Страчаная спадчына
Шрифт:
Вуліцы арыентаваліся на важныя, вылучаныя архітэктурнымі акцэнтамі часткі культавых дамінантаў ансамбля. У сістэму ўзаемаўвязаных планіровачных накірункаў і элементаў забудовы ўваходзілі і падоўжаныя прасторы плошчы па абодва бакі ад гандлёвых радоў. Вуліца Маставая, што цягнулася з зарэчнай часткі горада, на аддаленым адрэзку накіроўвалася на езуіцкі касцёл. Па меры набліжэння да ансамбля яна набывала арыентацыю на апсіду латэранскага касцёла, затым паблізу прымыкання да плошчы, зрокава завяршалася вежай касцёла бернардзінак. Нарэшце, гэта вуліца, арганічна пераходзячы ва ўсходні праход уздоўж гандлёвых радоў, візуальна замыкалася порцікам ратушы і адначасова вежай мужчынскага бернардзінскага касцёла ўжо за межамі плошчы. У супрацьлеглым напрамку ўсходні праход уздоўж корпуса крамаў арыентаваўся на апсіду латэранскага касцёла.
Вуліца Спаская была накіравана на высокі франтон галоўнага фасада латэранскага храма, а заходні праход уздоўж гандлёвых радоў зрокава спыняўся выступаючым трансептам гэтага касцёла. У адваротным напрамку ў перспектыве прахода стаяла брама дамініканскага кляштара. Акрамя таго, з тэрыторыі самой плошчы назіралася восевае замыканне іншых падыходзячых да ансамбля трас. Вуліца Брэжна (Берагавая, сучасная Савецкая) арыентавалася на галоўны фасад сінагогі, а кароткая вуліца, якая злучала плошчу з парадным курданёрам перад палацам Агінскага, кампазіцыйна замыкалася адной з пабудоў палацавага комплексу.
У працэсе фармавання забудовы ў XIX — пачатку XX ст. прыём пастаноўкі сэнсавых акцэнтаў у завяршэнні відавых перспектыў гарадскіх камунікацый атрымаў далейшае развіццё. Па розных прычынах змяняліся акцэнты, будаваліся новыя дамінанты, але сам прынцып заставаўся, меў значэнне ўстойлівай традыцыі, горадабудаўнічага канона.
У 1846 г. касцёл канонікаў латэранскіх быў пераўтвораны ў Праабражэнскі сабор, а ў 1849–1851 гг. адбылася перабудова храма ў псеўдарускім стылі па праекту архітэктара А. Чагіна. Відавочна, пры гэтым перад галоўным фасадам у завяршэнні Спаскай вуліцы з'явілася высокая трох'ярусная званіца, упамянутая М.Мілакоўскім у 1891 г. Такім чынам, віды на кампазіцыйныя акцэнты паступова змяняліся, і пры руху да плошчы па вуліцы Маставой іх ланцужок дапоўніўся яшчэ адным важным кампанентам. У гэту ж сістэму акцэнтаў у якасці другараднага элемента ўвайшоў і мезанін аднапавярховага будынка, які таксама замыкаў адрэзак вуліцы.
Вертыкальнай дамінантай стала таксама праваслаўная капліца на новай гандлёвай плошчы, арганізаванай на тэрыторыі знесенага дамініканскага кляштара. Яна знаходзілася на перакрыжаванні адразу трох відавых накірункаў, з якіх галоўным служыў заходні праход уздоўж гандлёвых радоў.
Прыведзеныя прыклады, а таксама падобныя выпадкі ў межах усяго горада дазваляюць зрабіць вывад, што агульны для горадабудаўнічага мастацтва розных эпох прынцып арыентацыі вуліц на дамінанты ва ўмовах познесярэдневяковай аб'ёмна-прасторавай структуры Слоніма меў наступныя асаблівасці:
— паступовае, шматэтапнае завяршэнне перспектывы вуліцы рознымі акцэнтамі ў працэсе руху па трасе; у XVIII — пачатку XX ст. у малым па тэрыторыі Слоніме з адносна кароткімі вуліцамі налічвалася да васьмі такіх арыенціраў;
— наяўнасць трас, якія на ўсёй працягласці мелі двухбаковае замыканне, гэта значыць пры руху па ім у абодвух напрамках перспектыва вуліцы фіксавалася дамінантай;
— выбар у якасці арыенціраў для восі трасы элементаў збудаванняў, розных па горадабудаўнічай кампазіцыйнай значнасці: вежа касцёла — буйная высотная дамінанта, франтон ці барочны шчыт галоўнага фасада, апсіда, бакавы прытвор храма, плоскасны элемент фасада, брама агароджы і інш;
— тыпалагічная разнастайнасць узаемнага размяшчэння аб'ёмных элементаў і нацэленых на іх вуліц: «лабавая» накіраванасць на фасад альбо пад вуглом, у тым ліку пад вострым; арыентацыя на тарэц сцяны барочнага шчыта, які вышэй за асноўны аб'ём храма, і інш.
У кампазіцыі ансамбля было чатыры ўмоўныя вышынныя ўзроўні забудовы. Першы ўзровень утваралі аднапавярховыя будынкі вышынёй да верху даху 8–9 м, другі — двухпавярховая забудова вышынёй 13–16 м. Да трэцяга ўзроўню адносіліся асноўныя аб'ёмы культавых збудаванняў, вышыня якіх да вільчака даху складала 18–20 м. Чацвёрты ўзровень — вежавыя завяршэнні храмаў, а таксама званіца (у XIX ст.), што фармавалі гарадскі сілуэт. Вышыня вежы бернардзінскага касцёла да падножжа крыжа — каля 34 м, званіцы і купала над сяродкрыжжам Праабражэнскага сабора — 28 м.
Асаблівасцю кампазіцыі ансамбля з'яўлялася некантрастная прапорцыя паміж вышынямі культавых дамінантаў і радавой забудовай. Для касцёла бернардзінак у суадносінах з аднапавярховай забудовай яна складала ў сярэднім каля 4: 1, з двухпавярховай — каля 2,4: 1. Для латэранскага касцёла ў XVIII ст. гэта прапорцыя была ў параўнанні з аднапавярховай забудовай у сярэднім 2,8: 1, а з двухпавярховай — толькі 1,7: 1 (напрыклад, як сказана вышэй, у ансамблі галоўнай плошчы Полацка гэтыя суадносіны для езуіцкага касцёла і двухпавярховай забудовы складалі 4:1, што тлумачылася, у першую чаргу, вялікімі матэрыяльнымі магчымасцямі ордэна і, адпаведна, памерамі храма).
У кампазіцыі плошчы ўвасоблены прынцып раўнавагі архітэктурных мас. У канцы XVIII ст. пераважную большасць забудовы складалі аднапавярховыя будынкі. Апрача культавых збудаванняў дамінантамі служылі буйнамаштабныя заходні і паўднёвы карпусы палаца, а таксама двухпавярховая ратуша. Сістэма гэтых рознахарактарных па аб'ёмах дамінантаў была кампазіцыйна ўраўнаважана: латэранскі касцёл і ратуша размяшчаліся на супрацьлеглых кароткіх баках плошчы, а пасярэдзіне доўгіх бакоў, таксама насупраць, знаходзіліся касцёл бернардзінак і палац. Такую раўнавагу магчыма азначыць як парную, паколькі кожнаму элементу аднаго боку адпавядаў акцэнтны элемент на процілеглым баку. Гандлёвыя рады служылі своеасаблівай аб'ёмнай воссю, якая падкрэслівала крыжападобны характар гэтых разумовых адносін.
Адным з праяўленняў сярэдневяковага характара ансамбля, што захоўваўся і на працягу XVI — пачатку XX ст., з'яўлялася адсутнасць галоўнага збудавання з бясспрэчна пераважнай роллю. Нягледзячы на розныя памеры ў плане, латэранскі і бернардзінскі храмы набліжаліся ў аб'ёмна-прасторавых адносінах. Такая ж сітуацыя назіралася і ў іншых ансамблях сярэдневяковага тыпу — забудове плошчаў Віцебска, Наваградка і інш. У іх выдзяленне вядучага ў функцыянальным і ідэйна-эстэтычным сэнсах будынка часта неадназначнае і залежыць ад прыдання большага ці меншага значэння месцазнаходажнню, вышыні, працягласці альбо дэкаратыўнай насычанасці аб'ёму. У адрозненне ад такога тыпу плошчы Новага часу — рэнесансныя, барочныя і класіцыстычныя — заўсёды мелі выяўленую дамінанту (Нясвіж, Полацак, Чачэрск і інш.).
Будаўніцтва палаца значна пашырыла візуальную прастору плошчы ў папярочным напрамку — адлегласць ад яго заходняга корпуса да кляштара бернардзінак склала больш за 100 м. Сістэма садоў, сажалак, паркавых збудаванняў і іншага добраўпарадкавання перад заходнім і паўднёвым фасадамі палаца, відавочна, аддзялялася ад грамадскай тэрыторыі плошчы агароджай. На плане 1796 г. паказаны два ўваходныя павільёны — з боку плошчы і вуліцы Брэжнай.
Аднак, болын верагодна, аб'екты ландшафтнай архітэктуры ўдзельнічалі ў кампазіцыйным рашэнні ўсёй зрокавай прасторы плошчы. Акрамя таго, моцнае паніжэнне рэльефу да канала Агінскага і адкрытая прастора перад паўднёвым корпусам палаца вызначалі яшчэ адну важную рысу ансамбля плошчы — візуальную сувязь з прыродным ландшафтам абалоны ракі Шчары.
На прыкладзе плошчы прасочваецца істотная асаблівасць сярэдневяковых структур. Яна заключаецца Ў тым, што ўнутраная прастора ансамбля складалася з некалькіх адносна самастойных зон бачнасці, кожная са сваёй дамінантай. Адзін такі ўчастак, дзе праводзіліся кірмашы, з'яўляўся сферай кампазіцыйнага ўплыву латэранскага касцёла і абкружаўся групай заезных дамоў, поштай, жылымі пабудовамі. Другі — зона зрокавай перавагі бернардзінскага касцёла, фармаваўся таксама заезнымі дамамі, гандлёвымі радамі, жыллём. Трэці, самы вялікі і адкрыты да поймы — зона ўплыву палаца, фіксаваўся, акрамя таго, ратушай, крамамі, жылымі будынкамі, аўстэрыяй насупраць паўднёвага корпуса палаца. Гэтыя зоны абмяжоўваліся, у асноўным, першым ярусам забудовы, у той час, як над ім захоўваліся прасторавыя сувязі з вышыннымі збудаваннямі ўсяго горада.