Страчаная спадчына
Шрифт:
У 1970-ых гг. знесена вялікая група жылых і грамадскіх будынкаў XVIII — пачатку XX ст. паблізу ратушнай плошчы з усходняга боку вуліцы Леніна. Недастатковая шырыня вуліцы некалькі ўскладняла рух грамадскага транспарту. Гэта акалічнасць, аднак, не з'яўляецца падставай для знішчэння каштоўнай забудовы. Акрамя таго, ва ўмовах гістарычнага горада неправамерны сам падыход раскрыцця традыцыйна замкнёнай прасторы вуліцы на ландшафтную зону.
Разбурана група будынкаў XVIII — пачатку XX ст. плошчы Свабоды на рагу вуліцы Леніна і праспекта Фрунзе, што не выклікана горадабудаўнічай неабходнасцю. Сярод гэтых помнікаў — будынак школы пры езуіцкім калегіуме. Раўнадушшам да архітэктурных каштоўнасцей і адсутнасцю горадабудаўнічага майстэрства можна растлумачыць знос манументальнага гістарычнага будынка па вуліцы Замкавай, у якім размяшчаўся педагагічны інстытут.
Вельмі важна, каб захаванне гістарычнай забудовы ў працэсе развіцця горада адбывалася поруч з тэхнічным абнаўленнем, прывядзеннем грамадскіх і асабліва жылых будынкаў у адпаведнасць з сучаснымі функцыянальнымі патрэбнасцямі насельніцтва, аснашчэннем іх інжынерным абсталяваннем. Грунтоўнай задачай далейшай рэканструкцыі Віцебска, звязанай з адраджэннем спадчыны, павінна стаць «уваскрэсенне» ўсіх разбураных помнікаў, месцы якіх не заняты новымі капітальнымі будынкамі. Выкарыстанне ж участкаў знесеных помнікаў, якія цяпер ужо забудаваны, вызначыць час, далейшая эвалюцыя нашых адносін да культурнай спадчыны Беларусі.
Ворша
Разбурэнне кампазіцыі гістарычнага горада можна прасачыць таксама на прыкладзе Воршы. Зараджэнне і фармаванне структуры паселішча на ранніх гістарычных этапах адлюстроўвае ўласцівыя старажытнарускаму горадабудаўніцтву заканамернасці. У X ст. на ўзгорку на вузкім пляцы пры ўпадзенні ракі Аршыца ў Дняпро збудаваны дзядзінец — планіровачная першааснова горада. У XV ст. замак атрымаў развіццё на паўночны ўсход і з напольнага боку быў абкружаны ровам, які злучыў Аршыцу з Дняпром. Ландшафтнымі ўмовамі формаўтварэння структуры былі востры мыс у вусці Аршыцы, яе лукавіна, якая рэзка мяняла накірунак рэчышча, дугападобны роў, крутая лукавіна Дняпра на поўдні і яго плаўны заварот ва ўсходняй частцы горада, а таксама высокая града ўзгоркаў з захаду, што адступала на некалькі соцень метраў ад берагоў Аршыцы і Дняпра.
У XVI ст. замак, умацаванае ядро горада, уключаў пяць аб'яднаных сценамі абарончых вежаў. На яго арыентаваліся асноўныя вуліцы, якія пераходзілі ў міжпаселішчныя дарогі і вызначалі структурна-планіровачны «каркас» Воршы. Па генетычных прыкметах планіроўка правабярэжжа Дняпра ў другой палове XVIII ст. можа быць вызначана як сярэдневяковая, што склалася натуральна. Відавочна, структура левабярэжжа мела рэнесансную аснову XVI ст. На гэта ўказвае прамалінейнасць вуліц, геаметрычна правільны абрыс кварталаў і трапецападобнай плошчы ў цэнтры раёна, утворанага, напэўна, па адзінай задуме.
Паводле фармальна-тыпалагічных прыкмет планіроўка паміж Дняпром і Аршыцай характарызавалася як радыяльна-дугавая (радыяльныя напрамкі разыходзіліся ад замка і гандлёвай плошчы і перасякаліся некалькімі вуліцамі, што ўяўлялі сабой кароткія адрэзкі акружнасці). Такая сетка вуліц вельмі тыповая для сярэдневяковага горадабудаўніцтва ўсходніх славян у выпадку фармавання горада на вострым мысе пры ўпадзенні малой ракі ў вялікую. Планіровачная структура правабярэжжа Аршыцы ўяўляла сабой характэрны прыбярэжны від планіроўкі так званага падола ля падножжа высокай грады ўзгоркаў і па канфігурацыі адносілася да лінейна-радавога тыпу (адна вуліца — працяг міжгарадской дарогі, перасякалася радам кароткіх папярочных напрамкаў, якія выходзілі да ракі). Сістэма вуліц Задняпроўя ў разглядаемы перыяд блізкая да простакутнай з элементамі веернай структуры ў лукавіне Дняпра.
З планіровачнай сеткай была цесна звязана сістэма вышынных культавых будынкаў XVII–XVIII стст. у стылі барока, якая ўключала каталіцкія і праваслаўныя манастыры і прыходскія храмы: езуіцкі, трынітарскі, францысканскі, дамініканскі, бернардзінскі, жаночы і мужчынскі базыльянскія кляштары, місіянерскі касцёл, цэрквы святога Мікалая, Васкрасення, Нараджэння Багародзіцы, Ільінскую. Уздоўж рэк сфармаваліся рытмічныя рады культавых дамінантаў, уласцівыя пэўным ландшафтным прасторам. Наўсцяж Аршыцы на падоле склаўся часты «камерны» рытм вышынных элементаў з невялікімі інтэрваламі. Пры гэтым уверх па цячэнню па меры ўдалення ад цэнтра крок дамінантаў на абодвух берагах ракі ўзрастаў.
Іншая заканамернасць прасочвалася ў размяшчэнні збудаванняў, што арганізавалі прыродную прастору ўздоўж Дняпра. Тут характэрная лаканічная, рэдкая пастаноўка вертыкальных элементаў на вялікай адлегласці адзін ад аднаго з уключэннем у сістэму прырэчных ансамбляў загараднага Богаяўленскага Куцеінскага манастыра.
Рэканструкцыя Воршы ў перыяд класіцызму значна трансфармавала існуючую планіроўку. Аднак, у залежнасці ад раёна, у рознай ступені праявіўся пераемны падыход. Напрыклад, класіцыстычныя прынцыпы пабудовы вулічнай сеткі ў найбольшай меры адпавядалі рэгулярнай структуры Задняпроўя, якая склалася раней. Пры перапланіроўцы горада захаваліся накірункі большасці вуліц. Узбуйніліся кварталы, на месцы нерэгулярных плошчаў былі ўтвораны новыя простакутнай формы: галоўная плошча для размяшчэння гасцінага двара і дзяржаўных устаноў на асноўнай Пецярбургскай вуліцы, што пераходзіла ў Віцебскую дарогу, і гандлёвая плошча за Аршыцай.
Рэалізацыя праекта рэгулярнан планіроўкі адбывалася на працягу першай паловы XIX ст. У другой палове XIX — пачатку XX ст. праектная канцэпцыя атрымала пераемнае развіццё з выкарыстаннем распрацаваных класіцыстычным горадабудаўніцтвам прыёмаў. Планіровачная структура горада ў пачатку XX ст. характарызуецца наступным чынам.
Тэрыторыя правабярэжжа з асноўнай часткай грамадскага цэнтра вызначалася спалучэннем некалькіх простакутных сістэм вуліц і асобных радыяльных прамянёў. Планіроўка раёна за Аршыцай таксама аб'яднала простакутныя сістэмы напрамкаў. Структура вуліц Задняпроўя — у асноўным простакутная з дыяганальнымі элементамі. Паўночна-заходнія селіцебныя тэрыторыі каля чыгуначнага вузла мелі блізкую да простакутнай планіроўку з асобнымі дугавымі элементамі.
Да цяперашняга часу са шматлікіх культавых дамінантаў захавалася ў неперабудаваным выглядзе толькі Ільінская царква на беразе Дняпра, зробленая ў псеўдарускім стылі ў 1880 г. Зруйнаваны адзін з самых буйных храмаў Воршы — касцёл трынітарскага кляштара 1714 г., што знаходзіўся на паўночна-ўсходнім баку галоўнай плошчы. У 1831 г. касцёл быў перабудаваны ў праваслаўны сабор. У першыя гады савецкай улады сабор, пераабсталяваны пад аэраклуб, страціў чатыры вуглавыя вежы. Пашкоджаны падчас Другой сусветнай вайны, храм яшчэ выкарыстоўваўся ў пасляваенныя гады, а потым быў знесены, што запатрабавала значных матэрыяльных затрат. У канцы 1950-ых гг. заставаліся толькі ледзь прыкметныя рэшткі калісьці велічнага збудавання. Знікла таксама агароджа з брамамі, якая акружала ансамбль, захаваўся толькі жылы манастырскі корпус, дзе ў XIX ст. размяшчалася вучылішча.
Супрацьлеглы бок плошчы займаў ансамбль езуіцкага калегіума, заснаванага ў 1604 г. канцлерам Вялікага Княства Літоўскага Львом Сапегам. У 1690 г. па ўказу караля Яна Сабескага замест драўляных пабудаваны мураваныя касцёл і карпусы калегіума. Тут існавалі вучылішча, школьны тэатр, аптэка, лабараторыі, вялікі сад. У перыяд мікалаеўскай рэакцыі ў 1831 г. касцёл зруйнавалі, а службовыя карпусы прыстасавалі пад турму, якая яшчэ дзейнічала да нядаўняга часу. Акрамя двух такіх будынкаў захавалася манастырская сцяна.
На паўднёва-ўсходнім баку плошчы быў узведзены будынак гарадской управы ў стылі класіцызму. Яго асноўны корпус меў два паверхі і высокую драўляную аглядную вежу. Аднапавярховы П-падобны флігель утвараў вакол яго ўнутраны двор, у які ўязджалі праз вялікія паўцыркульныя аркі. Цяпер гэтага помніка няма. Страчаны таксама старыя пасадкі сквера і драўляны тэатр у стылі мадэрн, што існавалі на плошчы. Яе забудова, якая калісьці з'яўлялася адметным архітэктурным ансамблем выдатных культавых і грамадскіх збудаванняў, радавых жылых і гандлёвых будынкаў, цяпер мае прымітыўнае, па-мастацку не арганізаванае аблічча.