерэі больш ранніх крыжовых сабораў Беларусі мелі перыметральную (вакол усяго будынка), некалькі аморфную структуру і па сваёй функцыі адпавядалі «гульбищам» рускіх храмаў. У Ільінскай царкве галерэя строгай простакутнай формы акаймляла толькі ўваходны зруб. Такім чынам, яна яшчэ больш падоўжвала план будынка і імітавала пры гэтым бакавыя нефы і нартэкс, характэрныя для храмаў базілікальнай структуры. Уваходы ў галерэю з трох бакоў былі аформлены ганкамі са стромкімі ламанымі дахамі, увенчанымі невялікімі галоўкамі, якія стваралі ніжні ярус пірамідальна-яруснай кампазіцыі вянчаючых мас збудавання. Вялікія плоскасці срабрыстага гонтавага пакрыцця маляўніча спалучаліся з пластычнай ашалёўкай будынка вертыкальнымі дошкамі з нашчыльнікамі, завершанымі разьбяным «падзорам» у выглядзе арачак. Схілы дахаў гарманічна паўтаралі ромбавідныя вокны галерэі.

Поделиться с друзьями: