Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Уліс з Прускі

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

Хвораму не палепшала ні праз дзень, ні праз два. Наказалі цётцы Васілісе Каленкавай, якая прыйшла ўвечары. Зычліва і дабрадушна агледзела небагатую хатнюю абстаноўку і спыніла погляд на хворым, трымаючы пад рукою цёмную бутэльку з нейкай вадкасцю.

— Гэта настой з ядлоўцу і бярозавых пупышак, для націрання, — растлумачыла лекарка, прыглядаючыся да хворага, — яе шэрыя, маладжавыя вочы прыветна ўсміхаліся, але твар сведчыў пра рашучасць характару.

— Ломіць цела, — паскрадзіўся хворы.

— Зараз мы паправім справу! Васіль мой хварэў быў, дык я яго хутка паставіла на ногі. Прастуда!

Яна тут жа загадала Марылі націснуць соку з старых буракоў. Націраючы хвораму спіну і паясніцу, лекарка нешта нашэптвала. Вакол чорных яе зрэнкаў мітусіліся ледзь улоўныя жаўтаватыя праменьчыкі, а на скулах, відаць, ад шчырага старання выступілі ружовыя плямы.

Міхаля смажыла, і яго папаілі бураковым сокам. Нарэшце закуталі ў коўдру, зверху акрылі кажухом.

— Хай прэе!

На развітанне шаптуха абяцала даць зёлак, з якіх трэба было гатаваць адвар і даваць піць. У яе, аказваецца, быў і дзівасіл, і дзягіль, і лісце маліны. Сказала, каб папраўляўся, і пайшла сваёй порсткай, энергічнай хадою.

Вечарам, як яна і раіла, на грудзі хвораму паклалі кампрэс з нацёртага маладога хрэну, які Кірыла накапаў у агародзе.

…Прайшло некалькі дзён. Міхаль згасаў на вачах. Не дапамагаў і адвар з Васілішыных зёлак. Кірыла ўзяў сына за руку, каб хоць крыху падбадзёрыць, і з жахам адчуў, што яе амаль пакінула жыццёвая сіла.

— Не мітусіцеся, — ціха, але выразна прамовіў хворы, — паміраць буду. — Ён цяжка дыхаў, як бы не хапала ў хаце паветра. — Усё. Заказвайце паніхіду, — прашаптаў ён звялымі вуснамі.

Паслалі ў Камянец па Лявонку. Сын прыехаў пад вечар. Яшчэ з вуліцы пачуў, як пад паветкай каля хлява, у якім стаяў конь, тоненька выў Курцік. Звычайна лашчыўся, кідаўся на грудзі, а цяпер як бы нешта нядобрае чуе.

Вакол Міхаля сабралася сям'я, каб выслухаць апошнюю волю паміраючага.

Бацька гаварыў ціха, з цяжкасцю:

— Ох, хату вам не паставіў, не паспею…

Лявонка пагладзіў ягоную руку. Адчуўшы, што сын побач, Міхаль хацеў павярнуць галаву ў яго бок, але не хапіла сілы, і ён толькі з нейкай асаблівай скрухай уздыхнуў:

— Лявонка, сынок, слухайся ва ўсім дзеда і маці. Жыві так, як яны казаць будуць.

Марыля ціха заплакала. У хаце запанавала маўчанне, як бы спыніўся час. Лявонка адчуў сваю поўную бездапаможнасць.

Міхаль гаварыў як бы ў паўзабыцці:

— Ямку выкапайце глыбокую…

Сэрцы сямейнікаў сціскаліся ад жалю і ад жаху.

— …каб не чуць людскіх скаргаў…

Паведамілі папу, каб паспавядаў. Айцец Глеб заявіўся, пасабораваў, даў прычасце.

Ля дзвярэй паставілі крыж і чорную харугву. Малую Барбарку аднеслі да суседзяў.

Калі айцец Глеб падняўся ад паміраючага, у хаце загаласілі, але Кірыла спыніў: хай памрэ спакойна. Лявонка бачыў, як бацькавы вочы станавіліся як бы шклянымі і нарэшце зусім патухлі. Кірыла асцярожна дакрануўся да іх пальцамі і апусціў павекі. У рукі Міхалю ўклалі запаленую грамнічную свечку — агонь ачышчае і не падпускае злых духаў.

Лявонка плакаў, па-дзіцячы выціраючы слёзы кулаком.

Сумная вестка хутка абляцела Пруску. Чутно было, як Назар скідаў з гарышча дошкі на труну.

Звонам азвалася прускаўская царква. Скрушна было слухаць, як ён стагнаў, велічна і адначасова бязлітасціва, раўнадушна, аплакваючы чалавечую смерць і нагадваючы жывым, што заўтра зазвоніць і па іх.

У сумных пахавальных справах дапамагалі суседзі — Хомчыха і Васіліха. Прынеслі начоўкі з вадою, на падлозе разаслалі куль свежай саломы, палажылі на яе нябожчыка. Абмывалі кужэльным ручніком і, абрадзіўшы таксама ў кужэльнае адзенне, паклалі ў труну.

У хату патроху збіраліся людзі. Прыйшлі, сумна ўгнуўшы плечы, каваль і іншыя мужчыны: Масей Галёнка, Захар Відэрка, Гаўрыла Швед, Пятро Ламака, Васіль Каленік… Труна стаяла ў покуці на шырокім услоне. У ёй ляжаў Міхаль, апрануты ў новую сарочку. У кутку над узгалоўем гарэла вялікая свечка, кідаючы водбліск на аблічча нябожчыка, складзеныя на грудзях рукі. На твары застыў выраз задаволенасці. Усім сваім воблікам нябожчык быццам бы гаварыў: «Ну вось, нарэшце я ўсё адолеў і прыйшоў да мэты».

Подых смерці прымусіў Лявонку тужліва задумацца. Як і кожны, ён баяўся смерці. «Дык вось яна якая… Няўжо і я таксама памру?» — падумаў ён і здрыгануўся.

На пахаванне швагра прыехаў Марылін малодшы брат Хведар — невысокі, плячысты дзяцюк, апрануты ў даматканую світку і зрэбныя парткі, у ботах. Дзядзька Хведар жыў на хутары Салавей паміж Свішчовам і Царкоўнікамі.

Убачыўшы брата, Марыля сашчапіла рукі і пачала галасіць як не сваім голасам. Хведар стаў яе супакойваць: «Неяк яно будзе». Матчына ўтрапенне перадалося дочкам.

Раптам вырвалася ў Тоні:

— Ой, татачка-татачка, чаму ж вы нас пакінулі?! Адкуль вас цяпер выглядаці?! Не ступяць больш вашы ножанькі цераз парог, не будуць хадзіць па сцежачках!

— Ой, татачка-татачка-а! — уздыхала Фядорка.

Зноў падхапіла Марыля:

— Не глянуць ужо больш твае Бочачкі на жыцейка ў полі! — і, крыху счакаўшы, як бы перавёўшы дых, працягвала: — А другіх жа мужыкі б'юць, а ён жа мяне ніколі не біў…

Ад жалю разрывалася сэрца.

А Тоня з Фядоркай не змаўкалі:

— Чаму ж вітэ, татачка, да нас не адазвецеся?! На каго вітэ нас, сірацінак, пакінулі?!

Марыля ўпала на труну, абняла нябожчыка за ногі.

— Хай бы ты, Божа, мяне лепш забраў,— з болем вымавіў Кірыла ў наступіўшай цішыні. Ён трымаўся мужна, як бы падаючы прыклад астатнім.

Нехта падказаў пакласці ў труну трошачкі жыта, на тым свеце, маўляў, спатрэбіцца. Мужчыны пайшлі капаць магілу.

Разам з іншымі з'явіўся і Ясё. Як-ніяк сусед. Патаптаўшыся ля парога, спачувальна пацмокаў губамі і пайшоў.

Сярод людзей стаяла і Ганна. Лявонка, хоць і быў як непрытомны, заўважыў…

Прыйшоў дзячок Садоўскі з псалтыром у руках, пачаў чытанне. Ля нябожчыка сядзелі ўсю ноч. Назаўтра труну адвезлі ў царкву. З'явіўся айцец Глеб, апрануты паверх падрасніка ў жалобную пахавальную рызу. Увайшоўшы ў царкву, адразу пачаў адпяванне:

— Все бо ісчезаем, все умрем, царі же і князі, судьі і насільніцы, багатае і убогіе і все естество человеческое. Со святымі упокой!..

Тры разы абышоў вакол труны, акурыў прысутных ладанам, акрапіў свянцонай вадой.

Поделиться с друзьями: