Страчаная спадчына
Шрифт:
У XVII ст. сістэма абароны горада фармавалася замкам і кляштарамі. Першапачаткова драўляныя збудаванні ў XVII альбо XVIII ст. будуюцца з каменя. Напрыклад, драўляны дамініканскі касцёл (1680) у 1747–1798 іт. узводзіцца з цэглы. Да 1669 г. адносіцца жаночы бенедыкцінскі кляштар, касцёл якога перабудоўваецца ў 1801 г. З 1717 г. у Слоніме вядомы езуіты, у 1740–1769 гг. яны пабудавалі калегіум. У канцы XVII ст. існавалі таксама тры вуніяцкія царквы і драўляная мячэць.
У 1768 г. вялікі гетман літоўскі, князь М. К. Агінскі на месцы старога замка Сапегаў пабудаваў новы мураваны палац (архітэктары І.Мараіна, Я. Бой, К. Шыльдгаўз (?)). У комплексе з палацам у другой палове XVIII ст. узведзены таксама друкарня, тэатр, будынкі для прыдворных, манеж, аранжарэя, гаспадарчыя пабудовы. Важным мерапрыемствам стала будаўніцтва канала Агінскага, які выраўняў рукаў Шчары і ўвайшоў у ландшафтную кампазіцыю перад палацам. Была створана прыстань, якая ўключыла два адгалінаванні канала для прычальвання лодак. Палац прасторава злучаўся з каналам.
У канцы XVIII ст. цэнтральная частка горада характарызавалася трыма звязанымі плошчамі: галоўнай гандлёвай, перад дамініканскім кляштарам і ля сінагогі. Плошчы і кварталы мелі няправільную канфігурацыю. Большасць крывалінейных альбо ламаных у плане вуліц забрукаваныя яшчэ ў сярэдзіне XVII ст. У апошняй чвэрці XVIII ст. пабудаваны новыя гандлёвыя рады, правіянцкія магазіны, мануфактура, млын, шынкі. У 1775 г. на месцы парафіяльнага касцёла
XVI ст. паўстаў мураваны фарны касцёл святога Андрэя ў стылі ракако. Паблізу ад яго існаваў невялікі кляштар марыявітак.
Як сведчыць план Слоніма 1825 г., езуіцкі касцёл знаходзіўся ўжо ў паўразбураным стане. У 1840-ых гг. пры імператару Мікалаю 1 у перыяд палітычнай рэакцыі пайшлі пад знос дамініканскі касцёл, многія пабудовы і сад кляштара. У другой палове XIX і першых чатырох дзесяцігоддзях XX ст. былая манастырская тэрыторыя выкарыстоўвалася як гандлёвая плошча (цяпер плошча Леніна). У канцы XIX ст. месца страчанага дамініканскага храма заняла невялікая праваслаўная капліца.
У гэты перыяд у цэнтральнай частцы Слоніма ўзведзена вялікая колькасць адна-, трохпавярховых будынкаў, якія захаваліся да нашага часу. У 1891 г. з 79 гарадскіх кварталаў 12 кварталаў цэнтра былі мураваныя; усе вуліцы і завулкі мелі брук. Для правінцыяльнага беларускага горада Слонім меў дастаткова высокі ўзровень капітальнасці забудовы і добраўпарадкавання. Праекты рэгулярнай перапланіроўкі, якія неаднаразова складаліся на працягу XIX ст., не трансфармавалі існуючую сетку вуліц, а ўнеслі прыватныя змены. Пры абнаўленні забудовы ў другой палове XIX — пачатку XX ст. была атрымана ў спадчыну ўласцівая гораду познесярэдневяковая прасторава-планіровачная структура, якая заставалася нязменнай да 1920-1930-ых гг.
Пасля кароткага агляду архітэктурна-планіровачнага развіцця горада да пачатку XX ст. падрабязна спынімся на найбольш прыкметным для гісторыі культуры элеменце — ансамблі галоўнай гандлёвай плошчы, які цяпер амаль страчаны.
Напэўна, плошча склалася ў ранні перыяд існавання горада, а менавіта ў XI–XII стст. На плоскім узвышшы каля дзядзінца — абароннага і адміністратыўна-гандлёвага апорнага пункта рассялення перасякаліся і сыходзіліся некалькі міжгарадскіх дарог. Зона іх перасячэння атрымала выцяі.нутую ўздоўж дзядзінца форму ў сувязі з асаблівасцямі тапаграфіі: з усходняга боку балоцістая мясцовасць дазваляла зрабіць толькі адзін пераход праз раку Шчару ў абход дзядзінца; з заходняга — высокія пагоркі вызначалі зручную трасіроўку дарог толькі па надпойменных тэрасах ці па тальвегах, якія выводзілі шляхі некалькі ў бок ад крэпасці. Вузел перасячэння шляхоў спрыяў фармаванню прасторы для гандлёвых аперацый — плошчы падоўжанага абрысу. У наступныя стагоддзі грамадская па сутнасці плошча ў тапаніміцы па сваіх фармальных уласцівасцях часам вызначалася як гандлёвая вуліца.
Падоўжаныя плошчы ў цэлым характэрныя для эўрапейскага сярэдневяковага горадабудаўніцтва, у прыватнасці Германіі, Чэхіі, Славакіі, Польшчы (у Беларусі падобная плошча прасочваецца, напрыклад, у Крычаве). У залежнасці ад прычын узнікнення вызначаюцца некалькі тыпаў такіх «доўгіх рынкаў». Адзін з іх — развіццё горада з вёскі паблізу замка. Шырокі абшчынны выган, праз які праходзіла дарога, паступова забудоўваўся па баках з ушчыльненнем забудовы на працягу IX–XII стст. У XII–XIV стст. у сярэдзіне гэтага верацёнападобнага ў плане выгана, які цяпер ужо пераўтварыўся ў грамадскую плошчу горада, узводзіліся царква і ратуша (чэшскія гарады Зволен і Ракоўнік, славацкія Кошыцы і Прэшаў, польскі Нова Весь і інш.).
Да доўгіх рынкаў іншага паходжання адносяцца, напрыклад: плошча Эрбе ў Вероне, якая ўтварылася на месцы антычнага форума; вуліца Грабэн у Вене, узнікшая на ўчастку старога гарадскога рова; доўгі рынак у Ротэнбургу, што сфармаваўся на месцы вуліцы, злучанай з галоўнай гарадской плошчай, і інш.
Для сярэдневяковага горадабудаўніцтва тыповыя значная даўжыня такога сачавіцападобнага па форме рынка, які нярэдка падзяляў горад на дзве часткі, яго вялікая шырыня (да 100 м), а таксама тэндэнцыя астраўнога размяшчэння на ім асноўных гарадскіх будынкаў — ратушы, крамаў і іншых, з паступовай забудовай яго цэнтральнай часткі.
У XVIII ст. плошча Слоніма ў плане набліжалася да трапецыі з бакамі 235, 243, 40 і 67 м. Большы з кароткіх бакоў абмяжоўваўся малым кварталам з ратушай і некалькімі жылымі дамамі з крамамі. Далей на поўдзень ад яго знаходзілася іншая, кампактная па форме невялікая плошча перад дамініканскім касцёлам. Улічваючы ўсё вышэй сказанае, а таксама абрысы прымыкаючых да плошчы кварталаў і вуліц, варта меркаваць, што першапачаткова існавала вялікая верацёнападобная плошча з ратушай пасярэдзіне, якая пасля, у сувязі з паступовай забудовай яе цэнтральнай зоны, падзялілася на дзве абасобленыя грамадскія прасторы, злучаныя кароткімі праездамі. Даўжыня гэтай старажытнай плошчы складала 330 м, шырыня — 80 м. Бліжэйшы да замка доўгі бок плошчы знаходзіўся ад яго на адлегласці ад 35 да 65 м. Узаемаразмяшчэнне дзядзінца, пасля феадальнага замка, і гандлёвай плошчы не ўкладваецца ў традыцыйную для горадабудаўніцтва перыяду Полацкай Русі схему: «град — торг — пасад» са змяшчэннем плошчы непасрэдна ля сцен крэпасці. Відавочна і неадпаведнасць распаўсюджанай схеме ўзаемааддалення феадальнай рэзідэнцыі і грамадскага цэнтра, звязаных вуліцай, што характэрна для Заходняй і Цэнтральнай Эўропы. Такім чынам, прасочваецца «прамежкавы» варыянт, пераходны тып спалучэння замка і плошчы (прыкладам гэтага тыпу служыць таксама Кобрын). Мусіць, выцягнуты ўчастак паміж плошчай і ровам вакол замка забудаваўся і прарэзаўся праходамі да крэпасці.
Структура плошчы трансфармавалася, страціла замкнёны характар, калі М. Агінскі на месцы старога замка пабудаваў палац, прасторава адкрыты ў бок плошчы і падводзячых да яе вуліц. У ансамблі з палацам паблізу ад плошчы на месцы рэшткаў крапаснога рова былі ўтвораны манументальныя ландшафтныя кампазіцыі, якія ўключылі сады рознай планіроўкі, сажалкі, парканыя збудаванні, а таксама апрацаваныя ў выглядзе тэрас склоны ўзгорка, дзе і мясціўся палац. У функцыянальных адносінах узмацнілася свецкае, грамадскае значэнне плошчы, што ўласціва горадабудаванню барока. Паколькі барочны ансамбль уваўшоў у познесярэдневяковую структуру горада, у прасторавай будове плошчы сфармавалася своеасаблівае адзінства сярэдневяковых кампанентаў, што склаліся спантанна, і новых, створаных па адзінаму замыслу элементаў палацавага ансамбля. Гэта прыкметная рыса і вызначае стан найвышэйшага развіцця горадабудаўнічай кампазіцыі плошчы, які прыходзіцца на перыяд 1768 г. — пачатак XIX ст.
Традыцыйна плошча была шматфункцыянальная. Ядром гандлёвай функцыі служыў размешчаны пасярэдзіне плошчы па яе падоўжанай восі корпус гандлёвых радоў. Дзякуючы вялікай даўжыні (140 x 10 м), ён ахопліваў значную прастору ансамбля. Трэба адзначыць характэрную для сярэдневяковых структур арганічнасць месцаразмяшчэння крамаў. Яны стаялі такім чынам, каб не перашкаджаць транзітнаму руху праз плошчу па падводзячых вуліцах. Акрамя таго, на частцы тэрыторыі плошчы традыцыйна пакінута адкрытая прастора для кірмашоў. Гэтыя прынцыпы прасочваліся і ў іншых гарадах, у тым ліку і з больш познімі планіровачнымі структурамі (Горадня, Наваградак, Крычаў, Паставы).
У XVII–XVIII стст. да культавых будынкаў ансамбля адносіліся жаночы бернардзінскі кляштар і касцёл канонікаў латэранскіх. Бернардзінскі касцёл знаходзіўся пасярэдзіне заходняга, доўгага боку плошчы, а прыходскі кананіцкі храм фіксаваў самы кароткі, паўночны бок. Адміністрацыйна-грамадскае прызначэнне прадстаўлялі ратуша і пошта. Своеасаблівым функцыянальным элементам служыла група з некалькіх заезных дамоў, якая займала паўночна-заходні край плошчы і ўчастак Панасаўскай (Афанасьеўскай) вуліцы. На найбольш падрабязным плане Слоніма 1796 г. паказана разнастайная канфігурацыя іх пляцаў, сіметрычнае ці свабоднае размяшчэнне і розныя памеры пабудоў, рэгулярныя або няправільныя абрысы будынкаў, указаны імёны ўладальнікаў. Цяжкавата, аднак, дакладна высветліць прызначэнне збудаванняў. Паводле дадзеных, прыведзеных у 1863 г. П. Баброўскім, у сярэдзіне XIX ст. на плошчы змяшчаліся чатыры заезныя дамы і карчмы.
Масавае індывідуальнае жыллё стварала параўнальна невялікую зону на паўднёва-заходнім краі плошчы. У жылых дамах знаходзіліся крамы і, магчыма, дзве аптэкі, таксама, упамянутыя ў сярэдзіне XIX ст. П. Баброўскім.
Плошча вылучалася асіметрычнай мастацкай кампазіцыяй і няправільнымі лініямі забудовы. Старажытная першааснова, фармаванне плошчы накшталт расшырэння гандлёвай камунікацыі абумовілі і характар прымыкання васьмі вуліц, якія разыходзіліся ад яе канцоў пучкамі. Пры гэтым вуліцы арганічна «ўліваліся» ў прастору плошчы — яе бакі служылі працягам ліній забудовы вуліц. Паказальна, напрыклад, што лёгкі выгін заходняга боку плошчы падкрэсліваў паварот падыходзячай да яе вуліцы Маставой.