Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Страчаная спадчына

Чантурия Юрий Владимирович

Шрифт:

Разглядаючы ўнутраныя прасторы ансамбля, варта адзначыць, што да будаўніцтва палаца яны насілі «камерны», зацяснёны забудовай характар. Плошча як адкрытая прастора была слаба выяўлена, што з'яўлялася ўласцівасцю сярэдневяковай структуры.

Спецыфіку ансамблю надавала таксама яшчэ адна асаблівасць, арыгінальная ў параўнанні з іншымі плошчамі. Яна заключалася ў прыёме арганізацыі ўнутранай прасторы ансамбля культавымі дамінантамі, што арыентаваліся на плошчу апсідамі і кампазіцыйна былі нібы адхілены ад яе. Як упаміналася, больш верагодна, што гэта ўласцівасць вызначылася ў сувязі з канонам арыентацыі на ўсход апсід храмаў, якія ў XVI ст. з'яўляліся праваслаўнымі, а пазней былі пераўтвораны ў каталіцкія. Для плошчаў Новага часу і некаторых сярэдневяковых тыповае фармаванне прасторы галоўным фасадам храма, які традыцыйна канцэнтраваў па-мастацку выразныя элементы — вежы, найбольш багатыя пластыку і дэкор. Прастора ж плошчы ў Слоніме фармавалася лаканічнымі паўцыркульнымі аб'ёмамі апсід, а вертыкальныя элементы храмаў, зрокава аддаленыя ад перыметра плошчы, утваралі другі план ва ўспрыняцці ансамбля. З апсіднай сцяной бернардзінскага касцёла эфектна кантраставала высокая барочная брама з цікавым сілуэтам і насычанай пластыкай фасада, які выходзіў на плошчу.

Развіццё забудовы на працягу XIX — пачатку XX ст., з аднаго боку, уяўляла сабой працэс дэградацыі архітэктурнага асяроддзя, а з другога — характарызавалася назапашваннем новых, па-мастацку прыкметных кампанентаў.

У пачатку XIX ст. палац быў зруйнаваны. На плане Слоніма 1825 г. на яго месцы паказаны малазначныя пабудовы, а прылеглая да плошчы тэрыторыя занядбанага сада заставалася незабудаванай. Аднак план участка гарадскога цэнтра 1849 г. сведчыць аб існаванні галоўнага, паўднёвага корпуса палаца і наяўнасці адкрытай тэрыторыі паміж ім і плошчай. На працягу другой паловы XIX і пачатку XX ст. свабодны ўсходні бок плошчы зноў забудоўваецца. Тым самым, на новым гістарычным этапе спантанна аднавіўся старажытны характар прасторавага вырашэння плошчы.

Пераемным, ансамблевым падыходам вылучалася будаўніцтва ў канцы 1840-ых гг. новых гандлёвых радоў у стылі позняга класіцызму. Яны занялі месца драўляных радоў, якія згарэлі, і нязначна перавысілі іх па памерах. Па перыметру манументальны працяглы корпус меў каланаду дарычнага ордэра з шырокім рытмам апор; унутранае памяшканне падзялялася на 112 асобных крам. Прыкметнай рысай стала ўстройванне пасярэдзіне будынка крытага праезда, што пралягаў дакладна па восі апсіды касцёла бернардзінак. Тым самым, узніклі новыя эфектныя відавыя кропкі на храм: з-пад праёма адначасова былі відаць апсідная сцяна з высока размешчанай фігурнай ляпной рамай, а другім планам на той жа восі — вежа касцёла. Акрамя таго, з дапамогай гэтага праезду ўсходні і заходні праходы ўздоўж радоў функцыянальна і кампазіцыйна злучаліся паміж сабой. Выкарыстанне такога прыёму з'явілася заканамерным працягам распаўсюджанай традыцыі выдзялення накіраваных візуальных сувязей.

Да пачатку XX ст. забудова плошчы склалася як цэласны архітэктурны ансамбль, які ўключаў каля 30 будынкаў (з іх да цяперашняга часу захавалася толькі 5). Яго кампазіцыя ў гэты перыяд сінтэзавала ў якасці асноватворных уласцівасцей сярэдневяковую планіровачную аснову і аб'ёмна-прасторавыя барочныя элементы XVII–XVIII стст., а таксама ўключала больш познюю масавую забудову са сваімі спецыфічнымі рысамі. Мастацкае адзінства ансамбля было абумоўлена не фармаваннем па загадзя запланаванай горадабудаўнічай задуме, а паступовым пераемным развіццём, улікам пры будаўніцтве кожнага новага будынка гістарычнага асяроддзя. Такому адзінству спрыялі: узаемасувязь функцыянальных працэсаў на плошчы; агульнасць маштаба радавых пабудоў, выкліканая як блізкасцю памераў зямельных пляцаў, так і блізкасцю матэрыяльных магчымасцей забудоўшчыкаў; традыцыйнасць планіровачных, аб'ёмна-прасторавых і дэкаратыўных рашэнняў.

У пачатку XX ст. фасады амаль усіх радавых будынкаў, якія фармавалі прастору плошчы, былі сіметрычныя, што вызначыла выражаную шматвосевую кампазіцыю перыметра плошчы. Масавыя адна- і двухпавярховыя пабудовы ансамбля выконвалі жылыя і грамадскія функцыі і падзяляліся на некалькі характэрных аб'ёмна-прасторавых тыпаў. Да першага з іх адносіўся аднапавярховы дом, які выходзіў доўгім бокам на плошчу. Да другога — двухпавярховы будынак з двухсхільным ці вальмавым дахам, таксама звернуты доўгай сцяной да плошчы. На галоўных фасадах пабудоў гэтых тыпаў працяглыя рытмічныя рады праёмаў і пластычных элементаў стваралі выразныя кампазіцыйныя тэмы. Тарцовыя фасады, бачныя з плошчы, вырашаліся лаканічна, за выключэннем маляўніча аздобленых франтонаў. Аб'ёмнай разнастайнасці спрыялі розныя схілы дахаў, павернутых да прасторы плошчы.

Трэці тып будынкаў, вельмі характэрны для малых гарадоў і мястэчак, — аднапавярховы з мансардай дом, арыентаваны падоўжнай воссю перпендыкулярна лініі забудовы плошчы. У якасці галоўнага выступаў тарцовы фасад, увенчаны высокім трохкутным франтонам. Апошні служыў носьбітам асноўных сродкаў мастацкай выразнасці збудавання. У шматлікіх спалучэннях ён праразаўся некалькімі аконнымі і дахавымі праёмамі рознай канфігурацыі, засяроджваў на сабе элементы дэкаратыўнага ўбрання — карнізныя цягі, медальёны, сандрыкі, ліштвы, лапаткі, падаконныя цягі і інш. Найболын важна, што будынкі гэтага тыпу фармавалі спецыфічны «зубчаты» сілуэт забудовы.

Да чацвёртага тыпу адносіўся аднапавярховы дом з мезанінам, размешчаны сваёй падоўжнай воссю ўздоўж бока плошчы. Па сваёй аб'ёмнай кампазіцыі ён блізкі да памешчыцкага сельскага сядзібнага дому, што ўносіла арыгінальныя вобразныя рысы ў аблічча гарадскога па сваёй прыродзе ансамбля. Калі будынкі іншых тыпаў былі мураванымі, то большасць дамоў дадзенага тыпу зроблена з дрэва. Мезанін размяшчаўся на восі сіметрыі фасада і завяршаўся франтонам. У адным з дамоў, напэўна мураваным, асіметрычна збудаваны мезанін фланкіраваў фасад.

Галоўныя фасады будынкаў усіх тыпаў знаходзіліся на лініі забудовы. Пры гэтым прыём фармавання прасторы плошчы больш доўгай сцяной дома і схілам даха, які выходзіў на галоўны фасад (першы, другі, чацвёрты тыпы), колькасна пераважаў над пабудовамі трэцяга тыпу.

Спалучэнне ў слонімскім ансамблі тыпаў масавых дамоў, як і рознавысотнасць забудовы, разнастайнасць нахілаў дахаў і інтэрвалаў паміж збудаваннямі надавалі выразнасць, складанасць і аб'ёмнасць лінейнай кампазіцыі бакоў плошчы.

Акрамя таго, трэба падкрэсліць унікальную якасць плошчы — шматстыльнасць яе забудовы ў пачатку XX ст. Гэта вызначыла асобыя фармальна-пластычныя ўласцівасці ансамбля, спецыфічны многасастаўны архітэктурны вобраз, звязаны з поліфаніяй асацыяцый у працэсе візуальнага ўспрыняцця асяроддзя. Прычына выключнай многастыльнасці — у даўгачасным складванні ансамбля і вялікай колькасці пабудоў. Апошняе выклікана, з аднаго боку, паходжаннем плошчы як доўгага рынка, і адпаведна значнай працягласцю, а з другога — малымі матэрыяльнымі магчымасцямі забудоўшчыкаў, што вызначыла дробнамаштабнасць радавых дамоў, мажлівасць размясціць іх вялікую колькасць. Напрыклад, галоўная плошча губернскага горада Горадні, які непараўнальна пераўзыходзіў Слонім па велічыні, у гэты перыяд уключала прыкладна 20 будынкаў.

Коратка разгледзім стылявыя, дэкаратыўна-пластычныя асаблівасці забудовы, якія спрыялі яе гарманізацыі ў адзінае ансамблевае рашэнне. Касцёл бернардзінак (1664–1670) з'яўляецца творам ранняга барока (інтэр'ер дапоўнены ў стылі ракако) і вылучаецца лаканічным абліччам. У якасці галоўнага элемента з прасторы плошчы выступала паўкруглая сцяна апсіды. Паўцыркульныя абрысы ляпной рамы на ёй візуальна падкрэслівалі тэму паўкружжа. Высокі дах, што перакрываў аднанефавае збудаванне, з плошчы ўспрымаўся над апсідай як манументальная канічная форма, увенчаная мініяцюрнай вежачкай з крыжам.

Брама-званіца перад храмам была ссунута з падоўжнай восі касцёла і не перашкаджала яго агляду. Яна служыла элементам, у найбольшай меры набліжаным да гледача, з выкарыстаннем таксама цыркульных і авальных форм. Пры гэтым кампазіцыйная тэма акружнасці засяроджвалася на восі сіметрыі збудавання і развівалася знізу ўверх: паўкруглая арка партала — крывалінейны карніз над ёй — лучковыя скразныя праёмы — паўцыркульны карніз на франтоне. Вышыні праёмаў памяншаліся ў напрамку знізу ўверх. Крывалінейныя абрысы бакавых валют гарманіравалі з контурам рамы на апсіднай сцяне.

Поделиться с друзьями: