Уліс з Прускі
Шрифт:
— Ой, каб я ведаў раней, што мая жонка ведае пазней, — паківаў галавой шавец.
— Нохім! Нохім змоўк.
Лявонка адчуў сябе вінаватым, што закрануў такое пытанне.
А Малка дадала:
— Ад іх можна чакаць чаго хочаш. Яны ўсё могуць… Нохім доўга і сумна пазіраў на Лявонку, як бы гаворачы:
«Вось такія, брат, справы».
Нічога пэўнага з Малкінага тлумачэння прускавец, аднак, не зразумеў…
ІІ
Сонца паднімалася ўсё вышэй. Заіскрыліся паміж снегу першыя, яшчэ не смелыя ручаіны. З кожным днём яны станавіліся шырэй, а снег цямнеў і асядаў. Пачыналася вясна вады. На Лосьне зашумеў крыгаход. І як бы ні паланілі Лявонку кнігі, але вясна разварушыла і яго. Ноччу ў вокны Нохімавай хаты ціха струменілася зеленаватае святло сакавіцкіх зораў, а выйдзеш з хаты — запахне свежасцю ранішняя далячынь. У Прусцы ў гэты час хлапчукі, ды і дарослыя таксама, выходзілі за царкву, на пагорак, глядзець разліў. Лосьну было не пазнаць — такой шырокай яна рабілася. Разліўшыся па ўсёй даліне, яна адлюстроўвала ў сваёй вадзе навакольныя лугі і палі, лясы і пералескі, вёскі, што там-сям туліліся да яе берагоў, прасторы падвышанага неба. Вада па-вясенняму мутная, з пенай і смеццем, адламанымі з дрэў і кустоў галінкамі. Смялейшыя з дзецюкоў, хоць ад вады і цягнула зімовым холадам, падцягвалі да берага крыгі, узбіраліся на іх і, радасна-ўзбуджаныя, плавалі па лугавой пойме. З усіх звычайна вылучаўся Трахімка — жартам яго не было канца: любіў разгайдаць крыгу так, што сам на ёй утрымліваўся, а сябрук валіўся ў ваду.
Як хацелася быць у роднай Прусцы!
Зноў успомнілася Ганна. Узмоцнены марозам сарамлівы румянец на яе шчоках — у той калядны вечар. Крыху задзірыстая, але такая прыемная ўсмешка на попрадках. Каса яе, мусіць, яшчэ даўжэй стала, вырасла. Эх, каб яна была побач!..
Аднойчы пазванілі на перапынак, і Змітрок Зуб выцягнуў сябра на вуліцу.
— Давай на Лосьну глянем, як пасы сплаўляюць!
— Баюся, у вучылішча спознімся, — завагаўся Лявонка.
— Мігам — туды і сюды!
Разам пабег і Яшка Пац, які звычайна трымаўся крыху адасоблена, з падкрэсленай саліднасцю, і за гэта сябрукі яго крыху недалюблівалі. Вясна, відаць, разварушыла і яго.
У паветры выразна адчуваўся пах талай зямлі, і прыемна было развітацца з зімою — снегам, маразамі, завірухамі. Пасвятлела неба, набыўшы прыгожы бліскуча-блакітны колер. Як бы хто яго вымыў. Пад промнямі сонца ажывалі дрэвы і кусты, варушыліся пупышкі. Свет выглядаў новым, пасвяжэлым. Хутка свята Абрацення — як сказаў айцец Нікадзім.
У суботу, на перапынку паміж урокамі, хлопцы выбеглі на пагорак, на якім стаяў стоўп, паглядзелі ўніз, на раку. Лосьна ачысцілася ад крыг, але вады было нароўні з берагамі, нават крыху больш. Радаваліся жыццю жабы: «Крум — крум, р-рэк— р-рэк!» Удалечыні, за ракой, віднеўся лес, ахутаны туманнай смугой. Якраз гналі дрэва — пасы, як тут называлі плыты. З Белавежскай пушчы — па Лосьне — сплаўлялі іх у Буг, а там і далей, да самага мора. На плыце, на носе і па баках, стаялі астачы з доўгімі бусакамі — вялі плыт паміж паўнюткіх берагоў Лосьны. Пасярэдзіне паса гарэў касцёр, ля якога завіхаўся малады хлопец, зусім яшчэ юнак, і віўся тонкі дымок. Тут жа ўзвышаўся будан, у якім можна было адпачыць і схавацца ад дажджу. У канцы паса, на бярвеннях, стаяў цалёвы, з калком у руках, і ўважліва сачыў за ходам плыта, каб, крый божа, не занесла куды на мель і не ўтварыўся затор.
— У якую ж гэта краіну яны плывуць? — як бы самому сабе задаў пытанне Змітрок.
— У Берасць — куды ж яшчэ! — прыкінуў Яшка. — Я ведаю, бо яны міма нашых Вуглян плывуць.
— Не, мусіць, у Польшчу, — падумаўшы, прамовіў Змітрок.
Лявонка маўчаў. Яму падумалася, што гэтак і дзед Кірыла, калі быў маладзейшы, сплаўляў плыты з Белавежскай пушчы па Лосьне ў Буг ажно да Круляўца. Не раз жа расказваў…
— Цяжкая ў іх праца, — паспачуваў Змітрок, быццам ён сам ганяў плыты, — асабліва ў буру. Можа, і паса раскідаць. Лаві тады бярвенні па адным.
Вядома, пагадзіліся хлопцы, плытнікам не лёгка, асабліва пры благім надвор'і. І, здаецца, нядоўга пастаялі каля таго стаўпа, паназіралі за плытнікамі, а на ўрок спазніліся.
Матэматык Савелій Яўхімавіч ад абурэння затрос барадою:
— Дзе вы былі? Чаму спазніліся? Давайце лапу — адзін, і другі, і трэці! Ды яшчэ і ў кандуіт запішу!
Хлопцы стаялі, апусціўшы вочы, баяліся, што запіша ў кандуіт. Тады чакай новых непрыемнасцей. Але на гэты раз Савелій Яўхімавіч пашкадаваў і нават у кандуіт не запісваў. Дазволіў сесці за парты. Можа, таму, што гэта было якраз напярэдадні свята Абрацення.
Не паспеў Лявонка перажыць гэту непрыемнасць, як яго ўжо чакала другая — куды большая. Прыехаў у вучылішча інспектар. Нейкі, казалі, заслужаны — з самога Гродна, у зялёным шынялі, фуражка з кукардай, і вельмі строгі. Інспектара, вядома, баяліся, асабліва начальства і некаторыя выкладчыкі. Правоў у яго шмат — любую нечаканасць ад яго можна прыждаць. А недахопаў хапае. Таму вучылішча пачало калаціцца яшчэ да інспектаравага прыезду. Страх перадаўся вучням. Асабліва насцярожыліся, вядома, тыя, у каго была на руках нелегальная літаратура. Вырашылі ўсе брашуры знішчыць. Сталі іх ірваць і паліць. Праўда, не ўсе. Яшка Пац адмовіўся знішчаць, бо даўно меў намер адвезці бацьку на самакруткі. Адумаўся і Змітрок — паклаў кніжачку пад сяннік. Хто там будзе шукаць!
Лявонку чамусьці не палохаў візіт інспектара: «Прыедзе і паедзе — што тут такога? Да яго апошняй парты не дабярэцца!» Брашуру «Женщина и социализм» Аўгуста Бебеля ён сунуў проста пад кніжкі.
У іх клас інспектар завітаў на ўрок гісторыі. Прыйшоў разам з настаўнікам Станіславам Арцёмавічам. Вучні, як звычайна, дружна ўсталі. Госць павітаўся, даў знак сесці, а сам накіраваўся да апошняе парты, дзе сядзеў Лявонка, і сеў побач з ім. Пры гэтым аказаўся дужа таўсматым чалавекам, ледзь уціснуўся. Парта візганула пад ім так, як бы інспектар зашчаміў паміж ног парася. Строга бліснулі гузікі на зялёным, напятым на жываце сурдуце. Прускавец адчуў сябе няўтульна, ён ніяк не чакаў такога суседства. «Морда — як засланка, — страхатліва падумаў ён, спалохана глянуўшы на новага суседа, — чаго гэта ён якраз за яго парту сеў? Некаторыя вучні паперадзе таксама ж сядзелі па адным…» Ад збянтэжанасці ажно ўспацеў, чорная пасмачка прыліпла да лба.
«А што, калі ён угледзіць брашуру? — мільганула ў галаве. — Яна ж ляжыць тут жа пад сшыткамі, перад яго носам! Каб як схаваць!» Але схаваць не паспеў — інспектар ужо цягнуў руку да яго сшыткаў і кніжак і пачаў пераглядаць і перакладваць іх адну за другой. І раптам, відаць, неспадзявана для сябе натрапіў на тое, чаго, можа, і не чакаў — забароненую брашуру. Так і ёсць! «Женщина и социализм» Аўгуста Бебеля. Лявонкава сэрца абрынулася некуды ўніз. Ён быў бездапаможны хоць як перайначыць рух падзей, якія з усёй відавочнасцю ішлі да свайго непапраўнага канца.
Інспектар нічога не сказаў, не спяшаючы паклаў брашуру ў скураную папку, а калі ўрок скончыўся, выйшаў на сярэдзіну класа, дастаў Бебеля і — у пакоі адразу ўсталявалася цішыня — наўмысна ціха, дрыжачым голасам спытаў:
— Што гэта такое?
Клас змоўк, стаіўшы нават дыханне. Інспектар пагражальна патрос брашурай.
— У каго я знайшоў гэту брыдоту?
З-за парты падняўся дарэшты сканфужаны Лявонка. Усе павярнуліся да яго.
— У мяне.
Няёмка было і Станіславу Арцёмавічу, які таксама маўчаў.
Пасля ўрокаў усіх сабралі ў актавай зале, дзе інспектар гаварыў доўгую прамову, у якой вельмі ж асудзіў тых няўдзячных людзей, чыя дзейнасць падрывае грамадскую раўнавагу, спакой і непахісныя ўстоі ацечаства. У заключэнне ён сказаў, што Лявонцію Кужалю, у якога знойдзена падрыўная брашура, выносіцца суровае папярэджанне, а калі будзе заўважаны ў паўторным нейкім благім учынку, то яго чакае выключэнне з вучылішча, не менш, бо такіх цярпець нельга. І ён будзе пазбаўлены права паступіць у другую навучальную ўстанову. Адразу ж выклікалі да дырэктара. Лявонка дрыжачымі рукамі зашпіліў каўнерык сарочкі, абмацаў гузікі. Ішоў — падкошваліся ногі. Спадзяваўся на самае горшае. «Вось і скончылася твая навука, браце! А што дома скажу? Сораму — не абрацца. А так усё добра пачыналася…» Пастукаўшы і атрымаўшы дазвол, увайшоў у дырэктарскі кабінет. Прычыніў за сабою цяжкія дзверы. У крэсле сядзеў пажылы чалавек з вялікай лысінай, маршчыністым ілбом, густой барадой з сівізной. Гэта быў сам Васіль Іванавіч, якога баяліся ўсе — і вучні, і настаўнікі. Дырэктар адкінуўся на спінку крэсла і шумна пацягнуў ноздрамі паветра, нібы прынюхваўся да Лявонкі, і ўпёрся ў яго цяжкім поглядам.
— Відаць, табе надаела вучыцца ў нас? — разважліва сказаў ён, складваючы на жываце белыя, дагледжаныя рукі.
Лявонка заўважыў, як востра бліснуў камень у пярсцёнку на яго тоўстым пальцы, і адчуў, што ён поўнасцю ва ўладзе гэтага чалавека.
— Адкуль гэта ў цябе? — дырэктар узяў са стала тую самую недарэчную брашурку «Женщина и социализм».
Да падобнага пытання Лявонка быў ужо гатовы. Не, хлопцаў ён не выдасць.
— На дарозе знайшоў,— адказаў ён і правёў далонню па лбе, адчуўшы, як раптоўна павільгатнеў чуб і пачырванеў твар.