Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Страчаная спадчына

Чантурия Юрий Владимирович

Шрифт:

Царква Раства Багародзіцы 1787 г. і Троіцкі касцёл (пабудаваны ў 1784 г. на месцы старога езуіцкага касцёла) размяшчаліся ў паўночнай частцы горада на галоўнай вуліцы адно насупраць аднаго і служылі своеасаблівым «парталам» пры пад'ездзе да палаца Чарнышова. Цікава адзначыць, што пры асвячэнні Раждзественскай царквы прысутнічала імператрыца Кацярына II. Выказваецца меркаванне, што і ўвесь горад задумваўся як манументальная парадная кампазіцыя, якая папярэджвала ўезд у палац яго ўласніка пры руху з поўдня, з боку Гомеля. Першы этап руху пралягаў паміж Праабражэнскай і Вазнясенскай цэрквамі, на другім этапе ён праходзіў паўз ратушу, на трэцім — хто пад'язджаў да палаца, мінаў «вароты» касцёла і царквы Раства Багародзіцы. З другога боку, трэба адзначыць, што галоўным будынкам горада служыла ратуша, а не палац, што пацвярджаецца яе размяшчэннем у выражаным цэнтры планіровачнай кампазіцыі з арыентацыяй на яе асноўных вуліц, так і яе сілуэтнай роллю. Агульная для класіцыстычнага горадабудавання XVIII — першай паловы XIX ст. грамадзянская, дэмакратычная накіраванасць таксама сведчыць аб цэнтральнай ролі ратушы.

Аснову кампазіцыі ўсіх чатырох храмаў складала ратонда, завершаная вялікім купалам, які ўвенчваўся малым купалам на барабане. У сувязі з праваслаўнай догмай аб арыентацыі алтарнай часткі храма на ўсход, галоўным фасадам усіх цэркваў з'яўляўся заходні, дзе да ратонды прыбудоўваўся ўваходны прыдзел. Касцёл быў арыентаваны алтаром на захад, што дало магчымасць арганізаваць уваход з галоўнай вуліцы як у касцёл, так і ў Раждзественскую царкву, што стаяла насупраць. Звернутыя адно да аднаго галоўныя фасады храмаў мелі аднолькавую дзвюхвежавую кампазіцыю, аднак вежы касцёла завяршаліся малымі купаламі, а цэрквы — манументальнымі шпілямі. Вазнясенская і Праабражэнская цэрквы мелі па адной вежы на галоўным фасадзе, увенчанай малым купалам.

Такім чынам, у пабудове гарадскога сілуэта групы буйных купальных форм аб'ядналіся з трапецападобнай вежай ратушы. Гэтая асноўная кампазіцыйная тэма спалучалася з шматэлементавай тэмай меншага маштабу — вежамі храмаў, увенчанымі малымі купаламі альбо манументальнымі шпілямі, завяршэннямі вялікіх купалаў малымі барабанамі, вуглавымі вежачкамі ратушы. Амаль усе вышынныя часткі будынкаў увенчвалі прыгожыя дэкаратыўныя шпілепадобныя навершы.

З прычыны адсутнасці звестак архітэктурнае аблічча палаца З. Р. Чарнышова, размешчанага на Замкавай гары, можна толькі ўявіць. Вядома, што будынак абкружаў роў, напоўнены вадой з ракі Чачоры. Цераз роў быў перакінуты пад'ёмны мост на ланцугах. Унізе, каля замка, у зробленых сажалках разводзілася рыба розных парод. Палац упамінаецца ў 1855 г., калі ён знаходзіўся ў запусценні. Паводле апісання 1884 г., у гэты час палаца ўжо не існавала, а яго месца займалі розныя пасадкі.

У канцы XVIII ст. па ініцыятыве З. Р. Чарнышова быў пасаджаны парк, які дапоўніў простакутную структуру кварталаў і звязаў яе — навакольным прыродным краявідам. Парк плошчай 12 га меў кампазіцыю пейзажнага тыпу з маляўнічай планіроўкай алей. Да яго прылягаў фруктовы сад з аранжэрэямі. У канцы XIX — пачатку XX ст. парк упамінаецца як зона адпачынку гараджан.

Планіроўка горада ў гэты перыяд паказана на плане 1915 г., дзе відны змены, якія адбыліся ў параўнанні з канцом XVIII ст. Паказальны працэс паступовай забудовы асобных участкаў галоўнай плошчы, што сведчыць аб тыповых для канца XIX — пачатку XX ст. рысах заняпаду горадабудаўнічай культуры, тэндэнцыі хаатычнасці прыватнага будаўніцтва.

Цяпер Чачэрск вызначаецца дрэннай захаванасцю гістарычнай спадчыны. Разбурана большая частка помнікаў, якія яшчэ ў першыя дзесяцігоддзі нашага веку фармавалі своеасаблівую прасторавую кампазіцыю вертыкальных дамінантаў. Цалкам знішчаны Раждзественская і Вазнясенская цэрквы, Троіцкі касцёл. У 1960-1970-ых гг. актыўна працягваецца пачатая ў XIX ст. забудова тэрыторыі ратушнай плошчы, што абумоўлена няведаннем гісторыка-культурных традыцый класіцызму, горадабудаўнічых уласцівасцей, якія вызначаюць вечную каштоўнасць планіроўкі і вышыннай кампазіцыі Чачэрска. Ратуша зараз аббудавана з усіх бакоў новымі будынкамі. За 20 м ад яе ўзведзены чатырохпавярховы тыпавы будынак райвыканкама, што перакрыла відавыя напрамкі на помнік з усходняга боку. Насупраць галоўнага фасада ратушы ўзведзены двухпавярховы комплекс універмага і рэстарана, у многім выпадковы па сваім размяшчэнні, а з поўначы ад яе за 40 м узнікла спартыўная зала. На тэрыторыі былой плошчы размешчаны таксама жылы дом па вуліцы Гагарына, іншыя новыя будынкі. У цэлым, на асобных участках гістарычнага раёна маштаб новай забудовы значна завышаны. Гэта адносіцца, напрыклад, да буйнога комплексу бальніцы па вуліцы Інтэрнацыянальнай.

Адной з задач далейшай рэканструкцыі горада павінна стаць узнаўленне страчаных культавых помнікаў, якія вызначалі ўнікальнасць Чачэрска для беларускай горадабудаўнічай культуры, аднаўленне іншых гістарычных аб'ектаў, а таксама найбольш поўнае набліжэнне сродкамі новай архітэктуры да традыцыйных якасцей планіровачнай структуры і сілуэта горада ва ўзаемасувязі з навакольным краявідам, да гістарычных асаблівасцей прасторавай арганізацыі плошчаў, вуліц і кварталаў.

Менск

Моцна разбураны пад час Другой сусветнай вайны, Менск пачаў уставаць з руін у першыя пасляваенныя гады. Яго горадабудаўнічае развіццё, у сувязі са сталічнай роллю, вызначалася бурнымі тэмпамі росту. Інтэнсіўнае фармаванне структуры агульнагарадскога цэнтра выклікала ў шэрагу выпадкаў недастатковы ўлік назапашаных стагоддзямі духоўных і матэрыяльных каштоўнасцей гарадскога асяроддзя, значнае зніжэнне гісторыка-культурнага патэнцыялу горада ў параўнанні з пачаткам XX ст. і 1920-1930-мі гг.

Першаасновай Менска быў дзядзінец XI ст., размешчаны, у адрозненне ад вышэйразгледжаных паселішчаў, не на ўзвышшы, а ў нізіне, у месцы ўпадзення ракі Нямігі ў Свіслач. У замках такога тыпу выкарыстоўваліся абарончыя ўласцівасці балоцістай, затапляемай мясцовасці. У першапачатковы перыяд на фармаванне планіровачнай структуры горада вялікі ўплыў зрабіла пераважная трасіроўка міжгарадскіх гандлёвых шляхоў з захаду і паўднёвага захаду (Горадня, Берасце) на паўночны ўсход (Віцебск, Смаленск). Цэнтрам Менска стаў замак і размешчаная паблізу гандлёвая плошча трохкутнай канфігурацыі (Ніжні рынак). Уздоўж ракі Нямігі, па Нямігскім пасадзе праз плошчу і далей, на левым беразе Свіслачы па Троіцкай гары праходзіла галоўная, найбольш старажытная вуліца. Пасля, у XVI ст., у выніку буйнамаштабнага горадабудаўнічага мерапрыемства на суседнім узгорку быў створаны новы грамадскі цэнтр, рэгулярна спланаваная ва ўласцівых эпосе Адраджэння традыцыях простакутная плошча (Верхні, альбо Высокі, рынак).

У XVII–XVIII стст. умацаванні горада ўключалі замак і паўкальцо земляных валоў і равоў з паўднёвага, найбольш слабага боку. Горад, кампактны ў плане, крыху перавышаў паўкруг і па характары вулічнай сеткі адносіўся да двухцэнтравага, радыяльна-паўкальцовага з простакутнымі элементамі тыпу. Цэнтрамі сыходжання вуліц радыяльнай накіраванасці былі замак з Ніжнім рынкам, а таксама Высокі рынак; у раёне апошняга планіровачная структура набліжалася да простакутнай.

Ансамбль забудовы Высокага рынку (пазней — Саборная плошча), які фармаваўся на працягу XVI — пачатку XX ст., - выдатная з'ява ў гісторыі дойлідства. На малой тэрыторыі канцэнтравалася вялікая колькасць дамінантаў, што абумовіла насычанасць архітэктурнай кампазіцыі. У прасторавай структуры ансамбля спалучаліся ўласцівасці сярэдневяковай і рэнесансна-барочнай горадабудаўнічых культур. Нерэгулярная планіроўка яго паўночна-ўсходняга ўчастка натуральна склалася ў позняе сярэдневякоўе. Асноўная ж частка ансамбля характарызавалася размяшчэннем будынкаў у артаганальнай сістэме ўзаемазвязаных планіровачных восяў, што тыпова для Новага часу. Пры гэтым вышынная кампазіцыя забудовы вызначалася складаным супрацьпастаўленнем архітэктурных мас, шматвежавым сілуэтам з рознымі па характары вертыкалямі, маляўнічай рознавышыннасцю аб'ёмаў. У канцы XVIII — першай палове XIX ст. у стылёвым вырашэнні культавых будынкаў пераважала барока; іх аблічча дапаўнялася асобнымі дамінантамі ў формах рэнесансу (царква Святога Духа) і класіцызму (ратуша).

Асноўнымі збудаваннямі ансамбля з'яўляліся: ратуша, упамінанне аб якой сустракаецца ўпершыню ў канцы XV ст., адбудаваная ў XVI і XVII стст., 1744 г., канцы XVIII і першай палове XIX ст.; гасціны двор, згаданы ў XVI ст., які будаваўся да пачатку XX ст.; комплекс мужчынскага і жаночага базыльянскіх манастыроў першай паловы XVII ст. з царквой Святога Духа; езуіцкі калегіум другой паловы XVII–XVIII ст. з самым буйным у Менску храмам, асобнай званіцай і развітым комплексам іншых пабудоў; мужчынскі і жаночы бернардзінскія кляштары першай паловы XVII–XVIII ст. з барочнымі касцёламі; дамініканскі кляштар таго ж часу, які меў своеасаблівую браму перад галоўным фасадам храма; будынак гарадскога тэатра канца XVIII ст., рэканструяваны на працягу XIX і ў пачатку XX ст.; гасцініца пачатку XIX ст., перабудаваная ў 1884 г. і ў стылі мадэрн — у 1906–1908 гг., якая атрымала назву «Эўропа» і стала найбуйнейшым грамадзянскім будынкам Менска; сінагога XVIII ст.; жылыя дамы, у тым ліку ўзор гарадскога сядзібнага комплексу XVIII ст. з парадным дваром.

У параўнанні з большасцю гарадоў Усходняй Беларусі, напрыклад Віцебскам, рэканструкцыя і развіццё Менска ў перыяд рэгулярнай класіцыстычнай перапланіроўкі вызначалася вялікай ступенню пераемнасці былой структуры. У межах горада канца XVIII ст. захаваўся агульны характар гістарычнай планіроўкі і абрысы многіх вуліц. За яго межамі ў першай палове XIX ст. значная тэрыторыя атрымала новую простакутную планіровачную сістэму.

У XIX ст. разбураны ці перабудаваны асобныя выдатныя архітэктурныя збудаванні. У многім гэты працэс быў абумоўлены ўнутрыпалітычнай сітуацыяй, якая наступіла пасля разгрому паўстання 1830–1831 гг. У 1850-ых гг. ахвярай стала ратуша, у якой у першай палове XIX ст. апрача адміністрацыйных устаноў — суда, магістрата, гаўптвахты, архіва размяшчаліся музычная школа і гарадскі тэатр. Фармальнай прычынай для зносу служыла тое, што ратуша, «…займаючы сабой частку галоўнай плошчы, абмяжоўвае яе і закрывае краявід саборнай царквы і новаўзводзімых дзяржаўных устаноў…». Аднак, паводле ўспамінаў відавочцаў, будынак ратушы быў знішчаны з-за таго, што «…ён сваім існаваннем напамінаў жыхарам пра звычаі мінулага часу, пра магдэбургскае права…». На рашэнні аб зносе ратушы стаяла ўласнаручная рэзалюцыя Мікалая I.

Поделиться с друзьями: