Страчаная спадчына
Шрифт:
Такім чынам, першы план успрыняцця з плошчы стваралі званіца і агароджа, другі — асноўны аб'ём храма, трэці — трох'ярусная вежа касцёла, завершаная выцягнутым васьмігранным купалам. Падкупальны ярус вежы быў апрацаваны нішамі і праёмамі найбольш інтэнсіўна і разам з завяршэннем выконваў ролю акцэнтнага элемента агульнай кампазіцыі. На трэцім плане знаходзіліся і двухпавярховыя карпусы жылога манастырскага будынка.
Для архітэктурнага вобраза Слоніма XVII — першай паловы XIX ст. у цэлым уласцівая стылістыка ранняга барока, якая прадстаўлена некалькімі дамінуючымі культавымі збудаваннямі. Адно з іх — касцёл латэранскіх канонікаў да яго перабудовы ў XIX ст. Манументальныя, спрошчаныя архітэктурныя формы, лаканічны дэкор, вялікая кампазіцыйная роля плоскасці сцяны, а таксама асаблівасці ўспрыняцця з плошчы вызначалі яго падабенства з касцёлам бернардзінак. Аднак калі элементамі бернардзінскага комплексу, якія сканцэнтроўвалі найбольш дэкору, з'яўляліся брама і вежа храма, то ў латэранскім касцёле імі служылі барочныя шчыты галоўнага фасада і бакавых прыдзелаў. Шчыты імітавалі вядомы стылявы правобраз — завяршэнне фасада храма Іль Джэзу ў Рыме. Менавіта шчыт паўднёвага прыдзела быў кампазіцыйным акцэнтам збудавання пры ўспрыняцці з плошчы і, як упаміналася, замыкаў восевую відавую перспектыву аднаго з праходаў уздоўж гандлёвых радоў.
Ацэньваючы перабудову храма ў псеўдарускім стылі ў тыповых для 1840-1850-ых гг. формах, падкрэслім яе асноўны вынік — істотную змену горадабудаўнічай ролі збудавання. Было дасягнута ўражанне шматвежавай і шматкупальнай кампазіцыі, колькаснага дамінавання ў сілуэце ансамбля плошчы прасторава разгрупаваных цыбулепадобных завяршэнняў. Замест аднаго вертыкальнага элемента — барочнага шчыта галоўнага фасада, з'явілася чатыры — асноўны барабан з купалам над сяродкрыжжам, два малыя барабаны на галоўным фасадзе і званіца, што стаяла асобна.
Пры гэтым праявілася пэўнае імкненне да стварэння ансамблевай аднолькавасці забудовы плошчы. Галоўны барабан сабора меў васьмігранную ў плане форму ў выглядзе квадрата са злёгку зрэзанымі кутамі, у чым ён нагадваў вежу касцёла бернардзінак. Купал таксама быў васьмігранны і ў гэтых адносінах адпавядаў васьміграннай будове купала бернардзінскага храма. Аналагічна выкананы малыя купалкі.
Па такому ж прынцыпу — квадрат са скошанымі вугламі, вырашаны трэці ярус званіцы, якая стаіць асобна, і шацёр над ім. Відавочна, невыпадкова і выкарыстанне на яе фасадах трох паўцыркульных арачных праёмаў, размешчаных адпаведна ярусам адзін над адным. Таксама вертыкальны рад з трох праёмаў і перавага цыркульных крывых, як адзначалася, характэрны для брамы-званіцы кляштара бернардзінак. Прымяненне ў абодвух выпадках пакатых франтонаў узмацняла фармальную ўзаемасувязь гэтых двух розначасовых і рознамаштабных збудаванняў.
Класіцызм на плошчы быў прадстаўлены ратушай. У пачатку XX ст. яе архітэктурны воблік' уносіў рысы грамадзянскасці, урачыстай строгасці ў агульны барочна-эклектычны вобразны строй ансамбля. Да фасаднай сцяны ратушы быў блізка прыстаўлены чатырохкалонны порцік тасканскага ордэра. Плоскі порцік быў арганічным горадабудаўнічым рашэннем у сувязі з размяшчэннем ратушы ў зацяснёных умовах на лініі забудовы адной з асноўных вуліц, што перасякалі плошчу. Порцік увенчваў франтон, тымпан якога ўпрыгожвала фігура льва.
Змястоўнасць архітэктурнаму вобразу ансамбля прыдавала шматскладанае спалучэнне рэтраспектыўных стыляў забудовы. Па характару дэкаратыўнага ўбрання іх мэтазгодна вызначыць як псеўдабарока, псеўдакласіцызм, эклектычную архітэктурную традыцыю выкарыстання мастацкіх уласцівасцей цаглянай муроўкі, мадэрн, рэгіянальную традыцыю драўлянага жылога дойлідства, а таксама разгледжаны вышэй псеўдарускі стыль. У большасці выпадкаў носьбітамі стылю з'яўляліся падвергнутыя рэканструкцыі больш раннія збудаванні. У большай альбо меншай ступені для рэтраспектыўнай стылістыкі ансамбля былі ўласцівыя наступныя рысы: мясцовая своеасаблівасць, арыгінальнасць форм дадзенага стылявога накірунку, іх адрозненне параўнальна з аналагічнай стылістыкай іншых рэгіёнаў Беларусі; выкарыстанне ў якасці фармальнага прататыпу ўнікальных выдатных узораў мясцовага дойлідства; тэндэнцыя ансамблевасці, пераемнасці дэкору забудовы, прымяненне архітэктурных прыёмаў, сходных з тымі, што склаліся ў папярэднія перыяды.
Напрыклад, у кампазіцыі тарцовых фасадаў корпуса гандлёвых радоў пачатку XX ст. выкарыстаны манументальны крывалінейны шчыт у спалучэнні з дэкаратыўнымі вежачкамі, прататыпам формаўтварэння якога служыў барочны шчыпец слонімскай сінагогі, унікальнага архітэктурнага твора XVII ст. Вуглы некаторых пабудоў былі апрацаваны рустам, што іх яднала з аналагічным прыёмам у архітэктуры ратушы — больш ранняга па часу будаўніцтва важнейшага грамадскага будынка горада.
Сучаснае аблічча гістарычнага раёна Слоніма значна збеднена з-за сур'ёзных страт архітэктурнай спадчыны. У мінулым галоўная славутасць Слоніма — палацавы архітэктурна-ландшафтны ансамбль Агінскага, страчаны цалкам. Як адзначалася, яго заняпад і разбурэнне адбываліся на працягу XIX і першых дзесяцігоддзяў XX ст. Паводле дадзеных, якія прыводзіць вядомы польскі гісторык архітэктуры і краязнавец С. Лорэнц, адна з палацавых пабудоў існавала яшчэ ў 1933 г. Акрамя будынкаў страчана таксама колішняя сістэма добраўпарадкавання і азелянення, прыстані на Шчары. Цяпер тэрыторыя старажытнага замка і пасля палаца з'яўляецца толькі археалагічнай каштоўнасцю.
На месцы комплексу будынкаў Праабражэнскага сабора цяпер пустэча — разбураны храм, званіца, капліца, глухая агароджа, што акружала комплекс. Яшчэ да Другой сусветнай вайны на галоўнай плошчы існавалі гандлёвыя рады. Месца гэтага будынка цяпер займае сквер па вуліцы Першамайскай. Была цалкам разбурана гістарычная забудова ўсходняга боку плошчы (Першамайскай вуліцы) і заменена тыповымі грамадскімі і жылымі будынкамі 1950-1960-ых гг. Цэласны ў мінулым фронт забудовы заходняга боку таксама пацярпеў у працэсе праводзімай рэканструкцыі — тут захаваўся толькі жаночы бернардзінскі кляштар і адзін гістарычны жылы будынак. Яшчэ ў 1960-ых гг. перад касцёлам стаяла вышэй разгледжаная брама, знос якой цяжка растлумачыць аб'ектыўнымі прычынамі. Моцна пацярпела таксама гарадское асяроддзе ў раёне плошчы каля сінагогі — тут разбураны групы грамадскіх, культавых і жылых пабудоў XIX — пачатку XX ст.
Сярод страчаных у параўнанні з XIX ст. культавых будынкаў — езуіцкі касцёл на сучаснай вуліцы Пушкіна, драўляная вуніяцкая царква па вуліцы В. Крайняга (былой Спаскай, пазней Бернардзінскай, Банкавай), касцёл бенедыкцінскага кляштара на Чырвонаармейскай вуліцы (былой Жыровіцкай), драўляная мячэць па былой Татарскай вуліцы ў паўночнай частцы горада. Знішчаны таксама плябанія пры касцёле святога Андрэя, брама перад касцёлам бернардзінцаў. Карэнным чынам перабудавана сінагога па сучаснай вуліцы Камуністычнай.
У час вайны і ў наступныя дзесяцігоддзі пры рэканструкцыі горада адбыліся шматлікія выбарачныя разбурэнні гістарычнага гарадскога асяроддзя. Да іх адносяцца, напрыклад, група пабудоў XVIII — пачатку XX ст. на ўчастку вуліцы Я. Купалы (Маставой) паблізу галоўнай плошчы; двухпавярховы будынак таго ж часу на рагу вуліцы Першамайскай і плошчы Леніна; жылы дом па вуліцы Савецкай побач з ратушай, якая захавалася; існаваўшы яшчэ ў 1980-ых гг. жылы дом XVIII ст. па вуліцы В. Крайняга — так званы дом Чаховіча, нанесены на план Слоніма 1796 г.; будынкі XIX — пачатку XX ст. на плошчы Леніна, № 1, 8 і вуліцы П. Лумумбы (былой Ружанскай), № 11, знесеныя ў канцы 1970-1980-ых гг. Разам з домам № 11 разбурана брама — узор архітэктуры малых форм, якая злучала будынкі № 11 і 13. Некаторыя гістарычныя пабудовы ў апошнія гады карэнным чынам перабудаваныя.
У 1960-1970-ых гг. негатыўнай тэндэнцыяй у фармаванні забудовы цэнтра было размяшчэнне тыпавых жылых і грамадскіх будынкаў, якія маюць невыразнае архітэктурнае аблічча, парушаюць маштабнасць гарадскога асяроддзя і перакрываюць відавыя напрамкі на выдатныя помнікі барока. Такая сітуацыя склалася на заходнім баку Першамайскай вуліцы, уздоўж вуліц Я. Купалы, Студэнцкай, а таксама Чырвонаармейскай паблізу кляштара бернардзінцаў.
Сярод іншых гарадоў Гарадзенскай вобласці назавём — Ліду. Рэдкі помнік абароннага дойлідства — замак XIV–XV стст., аказаўся гранічна зацесненым новай тыповай і рознахарактарнай забудовай. У найбольшай меры яго візуальна падаўляе 14-павярховы будынак інтэрната, які ўзвышаецца побач. Суіснаванне гэтай дамінанты з замкам з'яўляецца адной з горшых сітуацый у суадносінах гістарычных і сучасных аб'ектаў.
Завяршаючы аналіз страчаных аспектаў горадабудаўнічай культуры Беларусі, трэба адзначыць і істотныя поспехі ў вырашэнні праблем рэканструкцыі гістарычных раёнаў гарадоў, аховы, рэстаўрацыі і выкарыстання помнікаў. Аднак з улікам маштабаў існуючых задач гэты працэс знаходзіцца цяпер толькі на пачатковым этапе. Аўтару ўяўляецца, што будучае адраджэнне гістарычнай спадчыны народа Беларусі павінна ўключаць як неад'емную частку не толькі шырокае выяўленне разнастайных культурных якасцей гарадоў, правядзенне рэканструкцыйных і рэстаўрацыйных работ на захаваных аб'ектах, але і максімальна магчымае, навукова абгрунтаванае ўзнаўленне цалкам страчаных гісторыка-архітэктурных комплексаў і іншых каштоўных элементаў гарадскога і сельскага асяроддзя, творчае развіццё горадабудаўнічых традыцый у сучаснай планіроўцы і забудове паселішчаў.