Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Страчаная спадчына

Чантурия Юрий Владимирович

Шрифт:

У Мсціславе былая Троіцкая царква на плошчы, створанай у канцы XVIII ст., і ў пачатку XX ст. занятай пад сквер, уяўляе сабой руіны. Езуіцкі касцёл, пазней Мікалаеўскі сабор на другім баку гэтай жа плошчы знаходзіцца ў напаўразбураным выглядзе, страціў дзве вежы галоўнага фасада і купал на барабане. Тупічоўскі манастыр XVII–XIX стст. спалены ў Другую сусветную вайну, а канчаткова зруйнаваны ў канцы 1950 — пачатку 1960-ых гг. у час будаўніцтва масласырзавода.

Гомель

У параўнанні з XIX — пачаткам XX ст. адносна невялікія страты культурнай спадчыны панёс абласны цэнтр Гомель, у мінулым — павятовы горад Магілеўскай губерні. У гісторыі горадабудаўніцтва Беларусі Гомель вядомы як прыклад увасаблення ў перыяд рэгулярнай перапланіроўкі выразнай прасторава-планіровачнай задумы, стварэння буйнамаштабнай трохпрамянёвай кампазіцыі гарадскога плана, цэнтр якога складаюць палацава-паркавы ансамбль і галоўная гарадская плошча.

Развіццё горада пачалося з дзядзінца XII ст. на ўзгорку каля сутокаў рэк Сож і Гамяюка. Дзядзінец абкружаў глыбокі роў, на поўнач і захад ад якога развіўся пасад. У XIV–XVI стст. на месцы дзядзінца існаваў замак з дварамі князя і заможных гараджан, драўлянай Мікалаеўскай царквою. У 1670 г. горад атрымаў магдэбургскае права. У 1730 г. пры князю М. Чартарыйскім будуецца новы замак з драўлянымі сценамі на валах і пад'ёмнымі мастамі. У 1737 г. горад спустошыў моцны пажар.

У 1772 г. Гомель увайшоў у склад Расейскай імперыі. Вядомы план канца XVIII ст., які характарызуе горад да ажыццяўлення буйных горадабудаўнічых мерапрыемстваў. Планіровачная структура ўяўляла сабой тыповы прыклад радыяльна-дугавой планіроўкі сярэдневяковага паходжання. Шэсць вуліц сыходзіліся да замка, пасля да палаца, абкружанага глыбокім ровам. Канцэнтрычныя напрамкі былі фрагментарныя, за выключэннем працяглай дугападобнай вуліцы ў паўночнай частцы горада, якая, відаць, адзначала другі, раней страчаны пояс абарончых збудаванняў. На поўнач ад замка, за ровам, размяшчалася гандлёвая плошча няправільнай канфігурацыі. Недалёка ад яе стаялі вядомая з XVI ст. царква Нараджэння Багародзіцы і драўляны касцёл Ушэсця Марыі, згаданы пад 1768 г. У горадзе існавалі яшчэ дзве праваслаўныя царквы і сінагога. Усе гэтыя храмы не захаваліся. Ніжэй па цячэнню Сожа ў пачатку XVIII ст. склалася стараверская Спасава слабада.

Пасля перадачы Кацярынай II мястэчка Гомель ва ўладанне князю П. А. Румянцаву на ўчастку замка ў 1777 г. пачалося будаўніцтва палацавага ансамбля, якое ішло ў некалькі этапаў да 1856 г. У 1835 г. ансамбль набыў генерал-фельдмаршал І.Ф. Паскевіч. Палац стаяў сярод пейзажнага парка, у паўночнай частцы якога ў 1804–1824 гг. на месцы Мікалаеўскай царквы пабудаваны Петрапаўлаўскі сабор, а ў канцы стагоддзя — капліца-магільны склеп. Парк, які выходзіў да Сожа, палац і сабор, звернутыя сваімі фасадамі да прасторы ракі і шырокіх адкрытых тэрыторый на яе левым беразе, стварылі велічную архітэктурна-ландшафтную кампазіцыю.

Планіровачная структура горада, якая паступова і натуральна склалася, была цалкам заменена новай рэгулярнай. Тры асноўныя восі плана выходзілі на галоўную гандлёвую плошчу перад палацам. Дзве з іх — вуліца Замкавая (сучасны праспект Леніна) і Румянцаўская (Савецкая) былі арыентаваны на галоўны корпус палаца, купал якога на вялікім працягу завяршаў відавыя перспектывы ўздоўж гэтых магістраляў. Трэцяя вуліца — Фельдмаршальская (цяпер Пралетарская) пракладзена ўздоўж Сожа. Большасць астатніх вуліц пралягала паралельна альбо перпендыкулярна асноўным напрамкам. Закладзеная ў гэты перыяд структура вызначае своеасаблівасць сучаснай прасторавай арганізацыі горада. Капітальная і драўляная забудова, што ўзнікла на вялікіх тэрыторыях у другой палове XIX — пачатку XX ст., часткова захавалася да нашага часу.

Да найбольш істотных страт архітактурнай спадчыны Гомеля адносіцца ансамбль галоўнай плошчы, які склаўся да пачатку XX ст. Ад яго засталіся толькі палац Румянцава-Паскевіча і Петрапаўлаўскі сабор. У першай трэці XIX ст. у забудову плошчы таксама ўваходзілі Кацярынінскі касцёл 1831 г., двухпавярховыя гандлёвыя рады з вежай і гадзіннікам, другі корпус крамаў, вучылішча, ратуша, нямецкая карчма, іншыя збудаванні. Да пачатку XX ст. побач з гандлёвымі радамі пабудаваны значны па памерах гасціны двор няправільнай пяцікутнай канфігурацыі ў плане. На рагу плошчы і Замкавай вуліцы знаходзіўся будынак гарадской пажарнай часткі. «Астраўное» становішча ў прасторы плошчы мелі касцёл святой Кацярыны і праваслаўная капліца. Цікава адзначыць, што невялікая капліца, як і буйнамаштабны корпус палаца, змяшчалася на восі Румянцаўскай вуліцы. Пры кампазіцыйным прыёме падвойнага завяршэння відавой перспектывы магістралі замыкальныя дамінанты рознага маштабу не перашкаджалі, а дапаўнялі адна адну. Як разгледжана вышэй, аналагічны прыём выкарыстаны ў кампазіцыі забудовы Параднай плошчы Полацка.

Месца на ўсходнім баку плошчы займаў будынак гарадской управы (існуе цяпер). Своеасаблівасць архітэктурнага ансамбля дасягалася, у прыватнасці, уключэннем у кампазіцыю ландшафта парка і некалькі аддаленым размяшчэннем палаца і сабора ад адкрытай грамадскай прасторы плошчы.

Сярод культавых збудаванняў Гомеля, якія існавалі ў пачатку стагоддзя, але не захаваліся да нашых дзён: Троіцкая царква на перакрыжаванні сучасных вуліц Савецкай і Сялянскай, Праабражэнская царква па Першамайскай вуліцы, дзве стараверскія малельні на вуліцах Камісарава і Фрунзе, Георгіеўская ваенная (1904) і могілкавыя цэрквы па Савецкай вуліцы, а таксама сінагога на рагу праспекта Леніна і вуліцы Кірава, аб'ём якой у мінулым кампазіцыйна завяршаў відавыя напрамкі ўздоўж сучасных вуліц Ланге і Працоўнай.

Чачэрск

Працэс страты горадабудаўнічай спадчыны ў малых гарадах Гомельшчыны мэтазгодна прасачыць на прыкладзе мястэчка Чачэрск. Горад вядомы з канца X ст. Пра характар планіровачнай структуры, якая фармавалася да канца XVIII ст., меркаваць цяжка з-за адсутнасці дакументальных звестак. У інвентары 1726 г. апісаны замак на тэрыторыі старажытнага дзядзінца, зазначаны сем вуліц, якія, відаць, радыяльна сыходзіліся да замка і гандлёвай плошчы, дзе размяшчаліся карчма і крамы. У XVI–XVIII стст. увесь горад быў абнесены сцяной з брамамі — Замкавай, Вялікай, Падольнай. Паводле дадзеных інвентара, існавалі Васкрасенская, Мікалаеўская, Прачысценская і Спаская цэрквы, якія далі назвы вуліцам, касцёл святой Троіцы каля замка, сінагога на ўскраіне горада, 109 жылых дамоў.

У 1774 г. Кацярына II падаравала Чачэрск генерал-губернатару графу З. Р. Чарнышову, што паслужыла імпульсам развіцця горадабудаўнічай дзейнасці. У 1787 г. на месцы старога замка пабудаваны палац. Па праекце рэгулярнай перапланіроўкі карэнным чынам рэканструяваны горад атрымаў простакутную структуру вуліц. План адлюстраваў своеасаблівае прафесійнае мысленне дойліда, характэрнае для класіцызму ўяўленне аб горадзе як мастацкім цэлым. Класічная канцэпцыя стварэння «ідэальнага» паселішча ў дадзеным выпадку выявілася ў арганізацыі вялізнай плошчы (302,5 x 294 м), абкружанай сіметрычнай адносна восі поўнач-поўдзень сістэмай квадратных кварталаў. Усе вуліцы запраектаваны шырынёй 21,3 м (10 сажняў).

На плошчы ў цэнтры планіровачнай кампазіцыі ў 1780 г. пабудавана ратуша (захавалася да нашага часу). Строга на яе арыентаваліся асноўныя гарадскія магістралі, што было фармальна ўзмоцнена роўнасцю даўжыні фасада квадратнай у плане ратушы шырыні магістраляў. На плошчы сіметрычна размяшчаліся таксама Г-падобныя карпусы гандлёвых будынкаў, якія ўключалі 76 крамаў. Перыметр плошчы акаймлялі ліпавыя алеі, такія ж рэгулярныя ліпавыя пасадкі праходзілі ўздоўж гарадскіх вуліц.

Ратуша служыла галоўным элементам у прасторы горада. Яе своеасаблівая кампазіцыя грунтуецца на ступенчатай, пірамідальнай будове архітэктурных мас, выкарыстанні амаль кубічных аб'ёмаў. Асноўная частка будынка завершана высокім стылабатам, на якім узвышаецца трапецападобная драўляная вежа. Па вуглах асноўнага аб'ёму пастаўлены чатыры малыя драўляныя вежы.

Вакол ратушы, на перакрыжаваннях вуліц былі сіметрычна пабудаваны чатыры храмы-ратонды: тры царквы і касцёл, якія мелі падобнае архітэктурнае аблічча. Праабражэнская і Вазнясенская (лічылася дамашняй царквой графіні А. Р. Чарнышовай) цэрквы знаходзіліся ў паўднёвай частцы горада на невялікіх плошчах. Прынцып іх размяшчэння ў планіровачнай структуры аналагічны прынцыпу пастаноўкі ратушы — на дамінуючы будынак арыентавана па чатыры вуліцы. Гэта дапускала ўспрыняцце збудавання з як мага болыцай колькасці відавых пунктаў, агляд дзвюх альбо трох дамінантаў з аднаго пункта, што, як і агульнасць прынцыпу, садзейнічала візуальнай цэласнасці горада. Пашыраны ў горадабудаўніцтве класіцызму прыём завяршэння працяглай перспектывы вуліцы быў даведзены тут да найбольш поўнага выяўлення.

Поделиться с друзьями: