ЖАНРЫ

Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому

Ницше Фридрих

Шрифт:

Яе патаемная дурасць — што час не бяжыць назад; «Было» — так называецца камень, які яна не можа зрушыць з гнязда.

І вось коціць яна камяні дурасці і абурэння і помсціць тым, хто, як яна, не адчувае нянавісці і прыкрасці.

Так воля, вызвольніца, пачала прычыняць боль усяму, што здольнае адчуваць пакуты; помсціць яна за тое, што не можа павярнуць час назад.

Сутнасць гэтае помсты толькі ў адным: у агідзе волі да часу і ягонага «Было».

Праўда, найбольшая дурасць жыве ў волі нашай, і праклёнам стала ўсяму чалавецтву тое, што дурасць гэтая ўспрыняла дух!

Дух помсты: сяброве мае, дагэтуль гэта ўважалася за сама значнае дасягненне чалавечай думкі: і там, дзе была пакута, заўсёды абавязкова жыла і кара.

«Кара» — менавіта так называе сябе помста; хаваючы ману сваю за гэтым словам, яна лісліва пераконвае сябе ў чысціні свайго сумлення.

І як што чалавек, выяўляючы сваю волю, заўсёды пакутуе, што не можа павярнуць яе назад, дык і самую гэтую волю, і жыццё наогул палічылі караю!

І вось — хмара за хмарай грувасціліся над духам, пакуль нарэшце вар'яцтва не прамовіла: «Усё мінае, таму ўсё вартае таго, каб мінаць!»

«І ў гэтым сама справядлівасць і закон часу, — каб час жэр дзяцей сваіх» — так прапаведавала шаленства.

«У свеце ўсе рэчы маральна ўсталяваны паводле закону і кары. О, у чым здабыць збавенне ад зменлівасці рэчаў і кары на імя «Быццё»? — так прапаведавала вар'яцтва.

«Ці можна ўратавацца, ці ёсць якое вечнае права? На жаль, не зрушыць камень здзейсненага ў мінулым: помста таксама павінна быць вечная!» — так прапаведавала вар'яцтва.

«Ніводнага ўчынку ўжо нельга адмяніць: немагчыма караю зрабіць учынак няўчыненым. Бо вось у чым вечнасць гэтай кары, кары Быццём: Быццё навек асуджана зноў і зноў рабіцца ўчынкам і віною!

Пакуль нарэшце воля не здабудзе збавення ад сябе самой і не зробіцца воляй да адсутнасці волі», — але вы і самыя ведаеце, братове мае, гэтую песню шаленства!

Я зводзіў вас далей ад гэтых баек, калі вучыў: «Воля — гэта стваральніца».

Усялякае «Было» — гэта абломак, загадка, фатальная выпадковасць, — да таго часу, пакуль стваральная воля не абвесціць: «Але ж так хачу я! Так захачу я!»

Хіба яна так ужо казала? Калі ж гэта? Ці вызвалілася воля ад сваёй дурасці?

Ці стала яна сама сабе збавіцелькай і весніцай радасці? Ці забылася пра дух помсты і скрыгат зубоў?

І хто навучыў яе мірыцца з часам і што — вышэй за ўсякае замірэнне?

Вышэй, чым усякае замірэнне, павінна хацець, воля, якая ёсць воля да ўлады: але калі тое будзе? Хто навучыў яе яшчэ і хацець назад?»

Але на гэтым месцы сваёй прамовы Заратустра раптам спыніўся; здалося, быццам напаў на яго вялікі страх. Спалоханымі вачыма абвёў ён сваіх вучняў; нібы страла, пранізаў яго позірк іх думкі і таемныя намыслы. Але праз хвіліну ён засмяяўся і дабрадушна сказаў:

«Цяжка жыць з людзьмі, бо цяжка маўчаць. Асабліва — балбатуну».

Так казаў Заратустра. А гарбаты прыслухоўваўся да яго слоў, схаваўшы твар; пачуўшы, што Заратустра смяецца, цікаўна зірнуў на яго і паволі сказаў:

«Але чаму Заратустра гаворыць з намі інакш, чым са сваімі вучнямі?»

Заратустра адказаў: «Якое ж тут дзіва! З гарбатымі і гаварыць трэба гарбата».

«Добра, — адказаў гарбаты, — а з вучнямі, значыцца, і балбатаць трэба школьна.

Толькі чаму гэта Заратустра гаворыць інакш са сваімі вучнямі, чым з самім сабою?»

Пра людскую мудрасць

«Страшная не вышыня, страшны схіл!

Схіл, дзе позірк зрываецца ўніз, а рука ўзлятае ўгору, каб за што-небудзь учапіцца. Тады трымціць сэрца ад раздваення волі.

О сяброве мае, ці ўгадваеце вы і ў маім сэрцы двайную волю?

Вось ён, мой схіл і мая небяспечная схільнасць, калі мой позірк імкнецца ўгору, а рука шукае апоры ў пустой прасторы, спрабуе ўтрымацца за бездань!

За людзей чапляецца мая воля, ланцугамі вяжу сябе з людзьмі, бо мяне парывае ўгору да Звышчалавека; бо да яго імкнецца мая другая воля.

Вось чаму я слепа жыву сярод людзей; проста, як бы я іх зусім не ведаў: каб мая рука не зусім страціла веру ў цвёрдую апору.

Я не ведаю вас, людзі: гэтая цемра вакол мяне часта была мне суцяшэннем.

Я сяджу каля дарожнае брамы перад усімі шэльмамі і пытаюся: хто хоча мяне ашукаць?

Мая першая людская мудрасць, што я даюся на падман, каб не дацца падманшчыкам.

Ах, калі б я баяўся чалавека, як бы ён тады мог быць якарам майму шарыку! Дужа лёгка панёс ён мяне ўгору і ўдалечыню!

Такое ўжо наканаванне майму лёсу, каб я жыў без асцярогі.

Калі той, хто жыве сярод людзей, не хоча памерці ад смагі, ён павінен навучыцца піць з любой шклянкі; і хто не хоча застацца чыстым, павінен умець умыцца і бруднай вадой.

Так я часта суцяшаў сам сябе: «Дарма! Нічога, стары! Няшчасце ўвінулася ад цябе: цешся ж гэтым, як шчасцем сваім!»

А другая мая людская мудрасць: я болей шаную славалюбных, чым ганарыстых.

Ці ж параненая славалюбнасць не маці ўсіх трагедый? А дзе паранена ганарыстасць, там вырастае нешта лепшае, чым яна сама.

Каб на жыццё было любасна глядзець, трэба, каб яго гульня была любасна згуляная: а на гэта спатрэбяцца добрыя акторы.

Добрых актораў я бачыў ва ўсіх славалюбцах: яны іграюць і хочуць, каб імі захапляліся — увесь дух іхні ў гэтым жаданні.

Яны выстаўляюць сябе, яны выдумляюць сябе: калі я побач з імі, я люблю назіраць жыццё — гэта ацаляе ад маркоты.

Таму я і шкадую славалюбных, што яны мне — лекары ад маёй маркоты і прывязваюць мяне да чалавека, як да відовішча.

І пасля: хто вымераў у славалюбнасці ўсю глыбіню яе сціпласці! Я добры і спагадлівы да яе, бо яна сціплая.

Яна хоча, каб вы навучылі яе верыць у сябе; яна корміцца з вашых вачэй, яна есць пахвалу з вашых рук.

Вашай ілжы яна яшчэ верыць, калі вы хлусіце пра яе нешта прыемнае: бо ў самых глыбінях яе сэрца ўздыхае: «што такое я!»

І калі сапраўдная цнота ёсць тая, што не ведае сама пра сябе, дык гэтая вось яна: славалюбны нічога не ведае пра сваю сціпласць!

Поделиться с друзьями: