ЖАНРЫ

Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому

Ницше Фридрих

Шрифт:

Усіх пачвараў хацелася табе аблашчыць. Цёплае дыханне, крыху мяккай поўсці на лапах — і ты ўжо гатовы любоўна павабіць яе да сябе.

Любоў — небяспека самотніку, любоў да ўсяго, калі яно толькі жывое! Праўда ж, смешная мая дурнота і мая сціпласць у любові!..»

Так сказаў Заратустра і зноў засмяяўся; але тут ён згадаў сваіх пакінутых сяброў і, нібыта ў думках звінаваціўшыся перад імі, угневаўся на сябе за такія думкі. І яшчэ ў смеху заплакаў: ад гневу і маркоты горка плакаў Заратустра.

Пра відзежы і здагадку

1

Калі сярод матросаў пайшлі чуткі, што на караблі Заратустра, — бо разам з ім на карабель узышоў яшчэ адзін чалавек са шчасных выспаў, — усіх разабрала цікаўнасць, усе чагось чакалі. Але Заратустра маўчаў два дні, быў халодны і глухі ад смутку і не адказваў ні на позіркі, ні на пытанні. А пад вечар другога дня прачнуўся яго слых, хоць ён па-ранейшаму маўчаў; а на гэтым караблі, які прыплыў здалёк і меўся плысці яшчэ далей, можна было пачуць пра многія дзівосы і небяспекі. А Заратустра быў сябар усім, хто робіць далёкія падарожжы і не можа жыць без рызыкі. І вось, пакуль ён прыслухоўваўся да гаворак, развязаліся аковы яго языка, і зламаўся лёд на сэрцы, і ён пачаў гаварыць так:

«Вам адважным шукальнікам, даследчыкам і ўсім, хто пад хітрымі ветразямі ішоў у жудасць мора,

— вам, упітым загадкамі, радым мігатліваму сумніўнаму святлу, чые душы пад гукі жалеек імкнуцца ўведаць падманлівыя бездані,

— бо вы не хочаце нясмелай рукою намацваць нітку; і там, дзе вы можаце адгадаць, вы ненавідзіце рабіць высновы,

— вам толькі раскажу я загадку, якую бачыў я, — твор самотніка.

Панура ішоў я нядаўна ў мярцвяна-бледных поцемках. Ужо не адно сонца зайшло для мяне.

Сцежка, якая ўпарта лезла сярод камянёў, незадаволеная, адзінокая, — ні травы, ні кустоў абапал — горная сцежка храбусцела пад настырнасцю маіх ног.

Моўчкі ступаючы сярод насмешлівага шабуршання дробнага камення, расціраючы на пыл кожны, аб які спатыкалася мая нага, я намагаўся падняцца ўгору.

Угору — насуперак духу, які цягнуў мяне ўніз, у прорву, насуперак Духу Цяжару — дэману і майму заклятаму ворагу.

Угору — хоць ён сядзеў на мне, паўкрот, паўтрус; кульгавы, ён і мяне спрабаваў зрабіць кульгавым; ён уліваў мне волава праз вушы ў мазгі — і думкі рабіліся, быццам кроплі волава.

«О Заратустра, — пакепліва шаптаў ён. — О камень мудрасці! Ты высока падкінуў сябе, але кожны кінуты камень павінен упасці!

О Заратустра, камень мудрасці, шпурнуты з прашчы, ты знішчальнік зорак! Як высока ты кінуў сябе, але кожны кінуты камень павінен упасці!

Прысуджаны да самога сябе і да самапабівання камянямі: о Заратустра, высока падкінуў ты камень, але ён упадзе на цябе!

І тут карлік замоўк, і надоўга. Але ягонае маўчанне ціснула на мяне; і праўда, часам удвух бывае табе больш самотна, чым аднаму.

Я ўсё падымаўся, я падымаўся, я мроіў, я думаў; але ўсё ціснула мяне. Я быў падобны на хворага, стомленага цяжкімі пакутамі, якога — ледзь толькі засне — будзіць яшчэ горшы сон.

Але ўва мне ёсць нешта, што я называю мужнасцю: яна заўсёды забівала ўва мне маркоту. Гэта мужнасць змусіла мяне спыніцца і сказаць: «Карлік! Ці ты! Ці я!»

Мужнасць — найменшы забойца, мужнасць, якая нападае: бо ў кожным нападзе гучыць урачыстая музыка.

А чалавек — сама мужны звер: дзякуючы гэтаму ён і перамог усіх астатніх. Гучнай ігрою ён пераадолеў боль; а чалавечы ж боль — сама глыбокі.

Мужнасць — смертаносная, калі з ёю лунаць над безданню, а чалавек жа заўсёды на краі бездані! Хіба «бачыць» не азначае «бачыць бездань»?

Мужнасць — сама спраўны забойца: яна забівае нават спагаду. А спагада — найглыбейшая бездань: бо як глыбока сягае чалавечы позірк у жыццё, гэтак жа глыбока сягае ён і ў спагаду.

Мужнасць — найлепшы забойца, мужнасць, якая нападае: і самую смерць яна забівае, бо пытаецца: «Дык гэта было жыццё? Дарма! Яшчэ раз!»

Многа пераможных акордаў у гэтых словах. Хто мае вушы, хай чуе!»

2

«Стой, карлік! — сказаў я. — Я! Ці ты! Але ж я дужэйшы з нас двух: ты не ведаеш яшчэ маіх бяздонных думак! Іх цяжар табе не па сіле!»

І тут мне палегчала: настырны карлік саскочыў з маіх плячэй! Ён цыгнуў на бліжэйшы камень; мы спыніліся якраз каля брамы, праз якую ішла дарога.

«Зірні на гэтую браму, карлік! — сказаў я. — У яе два твары. Дзве дарогі сыходзяцца тут: па іх яшчэ ніхто не праходзіў да канца.

Гэтая доўгая дарога назад — яна доўжыцца вечнасць. І гэтая доўгая дарога наперад — другая вечнасць.

Яны супярэчаць адна адной, гэтыя дарогі; яны тут сутыкаюцца лбамі, і тут, каля гэтай брамы, яны і сыходзяцца. А назва ў гэтай брамы напісана ўгары, над ёю: «Імгненне».

Але калі хто пойдзе па адной каторай далей — усё далей і далей — ці думаеш ты, карлік, што яны будуць вечна супярэчыць адна адной?»

«Усё простае хлусіць, — пагардліва адказаў карлік. — Уся праўда — крывая, а сам час — кола».

«Ты, Дух Цяжару! — сказаў я гнеўна. — Ці не завельмі лёгка ты рашаеш гэта пытанне? Глядзі, а то пакіну цябе, клышку, сядзець, дзе сядзіш, а я ж цябе нёс угору!

Глянь, — сказаў я далей, — глянь на гэта імгненне! Ад брамы імгнення ідзе доўгая, вечная дарога назад: за намі — вечнасць.

Ці не павінна быць так: усё, што можа адбыцца, ужо калісьці прайшло гэтай дарогай, ужо адбылося і мінула?

І калі ўсё ўжо было, дык што ты думаеш пра гэта Імгненне, карлік? Ці не павінна быць так: гэтая брама — таксама была?

І ці не звязаны ўсе гэтыя рэчы паміж сабою так моцна, што імгненне цягне за сабою ўсё наступнае? А значыцца — яшчэ раз самое сябе?

Бо ўсё, што можа стацца на гэтай доўгай дарозе наперад — павінна адбыцца яшчэ раз!

І гэты марудлівы павук, які паўзе ў месячным святле, і само месячнае святло, і мы з табою, калі шэпчамся каля брамы пра вечныя матэрыі, — хіба ўсяго гэтага ўжо не было калісьці? — і ці не павінны мы вяртацца і праходзіць па той дарозе, што ляжыць перад намі, далей, наперад па доўгай і страшнай дарозе: ці не павінны мы ўсе вечна вяртацца?»

Так казаў я, усё цішэй і цішэй: бо я спалохаўся сваёй думкі і далёкага, таемнага намыслу. І раптам я пачуў, як завыў сабака.

Поделиться с друзьями: