Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Страчаная спадчына

Чантурия Юрий Владимирович

Шрифт:

У пачатку 1960-ых гг. без якой-небудзь горадабудаўнічай неабходнасці быў знесены выдатны помнік архітэктуры XVI — пачатку XX ст., адна з асноўных дамінантаў гарадской панарамы — фарны касцёл на плошчы. У 1960-ых гг. знік таксама касцёл бернардзінак. Як і ў іншых гарадах, гэтыя злачынныя з сучаснага пункту гледжання дзеянні з'явіліся вынікам усеагульнага ідэалагічнага падыходу, што дэклараваўся ў краіне, праводзімай палітыкі барацьбы з рэлігіяй. У гэты ж перыяд падпалі пад знос аднапавярховыя жылыя дамы па вуліцы Замкавай, у тым ліку будынак XVIII ст. з ляпным цэхавым знакам рыбы на адной з лапатак фасада.

У многіх выпадках у забудове 1960-1980-ых гг. у старой частцы горада і на прылеглых да яе тэрыторыях адсутнічала пераемнасць гісторыкагорадабудаўнічых традыцый і ўнікальных асаблівасцей Горадні. Гэтую тэндэнцыю мэтазгодна прасачыць, у прыватнасці, на недастатковым уліку заканамернасцей развіцця грамадскага цэнтра горада (зоны канцэнтрацыі грамадскіх функцый). Разгледзім дынаміку яго фармавання з XII да сярэдзіны XX ст.

У XII–XIII стст. цэнтр ахоплівае Верхні замак і гандлёвую плошчу з культавымі будынкамі, якая, верагодна, склалася ля яго сцен з боку прыступу, паміж ім і прылеглым пасадам. Такі кампактны, вузлавы характар цэнтра ў XIV–XV стст. пераўтвараецца ў лінейна-вузлавы: па-першае, узбуйняецца старажытная частка цэнтра будаўніцтвам каля дзядзінца Ніжняга замка, які атрымлівае грамадскую функцыю, а па-другое, фармуецца новы готыка-рэнесансны цэнтр у выглядзе простакутнай рыначнай плошчы з касцёлам, злучаны са старажытнай часткай галоўнай вуліцай.

Асноўная вось захад-усход, якая пры гэтым намецілася, у XVI ст. дапаўняецца папярочнай воссю поўнач-поўдзень, арганізаванай новымі культавымі комплексамі і гандлёвымі плошчамі. Яны звязваюцца паміж сабой камунікацыямі, уздоўж якіх размяшчаецца жыллё заможных гараджан. На перакрыжаванні восяў далейшае развіццё атрымлівае комплекс галоўнай рыначнай плошчы. Ад асноўных восяў разыходзяцца іх адгалінаванні. Відаць, у гэты перыяд канчаткова дэградуе роля старажытнай плошчы каля замкаў як аднаго з гандлёвых падцэнтраў. Такім чынам, для XVI ст. тыповы пераход лінейна-вузлавой структуры цэнтра ў разгалінавана-вузлавую з зараджэннем характэрнай для Горадні тыпалагічнай асаблівасці — дзвюх асноўных структурных восяў, якія перасякаюцца пад прамым вуглом.

Развіццё разгалінавана-вузлавой структуры ў XVII — першай палове XVIII ст. выявілася ў павелічэнні яе маштабу, тэрытарыяльным працягу восі захад — усход, узбуйненні вузлоў. Пры гэтым характэрна, у параўнанні з эпохай Адраджэння, адміранне некаторых гандлёвых падцэнтраў, напрыклад Нямецкага рынку, або ператварэнне іх у культавыя комплексы (размяшчэнне францысканскага кляштара на тэрыторыі рыначнай плошчы ў Занямонні).

У другой палове XVIII — пачатку XIX ст., у адрозненне ад папярэдняга перыяду, шыротная вось кансервуецца, а моцнае развіццё набывае мерыдыянальная вось з далейшым ростам яе адгалінаванняў. Якасна новая ўласцівасць гэтага этапу — дапаўненне разгалінавана-вузлавой структуры занальнымі элементамі, зліццё асобных вузлоў у грамадскія тэрыторыі. Гэтая якасць стала дамінуючай у канцы XIX — пачатку XX ст., аднак разгалінавана-вузлавы прынцып утварэння структуры грамадскага цэнтра захоўваецца. У гэты перыяд узнікае таксама другая шыротная вось аднабаковай арыентацыі, якая арганічна пачынаецца з месца злому мерыдыянальнай восі.

Такім чынам схема эвалюцыі цэнтра Горадні ўкладваецца ў часавую паслядоўнасць: вузлавы, лінейна-вузлавы, разгалінавана-вузлавы, занальнаразгалінавана-вузлавы цэнтр. Вызначальнай тыпалагічнай адзнакай структуры цэнтра з'яўляліся дзве ўзаемна перпендыкулярныя восі, сфармаваныя грамадскімі комплексамі, з галоўным ансамблем горада ў месцы іх перасячэння. У развіцці цэнтра існавала ўстойлівая аб'ектыўная тэндэнцыя паэтапнага тэрытарыяльнага пашырэння.

Гэтая асаблівасць, аднак, не атрымала паўнацэннага пераемнага развіцця ў далейшым. Паказальным прыкладам таму можа служыць арганізацыя новага адміністрацыйнага цэнтра ў раёне плошчы Леніна (былой Палацавай), размяшчэнне буйных, функцыянальна ёмістых аб'ектаў на тэрыторыі гістарычнага ансамбля. Неабгрунтаванае горадабудаўнічае рашэнне прывяло да ўзвядзення паблізу, на вуліцы Савецкай, шматпавярховага будынка аблвыканкама, які не адпавядаў маштабнасці старой забудовы, парушыў сілуэт гістарычнага раёна. Пры гэтым існавалі праектныя прапановы па будаўніцтву новага адміністрацыйна-грамадскага комплексу на невялікім аддаленні ад гістарычнага раёна, на паўночны захад ад яго за ракой Гараднічанкай, што садзейнічала б арганічнаму працягу шматвяковага працэсу тэрытарыяльнага развіцця структуры ансамбляў цэнтра Горадні. Аднак у выніку памылковых дзеянняў фармаванне цэнтра пайшло па горшым шляху, які знізіў культурныя якасці і выдатнасці аблічча горада.

Размяшчэнне будынка аблвыканкама без неабходных з функцыянальна-планіровачнага пункту гледжання падстаў з'явілася пачаткам іншых суб'ектыўных дзеянняў — прыбудовы да яго з павелічэннем даўжыні шматпавярховага корпуса, зносу перад ім старога квартала па вуліцы Сацыялістычнай. Негатыўны эфект атрымаўся пры расшырэнні плошчы Леніна за кошт знішчэння ўчастка гістарычна каштоўнага ландшафта ўздоўж

Гараднічанкі, будаўніцтва двух адміністрацыйных будынкаў былых гарадскіх камітэтаў КПБ і ЛКСМБ. Тым самым у разглядаемай зоне адбылася карэнная змена планіровачнай і кампазіцыйна-прасторавай структуры архітэктурнага ансамбля Гарадніцы XVIII ст., прадстаўленай на гэтым участку сістэмай дзвюх плошчаў перад палацам Тызенгаўза і будынкам адміністратара, а таксама гістарычным ландшафтам каля былога батанічнага сада.

Наступным крокам стаў знос аднаго з гістарычных будынкаў, якія фармавалі парадную прастору Палацавай плошчы перад рэзідэнцыяй Тызенгаўза (палац разбураны ў гады першай сусветнай вайны). Відавочна, што для лагічнага завяршэння пампезнай ідэі, задуманай у свой час не без удзелу кіруючых партыйных органаў, неабходна знесці капітальны пяціпавярховы жылы дом 1960-ых гг. па вуліцы Савецкай, што раскрые да новай плошчы фасад будынка аблвыканкама. Функцыянальны эфект усіх пералічаных пераўтварэнняў вельмі нязначны, невысокія і архітэктурна-мастацкія якасці будынкаў былых гарадскіх камітэтаў КПБ і ЛКСМБ.

На суседняй вуліцы Ажэшкі, якая ўваходзіла ў ансамбль Гарадніцы, у пасляваенныя дзесяцігоддзі было разбурана некалькі тыпавых жылых дамоў рамеснікаў, якія ў XVIII ст. фармавалі цэласны, адзіны ў сваім родзе на тэрыторыі Беларусі ансамбль вуліцы. Першапачаткова іх налічвалася 20, да цяперашняга часу захаваўся толькі адзін.

Нямала прыкладаў сучаснага будаўніцтва, якое парушае традыцыйнае аблічча гарадскога асяроддзя. Новая прыбудова да ўнівермага па сваім аб'ёмна-прасторавым рашэнні і апрацовачных матэрыялах не адпавядае характару гістарычнай забудовы вуліцы Савецкай. Будынак драматычнага тэатра на важнейшым у горадабудаўнічых адносінах участку на месцы разбуранага кляштара бернардзінак у цэлым мае развітае і своеасаблівае аб'ёмна-пластычнае рашэнне, аднак вызначаецца схематызмам, самадастатковым і абыякавым да рознахарактарнага гістарычнага наваколля абліччам. З сучасных пазіцый для ўзбагачэння культуралагічнага зместу цэнтра горада на гэтым месцы больш правільна было б узнавіць комплекс жаночага бернардзінскага кляштара з яго выкарыстаннем па аптымальным сучасным прызначэнні. Для будынка тэатра трэба было знайсці іншае, важнае ў структурна-планіровачных адносінах месца ў горадзе. Відавыя напрамкі на гістарычны цэнтр з боку вуліцы Горкага перакрыты сучаснымі шматпавярховымі аб'ёмамі будынкаў вылічальнага цэнтра і тыповай паліклінікі на вуліцы Лермантава.

Трэба адзначыць, што параўнанне планаў Горадні розных гістарычных перыядаў з сучаснай сітуацыяй сведчыць аб высокай ступені захаванасці планіровачнай структуры і элементаў прасторавай кампазіцыі. Акрамя таго, аналіз плана дазваляе прасачыць тэрыторыі, розныя па часе асваення і ўтварэння асноў вулічнай сеткі. Участак паміж Нёманам і Гараднічанкай у межах вуліц Крупскай, К. Цэткін і Пасіянарыі мае элементы сярэдневяковай радыяльна-дугавой схемы XI–XIV стст. На поўнач і ўсход ад яго ў межах вуліц Энгельса, Кірава, Чапаева, Маладзёжнай і Камсамольскай сетка вуліц склалася пад уплывам горадабудаўнічай культуры готыкі і рэнесансу XV–XVI стст. і вызначаецца вялікімі памерамі і правільнай канфігурацыяй былой рыначнай плошчы, больш буйнымі кварталамі і працяглымі вуліцамі. Тэрыторыя далей на ўсход, абмежаваная вуліцамі Паўлоўскага і Чапаева, а таксама Гарадніцы была асвоена ў XVII–XVIII стст. Многія напрамкі сфармаваліся ў XIX — пачатку XX ст. і вызначаюцца рэгулярным характарам, элементамі простакутнай схемы ў паўночнай частцы гістарычнага раёна. У цэлым планіроўка, сістэма забудовы розных эпох, ад XII ст. да 1930-ых гг., прасторавая кампазіцыя гістарычнага раёна патрабуюць у далейшым максімальнага захавання, аднаўлення і творчага развіцця ў працэсе рэканструкцыі горада.

Слонім

Як і ў Горадні, нерэгулярная прасторава-планіровачная структура, якая свабодна фармавалася на працягу стагоддзяў, захавалася да нашага часу ў Слоніме. Першаасновай горада служыў невялікі па тэрыторыі замак, да якога сыходзіліся вуліцы. Рэльеф мясцовасці, адсутнасць вонкавага пояса ўмацаванняў, асаблівасці трасіроўкі гандлёвых шляхоў у сукупнасці з іншымі фактарамі абумовілі складаныя абрысы вулічнай сеткі. У XVI ст. паўночна-заходняя частка горада атрымала прамалінейную сістэму вуліц.

У 1559 г. сярод культавых будынкаў Слоніма ўпамінаюцца шэсць праваслаўных цэркваў, сінагога і мячэць. М.Мілакоўскі ў кнізе «Апісанне горада Слоніма», выдадзенай у Горадні ў 1891 г., сцвярджае, што цэрквы XVI ст. вызначылі месцы для храмаў, галоўным чынам касцёлаў XVII–XIX стст. Да іх адносіліся: Троіцкая царква на Спаскай вуліцы, якая стаяла на пляцы касцёла бернардзінцаў XVII ст.; Васкрасенская царква на Афанасьеўскай вуліцы на месцы езуіцкага касцёла XVIII ст.; Афанасьеўская царква на той жа вуліцы, на думку аўтара, найбольш старажытная, на пляцы касцёла латэранскіх канонікаў 1635 г.; Мікалаеўская царква на адной з гарадскіх плошчаў на месцы дамініканскага касцёла XVII ст. У першай палове XVI ст. пабудавана мураваная сінагога, у 1642 г. узведзеная нанова альбо перабудаваная са старога будынка. У 1595 г. у раёне Замосце за ракой Шчарай пабудаваны мураваны парафіяльны касцёл.

Поделиться с друзьями: