ЖАНРЫ

Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому

Ницше Фридрих

Шрифт:

І апошні раз маўклівы голас: «О Заратустра, паспелі твае плады, але сам ты яшчэ не паспеў, каб іх спажываць!

І таму табе зноў патрэбна самота: бо ты яшчэ павінен даспець».

І зноў пачуўся смех, цяпер ужо ён аддаляўся ад мяне; потым вакол мяне стала ціха, стала як бы двайная цішыня. А я ляжаў на зямлі, і пот ліўся з мяне.

Цяпер вы ўсе чулі: чаму я павінен вярнуцца ў самоту. Я нічога не ўтоіў ад вас, сяброве мае.

І ўсё гэта вы пачулі ад мяне, сама шчырага чалавека, — такім я хачу застацца і далей!

О, сяброве мае! І яшчэ сёе-тое я мог бы сказаць вам; і яшчэ штосьці я мог бы даць! Чаму ж не даю? Хіба я скупы?»

Калі Заратустра сказаў гэтыя словы, апанавала яго сіла вялікае скрухі, бо блізілася разлука з сябрамі, і ён загаласіў; і ніхто не мог суцешыць яго. А ўначы ён пайшоў і пакінуў сваіх сяброў.

Трэцяя частка

«Вы гледзіце ўгору, калі прагнеце вышыні. А я гляджу ўніз, бо я ўзвысіўся. Хто з вас можа смяяцца і быць узвышаным? Хто падняўся на сама высокія горы, той смяецца з усякай трагедыі — і на сцэне, і на яве».

Заратустра. Пра чытанне і пісанне

Вандроўнік

Было апоўначы, калі Заратустра выправіўся ў дарогу праз горны хрыбет, каб раніцай выйсці на другі бераг вострава, дзе ён меўся сесці на карабель. Там якраз была добрая гавань, у якой станавіліся на якар нават чужаземныя караблі; яны бралі на борт тых, хто хацеў плысці за мора са шчасных выспаў. І вось, калі Заратустра падымаўся ў горы, ён успамінаў дарогаю многія самотныя вандроўкі сваёй маладосці і як многа горных вяршынь і хрыбтоў ён ужо адолеў.

«Я вандроўнік, які ўвесь час падымаецца ў горы, — сказаў ён сэрцу свайму, — я не люблю раўнін і, здаецца, не магу заседжвацца ў цішы.

І што б мне цяпер ні падкінула доля яшчэ перажыць, — ва ўсім гэтым будзе вандраванне і адольванне гор: зрэшты, чалавек адольвае толькі самога сябе і жыве тым, што ў яго ўсярэдзіне.

Мінуў той час, калі выпадковасці яшчэ трапляліся на маёй дарозе; што ж такога яшчэ можа сустрэцца цяпер, каб яно не было часткаю мяне і маім здабыткам!

Толькі ж вяртаецца, у мяне самога, нарэшце, вяртаюцца мая Самасць і тыя часткі яе, што доўга былі на чужыне, раскіданыя сярод многіх рэчаў і выпадковасцяў.

І яшчэ адно я ведаю добра: сёння я стаю перад маёй сама апошняй вяршыняй і перад тым, што даўно было мне наканавана. О, мне выпала ступіць на сама цяжкую дарогу! Я пачаў сваё сама самотнае вандраванне!

А хто падобны да мяне, не пазбегне гэтай хвіліны, хвіліны, якая скажа яму: цяпер толькі ты выходзіш на дарогу велічы! Вяршыня і прорва — цяпер яны зліліся ў адно!

Ты ідзеш па сваёй дарозе велічы: тваім апошнім сховішчам зрабілася тое, што дагэтуль называлася тваёй апошняй небяспекай.

Ты ідзеш па сваёй дарозе велічы: цяпер сама лепшай мужнасцю няхай стане веданне: за табою больш ніякай дарогі няма!

Ты ідзеш па сваёй дарозе велічы; і тут ніхто не можа красціся па тваім следзе! Твае ж ногі самі сціраюць за табою дарогу і напісана пад ёю: Немагчымасць.

І калі ў цябе больш няма ніякай лесвіцы, навучыся залазіць сабе на галаву: як яшчэ інакш табе падняцца вышэй!

На сваю галаву і далей праз сваё ж сэрца! Цяпер сама пяшчотнае ў табе павінна зрабіцца сама жорсткім.

Хто залішне ашчаджае самога сябе, той хварэе ад гэтага! Слава ўсяму, што гартуе! Я не слаўлю зямлю, дзе цячэ толькі алей і мёд!

Трэба навучыцца глядзець ад сябе, каб бачыць многае: гэтая цвёрдасць патрэбна кожнаму, хто падымаецца ў горы.

А хто занадта настырным вокам шукае спазнання, не бачыць нічога вакол сябе, акрамя паверхні ўбачанага!

А ты, Заратустра, хочаш разгледзець аснову ўсіх рэчаў і падаснову іх: і таму ты павінен падняцца нават вышэй за сябе, — далей і вышэй, пакуль самі зоркі не будуць пад табою!

Так! Глядзець уніз на самога сябе і на свае зоркі: толькі гэта я называю вяршыняй, толькі гэта яшчэ застаецца маёй апошняй вяршыняй!»

Так казаў сабе Заратустра, узыходзячы ў горы і суцяшаючы сабе сэрца такімі выслоўямі: бо маркоцілася сэрца, як ніколі раней. І калі ён падняўся на вяршыню хрыбта, перад ім адкрылася новае мора; ён спыніўся і доўга маўчаў. Ноч на гэтай вышыні была зольная, ясная і зорная.

«Я пазнаю свой лёс, — сказаў ён нарэшце журботна. — Дарма! Я гатовы. Вось і пачалося маё апошняе асамотненне.

Ах, гэтае чорнае жалобнае мора пада мною! Ах, гэтая цяжарная начная спрыкраласць! Ах, лёс і мора! Да вас я павінен цяпер спусціцца!

Я стаю перад маёй сама высокай гарою і перада мною мая сама доўгая вандроўка: таму мне і трэба спусціцца глыбей, чым калі раней: — глыбей, чым калі раней, павінен я заглыбіцца ў цярпенні, у сама цёмны іх паток! Так хоча мой лёс: дарма! Я гатовы.

Адкуль узяліся высачэзныя горы? — калісьці пытаўся я сам у сябе. І вось даведаўся я, што яны падымаюцца з мора.

Сведчанні пра гэта запісаны на вяршынях і скалах. З самых глыбіняў павінна ўзыходзіць найвышэйшае да вышыняў сваіх…

Так казаў Заратустра на вяршыні гары, дзе было холадна; але калі ён падышоў да мора і спыніўся самотны сярод скал, агарнула яго млосць і яшчэ большая маркота, чым раней.

Усё яшчэ спіць, — сказаў ён, — спіць і мора. Дрымотна і адчужана глядзіць на мяне яго вока.

Але яно дыхае цяплом, і я ведаю: яно мроіць, яно сніць свой сон на цвёрдых каменных падушках.

Паслухай! Паслухай! Як яно стогне ад цяжкіх успамінаў! Альбо ад злавесных прадчуванняў?

Ах, я смуткую разам з табою, цёмная пачварына, ад перажыванняў за цябе я гневаюся на сябе.

Ах, чаму не стае моцы маёй руцэ! Як ахвотна я выбавіў бы цябе ад ліхіх мрояў!..»

І, сказаўшы гэта, Заратустра горка засмяяўся з самога сябе.

«Што, Заратустра! — сказаў ён. — Ты яшчэ і мору хочаш спець песню суцяшэння?

О, ты поўны любаснай мілаты дурань, Заратустра, поўны дабрашчаснага даверу! Але ты заўсёды быў такі: з даверам заўсёды падыходзіў да ўсяго вусцішнага.

Поделиться с друзьями: