Страчаная спадчына
Шрифт:
Дакументальныя звесткі пра планіроўку Горадні змяшчаюцца ў грамаце Вітаўта 1389 г. У ёй адзначаны рынак, Замкавая вуліца, якая вяла да яго ад замкавага моста, а таксама вуліца, што праходзіла ад Замкавай да Падола. Упамянуты ўчастак фарнага касцёла з могілкамі, праваслаўная Прачысценская царква, сінагога над ярам уздоўж ракі Гараднічанкі. У цэлым гарадская забудова атрымала развіццё ў усходнім, паўночна-ўсходнім і паўднёва-ўсходнім напрамках, канцэнтравалася на плато паміж Нёманам і Гараднічанкай.
На падставе гістарычных дакументаў — «Увалочнага вымярэння г. Гродны» 1560 г., гравюры, якая паказвае панараму забудовы ў 1568–1572 гг., больш позніх планаў XVIII ст. — можна ўявіць планіроўку горада ў сярэдзіне XVI ст. Асноўныя магістралі праходзілі ў мерыдыянальным і шыротным напрамках. Планіровачная структура большай часткі горада была няправільная радыяльна-дугавая, якая склалася, напэўна, яшчэ ў перыяд Полацкай Русі. Да Верхняга і Ніжняга замкаў сыходзіліся некалькі радыяльных напрамкаў, асноўны з якіх, Замкавая вуліца з яе працягам — Азёрскай, пераходзіў у дарогу ва ўсходнім накірунку. Радыяльныя вуліцы выходзілі на старажытнейшую гандлёвую плошчу перад крэпасцю, якая ў XVI ст. ужо не існавала. У планіроўцы вылучаліся таксама дугавыя напрамкі, што перасякалі горад ад Нёмана да Гараднічанкі. У цэлым нерэгулярная планіровачная сетка характарызавалася няправільнымі абрысамі кварталаў, больш дробных у цэнтральнай частцы горада, ламанымі і крывалінейнымі вуліцамі. Ва ўсходнім раёне напэўна ў XV — першай палове XVI ст. сфармавалася некалькі рэгулярных напрамкаў, якія перасякаліся пад прамым вуглом. Асобную планіроўку меў Падол — раўнінная тэрыторыя ля падножжа прыбярэжных узгоркаў. Некалькі паралельных вуліц цягнуліся ўздоўж Нёмана. Паміж сабой і з берагам ракі яны злучаліся кароткімі папярочнымі адрэзкамі. Такая вулічная сетка сустракалася таксама ў горадабудаўніцтве іншых народаў і ўяўляла сабой прыбярэжную радавую сістэму планіроўкі.
Назвы многіх вуліц паказвалі на прафесійную прыналежнасць жыхароў: Златарская — вуліца ювеліраў, Рэзніцкая — мяснікоў, Гарбарская — гарбароў і інш. Такім чынам, існавалі ўчасткі горада, вылучаныя па сацыяльных і прафесійных адзнаках, што абумоўлена цэхавай арганізацыяй рамеснай вытворчасці.
Важнай асаблівасцю разглядаемага перыяду было перамяшчэнне грамадскага цэнтра горада на ўсход ад замкаў. Ім становіцца новая гандлёвая плошча на перакрыжаванні асноўных магістраляў, якая мела кампазіцыю замкнёнага характару. Амаль квадратная канфігурацыя плошчы сфармавалася, відаць, у XV ст. пад уплывам горадабудаўнічай культуры гоцікі і рэнесансу. Асаблівасць планіроўкі плошчы ў тым, што гандлёвая магістраль Варшава — Вільня перасякала яе не ў сярэдзіне, а праходзіла ў вуглах. Падобная трасіроўка вуліц, распаўсюджаная ў сярэдневяковых гарадах Эўропы, забяспечвала свабодны транзітны рух праз плошчу міма рынка.
Плошча звязвалася з замкам крывалінейнай вуліцай Замкавай — характэрным для многіх гарадоў планіровачным элементам, які злучаў гандлёвы цэнтр з феадальнай рэзідэнцыяй. Да асноўных будынкаў плошчы адносіліся драўляны прыходскі касцёл («фара Вітаўта»), на месцы якога ў XVI ст. узведзены мураваны, ратуша, пабудаваная пасля атрымання горадам у 1469 г. магдэбургскага права, мураваная парафіяльная Сімяонаўская царква, гандлёвыя рады, карчма. Ратуша мела шмат'ярусную вежу з гадзіннікам — галоўную вертыкаль у сілуэце горада.
У паўночнай частцы Горадні існавала таксама квадратная плошча малых памераў — так званы Нямецкі рынак, які ў другой палове XVI ст. ужо прыйшоў у заняпад. Выказваецца меркаванне, што гэта быў рынак калоніі прусаў, паколькі памежная Горадня мела разнастайны склад насельніцтва. Вядома, напрыклад, што ў 1392 г. князь Вітаўт дазволіў крыжакам пабудаваць у Занямонні замак Новая Горадня, які, аднак, ён у тым жа годзе разбурыў.
У першай палове XVI ст. на месцы руінаў Ніжняга замка пабудаваны вялікі каралеўскі палац. Сярод будынкаў на замкавым узвышшы, якія ўваходзілі ў палацавы комплекс, знаходзілася Васкрэсная царква XII–XIII стст. Пасля, у 1613 г., яна згарэла і пабудавана нанова на тэрыторыі горада.
Асноўныя культавыя будынкі займалі вяршыні прыбярэжных узгоркаў, броўкі плато, вузлавыя месцы планіровачнай структуры і служылі вышыннымі элементамі прасторавай кампазіцыі горада. Многія храмы размяшчаліся ў завяршэнні відавых перспектыў вуліц, што абумоўлівалася функцыянальнымі і эстэтычнымі патрабаваннямі і на працягу стагоддзяў з'яўлялася горадабудаўнічай традыцыяй. У XVI ст. акрамя памянёных культавых будынкаў існавалі цэрквы: Прачысценская, перабудаваная з храма XII ст., Малая Каложская на вуліцы Замкавай, Барысаглебская, Святога Крыжа на Падоле, Троіцкая (1511) на Нямецкім рынку, Мікалаеўская на паўночнай ускраіне, а таксама касцёл Святога Духа (1553) па Віленскай вуліцы і сінагога паблізу замка.
У Занёманскай, найбольш позняй частцы Горадні, фармуецца новы рынак, добра звязаны з воднай камунікацыяй. Гандлёвая плошча атрымала тыповую форму простакутніка, да вуглоў якога падыходзілі вуліцы. Паблізу, насупраць замкаў існаваў звярынец з сажалкамі, элемент дастаткова пашыраны ў гарадах і рэзідэнцыях магнатаў XV–XVI стст. Абедзве часткі горада злучаліся мостам цераз Нёман на ражавых апорах і з уезнай вежай. Развіццё планіроўкі і забудовы суправаджалася павышэннем узроўню гарадскога добраўпарадкавання. Вуліцы былі забрукаваны, у 1541 г. зроблены водаправод.
У 80-ых гг. XVI ст. пры каралю Стэфану Баторыю Стары замак карэнным чынам перабудоўваецца ў стылі рэнесансу. У XVII ст. будуюцца альбо перабудоўваюцца манументальныя культавыя комплексы, якія належалі розным ордэнам. Яны займалі важнейшыя ў горадабудаўнічых адносінах участкі, маючы як абароннае, так і кампазіцыйнае значэнне.
У 1602–1618 гг. на месцы былых каралеўскіх стайняў узведзены касцёл бернардзінцаў, а ў 1621–1651 гг. насупраць яго на суседнім узгорку — кляштар бернардзінак. Да 1630-ых гг. адносіцца будаўніцтва дамініканскага кляштара на Віленскай вуліцы (пасля жылы корпус перабудаваны ў стылі класіцызму, касцёл разбураны ў 1874 г.), да 1634–1642 гг. — узвядзенне брыгіцкага кляштара на вуліцы Азёрскай. У 1635 г. у Занёманскім прадмесці закладзены францысканскі кляштар (перабудаваны ў XVIII ст.). Да першай паловы XVII ст. адносіцца таксама будаўніцтва новай мураванай сінагогі на месцы драўлянага храма, які згарэў у 1617 г. Адным з найбольш буйных і адметных у архітэктурна-мастацкіх адносінах збудаванняў стаў касцёл езуіцкага калегіума на галоўнай плошчы (1678–1700 гг., дабудаваны ў 1750–1752 гг.), узведзены на месцы, дзе ў XVI ст. стаяла Сімяонаўская царква.
У 1673 г. на Падоле паўстаў драўляны кармеліцкі касцёл, у 1738–1765 гг. — мураваны кармеліцкі на суседнім участку (згарэў у 1904 г.). Да 1729 г. адносіцца закладка невялікага кляштара баніфратэраў. У 1720–1751 гг. па праекце архітэктара І.Фантана на месцы згарэлага Прачысцінскага манастыра пабудаваны вуніяцкі базыльянскі манастыр з царквою Раства Багародзіцы (дабудаваны ў XIX ст.).
У XVII ст. будуюцца гарадскія палацы — Радзівіла, уключаны ў ансамбль галоўнай плошчы. Сапегі — на Азёрскай, Пухальскага — на Дзям'янаўскай вуліцах, Агінскага — на беразе Нёмана. У XVIII ст. пабудаваны палац Масальскага на Замкавай вуліцы.
Планіроўку Горадні канца XVIII ст. ілюструе фіксацыйны план 1795 г. Яе фармаванне на працягу стагоддзяў характарызавалася пераемнасцю асноўных асаблівасцей, якія склаліся на больш ранніх гістарычных этапах. Уздоўж асноўнай планіровачнай восі, якая праходзіць па водападзеле, сканцэнтраваўся шэраг вышынных збудаванняў — фарны, езуіцкі, брыгіцкі касцёлы. У мінулым уздоўж гэтай восі знаходзіліся таксама Малая Каложская царква і ратуша. Другую планіровачную вось — вуліцы Маставую і Віленскую адзначалі мужчынскі і жаночы бернардзінскія, кармеліцкія, фарны, дамініканскі і Святадухаўскі касцёлы. Як упаміналася, на скрыжаванні восяў размяшчалася галоўная гарадская плошча.
Другая палова XVIII і першая палова XIX ст. з'яўляюцца перыядам найвышэйшага развіцця кампазіцыйнай сістэмы архітэктурных дамінантаў. Іх значная колькасць, асаблівасці месц змяшчэння ў прыродным ландшафце і планіровачнай структуры абумовілі высокія эстэтычныя якасці горадабудаўнічай кампазіцыі. У гэты перыяд, як і ў іншых вялікіх гарадах, культавыя комплексы падзяляліся на тры групы па сваім значэнні ў прасторы горада. Да першай групы адносіліся бернардзінскі і езуіцкі кляштары і фарны касцёл. Па сваёй тэрыторыі вылучаўся езуіцкі кляштар, які займаў квартал і ўключаў касцёл, вучэбныя карпусы калегіума, бібліятэку, аптэку, жылыя і гаспадарчыя будынкі.