Страчаная спадчына
Шрифт:
Акрамя Менска вялікія страты горадабудаўнічай спадчыны зведалі ў розныя перыяды часу малыя гарады Менскай вобласці. Напрыклад, у Нясвіжы з чатырох культавых і абарончых комплексаў, закладзеных у канцы XVI ст. на вуглах блізкага да квадрата гарадскога плана, у перабудаваным выглядзе захаваліся тры. Цалкам страчаны праваслаўны храм у заходнім куце, а таксама касцёл бернардзінскага кляштара на паўночным канцы гістарычнай часткі горада. У паўднёвай частцы карэнным чынам скажоны перабудовамі касцёл бенедыкцінскага кляштара. Не захаваліся земляныя валы і равы, якія ўтваралі стораны квадрата, брамы, праз якія ажыццяўляўся ўезд у горад — Клецкая і Віленская, а Замкавая захавалася часткова.
Рэшткі архітэктурнага ансамбля галоўнай, гандлёвай плошчы цяпер прадстаўлены ратушай, якая страціла большую частку калісьці высокай шмат'яруснай вежы, гандлёвымі радамі і домам рамесніка XVIII ст. Разбураны дамініканскі кляштар, аўстэрыя і гарадскі палац Радзівілаў, а таксама вуніяцкая царква і сінагогі паблізу плошчы, а месцы большасці помнікаў заняты новай забудовай. Тыпавы пяціпавярховы жылы дом перагарадзіў кароткую вуліцу, якая звязвала ратушную плошчу з плошчай перад былым езуіцкім калегіумам'і арыентаваную на яго касцёл. У цэлым новая забудова мае невыразнае архітэктурнае аблічча, завышаны маштаб, які не адпавядае гістарычнаму асяроддзю, агульную тэндэнцыю нетактоўнага ўмяшання ў прасторавую кампазіцыю і вобразны лад архітэктурных форм гэтага ўнікальнага помніка горадабудаўнічага мастацтва эпохі Рэнесансу і барока.
Берасце
У заходніх абласцях Беларусі — Берасцейскай, Гарадзенскай, частцы Менскай і Віцебскай захаванасць архітэктурнай спадчыны значна лепшая, чым ва ўсходнім рэгіёне. Аднак рэканструкцыя гарадскіх паселішчаў у 1960-1980-ых гг. выяўляе тыя ж устойлівыя заканамернасці адмаўлення гістарычнага архітэктурнага асяроддзя і яго асобных элементаў большай ці меншай ступені захаванасці.
Фармаванне Берасця са старажытнейшых часоў да сярэдзіны XIX ст. — дастаткова рэдкі прыклад разрыву пераемных сувязей, поўнага знішчэння ў 1830-ых гг. сярэдневяковага ў сваёй аснове горада, багатага архітэктурнымі каштоўнасцямі, з мэтай стварэння магутнай крэпасці на заходніх рубяжах Расейскай імперыі. Знос старажытнага Берасцейскага замка, вядомага гістарычнымі падзеямі, які служыў месцам правядзення соймаў, разбурэнне альбо перабудова для патрэб арміі шматлікіх культавых, а таксама грамадскіх і жылых будынкаў былі не толькі самадзяржаўным праўленнем горадабудаўнічага вандалізму, але палітычным і ідэалагічным актам.
Пасля падаўлення «рымска-каталіцкага мяцяжу» 1831 г., распачатых ганенняў на католікаў і вуніятаў, вялікую колькасць манастыроў чакала скасаванне: Берасце ў XVI ст. лічылася другім па значэнні горадам Вялікага Княства Літоўскага і адначасова з'яўлялася сімвалам прыняцця вуніі ў 1596 г., якую афіцыйнае праваслаўе ўспрымала як насілле над «рускай» царквою. У канцы XVIII ст. у Берасці існавала 10 каталіцкіх і вуніяцкіх храмаў.
Горад XII–XVIII стст. склаўся на астравах у вусці ракі Мухавец, якая ўпадае ў Буг. Картаграфічныя дакументы сведчаць, што велізарную ролю ў планіровачнай структуры і абліччы горада меў ландшафт — акваторыі рэк і іх шматлікіх пратокаў, якія ахоплівалі розныя раёны. Спецыфічна пры гэтым, што забудова высокай шчыльнасці, накшталт заходнеэўрапейскіх гарадоў, на працяглых участках размяшчалася на самай берагавой лініі.
Замак, першааснова паселішча, займаў трохкутны ў плане востраў. На суседнім востраве сфармавалася большая частка горада са структурай вуліц, вызначаемай дзвюма асноўнымі магістралямі, якія разыходзіліся ў міжгарадскія гандлёвыя шляхі. Па месцы размяшчэння да замка мела цягу шырокая, блізкая да простакутніка гандлёвая плошча з ратушай, крамамі, езуіцкім калегіумам, фарным касцёлам, аўгусцінскім кляштарам (у перабудаваным выглядзе храм часткова захаваўся да нашага часу), палацам князя Чартарыйскага і іншымі будынкамі.
Ужо ў пачатку XIX ст., паводле апісанняў відавочцаў, горад знаходзіўся ў стане заняпаду, выкліканага змяншэннем гандлю, частымі пажарамі, спусташэннем манастыроў. Пры будаўніцтве крэпасці ў XIX ст., а таксама ў наступнае стагоддзе аж да заканчэння другой сусветнай вайны акрамя вышэй пералічаных будынкаў знішчана таксама Мікалаеўская царква, у якой была прынята вунія, базыльянскі, дамініканскі, брыгіцкі, трынітарскі кляштары, мужчынскі бернардзінскі кляштар (захаваліся фрагменты), жаночы бернардзінскі кляштар (захаваліся руіны касцёла), Міхайлаўская царква, праваслаўны манастыр і драўляная царква, сінагога.
У 1830-1840-ых гг. па праекце расейскіх ваенных інжынераў — генералаў К.І.Опермана і Малецкэга, палкоўніка А.І.Фельдмана будуецца магутны комплекс фартыфікацыйных збудаванняў. У плане крэпасць набліжалася да круга. Яе ядром была цытадэль на востраве, дзе раней змяшчалася асноўная частка сярэдневяковага горада. Кобрынскае ўмацаванне ў паўночным раёне крэпасці, Валынскае — у паўднёвым і Цярэспальскае — у заходнім уяўлялі сабой сістэму земляных валаў з бастыёнамі і равоў. На працягу XIX і пачатку XX ст. абарончы комплекс рэканструяваўся і дабудоўваўся. У 1911–1914 гг. узведзена вонкавая сістэма фартоў, якія стаялі асобна на адлегласці да 7 км ад крэпасці. У сярэдзіне XIX ст. на паўночным усходзе ад яе закладзены новы жылы раён — Кобрынскі фарштат — у выглядзе ўчастка кальца, які суседнічаў з крэпасцю, а цяпер з'яўляецца гістарычным цэнтрам Берасця. Забудова фарштата як цэласнага, узведзенага за адносна кароткі прамежак часу горадабудаўнічага ўтварэння ўяўляе гісторыка-культурную каштоўнасць.
Усведамляючы незаменныя страты манументальнай забудовы Берасця эпохі феадалізму, трэба, аднак, высока ацаніць дасягненні фартыфікацыйнага майстэрства, вопыт стварэння буйнейшага для свайго часу і ўнікальнага ў рэгіёне абарончага комплексу (аналагічнае шырокамаштабнае будаўніцтва крэпасці і новага горада пры ёй вядома на тэрыторыі Беларусі толькі ў Бабруйску). У сувязі з гэтым у працэсе развіцця горада асаблівае значэнне набывае захаванне цэласнасці горадабудаўнічай сістэмы: абарончы комплекс — Кобрынскі фарштат, і аднаўленне яе асобных элементаў.
У Берасці, як і ў іншых гарадах, праяўляецца тэндэнцыя замены гістарычнай забудовы новымі ўтварэннямі. У 1970-ых гг. на былой галоўнай гандлёвай плошчы па вуліцы Маскоўскай знесены будынак гандлёвых радоў — рэдкі помнік грамадзянскай архітэктуры сярэдзіны XIX ст., а на яго месцы пабудаваны сучасны грамадска-гандлёвы комплекс. Пры рэканструкцыі вуліцы Савецкай у адзінае па архітэктурным маштабе малапавярховае гарадское асяроддзе XIX — першых дзесяцігоддзяў XX ст. уключаны буйныя аб'ёмы жылых дамоў, кінатэатра, гасцініцы, кампазіцыйна не звязаных з гістарычным наваколлем. Страта каштоўных будынкаў прасочваецца і на іншай тэрыторыі былога Кобрынскага фарштата.
Пінск
Разгледзім другі горад Берасцейскай вобласці — Пінск, дзе за апошнія 30–35 гадоў у працэсе праводзімай рэканструкцыі была разбурана цэласнасць унікальнай прасторавай структуры. Пачатак фармаванню горада паклаў дзядзінец на беразе ракі Піны, у месцы зліцця яе з Прыпяццю. У XI–XIII стст. вакол яго склаўся ўмацаваны валам і ровам навакольны горад. Дзядзінец размяшчаўся ў межах сучасных вуліц Чайкоўскага і заходняй часткі плошчы Леніна, навакольны горад — вуліцы Горкага і ўсходняга боку плошчы. У XIV ст. навакольны горад пашырыўся на ўсход, яго мяжа прайшла па сучаснай вуліцы В. Харужай. Тут у сістэме ўмацаванняў мясціўся францысканскі кляштар, заснаваны ў 1396 г. Археалагічныя раскопкі сведчаць пра радыяльна-паўкальцавую планіроўку вакольнага горада. Напрамкі вуліц XIII і XIV стст. захоўваліся да канца XVIII ст.
У XVI ст. у Пінску існавалі замак, 14 цэркваў, францысканскі і праваслаўны Варварынскі манастыры, уязныя брамы, Троіцкі мост цераз Піну і 25 вуліц. У замку знаходзіўся княжацкі, пасля старасцінскі палац, будынкі гарадской адміністрацыі, мураваны сабор святога Дзмітрыя, царква святога Фёдара, дамы гараджан. Побач з замкам сфармавалася гандлёвая плошча, у забудову якой уваходзіла ратуша 1628 г., гандлёвыя рады, езуіцкі калегіум з касцёлам 1631–1635 гг., вуніяцкая царква. Паблізу плошчы ў 1506 г. заснавана сінагога. У 1666 г. закладзены драўляны кляштар дамініканцаў, у 1770 г. узведзены мураваны. Да 1510 г. адносіцца закладка мураванага францысканскага касцёла, да 1712–1730 гг. — карэнная рэканструкцыя ўсяго манастыра, а да 1817 г. — будаўніцтва ў ім званіцы.