Уліс з Прускі
Шрифт:
— Нешта ты як незадаволены чым?
— Я заўсёды незадаволены — панам не дагодзіш.
— Тут сваім не дагодзіш, — Масей кіўнуў на Міхаля, — не тое што панам.
— Душу ён мне топча! — скрыгатнуў зубамі Міхаль.
— А каб яго громам трахнула! — ізноў паспачуваў Масей і пацёр лоб.
Пракоп пашукаў вачыма Мордку — той нешта рабіў, сагнуўшыся за прылаўкам.
— Налі паўкварты!
Карчмар тут жа кінуўся выконваць просьбу кліента.
Міхаль паглядзеў на прынесеныя паўкварты і сказаў, жуючы селядзец з хлебам:
— Толькі што ў папа быў, хацеў як-небудзь залацвіць, але што ён…
— Знайшоў да каго ісці — да папа! — перабіў яго Дармядонт, махнуўшы рукой.
— Зайшоў у бабінец, а там чорт сядзіць, — паддакнуў яму Масей, намякаючы на тое, што поп — апора ненадзейная.
— Усе ашукваюць мужыка, здаўна так павялося… — нібы падсумаваў агульныя меркаванні Пракоп. — Шмат начальства над намі: і пан, і поп, і ўраднік, і суд…
— Праўду гаворыш, — пагадзіўся Васіль, — час такі, што трэба ўмець круціцца.
Ізноў выскачыў Масей:
— Ураднік забярэ, суддзя абдзярэ!
Гэта атрымалася ў яго як бы нейкая прымаўка. Ізноў усе засмяяліся. Міхаль спрабаваў смяяцца разам з усімі, аднак яго не весялілі ні Масеевы досціпы, ні гарэлка.
Дармідонт крута павярнуўся да прылаўка, як бы што ўспомніўшы:
— Мордка, сала давай!
Прысутныя засмяяліся, ведаючы, якое сала меў на ўвазе Дармідонт. Карчмар прынёс парэзаную цыбуліну. У Прусцы цыбулю называлі «жыдоўскім салам».
— О! Гэта іншая справа, — ухваліў Масей.
Ляснік ляпнуў Міхаля па плячы:
— Схадзі ты да Пацея — гэта свой чалавек. Ён такі дапаможа!
— У Ратайчыцы?
— Пяць вёрст. Гэта недалёка.
Міхаль аблізаў кончыкам языка сухія губы. Відаць, Дармідонтава прапанова зацікавіла яго.
— Гэта ж побач! — падтрымаў Масей.
— Ты яму датку дай! — у сваю чаргу падказаў каваль. — Вядомая рэч: не падмажаш — не паедзеш…
— Без гарэлкі да яго не суйся! — пацвердзіў Дармядонт і дадаў: — Ён не такі, каб пляшкай ганьбаваць.
— Ды ў валасным праўленні ўсе п'яніцы! — увярнуў слова Масей.
Дадому Міхаль вярнуўся п'янаваты, але з пэўнымі думкамі і намерамі.
XІ
Да валаснога старшыні сяляне амаль не звярталіся — лічылі яго вялікім панам, якога нельга турбаваць справамі. Іншае, казалі, Пацей. Чалавек больш свойскі, якому можна даверыцца. Ды і аўтарытэт у яго! Хоць, што праўда, то праўда, не грэбаваў і лішняй чаркай. Нездарма за ім стала замацавалася мянушка Будзьма. Але ж розуму не губляў!
У Ратайчыцы Міхаль пашыбаваў з раніцы.
Тоня, даведаўшыся, што бацька збіраецца ў воласць, паспрабавала адмовіць яго:
— Тато! Не хадзіце туды, хай ён бярэ тую баразну, ды і годзе!
Міхаль нават не зірнуў на яе і як бы сам сабе сказаў:
— Не, дачушка, — наша зямля…
Марыля пасля снедання з нейкім асуджаным выразам твару моўчкі прыбірала са стала.
Зачыніўшы за сабой веснічкі, Міхаль выйшаў на вуліцу. У твар ударыў вільготны і востры, як шрот, снег. Люты — месяц непастаянны: мароз часта мяжуе з адлігай, снежная крупка — з дажджом, празрыстасць паветра (у Прусцы яна была проста крыштальнай!) — з туманамі. У гэты час, нездарма кажуць, зіма з вясной страчаюцца. Так яно і ёсць.
Да Ратайчыц, праўда, недалёка — пяць вёрст усяго.
Пісар — ужо на месцы. З выгляду яму можна даць гадоў сорак, чырванатвары, дзябёлы. Міхаль звярнуў увагу, што боты на ім з добрага тавару, гарнітур суконны. Упоперак жывата — тоўсты ланцужок, прыладаваны да кішэннага гадзінніка, які Пацей часта даставаў і трымаў у руцэ. Ён, па ўсім відаць, яшчэ не паспеў як след апахмяліцца, сядзеў насуплены.
— Як прозвішча?
— Кужаль, Міхаль.
— З Прускі?
— З Прускі.
Як бы нехаця дастаў з шуфляды шматочак паперы і падліў вады ў чарніліцу.
— Просьба ў цябе нейкая, відаць…
— Ведаеце, паночку, ад суседа жыцця няма, а цяпер у суд падае.
Пісар, мусіць, задаволены тым, што яго назвалі панам, ужо настроіўся слухаць, але раптам скрывіўся як ад болю. Па тым, як яшчэ на самым пачатку Пацей правёў вачыма па Міхалёвых руках і кішэнях, можна было заўважыць, што пісару і сапраўды не надта добра пасля ўчарашняга.
— У цябе з сабой нічога няма?
Міхаль зразумеў і адмоўна пакруціў галавой:
— Не ўзяў…
Пацей паморшчыўся.
— Прынёс бы ты — кручок які!
Тоўстыя пальцы нецярпліва пастуквалі па стале. Міхалю нічога не заставалася, як пайсці ў манапольку, купіць гарэлкі і прынесці пісару — добра, што хоць былі ў кішэні грошы.
— О! — як бы пахваліў яго Пацей і дастаў з ніжняй шуфляды стала замусоленую цяжкую шклянку, дзьмухнуў у яе, каб нічога там не заставалася, і выліў усё, што было ў кручку.
— У мяне, браце, разумовая праца, без чаркі нельга! Пакуль гэтую думку чым-небудзь не папхнеш, то яна з месца не зрушыць, — і, перавёўшы дых, дадаў: — Ну, будзьма!
Міхаль кіўнуў галавой і міжвольна пасміхнуўся, успомніўшы пісараву мянушку Будзьма. Пацей падняў шклянку, сабраў губы ў трубачку і кульнуў гарэлку ў рот настолькі спраўна, што наведвальнік ажно мусіў быў здзівіцца. Поўная шклянка адразу апусцела да дна.
— Давай усё-ткі прыблізімся к дзелу! — сказаў пісар, з шумам уцягваючы ў сябе паветра і як бы гэтым і закусваючы.
Міхаль бліжэй падступіў да стала і пачаў свой аповед.
— Ды я яго як паклічу, твайго Латушку, дык я яго пастаўлю на месца! Ён у мяне яшчэ прасіцца будзе!
Пісараў твар яшчэ больш пачырванеў. Адчувалася, што валасное начальства бярэцца за справу ўсур'ёз.
— Дарэчы, а што ўраднік кажа? Ты быў у яго?
— Быў.
— Ну і што?
— Сведкаў, кажа, шукай.
— Сведкаў — як сведкаў, а трэба, браце, землямера наймаць, каморніка — па-нашаму.
«У, дык гэтаму канца не будзе!» — пранеслася ў галаве Міхаля палахлівая думка. Ён цяжка ўздыхнуў.
— Пішы прашэнне!
— Ды я, таго… — сумеўся Міхаль, — не надта ўмею.
Пісар дастаў са стала яшчэ адзін шматок паперы і хуценька, размашыстым почыркам, накідаў нейкія словы. Міхаль падпісаўся — паставіў нейкую загагуліну.