Страчаная спадчына
Шрифт:
У першай палове XIX ст. працягвалася фармаванне горада па праекце перапланіроўкі. У 1812–1820 гг. у будынках калегіума знаходзілася езуіцкая акадэмія навук. З 1822 г. калегіум займалі манахі ордэна піяраў. У 1831–1833 гг. комплекс рэканструіруе архітэктар А. Порта для размяшчэння тут кадэцкага корпуса. Касцёл быў перайменаваны ў Мікалаеўскі сабор, а плошча атрымала назву Корпуснай, ці Параднай. Узведзены ў 1850 г. на плошчы ў створы Віцебскай вуліцы чыгунны помнік-абеліск у гонар узяцця Полацка расейскімі войскамі ў час вайны 1812 г. падкрэсліў восевую кампазіцыю плана цэнтральнай часткі горада. Цікава адзначыць, што захаваўся малюнак, на якім адлюстраваны Полацак у дзень бітвы з французскімі войскамі 25 ліпеня 1812 г. На другім плане — панарама горада, дзе відны большасць манастыроў — бернардзінскі, базыльянскі, францысканскі, Богаяўленскі, езуіцкі, дамініканскі.
Полацкая Парадная плошча з'яўляецца адным з найбольш буйных і манументальных ансамбляў у беларускім горадабудаўніцтве. Разгледзім яе малавядомыя архітэктурна-мастацкія ўласцівасці, якія цяпер зніклі разам са страчанай забудовай. Многія з будынкаў на плошчы паасобку разглядаліся ў літаратуры, напрыклад, савецкім гісторыкам архітэктуры А. Квітніцкай. Аднак ансамбль у цэлым як адзінае гарманічнае ўтварэнне не аналізаваўся, заставаліся не асэнсаванымі яго кампазіцыйныя асаблівасці.
Ансамбль склаўся ў апошняй чвэрці XVIII — першай палове XIX ст. за адносна кароткі час. Пасля далучэння да Расеі ў 1772 г. на плошчы існавалі правінцыяльныя ўстановы: магістрат з гандлёвымі радамі, канцылярыя, саляны магазін, пошта і іншыя, якія не фармавалі цэласнай забудовы. Пасля стварэння ў 1776 г. Полацкай губерні новыя губернскія ўстановы ў адзінстве з больш раннімі культавымі будынкамі арганіза-валі архітэктурны ансамбль. Калі ў XVII–XVIII стст. плошча мела культавае ў спалучэнні з вучэбным, гандлёвае і адміністрацыйнае прызначэнне, то ў апошняй чвэрці XVIII ст. пры страце гандлёвай функцыі яе роля як адміністрацыйнага цэнтра значна ўзмацнілася.
На паўночным і паўднёвым баках плошчы ўзведзены аднолькавыя групы з трох грамадскіх будынкаў. У 1783 г. пабудаваны палац генерал-губернатара і мураваныя службы пры ім, а не пазней за 1786 г. — мураваны дамініканскі кляштар. Аўтарам пералічаных будынкаў, за выключэннем кляштара, з'яўляецца І.Зігфрыдан. На ўсходнім баку плошчы былі ўзведзены таксама два адміністрацыйныя будынкі з аднолькавымі фасадамі.
Галоўным будынкам плошчы заставаўся езуіцкі касцёл, да якога прымыкалі масіўныя карпусы калегіума. У гэты перыяд у аснове ідэйнага зместу ансамбля ляжала супрацьпастаўленне і ў той жа час адзінства, з аднаго боку, культавага каталіцкага пачатку, дапоўненага яго асветніцкай, місіянерскай функцыяй, з другога — адміністрацыйна-палітычнай улады, якая ўвасабляла значнасць новай дзяржаўнасці. Наяўнасць духоўнай (калегіум), а затым ваеннай навучальнай установы (кадэцкага корпуса) узмацняла грамадскае значэнне плошчы. У сувязі з размяшчэннем абеліска ў памяць 1812 г. узбагаціўся сэнсавы змест ансамбля, які дадаткова да іншых функцый набыў мемарыяльны характар.
Апошняя чвэрць XVIII і першая палова XIX ст. з'яўляюцца часам найвышэйшага развіцця кампазіцыі плошчы. Адзінству ансамбля спрыяў выразны, у цэлым сіметрычны план. Асноўная прастора плошчы вызначалася простакутнікам памерам 120 x 130 м. Езуіцкі касцёл размяшчаўся на падоўжнай восі плошчы, якая служыла адначасова планіровачнай воссю горада. Арыентацыя на вялікай працягласці галоўнай магістралі на храм падкрэслівала яго першараднае значэнне ў цэнтры і горадзе ў цэлым.
За выключэннем Замкавага завулка, вуліцы, якія прымыкалі да плошчы, фармавалі сіметрычную структуру. Фасады груп з трох будынкаў на паўночным і паўднёвым баках плошчы спраектаваны строга сіметрычнымі і аднолькавымі. У агульную кампазіцыю забудовы арганічна ўпісаліся асіметрычныя элементы — дамініканскі кляштар і палац генерал-губернатара, а таксама «камерная» прастора параднага двара перад карпусамі калегіума, якія ўмясцілі тэатр, музей, карцінную галерэю і іншыя памяшканні. Выкарыстанне асіметрыі ўзбагачала ансамбль, пазбаўляла яго аднастайнасці пры захаванні асноўнай ідэі сіметрыі гарадскога цэнтра.
У ансамблі ўжыты прынцып роўнасці асноўных планіровачных і вышынных памераў, а таксама абмежавана прыменена модульнасць (модуль — умоўная адзінка, якая ўжываецца для каардынацыі памераў частак будынка, комплексу альбо прасторы). Пры праектаванні класіцыстычнай планіровачнай кампазіцыі модулем служыла шырыня галоўнага фасада наяўнага езуіцкага касцёла (каля 24 м), якая склала 1/5 шырыні плошчы (120 м). Да модуля набліжаліся адлегласці паміж восямі адміністрацыйных будынкаў на паўднёвым і паўночным баках — 23,5 м. Працягласць фасада палаца генерал-губернатара раўнялася двум модулям. Фасад групы трох адміністрацыйных будынкаў (60 м) складаў палову шырыні плошчы.
Вышынная кампазіцыя ансамбля грунтавалася на выразным кантрасце архітэктурных мас і сілуэта езуіцкага касцёла, вежы якога да падножжа крыжа дасягалі 53 м, і малапавярховай фонавай забудовы, якая фармавала перыметр плошчы. Вышыня адміністрацыйных будынкаў складала 13,5 м. Адносіны вышыняў дамінанты і радавой забудовы — прыблізна 4:1, што вызначала эфектнае супрацьпастаўленне архітэктурных формаў.
Ролю другараднай дамінанты адыгрываў дамініканскі касцёл. Яго галоўны фасад вышынёй каля 27 м не меў вежаў, завяршаўся барочным шчытом і ў цэлым вызначаўся кампактным сілуэтам. Адносіны вышыняў храма і фонавай забудовы плошчы — 2:1. Такім чынам, у аснову вышыннай кампазіцыі элементаў ансамбля — галоўнай і другараднай дамінантаў і большай часткі радавых будынкаў — была пакладзена прапорцыя, якая ўключала падваенні — 4:2:1.
Значэнне фонавага, працяглага элемента забудовы адыгрываў таксама Г-падобны будынак калегіума, які абмяжоўваў парадны двор ля касцёла. Для арганізацыі гэтай аддаленай ад цэнтра плошчы прасторы па-мастацку абгрунтавана прыменены больш высокія, чым астатнія радавыя пабудовы, трохпавярховыя карпусы, што кампазіцыйна ўраўнаважвала размешчаны па дыяганалі дамініканскі касцёл. Такім чынам, для ансамбля ўласцівы чатыры вышынныя ўзроўні: два — культавых дамінантаў і два — радавой грамадскай і жылой забудовы.
Разгледзім асаблівасці архітэктурнага аб'ёму езуіцкага касцёла, якія ўплылі на прапорцыі ансамбля ў цэлым. Памеры вышыні і даўжыні храма супадалі (53 м). Першы ярус фасада да верху ўвенчвальнага карніза, што выходзіў на плошчу, уяўляў сабой квадрат з бокам, роўным асноўнаму модулю планіроўкі ансамбля (24 м). Модулю раўнялася і вышыня размешчаных над міжкрыжоўем вялікага і малога барабанаў з купалам да падножжа крыжа.
Прынцып супадзення асноўных памераў выявіўся таксама ў роўнасці вышыні асноўнага аб'ёму касцёла да верху франтона — 28 м, і адлегласці ад вертыкальнай восі вежы да планіровачнай восі трансепта. Другім праяўленнем служыць роўнасць агульнай вышыні храма адлегласці ад яго галоўнага фасада да восі крайняга з трох адміністрацыйных будынкаў.
Вежы касцёла мелі чатырох'ярусную структуру; вышыні ярусаў складалі 24, 13, 9, 4 м, а вышыня шлема вежы — пятага ўмоўнага яруса — 2 м. Гэты ланцужок памераў у нязначным набліжэнні ўтвараў прапорцыю, якая таксама ўключала падваенні — 12: 6: 4: 2: 1.
Іншымі суадносінамі характарызаваўся дамініканскі касцёл. Яго галоўны фасад меў трох'ярусную будову, ступенчаты сілуэт з выразным барочным шчытом. Вышыні ярусаў адпаведна складалі 17,0 м: 6,6 м: 3,4 м альбо 5:2:1. Такім чынам, гэтыя дзве культавыя пабудовы адрозніваліся як агульнай аб'ёмна-планіровачнай кампазіцыяй (двухвежавая трохнефавая базіліка з трансептам і купалам над міжкрыжоўем і бязвежавы храм), так і прапорцыямі фасадаў. Аб'яднала храмы тое, што другарадная дамінанта набліжалася па вышыні да асноўнай часткі (да верху франтона) галоўнай дамінанты. Другім прыёмам гарманізацыі было выкарыстанне падобных дэкаратыўных рашэнняў парталаў. Яны ўяўлялі сабой набліжаныя па маштабу да чалавека порцікі; над антаблементамі цягнуліся балконы. Малы ордэр порціка эфектна спалучаўся з вялікім ордэрам фасада. Ансамблеваму адзінству садзейнічаў таксама лучковы франтон, які першапачаткова ўпрыгожваў партал езуіцкага касцёла, паўтораны на фасадах цэнтральных з трох адміністрацыйных будынкаў.
Такім чынам, характэрныя для ансамбля прынцыпы роўнасці асноўных памераў і модульнасці дапаўняліся тактоўна ўведзеным прынцыпам падабенства формаў. Трэба адзначыць таксама яшчэ адну арыгінальную асаблівасць. Даўжыня фасада крайніх з трох адміністрацыйных будынкаў (13,5 м) была спраектавана роўнай вонкавай шырыні трансепта езуіцкага храма і, адпаведна, шырыні галоўнага васьміграннага барабана над міжкрыжоўем, а вышыня іх фасадаў да карніза (каля 9 м) — роўнай вышыні гэтага барабана. Вышыня ж даху адміністрацыйных будынкаў (каля 5 м) раўнялася вышыні барочнага шатра паміж галоўным і малым барабанамі. Такім чынам, фасад тыповага грамадскага будынка ўпісваўся ў фасад завершанага шатром галоўнага васьмерыка.
Разгледжаныя прыклады сведчаць, што выкарыстаны з мэтай гарманізацыі кампазіцыі прынцып падабенства падзяляўся на прамое падабенства архітэктурных элементаў і падабенства прапорцый рознахарактарных па сваёй прыродзе формаў.
Цэласнасць ансамбля ў многім абумовілася аднолькавай паверхнасцю большасці грамадскіх будынкаў, агульным рытмам дахаў, аб'яднаннем трох будынкаў у групах паміж сабой глухой агароджай. Працяглыя карпусы на ўсходнім баку ўтваралі мастацка абгрунтаваны кантраст больш дробнаму вырашэнню паўночнага і паўднёвага бакоў.