Страчаная спадчына
Шрифт:
У перыяд найвышэйшага развіцця горадабудаўнічай кампазіцыі пастаўскага ансамбля (1770-ыя гг.) да вышынных збудаванняў адносіліся драўляныя касцёл і царква. Дакументальных матэрыялаў, якія дазваляюць выканаць рэканструкцыю іх аблічча, не захавалася. Выключэнне складаюць планы Пастаў канца XVIII ст., на падставе якіх можна ўстанавіць канфігурацыю і памеры храмаў. Вядома, што прыходскі касцёл быў пабудаваны яшчэ ў 1516 г., у 1760 г. знішчаны пажарам, а ў 1784 г. ужо існаваў новы двухвежавы драўляны касцёл. Вуніяцкая базыльянская царква адносіцца да 1713 г. Пры ёй на ўсходнім баку плошчы на сродкі Тызенгаўза збудаваны невялікі дом свяшчэнніка, месцазнаходжанне якога невядома. Пасля, у 1849 г., на месцы драўлянай царквы пабудавана мураваная ў псеўдарускім стылі.
Відавочна, што ў прасторавай кампазіцыі ансамбля вылучаліся тры ўмоўныя вышынныя ўзроўні. Да першага з іх належала аднапавярховая жылая і грамадская забудова, да другога — двухпавярховыя грамадскія будынкі, да трэцяга — культавыя збудаванні. Элементы другога і трэцяга ўзроўняў, дамінуючыя ў адносінах да першага ўзроўня, утваралі зрокава раўнаважныя архітэктурныя масы. Пры гэтым кожнаму з трох дамінуючых элементаў аднаго боку плошчы дакладна адпавядаў элемент на супрацьлеглым баку. Прынцып раўнавагі прасочваўся таксама асобна на ўсходнім баку, дзе дамінанты фармавалі трохкутную ў плане структуру. Акрамя таго, візуальна ўраўнаважаныя паміж сабой былі буйныя аднапавярховыя аб'ёмы гандлёвых радоў і аўстэрыі — асіметрычна размешчаным у прасторы плошчы крамам гарманічна адпавядаў таксама асіметрычны ў забудове паўночнага боку корпус аўстэрыі.
Такім чынам, прынцып кампазіцыйнай раўнавагі быў увасоблены ў прасторавай арганізацыі ансамбля ў цэлым, у рашэнні бакоў плошчы як яго закончаных, цэласных састаўляючых, а таксама ў кампазіцыйных сувязях паміж асобнымі дамінуючымі элементамі. Раўнавагу дамінуючых збудаванняў мэтазгодна вызначыць як парную, паколькі найбольш ясна проціпастаўляліся два рознахарактарныя або аднахарактарныя элементы паміж сабой.
Асіметрычнае становішча гандлёвых радоў забяспечвала арганізацыю ў паўночнай частцы плошчы шырокай прасторы для кірмашоў, якія праводзіліся пяць разоў у год. Акрамя таго, на рынку збіралася прыезджае вясковае насельніцтва па нядзелях, што таксама патрабавала адкрытай прасторы. Паварот будынка на 8 у адносінах да падоўжнай восі плошчы дазваляў пашырыць пропуск дыяганальнага транзітнага руху з поўдня на поўнач. Такая пастаноўка збудавання адлюстроўвала арганічную залежнасць кампазіцыі ад асаблівасцей функцыянальнай арганізацыі і ўяўляла сабой гістарычную традыцыю, характэрную для гарадскіх плошчаў, што склаліся на сярэдневяковай планіровачнай аснове, і ўвасобленую ў познебарочным ансамблі. Аналагічны прынцып размяшчэння гандлёвых радоў, які спрыяў свабоднаму транзітнаму руху ў розных напрамках, назіраўся, напрыклад, на галоўнай плошчы Наваградка.
Уплыў асаблівасцей спантанна створаных структур на барочную рэгулярную планіроўку ансамбля не вычэрпваецца згаданым прынцыпам пастаноўкі гандлёвых радоў. Прыём трасіроўкі падыходзячых да плошчы вуліц як працяг бакоў плошчы, што напамінае свастыку, вельмі тыповы для чатырохкутных сярэдневяковых плошчаў эўрапейскіх гарадоў. Ён забяспечваў візуальную замкнёнасць перспектывам уздоўж гэтых вуліц і прасторы самой плошчы, што з'яўлялася адной з мастацкіх мэтаў сярэдневяковага горадабудаўніка.
Аналіз размяшчэння будынка крамаў у плане плошчы дазволіў выявіць таксама іншыя заканамернасці. Сярэдневяковая традыцыя пастаноўкі дапаўнялася «геаметрычным» падыходам да вызначэння месцазнаходжання збудавання. Яго геаметрычны цэнтр знаходзіўся пасярэдзіне ўнутранага двара і дакладна на перасячэнні дыяганалей, адна з якіх злучала канцы фасадаў ансамблевай забудовы заходняга і паўднёвага бакоў, а другая — край фасада забудовы паўднёвага боку з вуглом будынка школы. Гэты ж цэнтр распалагаўся на перакрыжаванні іншых дыяганалей: што злучала паўднёва-заходні вугал плошчы з сярэдзінай фасада школы і што звязвала паўднёва-ўсходні вугал плошчы з вуглом аднаго з дамоў на заходнім баку. Таксама праз гэты цэнтр праходзіла прамая лінія паміж паўночна-ўсходнім вуглом плошчы і вуглом будынка кафэ.
Акрамя таго, вонкавыя фасадныя плоскасці паўднёвай і паўночнай уваходных арак гандлёвых радоў таксама былі спраектаваны на перасячэнні адпаведна дзвюх пар дыяганалей, якія аб'ядналі важныя кропкі агульнай планіровачнай будовы ансамбля. Цераз геаметрычны цэнтр гандлёвых радоў і сярэдзіны парталаў праходзіла і працяглая вось, якая звязвала сярэдзіны фасадаў будынкаў кафэ і аўстэрыі. Праведзены аналіз сведчыць, што ў планіровачнай кампазіцыі плошчы ў якасці прыёма формаўтварэння выкарыстана сістэма вузлавых ці «залатых» кропак, прызначаных упарадкаваць будову, адлюстраваць у структуры ансамбля пэўную аўтарскую задуму (гл. рыс. 284, кропкі 1, 2, 3).
Апроч прымянення «залатых» пунктаў, іншым фармальным прынцыпам можа быць умоўна названа ўзаемаўвязка граней архітэктурных аб'ёмаў. Напрыклад, плоскасць паўночнага фасада гандлёвых радоў арыентавалася на цэнтр галоўнага фасада аднаго з жылых дамоў, а плоскасць бакавога фасада апошняга — на вугал будынка крамаў. Такія супадзенні плоскасцей, восей і ліній архітэктурных аб'ёмаў назіраюцца ў кампазіцыйным узаемадзеянні гандлёвых радоў, жылых будынкаў заходняга боку і вуніяцкага храма.
Прапарцыянальны аналіз вышыннай будовы ансамбля выяўляе зрокавую перавагу прасторы над архітэктурнымі масамі: адносіны вышыні аднапавярховай забудовы да шырыні плошчы — каля 1: 12, а да даўжыні — 1: 25; для двухпавярховых будынкаў гэтыя прапорцыі — 1:8 і 1: 17.
Такім чынам, характэрныя для ансамбля суадносіны вышынных і планіровачных памераў для ўсёй забудовы, за выключэннем культавых дамінантаў, знаходзіліся ў межах прыкладна ад 1: 8 да 1: 25.
На ўзоры ансамбля прасочваецца тыповы для горадабудаўніцтва як сярэдневяковага, так і Новага часу прынцып завяршэння вулічных перспектыў найбольш важнымі ў архітэктурных адносінах, але рознымі па тыпу і горадабудаўнічай ролі збудаваннямі. Вуліца Задзіўская арыентавалася на галоўны фасад касцёла, вуліца Віленская — на
порцік аўстэрыі, вуліца Браслаўская — на мезанін гасцініцы. Традыцыйная сістэма кампазіцыйных восей дапаўнялася арыгінальным прыёмам: порцік аўстэрыі, паўночная і паўднёвая брамы гандлёвых радоў і партал кафэ знаходзіліся на адной візуальна-прасторавай восі, якая забяспечвала «скразное» ўспрыняцце праз праёмы ў гандлёвых карпусах архітэктурных акцэнтаў фасадаў аўстэрыі і кафэ.
Важная рыса ансамбля — адсутнасць суцэльнага фронту забудовы бакоў плошчы, вялікае кампазіцыйнае значэнне прамежкавых прастораў паміж будынкамі. Відавочна, свабодная пастаноўка аб'ёмаў выклікана, з аднаго боку, жаданнем максімальна павялічыць маштаб ансамбля пры абмежаваных матэрыяльных магчымасцях, з іншага — неабходнасцю арганізацыі зручных для карыстання зямельных участкаў пры будынках. Такі прынцып размяшчэння забудовы адлюстроўваў вялікія тэрытарыяльныя рэсурсы населеных месцаў, з'яўляўся ўвогуле характэрным для малых гарадоў і мястэчак і абумовіў развітую сістэму зрокавых сувязей паміж элементамі горада. Ансамбль візуальна злучаўся з бліжэйшымі сажалкамі, францысканскім кляштарам на супрацьлеглым беразе, палацам Тызенгаўза ў паўднёвай частцы паселішча.
Ансамблевая аднастайнасць забудовы дасягалася не толькі сродкамі аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі, але і дэкаратыўна-стылёвым рашэннем у спрошчаных формах позняга барока, выкарыстаннем некаторых прыёмаў архітэктурнага ўбрання, агульных для розных тыпаў радавых будынкаў і ўнікальных аб'ектаў. Да такіх прыёмаў адносіліся працяглыя нішы атыка (крамы; жылыя дамы, сярэднія ў групах трох аднатыпных будынкаў), падобныя ліштвы з падаконнай нішай (тыя ж сярэднія ў групах жылыя дамы; усе грамадскія будынкі, за выключэннем гандлёвых радоў), замковы камень ліштвы (грамадскія будынкі заходняга і паўднёвага бакоў).
Да цяперашняга часу ансамбль амаль страчаны: з 22 будынкаў захавалася толькі 8, пры гэтым два з іх карэнным чынам перабудаваны. Разбурэнне забудовы адбылося, у асноўным, пасля Другой сусветнай вайны. У канцы 1940-ых і 1950-ых гг. большая частка будынкаў яшчэ існавала. У даленшым без якой-небудзь аб'ектыўнай неабходнасці знесены гандлёвыя рады, іншыя грамадскія і жылыя будынкі. Увесь паўднёвы бок плошчы заняў невыразны чатырохпавярховы тыповы будынак райвыканкама, які сваім архітэктурным абліччам зрокава падаўляе гістарычную забудову.
Магілеў
Пры разглядзе працэсу знішчэння матэрыяльнай культурнай спадчыны гарадоў, а таксама пры параўнанні сучаснага стану іх цэнтраў з сітуацыяй у пачатку XX ст. трэба памятаць гістарычны лёс Беларусі ў першай палове нашага стагоддзя. У 1920-1930-ых гг. заходняя частка рэспублікі ўваходзіла ў склад Польшчы і на працягу названага часу на гэтых тэрыторыях не адбывалася масавае разбурэнне культавых будынкаў. Барацьба з рэлігіяй ва ўсходніх абласцях, горадабудаўнічая ідэалогія «будаўніцтва новага свету» як у даваенны час, так і ў перыяд пасляваеннага аднаўлення прывялі да змяншэння колькасці выдатных помнікаў і раёнаў масавай гістарычнай забудовы. Такая дзяржаўная палітыка садзейнічала зніжэнню культурнага патэнцыялу паселішчаў усходняга рэгіёна, устойлівай тэндэнцыі поўнай змены гісторыка-архітэктурнага асяроддзя, якое фармавалася стагоддзямі, на новае гарадское наваколле.